21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Метамарфозы кахання

26.08.2009 12:10 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Метамарфозы кахання

Казкi для дарослых

 

Паша заўсёды любiў Жанну. А Жанна нiколi не любiла Пашу... Яшчэ ў старэйшай групе дзiцячага садка, куды iх вадзiлi разам, ён заляцаўся да яе амаль што "па-даросламу", iмкнучыся пацалаваць заўсёды, калi выпадаў зручны момант... Непрыступная Жанка кожны раз крывiла свой прыгожы тварык i адпiхвала яго — часам так моцна, што ён лiтаральна адлятаў ад яе i няўклюдна плюхаўся ў гару цацак. Пашу было балюча. Ён моцна пакутаваў — не ад падзення на мяккае месца, а ад нераздзеленага кахання. І вечарам, калi бацькi прыходзiлi на "разбор" дзяцей, на поўным сур’ёзе, плачучы горкiмi слязамi, скардзiўся Жанкінай маме, што ўсе астатнiя дзяўчынкi з групы з iм цалуюцца, а Жанка — не...

Потым, як гэта часта здараецца, яны пайшлi ў адну школу i нават у адзiн клас. Паша не супакойваўся i не стамляўся дэманстраваць Жанцы свае пачуццi — аддаваў ёй мамiны бутэрброды, купляў у сталоўцы пiрожныя i, натуральна, дазваляў спiсваць. Жанка вучылася так сабе, у залежнасцi ад настрою. Яна нiколi не вызначалася ўседлiвасцю, да таго ж рана зведала, што такое спепяляючая моц прыгажосцi. Хлопчыкi бегалi за ёю натоўпамi, i ўсе стараннi Пашы вылучыцца ў гэтым натоўпе не прыводзiлi да жаданага вынiку — яна па-ранейшаму iгнаравала яго.

Пасля трэцяга класа iх павезлi "на прыроду", i ён паспрачаўся з iншымi хлопчыкамi (так, каб Жанна пачула), што пераплыве возера i вернецца назад за пятнаццаць хвiлiн... Туды яшчэ так-сяк дабраўся, а назад — духу не хапiла. Так i сядзеў на беразе, пакуль выратавальнiкi не падплылi на сваёй лодцы... Пасля пятага класа яны пайшлi ў паход, i Паша зноў вырашыў вылучыцца. Калi група ўжо вярталася з лесу, ён схаваўся ў кустоўнiку. Думаў, праз пяць хвiлiн яго адсутнасць заўважаць, пачнуць хвалявацца, шукаць... Класны кiраўнiк спахапiлася толькi ў электрычцы. А ён, праседзеўшы з паўгадзiны ў кустах i не дачакаўшыся маштабных пошукаў, вырашыў нарэшце вылезцi i дагнаць клас. Але пераблытаў сцежкi, пайшоў углыб i канчаткова заблукаў... Выйшаў з лесу гадзiны праз дзве з супрацьлеглага боку, калi сонца ўжо садзiлася. Дайшоў да вёскi, якая, на шчасце, была непадалёк, i ў першага чалавека, якi сустрэўся, папрасiў патэлефанаваць дадому... Класнай тады ўляпiлi строгую вымову, бацькоў выклiкалi ў школу... Жанка ж, калi ўбачыла яго, пакруцiла пальчыкам ля скронi: маўляў, з-за цябе, дурня, такi пярэпалах нарабiўся...

У сёмым класе ён цвёрда вырашыў, што жыць далей без яе не варта. Проста немагчыма жыць, i ўсё. Пакiнуў на стале развiтальную запiску, падняўся на пяты паверх, вылез на дах, падышоў да краю, глянуў унiз... Дзень быў сонечны, у двары гулялi дзецi, на лавачках сядзелi мамы i бабулi... Паша яскрава ўявiў сабе, як шмякаецца аб зямлю, як усе яны збягаюцца да яго, як рэзка мяняецца ў iх настрой... I падумаў: навошта псаваць людзям такi цудоўны дзень?.. Адрываць ад спраў, прымушаць хвалявацца?.. Пастаяў яшчэ крыху, палюбаваўся дваром i вярнуўся назад.

