Пояс як повязь
Пояс як повязь
Слуцкія паясы: прыемна паглядзець, але хочацца валодаць Тэрмiн экспанавання ў Нацыянальным мастацкiм музеi Беларусi слуцкiх паясоў з калекцыi расiйскага Гiстарычнага музея прадоўжаны яшчэ на год — да мая 2010 года. Так дамовiлiся расiйскi i беларускi бакi. Вядома ж, рашэнне можна лiчыць радасным для нас, пры гэтым канстатаваўшы, што сенсацыi ўсё-такi не адбылося. Таму што самым лепшым варыянтам для Беларусi быў бы той, якi дазволiў бы мець гэтае ўвасабленне нашай гiсторыi ў сябе на радзiме пастаянна, з ласкi расiйскага боку. Гэта значыць ва ўласнасцi. І захады для гэтага рабiлiся некалькi апошнiх гадоў, калi вялiся перамовы на даволi высокiм узроўнi. Шляхi знакамiтых калекцый Нашы суседзi багатыя на цуды беларускага ткацтва са слуцкай радзiвiлаўскай "персiярнi". У розных расiйскiх музеях захоўваюцца паўсотнi паясоў са Слуцка. Ёсць яны ў Лiтве, Украiне. Iмi захапляюцца, iх берагуць, нават лiчаць часткай сваёй гiсторыi. Пра каштоўнасць слуцкiх паясоў не трэба распавядаць тым, хто iмi валодае сёння. Нават у тыя часы, калi паясы выкарыстоўвалiся па прызначэннi, яны каштавалi да тысячы залатых i iх маглi дазволiць сабе толькi самая багатая шляхта i магнаты. Найбольш дарагiмi былi "лiтыя" паясы — са срэбнай цi залатой нiткай. Адзiн пояс пераварочваўся рознымi бакамi ў залежнасцi ад абставiнаў: штодзённага выкарыстання, з нагоды ўрачыстасцi цi жалобы... Вырабы былi сапраўды ўнiкальныя — адзiн майстар за год мог выткаць не больш за дзесяць паясоў, а мануфактура пад кiраўнiцтвам Яна Маджарскага (турэцкага армянiна, якi ўсходнiм вырабам надаў асаблiвы мясцовы каларыт i непаўторнасць) за год выпускала каля двух соцень. Пасля падзелу Рэчы Паспалiтай i заняпаду вытворчасцi ў Слуцку паясы асаблiва цанiлiся. З сярэдзiны ХIХ стагоддзя слуцкiя паясы сталi прыцягваць увагу калекцыянераў, у тым лiку расiйскiх. Былi свае калекцыi i ў Беларусi. Вядома, што ў Беларусi захавалася некалькi адзiнак паясоў. Нашы галоўныя музеi могуць пахвалiцца хiба тым, што маюць у сваiх калекцыях фрагменты слуцкiх паясоў. Атрымаць у сваю калекцыю цэлы пояс — такая мара жывiла беларускiх музейшчыкаў з сярэдзiны мiнулага стагоддзя. Першая i апошняя выстава слуцкiх паясоў у Мiнску адбылася ў 1927 годзе ў Беларускiм дзяржаўным музеi (зараз Нацыянальны музей гiсторыi i культуры). На ёй былi выстаўлены толькi фрагменты, таму што цэлых паясоў у калекцыi музея не было. Затое цудоўная калекцыя беларускiх культурных каштоўнасцяў, дзе былi i слуцкiя паясы, была сабраная ў Вiльнюсе ў Беларускiм музеi Iвана Луцкевiча. Яе лёс склаўся трагiчна пасля 1939 года: было лiквiдавана Беларускае навуковае таварыства ў Вiльнюсе, яго члены арыштаваныя. Пасля вайны Беларускi музей быў зачынены, а яго фонды расфармiраваныя. Пасля далучэння Заходняй Беларусi ўласнасцю беларускага народа стала радзiвiлаўская калекцыя слуцкiх паясоў з 32 экзэмпляраў, якiя былi перададзеныя ў Дзяржаўную карцiнную галерэю. Але пасля вайны сляды гэтай калекцыi не знойдзены. I зараз няма нiводнага цэлага экзэмпляра слуцкага пояса ў тым жа Нацыянальным мастацкiм музеi, дзе размешчана выстава слуцкiх паясоў, якiя прыехалi з Расii. Сэрцу дорага Беларусь рабiла адчайныя спробы вяртання на радзiму каштоўнасцяў, якiя за стагоддзi толькi выраслi ў цане (сёння слуцкiя паясы могуць каштаваць да 100 тысяч долараў). Калi дбаць пра культурны скарб краiны, то важна мець магчымасць сказаць: гэта наша i па паходжаннi, i па вызначэннi, i па прыналежнасцi. Але заявiць свае правы на тое, што нехта лiчыць сваiм, не так проста. Што датычыцца калекцыi расiйскага Гiстарычнага музея, то яе паходжанне не выклiкае сумненняў — калекцыянер Шчукiн у 1900-я гады на нiжагародскiм кiрмашы прыйшоў, захапiўся, набыў. Збiральнiк руплiва складаў сваю калекцыю, купляючы рарытэты, потым падараваў яе, завяшчаў. Найбольш прымальным варыянтам Уладзiмiр Пракапцоў, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, лiчыў абмен з Гiстарычным музеем Расii: яны нам слуцкiя паясы, мы iм — каштоўнасцi з нашай калекцыi, якiя значныя для расiйскай культуры. У нашым музеi вельмi спадзявалiся на тое, што здолеюць дамовiцца. I калi мінiстр культуры Расiйскай Федэрацыi разам са сваiм