У Віленскай беларускай школе прагучаў апошні званок
27 мая 2009 Общество
Крысціна ШЭЙМЕНЕНЕ, Svabodaby.net У школах Літвы прагучаў апошні званок. Для Віленскай беларускай школы гэта было двайное свята: сёлетні апошні званок тут – юбілейны, пятнаццаты па ліку. Але спачатку крыху гісторыі. Базыльянскія муры фота www. radzima.orgУ пачатку 20 ст. унікальнай з’явай культурнага жыцця заходнебеларускага краю былі беларускія гімназіі. Іх было няшмат, аднак яны закладвалі і развівалі традыцыі беларускай нацыянальнай школы. Адметнае месца сярод іншых займала Віленская прыватная гімназія, заснаваная І. Луцкевічам у лютым 1919 г. Гімназія з’яўлялася 8-класнай навучальнай установай гуманістычнага тыпу. Па-беларуску спачатку выкладаліся ўсе прадметы толькі ў падрыхтоўчым, першым і другім класах. А старшакласнікі вучыліся на рускай мове (выключэнне складалі беларуская літаратура, гісторыя і геаграфія Беларусі). Паступова гімназія станавілася сапраўды нацыянальнай навучальнай установай. З 1924 г. усе дысцыпліны там выкладаліся па-беларуску. Павелічэнне колькасці дзяцей-беларусаў паскорыла працэс пераводу навучання на родную мову. Гімназія размяшчалася ў Базыльянскіх мурах, самым буйным беларускім асяродку ў Вільні. На пачатку існавання гімназіі разам з ёю дзейнічаў прытулак для дзяцей-сіротаў, настаўніцкія курсы. З гімназіяй звязаны імёны многіх выбітных беларусаў: у ёй выкладалі Максім Гарэцкі, Язэп Драздовіч, Барыс Кіт (працаваў дырэктарам у гады вайны), Антон Луцкевіч, Рыгор Шырма (кіраваў хорам), Францішак Аляхновіч (у базыльянскіх мурах месцілася яго Беларуская драматычная майстроўня), Ігнат Дварчанін, вучылася паэтка Наталля Арсеннева. У 1944, закончыўшы навучальны год, гімназія спыніла сваё існаванне. І толькі праз 50 гадоў, ужо напрыканцы 20 ст., зноў з’явілася мажлівасць атрымліваць у Вільні адукацыю на беларускай мове – тутэйшыя беларусы арганізавалі школу імя Францішака Скарыны. “Школа стваралася намаганнямі мясцовых беларусаў, якіх аб’ядноўваў клуб “Сябрына,” – узгадвае дырэктар сп. Галіна Сівалава. – Спачатку ў нас была нядзельная школа, якой кіравала Алдона Папова. Першым запісаў у беларускую школу сваю дачку Марылю Сяргей Шупа, а за год мы назбіралі больш за 200 заяваў.” 1 верасня 1994 года ў Вільні пачала працаваць беларуская школа, але свайго памяшкання не было: два гады запар прытулак беларускім вучням давалі дзве рускія школы. Толькі праз два гады віленская мэрыя дала памяшканне – беларуская школа размясцілася ў будынку былога дзіцячага сада, дзе знаходзіцца і цяпер.“Вы – выпускнікі адзінай і незвычайнай школы”, – сказала сёлетнім дванаццацікласнікам іх першая настаўніца сп. Валянціна Іванова. Сапраўды, гэта адзіная беларуская школа ў замежжы, дзе можна атрымаць адукацыю з першага па дванаццаты клас. “У Латвіі ёсць беларуская дзесяцігодка, у Польшчы таксама вывучаецца беларуская мова, але факультатыўна, – удакладняе Галіна Сівалава, – аднак мы адзіныя ў Еўразвязе, а, магчыма, і далей, хто дае поўную сярэднюю адукацыю на беларускай мове. – А ў хуткім часе школа атрымае статус гімназіі, разам з габрэйскай у Вільні і нямецкай у Клайпедзе.” Пасля гэтага ўсе жадаючыя вучыцца ў беларускай школе не з першага класа павінны будуць здаць уступныя экзамены. А такія жадаючыя, трэба думаць, знойдуцца. І не страшна, калі гэта будуць не толькі дзеці беларусаў. Выпускніца беларускай школы Марыя Дунаюце, скончыўшы яе ў 2000 годзе, і цяпер з цеплынёй узгадвае хатнюю атмасферу, утульнасць, індывідуальны падыход. А невялікая колькасць вучняў (спачатку ў класе было ўсяго чатыры чалавекі) вельмі станоўча ўплывала на ўзровень адукацыі – застацца непадрыхтаваным проста не выпадала. На просьбу назваць самага выбітнага выкладчыка сп. Марыя не задумваючыся ўзгадала Сержука Вітушку. “Бясконца разумны чалавек. І які патрыёт! На ягоных уроках гісторыі мы слухалі раскрыўшы рты,” – успамінае сп. Марыя. І