З таго часу ён змянiўся. Дакладней, яго нiбыта падмянiлi. Ён адасобiўся ад класа i ўвогуле... Паглыбiўся ў вучобу, запiсаўся ў спартыўную секцыю. Ён браў вяршыню за вяршыняй, удзельнiчаў у алiмпiядах, у навуковых канферэнцыях, у спартыўных спаборнiцтвах. А па вечарах падпрацоўваў грузчыкам у суседнiм гастраноме.

Калi ў апошнiм, адзiнаццатым класе, ён з’явiўся 1 верасня на лiнейку — высокi, загарэлы, у беласнежнай кашулi з вузенькiм чорным гальштукам — усе дзяўчаты ледзь не страцiлi прытомнасць. Нават Жанна, не пазнаўшы яго, здзiўлена выгнула свае тоненькiя броўкi... Трыумф доўжыўся роўна пяць секунд. "А, Паша, гэта ты, — ветлiвая ўсмешка, раўнадушны позiрк пранiзалi яго наскрозь. — Кажуць, да нас новенькага перавялi. Выпадкова не бачыў?".

...Пасля школы ён паступiў у ваеннае вучылiшча, скончыў яго з адзнакай, служыў спачатку пад Пецярбургам, потым быў накiраваны ў адну з "гарачых кропак", у разведроту... Аднойчы атрымаў пiсьмо ад сябра, дзе той падрабязна расказваў, як склаўся лёс былых аднакласнiкаў, у тым лiку i Жанны: маўляў, вывучылася на цырульнiка, выйшла замуж за бiзнэсмена, старэйшага за яе гадоў на дваццаць, нарадзiла хлопчыка. Цяпер сядзiць дома, нiчым не займаецца, а каб не звар’яцець ад нуды, час ад часу стрыжэ суседскiх сабачак... Да лiста быў прыкладзены фотаздымак з сустрэчы. Жанна сядзела, як заўсёды, у цэнтры, прыгожая i чужая, у доўгай белай сукенцы, з чырвонымi ружамi ў руках.

Ён паклаў гэты здымак у нагрудную кiшэню i доўга насiў з сабой, разглядваючы ў рэдкiя хвiлiны адпачынку... З "гарачай кропкi" Пашу перавялi служыць на радзiму, павысiлi ў званнi, выдзелiлi службовае жыллё, а разам з iм i службовую машыну... Ён рэдка бываў дома, таму што больш любiў камандзiроўкi. А вяртаючыся, з галавой акунаўся ў бытавыя праблемы — скрупулёзна i старанна выбiраў мэблю, пераклейваў шпалеры, перасцiлаў падлогу. У яго пыталiся: чаму ты не ажэнiшся? Маўляў, такi "генафонд" прападае... Ён ухiляўся ад адказу або празрыста намякаў на заблытаныя адносiны з замужняй жанчынай. Быццам бы неаднойчы прапаноўваў ёй развесцiся i жыць з iм, але яна нiяк не можа рашыцца... Жанчыну гэту нiхто нi разу не бачыў — нi ў Пашавай кватэры, нi дзе б там нi было. Затое ўсе бачылi фотаздымак яго аднакласнiкаў — у прыгожай рамачцы на сцяне. Кожны дзень Паша акуратненька здымаў яго, выцiраў мяккай анучкай пыл i вешаў на месца. Адыходзiў i любаваўся здалёк — жанчынай у белай сукенцы з чырвонымi ружамi ў руках, жаданай i недаступнай.

