Юрый Падабед: "У Еўропе я для сябе Амерыку не адкрыю..."
23 июня 2009 Общество
Экс-камандзір мінскага палка міліцыі спецыяльнага прызначэння (былы АМАП) палкоўнік Юрый Падабед больш не сядзіць без справы. Не так даўно ён знайшоў сабе новую і даволі цікавую працу. Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю выданню “Тут і цяпер”. — Юрый Мікалаевіч, нешта даўно пра Вас нічога не было чуваць. Як вашы справы? — У маім жыцці зараз усё добра. Займаюся сям’ёй, выхоўваем разам з жонкай дачку. Нашай прынцэсе пайшоў ужо чацвёрты годзік. Так што на жыццё-быццё не скарджуся. — Наколькі я разумею, Вы ўсё ж такі звольніліся з органаў унутраных спраў. — Так, сышоў у запас. — Цікава, пенсія вялікая? — Не буду называць канкрэтныя лічбы. Заўважу толькі, што мне хапае. ШТРЫХ ДА ТЭМЫ Бізнесмен Юрый Чыж праславіўся не толькі сваім паспяховым бізнесам і набліжанасцю да першых асоб дзяржавы, але і складаным характарам. Прынамсі, пра своеасаблівы характар Юрыя Аляксандравіча кажуць тыя, хто не змог з ім доўга працаваць. Вядома, што Чыж даволі часта мяняў дырэктараў і трэнераў футбольнага клуба “Дынама”. Падначаленыя Чыжа называюць яго даволі патрабавальным чалавекам, які заўсёды вымагае ад падначаленых максімуму. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што тыя, хто даўно працуе з Юрыем Чыжом, называюць яго чалавекам, які не помніць зла.— З даволі надзейных крыніц нашаму выданню стала вядома, што не так даўно Вы працаўладкаваліся і цяпер узначальваеце Службу бяспекі вядомага беларускага бізнесмена Юрыя Чыжа. — Гэта праўда. — Цяжкая праца? — Нялёгкая. Хапае і турбот, і складанасцей. — А Вы адказваеце за бяспеку самога Юрыя Чыжа альбо ўвогуле за прадпрыемства, якім ён кіруе? — Мая пасада называецца “кіраўнік аддзела аховы”. Я адказваю ў тым ліку і за ахову аб’ектаў: будаўнічых, гандлёвых, офісных і гэтак далей. — Зараз у нашай краіне ідзе барацьба з тымі, хто ў свой час быццам бы незаконна атрымаў зямельны ўчастак пад будаўніцтва загараднага дома. Пасля Вашай адстаўкі хадзілі чуткі, быццам Падабед сышоў таму, што ў яго недзе пад Мінскам была пабудавана прыгожанькая хатка… — (Доўга смяецца.) Ну, калі ўжо “выкасілі” за незаконнае будаўніцтва нават першага намесніка міністра ўнутраных спраў і двух намеснікаў міністра, то Падабеда даўно б зачапілі, калі б было за што зачапіць! У мяне няма ніводнага незаконнага ўчастка. І ніколі не было. — А што Вы маеце з нерухомасці? — Аднапакаёвую кватэру. Дачы ў мяне няма. Хаця я вельмі хацеў бы яе займець. — Перажываеце, што дагэтуль не можаце паехаць у Еўропу? — А з мяне ж знялі санкцыі! Здаецца, паўгода таму, калі не болей. У тым так званым “чорным спісе” засталося толькі некалькі чалавек, калі не памыляюся… — Значыць, ужо некуды за мяжу Вы пракаціліся? — Не. Я ўжо не раз казаў, што ў Еўропе для сябе Амерыку не адкрыю. Што ж тычыцца адпачынку, дык я нядаўна працаўладкаваўся, таму пра адпачынак яшчэ нават не задумваюся. — А пра былую працу ўзгадваеце? Скажыце шчыра: не сумуеце па АМАПе? — Я многа аддаў той працы часу, здароўя. Мне за сваю справу не сорамна. І сёння я не губляю кантактаў з тымі, з кім столькі гадоў адпрацаваў. Я там рэгулярна бываю, увесь час маю зносіны са сваімі былымі калегамі і падначаленымі. З цяперашнім камандзірам даволі часта сазвоньваемся. ДАРЭЧЫ Былыя супрацоўнікі сілавых структур даволі часта пасля завяршэння сваёй кар’еры працаўладкоўваюцца ў службы бяспекі банкаў, прадпрыемстваў, арганізацый. Лічыцца, што з іх атрымліваюцца добрыя спецыялісты ў гэтай сферы дзейнасці. Напрыклад, былы міністр унутраных спраў Беларусі генерал Валянцін Агалец цяпер узначальвае Службу бяспекі адной вядомай кампаніі мабільнай сувязі. Да Агальца гэтую ж пасаду займаў таксама генерал міліцыі — Віктар Басалыга. А генерал-маёр КДБ у адстаўцы Валерый Кез працуе ў Службе бяспекі “Газпрамбанка”. НЕСАКРЭТНЫЯ МАТЭРЫЯЛЫ Юрый Падабед скончыў Мінскую вайскова-палітычную вучэльню. Служыў на Далёкім Усходзе, у Літве, Польшчы, Нямеччыне. Скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасьці “Дзяржаўнае кіраванне і дзелавое адміністраванне”. АМАПам кіраваў з 1999 года. У адстаўку сышоў нібыта па ўласным жаданні. Пасля сыходу ў сваіх інтэрв’ю Падабед казаў, што можа паспрабаваць сябе ў іншай якасці на нейкім прадпрыемстве. “Рашэнне аб сыходзе я прыняў сам, — гаварыў Юрый Мікалаевіч. — Проста вырашыў, што прыспеў час сысці. 9 гадоў адкамандаваў. Здароўе ж у мяне адно… Трэба хоць дачку на ногі падняць”. На пытанні аб сваім далейшым лёсе адразу пасля сыходу адказваў так: “Усюды патрэбна служба бяспекі, дый самому можна нешта паспрабаваць зрабіць. У мяне ж, здаецца, і галава на месцы. Я маю дыплом педагога: магу выкладаць гісторыю і грамадазнаўства. У прынцыпе, адукацыя дазваляе мне быць дырэктарам альбо менеджэрам на любым прадпрыемстве. Так что магу не абмяжоўваць сябе ў выбары”. Некалькі гадоў палкоўнік Падабед знаходзіўся ў спісе “неўязных” у краіны Еўрасаюза і ЗША за жорсткія разгоны акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і рэферэндуму ў 2004 годзе. Дагэтуль палкоўніка вельмі нядобрым словам успамінаюць шматлікія апазіцыянеры, якіх хапалі падчас вулічных акцый байцы Падабеда. У 2006 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў Юрый Падабед быў узнагароджаны ордэнам “За службу Радзіме” III ступені. Юрый Падабед жанаты другі раз. Мае двух дарослых сыноў ад першага шлюбу і дачку ад другога. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
23 июня 2009 Общество Экс-камандзір мінскага палка міліцыі спецыяльнага прызначэння (былы АМАП) палкоўнік Юрый Падабед больш не сядзіць без справы.
|
|