дадае: “Калі ў мяне будуць дзеці, я абавязкова прывяду іх у гэтую школу.” У Марыі Дунаюце, прынамсі, бабуля была з Беларусі, і гэта пакідае ў яе адчуванне сувязі з нашай краінай, а вось вучаніца 7-га класа Насця, з якой мы размаўлялі, з рускай сям’і, ніякага дачынення да Беларусі не мае і ў беларускую школу прыйшла вучыцца таму, што сяброўка распавяла “якая гэта класная школа”. І ніколькі аб гэтым не шкадуе, а беларускую мову вывучае як родную. Акрамя роднай мовы ў школе выкладаюць дзяржаўную – то бок літоўскую, рускую і англійскую мовы. І ўсе спраўляюцца. І ніхто з вучняў, з якімі мы размаўлялі, не скардзіўся, што цяжка вучыцца па-беларуску. Затое пра цяжкасці з “моўным пытаннем” ўзгадала дырэктар школы Галіна Сівалава: – Адна з галоўных цяжкасцяў для нас, – кажа сп. Галіна, – навучыць дзяцей прыгожай мове. Хацелася б завезці вучняў куды ў вёску, у горад, дзе б яны пачулі жывую, мілагучную мову. Як гэта, прыкладам, у літоўцаў, якія прыязджаюць з Масквы і дзеці чуюць прыгожую мову. У нас жа і фінансавыя магчымасці не тыя, ды і знайсці на Беларусі такую школу не проста. Хутчэй да нас прыязджаюць і дзівяцца, як цудоўна нашыя дзеці размаўляюць па-беларуску. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што хвароба русіфікацыі, характэрная беларускаму грамадству, не абмінула і беларускую школу ў Вільні. І памыляецца той, хто думае, што школа гэтая – рэзервацыя чысцюткай беларускай мовы і культуры. Зрэшты, цяжка сказаць, наколькі гэта ўвогуле магчыма, улічваючы, што многія з вучняў упершыню чуюць беларускую мову толькі прыйшоўшы ў школу. І не абавязкова ў першы клас. Але ж і адмаўляць такім жадаючым не выпадае: па дадзеных Міністэрства адукацыі Літвы напаўняльнасць класаў павінна быць не менш за 15 чалавек. А ў школе цяпер на 12 класаў усяго каля 150 навучэнцаў. Вось калі вучань не справіцца з засваеннем матэрыяла, што выкладаецца па-беларуску, яму прыйдзецца шукаць іншую школу. Выпускнікі па школьнай традыцыі саджаюць дрэва. 15 траўня 2009 года. На пытанне пра нацыянальны склад вучняў дырэктар патлумачыла, што па законах Літоўскай рэспублікі і Еўразвязу школа не мае права адбіраць вучняў па нацыянальнай прыкмеце, таму сярод іх ёсць дзеці са змешаных сем’яў, а ёсць і зусім не звязаныя з Беларуссю. Зразумела, перавага аддаецца беларусам. Што да саміх вучняў, то нацыянальная прыкмета для іх не мае ніякага значэння. А вось пачуццё, што школа – гэта адна сям’я – сапраўды важна. І што ты таксама адказны за сваю сям’ю, і можаш уплываць на яе жыццё (у школе моцнае вучнёўскае самакіраванне, якое ачольвае прэзідэнт школы) – таксама істотна. Але галоўным усё ж з’яўляецца тое, за чым мы у рэшце-рэшт і ідзем у школу – узровень адукацыі. Выпускнікі беларускай школы маюць дастаткова амбіцыйныныя планы на будучыню. З сёлетняга выпуску, напрыклад, два чалавекі плануюць паступаць у Віленскі педагагічны універсітэт на беларускае аддзяленне, некалькі чалавек збіраюцца працягваць адукацыю ў Беларусі, адна дзяўчына паедзе вывучаць эканоміку ў Лондан…– Усе нашыя вучні – вельмі разумныя, – хваліцца дырэктар школы. – Цяперашні адзінаццаты клас – увогуле, адныя таленты: і малююць, і керамікай захапляюцца (у школе ёсць керамічная майстэрня – аўт.), і дызайнам займаюцца, удзельнічалі ў міжнароднай экалагічнай канферэнцыі. Але ж і працаваць з таленавітымі дзецьмі ой як няпроста. Вучні і іх бацькі разумеюць незвычайнасць школы і дзеля яе гатовыя мірыцца з пэўнымі нязручнасцямі: школа знаходзіцца далёка не ў цэнтры Вільні, і не ўсім вучням да яе зручна дабірацца. Асабліва тым, хто жыве ў прыгарадзе. Але гэта акалічнасць не пужае нават бацькоў першакласнікаў: ужо цяпер вядомыя 16 дзетак, якія прыйдуць у першы клас беларускай школы ў наступным навучальным годзе. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
27 мая 2009 Общество Крысціна ШЭЙМЕНЕНЕ, Svabodaby.net У школах Літвы прагучаў апошні званок.
|
|