...Мiнула яшчэ некалькi гадоў. У сяброў падрасталi дзецi — яны заканчвалi школы, паступалi ў навучальныя ўстановы, нараджалi сваiх дзяцей... Паша даўно звыкся з адзiнотай, жыццём па распарадку. Распарадак быў даволi жорсткiм, патрэбы — амаль што аскетычнымi. Толькi ў марах ён мог дазволiць сабе расслабiцца i прытулiць да сябе сваю iкону, свайго iдала... Толькi ў снах, салодкiх i трывожных...

...Вяртаючыся неяк з працы на гадзiну раней, ён падумаў, што можна заскочыць у новую цырульню, якая адчынiлася непадалёк, i паспець дадому якраз да пачатку футбольнага матча... У цырульнi было прахалодна i нешматлюдна, прыемна пахла парфумай. "Мне толькi крыху падраўняць..." — пачаў ён i асекся. Каля крэсла стаяла Жанна, мара ўсяго яго жыцця. Той адрэзак часу, на працягу якога яны не бачылiся, не пайшоў ёй на карысць. Твар крыху аб’ехаў, формы расцеклiся... Жанна весела ўзмахнула чыстым ручнiчком — на белым фоне ён выразна ўбачыў яе доўгiя яскрава-чырвоныя пазногцi...

Праз пяць хвiлiн ён сядзеў у крэсле, расслаблены i абсалютна шчаслiвы. А яна варажыла над яго валасамi i шчабятала, шчабятала... Пра ранейшае — лёгкае i прыемнае — жыццё... Пра мужа, якi прамяняў яе на яшчэ больш маладую i прыгожую, i цяпер для "падтрымкi бюджэту" яна вымушана працаваць. Пра дваiх дзяцей, якiя раз’ехалiся хто куды i нават тэлефануюць рэдка, не тое што прыязджаюць.

Ён слухаў i млеў... Яго даўняя крохкая патаемная мара пачынала набываць цалкам рэальныя абрысы. Ён маляваў сабе магчымыя наступствы гэтай цудоўнай сустрэчы з усёй страснасцю, на якую быў здольны i якая назапасiлася за столькi гадоў чакання. Ён ужо ведаў (адчуваў), што яна запросiць яго да сябе, i лiтаральна патанаў у хвалях, якiя зыходзiлi ад яе...

— На сёння ты мой апошнi клiент, — сказала яна. — Праз паўгадзiны я буду вольная як вецер...

Ён палез у партфель, дастаў нататнiк i акуратна — як рабiў усё i заўсёды — запiсаў нумар яе мабiльнага.

— Я абавязкова патэлефаную, — сказаў, паклаўшы нататнiк на месца i "пстрыкнуўшы" замочкам. — Сёння... Не, лепш заўтра... Карацей, на гэтым тыднi дакладна.

Усмiхнуўся свайму адлюстраванню. Разлiчыўся з ёю па прэйскуранце, хоць яна i не хацела браць грошы... Выйшаў на вулiцу, расправiў плечы, пацягнуўся... Глянуў на гадзiннiк — да футбольнага матча заставалiся лiчаныя хвiлiны. Машына чакала на суседняй вулiцы.

— Куды едзем, Павел Iванавiч? — спытаў вадзiцель.

— Натуральна, дадому, Саша. Сёння нашы з iтальянцамi гуляюць, праз пяць хвiлiн пачатак матча.

Ён уявiў, як дастане з халадзiльнiка бутэльку пiва, якую паклаў туды з ранiцы, налье ў келiх, сядзе перад тэлевiзарам i нарэшце расслабiцца... "Якi я малайчына, што забег у цырульню i паспеў падстрыгчыся", — падумаў з задавальненнем.

I машына кранулася з месца...

Наталля УЛАДЗIМIРАВА.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паша заўсёды любiў Жанну. А Жанна нiколi не любiла Пашу... Яшчэ ў старэйшай групе дзiцячага садка, куды iх вадзiлi разам, ён заляцаўся да яе амаль ш
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика