Зарэгiстравацца на ЦТ можна i па суботах...
Зарэгiстравацца на ЦТ можна i па суботах...
Абітурыент-2009
У краiне распачалася рэгiстрацыя абiтурыентаў для ўдзелу ў цэнтралiзаваным тэсцiраваннi, якое пройдзе з 15 чэрвеня па 1 лiпеня. Адрасы пунктаў рэгiстрацыi абiтурыенты могуць знайсцi на сайце Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў (www.rikz.unibel.by) або ў нумары "Звязды" за 17 красавiка. Нагадаем, што ў гэтым годзе пры паступленнi амаль што на ўсе спецыяльнасцi (за выключэннем спецыяльнасцяў творчага, спартыўнага профiляў, журналiстыкi i фiлалогii) i на ўсе формы навучання (вячэрнюю, завочную i дыстанцыйную) уступныя iспыты будуць праводзiцца толькi ў форме цэнтралiзаванага тэсцiравання. Але прайсцi цэнтралiзаванае тэсцiраванне можна не больш чым па трох прадметах, адзiн з iх — абавязковы для ўсiх абiтурыентаў экзамен па адной з дзяржаўных моў. Здаваць адначасова i беларускую, i рускую мову на ЦТ забараняецца. У тым выпадку, калi абiтурыент зарэгiструецца для праходжання ЦТ больш чым па трох прадметах, ён будзе дапушчаны да здачы тэсцiравання толькi па першых трох, якiя стаяць у графiку правядзення тэсцiравання. Пункты рэгiстрацыi будуць працаваць з 4 мая да 1 чэрвеня ўключна з 8 гадзiн ранiцы да 20 гадзiн. — Для таго, каб зарэгiстравацца на ЦТ, зусiм неабавязкова прапускаць школьныя заняткi, — падкрэслiў у гутарцы з журналiстам "Звязды" дырэктар Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў Мiкалай ФЯСЬКОЎ. — Пункты рэгiстрацыi будуць працаваць не толькi па працоўных днях тыдня, але i па суботах 16, 23 i 30 мая, а таксама ў нядзелю 31 мая. Да таго ж на нашым сайце абiтурыенты змогуць знайсцi iнфармацыю аб колькасцi свабодных месцаў у пунктах правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання па ўсёй краiне, якая будзе абнаўляцца адзiн раз у суткi. Для больш рацыянальнага выкарыстання зарэзерваванага аўдыторнага фонду я папрасiў бы абiтурыентаў рэгiстравацца на ўсе дысцыплiны ў адным пункце рэгiстрацыi — блiжэй да iх месца жыхарства цi цяперашняй вучобы. Не варта ствараць ажыятаж у першыя днi рэгiстрацыi — пасадачных месцаў хопiць на ўсiх, яшчэ нiхто з абiтурыентаў не быў пазбаўлены магчымасцi здаць цэнтралiзаванае тэсцiраванне. Але я б усё ж такi не раiў адкладваць гэту важную справу на апошнi момант i "штурмаваць" пункты рэгiстрацыi 1 чэрвеня. Хоць, як сведчыць вопыт папярэднiх гадоў, заўсёды знойдзецца з дзясятак маладых людзей, якiя прыйдуць у пункты рэгiстрацыi ў першыя чэрвеньскiя днi i будуць даказваць, што яны нічога не чулі пра тэрмiны рэгiстрацыi... Для рэгiстрацыi на цэнтралiзаванае тэсцiраванне абiтурыент асабiста падае заяву на адной з дзвюх дзяржаўных моў Рэспублiкi Беларусь (на свой выбар), дакумент аб унясеннi платы за прыём i афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ i паказвае дакумент, якi сведчыць яго асобу (пашпарт, вiд на жыхарства, пасведчанне бежанца цi афiцыйную даведку, якая выдаецца органамi ўнутраных спраў у выпадку страты цi крадзяжу дакумента, якi сведчыць асобу). <І>Вадзіцельскае пасведчанне для рэгістрацыі не падыходзіць. Абiтурыенты, якiя маюць права на вызваленне ад платы за прыём дакументаў i афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ, павiнны дакументальна пацвердзiць сваё права на льготу: гэта можа быць пасведчанне iнвалiда, выпiска з медыцынскiх дакументаў, даведка аб месцы жыхарства i складзе сям’i (калi ў сям’i выхоўваюцца трое i больш дзяцей), дакументы, якiя пацвярджаюць наяўнасць статусу ў дзяцей-сiрот, дзяцей, якiя засталiся без бацькоўскай апекi, пасведчанне аб праве на льготы асобаў з сем’яў вайскоўцаў, работнiкаў органаў МУС i г.д., якiя загiнулi цi сталi iнвалiдамi пры выкананнi воiнскiх i службовых абавязкаў. Прыём плацяжоў за рэгiстрацыю на тэст-экзамены ажыццяўляецца ў любой ўстанове "Беларусбанка". Сума платы за прыём i афармленне дакументаў складае 10 тысяч рублёў за адзiн вучэбны прадмет. Пры ўнясеннi платы абiтурыентам трэба быць максiмальна ўважлiвымi: грошы павiнны пералiчвацца на рахунак той навучальнай установы, на базе якой абiтурыент будзе праходзiць цэнтралiзаванае тэсцiраванне. Трэба мець на ўвазе, што пунктаў рэгiстрацыi (асаблiва ў сталiцы) значна менш, чым пунктаў правядзення ЦТ. Таму навучальная ўстанова, на базе якой працуе пункт рэгiстрацыi, i месца праходжання абiтурыентам ЦТ могуць не супадаць!!! Замежныя грамадзяне i грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя пастаянна пражываюць за мяжой, маюць права накiраваць у пункт рэгiстрацыi па пошце ксеракопiю дакумента, якi сведчыць iх асобу, i заяву, запоўненую па пэўнай форме (яе ўзор можна скачаць на сайце Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў). А квiтанцыю аб унясеннi платы за афармленне дакументаў i арыгiнал дакумента, якi сведчыць асобу, яны павiнны паказаць ужо пры атрыманнi пропуска. Як зазначыў Мiкалай Фяськоў, да заканчэння тэрмiну рэгiстрацыi абiтурыент мае права здаць пропуск цi абмяняць яго на пропуск па iншай дысцыплiне. Пропуск лiчыцца зарэгiстраваным, калi на iм ёсць пячатка ўстановы, вызначанай пунктам правядзення тэсцiравання, подпiс упаўнаважанага прадстаўнiка пункта рэгiстрацыi i ўказаны рэгiстрацыйны нумар. У выпадку страты пропуска абiтурыенту выдаецца яго дублiкат. Тыя абiтурыенты, якiя па ўважлiвай прычыне прапусцяць цэнтралiзаваны тэст-экзамен у асноўны дзень, змогуць прайсцi ЦТ у рэзервовы дзень — 6 лiпеня. Перарэгiстрацыя на рэзервовы дзень будзе весцiся з 25 чэрвеня па 2 лiпеня ў Брэсцкiм дзяржаўным тэхнiчным унiверсiтэце, Вiцебскiм дзяржаўным тэхналагiчным унiверсiтэце, Гомельскiм дзяржаўным тэхнiчным унiверсiтэце, Гродзенскiм дзяржаўным унiверсiтэце iмя Я.Купалы, Беларуска-Расiйскiм унiверсiтэце i ў Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце. Цэнтралiзаванае тэсцiраванне ў рэзервовы дзень будзе праходзiць для абiтурыентаў з усёй краiны ў сталiцы, на базе БДУ, i здаць 6 лiпеня можна будзе толькi адну дысцыплiну. Прычым сваё права скарыстацца рэзервовым днём давядзецца даказваць дакументальна... Надзея НIКАЛАЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У краiне распачалася рэгiстрацыя абiтурыентаў для ўдзелу ў цэнтралiзаваным тэсцiраваннi, якое пройдзе з 15 чэрвеня па 1 лiпеня. Адрасы пунктаў рэгiстр
|
|