У кожнай сям'i — свая ўласная гiсторыя вайны...
У кожнай сям'i — свая ўласная гiсторыя вайны...
Мы ўсе ведаем пра вайну. У некага гэта асабiстыя ўспамiны, большасць, на шчасце, чулi пра яе толькi са слоў ветэранаў або чыталi ў падручнiках па гiсторыi. І калi спытаць каго, любы суразмоўца, напэўна, прыгадае канкрэтную бiтву, прозвiшча славутага военачальнiка, увогуле Вялiкую Перамогу. I будзе мець рацыю. Аднак вайна ўвайшла ў нашы жыццi, пакiнула свой след i праз нейкiя рэчы, падзеi, што сталi сiмваламi — не ў глабальным сэнсе, а для кожнай сям'i асабiста — Вялiкай Айчыннай. Для аўтара гэтых радкоў такi сiмвал — нiколi не бачаны на ўласныя вочы, створаны выключна сiлай уяўлення — мая мацi, якой яшчэ не споўнiлася i чатырох гадоў, на рудой карове. Напярэдаднi самага вызвалення пасёлак пад Мiнскам, па ўспамiнах маiх цётак, палаў. Ратуючыся ад немцаў, і нават ад магчымага агню ад сваiх войскаў, што падыходзiлi да сталiцы, насельнiцтва кiнулася хто куды. I мая мацi ехала верхам на рагулi ў тыя самыя мясцiны, куды мы цяпер любiм хадзiць на шашлыкi i на рыбалку... Якiя асабiста ў вас сiмвалы мiнулай вайны? Ганна МIХАЙЛАВА, настаўнiца Юркавiцкай сярэдняй школы Лагойскага раёна: — Якое маё асабiстае стаўленне да вайны?.. Адзiн мой дзядзька прапаў на ёй без вестак, два другiя вярнулiся iнвалiдамi. Да сямiдзесяцi гадоў "дацягнулi", але жылося iм нялёгка... На маю думку, пра вайну трэба меней гаварыць, i, галоўнае, без залiшняй пампезнасцi. Вось сёння ранiцай у тэлеэфiры маладая спявачка выконвала "Кацюшу". Песня ж цудоўная, але яе трэба "адчуваць". А як яе можа "адчуваць" зусiм малады чалавек? Я калi бачу ў дзяцей пiсталеты i аўтаматы — цацачную зброю — далi Бог, хочацца падысцi, адабраць i паламаць яе. Я нават свайму ўнуку забараняла мець такiя цацкi, хоць, безумоўна, былi ў яго i пiсталеты, i мадэль танка, якая магла рухацца. Я разумею, што гэта цацкi, але яны ўсё адно прызначаны для забойства, хоць бы сабе i цацачнага. Паглядзiце, цяпер у кожным двары "страляюць"... Валянцiн КУШНЕР, пенсiянер, г. Орша: — Вайна ёсць вайна... Я шмат чаго перажыў, доўга магу расказваць... Як хату спалiлi, як пагналi ў Германiю. Там у 1945 годзе нас i вызвалiлi амерыканцы, потым перадалi рускiм. Мяне адразу ў армiю прызвалi, там жа — у акупацыйнай зоне ў Германii — я i адслужыў свой тэрмiн. Шмат чаго можна прыгадаць... Наталля ПЯТРОЎСКАЯ, палявод СВК "Краснаселле" Талачынскага раёна: — Я магу гаварыць пра вайну толькi са слоў сваёй мацi. Ужо ў самым канцы вайны праз Коханава праходзiлi немцы. I некаторыя спынiлiся ў нашым доме. I дзядзьку ледзь не застрэлiлi толькi за тое, што ён выказаўся супраць размяшчэння акупантаў. I дзед супакойваў, гаварыў, што каб не чапалi дзяцей — а ў сям'i было восем дзетак... А яшчэ дзядзька мацi загiнуў на фронце. Мiкалай ХАМЯНОК, старшыня Кляшчыцкага сельскага Савета Расонскага раёна: — Адзiн дзядуля прапаў без вестак на вайне, другi быў у палоне, ваяваў у партызанах. Мацi напачатку знаходзiлася ў лагеры для цывiльнага насельнiцтва, якi быў створаны прама ў нашай вёсцы, потым яе вывезлi ў Прыбалтыку. Вось так вайна "зачапiла" амаль усiх, не абышла бокам. Зрэшты, як i многiя iншыя сем'i. Што я вам гiсторыю буду пераказваць! У кожнай сям'i была i ёсць свая асабiстая гiсторыя вайны. Я пачаў складаць генеалагiчнае дрэва свайго роду, планую азначыць на iм усiх сваiх родных... Галiна ТРУБІЛА, спецыялiст па зваротах грамадзян раённага камунальнага ўнiтарнага вытворчага прадпрыемства "Бярэзiнскае ЖКГ":— У мамы на вайне загiнулi два браты, iм было па 22 гады. Iх партрэты i дагэтуль вiсяць у доме мацi. Дзядуля быў iнвалiдам Вялiкай Айчыннай, дзядзька прайшоў вайну. Апошнi часта паўтараў: галоўнае на вайне — не падаць духам. I яшчэ гаварыў, што на вайне каму як пашанцуе: кагосьцi нi разу не зачэпiць, а некага i не адзiн раз можа паранiць. Што такое вайна? Акопы, бруд, вошы... Нашым жа мужам давялося служыць на афганскай мяжы, калi там была вайна. На пагранiчнай заставе таксама былi акопы... Але, я гэта добра памятаю, афiцэры не падалi духам. Ларыса КАРПУК, выканаўца абавязкаў загадчыка аддзялення камунальнай гiгiены дзяржаўнай установы "Рэспублiканскi цэнтр гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя": — Мой дзядуля па лiнii мацi быў расстраляны немцамi. Другi дзядуля ваяваў, прайшоў усю вайну, быў героем вайны. На жаль, яго ўжо няма... Рыгор МIСКОВIЧ, галоўны iнжынер Кобрынскага мясакамбiната: — У нашай сям'i практычна нiхто не ваяваў. Толькi матчынай сястры муж, якi быў артылерыстам, дайшоў да Берлiна. Бацька падчас вайны быў зусiм малы, яму пры вызваленнi толькi дзевяць споўнiлася. I вось па яго ўспамiнах, па ўспамiнах дзеда я ведаю: было прадчуванне вызвалення. Калi пачалася вайна, усё адбылося раптоўна, танкi па горадзе чужыя ездзiлi ўжо праз некалькi дзён. А тут людзi ведалi i чакалi гэтага моманту. Як сiмвал тых часоў, як памяць у мяне дома захоўваецца савецкая каска перыяду Вялiкай Айчыннай. Яна сапраўдная, я знайшоў яе цесця на Магiлёўшчыне, а ён гаварыў, што знайшоў яе ў лесе. Яна мела прабоiну ў верхняй частцы, вiдавочна, ад асколка... Сяргей СТАРЫНАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы ўсе ведаем пра вайну. У некага гэта асабiстыя ўспамiны, большасць, на шчасце, чулi пра яе толькi са слоў ветэранаў або чыталi ў падручнiках па гiст
|
|