беларускiм калегам Уладзiмiрам Мацвейчуком прыйшлi ў музей, то iх увагу скiроўвалi на творы Шышкiна, Хруцкага. Аднак... "Сапраўдныя рарытэты, ад якiх нiхто не адмовiцца", — з такiмi словамi расiйскi мiнiстр культуры Аляксандр Аўдзееў аглядаў выстаўленыя ў Нацыянальным музеi Беларусi слуцкiя паясы з калекцыi Нацыянальнага гiстарычнага музея Расii. I ўсё-такi надзея яшчэ не памiрае. Пакуль ёсць асобы, якiя зацiкаўленыя ў вяртаннi таго, што страчана ў варунках часу. Зразумела, можна спадзявацца на цуды. Але варта паспрабаваць знайсцi слуцкiя паясы са сваёй былой калекцыi, сляды якой згубiлiся падчас вайны. Намеснiк дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусi Надзея Усава: — Ходзiць легенда (на падставе ўспамiнаў), што слуцкiя паясы, якiя знаходзiлiся ў нашым музеi, падчас вайны былi схаваныя тут у драўляным хляве супрацоўнiкамi музея, але праз некалькi месяцаў iх знайшлi немцы i вывезлi. У нас ёсць фотаздымкi тых паясоў — на дэкаднай выставе ў Маскве 40-га года, i ёсць каталог гэтай выставы, дзе паказаны радзiвiлаўскi збор з Нясвiжа. Цiкавасць да гэтых паясоў нiколi не знiкае, таму што гэта сапраўды нацыянальны скарб, якi трэба шукаць. I мы можам паказаць, якiя паясы мелi некалi ў сваёй калекцыi, i даказаць гэта. Мы збiраемся выдаць дыск з нашым генеральным партнёрам, у якiм будуць падрыхтаваныя ўсе дакументы пра тое, як збiралiся экспанаты ў наш музей, як рабавалася калекцыя ў гады вайны, як аднаўлялася, што ў нас у вынiку ёсць. Пастараемся вызначыць, што мы будзем шукаць. Каб у камiсii "Вяртанне" былi нейкiя дакументы для доказаў, важна, каб такi дыск быў. Ларыса ЦIМОШЫК. Аляксандр Аўдзееў, мiнiстр культуры РФ: — Калi мы зараз замест таго, каб адно аднаму паказваць максiмальна поўна музейныя экспанаты, пачнём высвятляць, адкуль якi музейны экспанат паходзiць, i пачнём мяняць у метрыцы бацькоў i ўласнiка, замест культурнага супрацоўнiцтва пачнуцца працэсы, якiя дадуць зарабiць адвакатам, пракурорам i суддзям, але не вырашаць праблемы, i толькi ўскладняць нашы адносiны. Так склалася, што цэлая зала рускага мастацтва з’яўляецца ўласнасцю Беларусi. Так склалася, што рускi выдатны калекцыянер быў зачараваны i ўражаны прыгажосцю слуцкiх паясоў, i ён iх збiраў у Расii. У нас ёсць цэлы музей Пушкiна заходнееўрапейскага мастацтва, у якiм знаходзяцца ўнiкальныя творы французскiх iмпрэсiянiстаў цi галандскага жывапiсу. Але калi мы пачнём зараз высвятляць, адкуль гэта ўсё паходзiць, то замест супрацоўнiцтва атрымаецца вялiкая дыскусiя. Што датычыцца слуцкiх паясоў, то адкажу адразу: нашым музеям, дзе гэтыя паясы знаходзяцца (а яны ў асноўным сканцэнтраваныя ў Гiстарычным музеi), дадзена ўстаноўка паказваць iх хоць вечна беларускiм братам. Вы хочаце мець у сябе экспазiцыю — вы яе маеце. Хочаце падоўжыць на год, на два — калi ласка. Хочаце ўзяць iншыя паясы, трымаць iх i паказваць хоць пяць гадоў — калi ласка. У гэтым выпадку няма сэнсу вышукваць, чыя гэта ўласнасць i што запiсана ў пашпарце. Галоўнае, каб гэта было даступна на ўсёй прасторы Саюзнай дзяржавы. Такi падыход — сучасны, па iм iдуць усе цывiлiзаваныя краiны. Хачу нагадаць: калi мы зараз раскупорым гэтую скрыню Пандоры i задаволiм адну просьбу, то iмгненна з’явяцца сустрэчныя просьбы. Калi Савецкi Саюз спынiў iснаванне, то гэтых просьбаў было мiльён. Потым мы ўсё ўтрэслi на падставе новага разумнага мiжнароднага права, якое дзейнiчае на тэрыторыi СНД. Я вельмi люблю слуцкiя паясы, гэта сапраўды цудоўны твор мастацтва. I калi беларускiм братам хочацца, каб яны знаходзiлiся ў гэтым музеi, яны будуць знаходзiцца ў iм столькi, колькi вы палiчыце патрэбным. Калi перамовы вядуцца наконт дэманстрацыi iншых каштоўнасцяў, то яны павiнны быць кароткiмi i скончыцца станоўчым вынiкам. Таму што мы абсалютна не перашкаджаем, каб экспанаты з расiйскiх музеяў дэманстравалiся ў беларускiх музеях. I наадварот. Я паглядзеў выставу ў вашым Нацыянальным музеi, у вас цудоўныя працы, якiя любы расiйскi музей возьме i будзе экспанаваць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Слуцкія паясы: прыемна паглядзець, але хочацца валодаць Тэрмiн экспанавання ў Нацыянальным мастацкiм музеi Беларусi слуцкiх паясоў з калекцыi расiйск |
|