21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Жменька семак

19.09.2009 14:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Жменька семак

Апавяданне

 

Як мала чалавеку ад чалавека для спагады i дабрынi трэба. Усяго толькi жменька семак. А мы вылузваемся, б'ём сябе ў грудзi на трыбунах i плошчах, даказваючы, як шчыруем i рупiмся дзеля дабрабыту сваiх блiзкiх. А аказваецца, каб гэта было праўдай, каб цябе зразумелi i пачулi, трэба зусiм нiчога — усяго толькi жменька семак. Якраз пра гэта не без усмешкi i распавядае нам Валянцiн Крыжэвiч з горада Чавусы.

Вiктар КАЗЬКО.

У пашпарце Аўгiннi Дуброўскай яе iмя было запiсана як Яўгенiя. Але неяк так склалася ў мясцовым маўленнi, што ледзь не з маленства яе сталi называць Аўгiнняй. Зараз ёй ужо ладнага за 70, нават вайну з немцамi крыху памятае. Жыццё не сказаць каб песцiла, аднак i не горш, чым у многiх iншых. Працаваць у калгасе стала з падлеткавых гадоў, нават у свой час брыгадзiрам была, нягледзячы на тое, што скончыла толькi 6 класаў. Выйшла замуж за майстра з леспрамгаса, дваiх сыноў нарадзiла. Тыя, як выраслi ды пайшлi ў армiю — так адтуль i не вярнулiся.

Не, не падумайце чаго дрэннага — проста не захацелi ў вёску, бо хоць i весела тады было там, затое бедна. А вырвацца ў людзi няпроста, бо пашпартоў вяскоўцам не выдавалi. Хiба толькi паступяць куды вучыцца або ў тую ж армiю забяруць. Праўда, мог i старшыня калгаса даведку напiсаць, што, маўляў, адпускае. Толькi ж рэдка якi старшыня рабiў гэта задарма... Прыгон, адным словам, хоць быццам бы яго i адмянiў цар яшчэ ў 1861 годзе. Прынамсi, так пiсалi ў падручнiках.

Вось i атрымалася, што адпрацавала Аўгiння ўсё сваё дарослае жыццё ў калгасе так званым паляводам, i далей райцэнтра нiкуды не ездзiла. Нават да сыноў, бо жылi яны з сем'ямi далёка: адзiн у расiйскiм Брацку, другi — у Казахстане, цалiну там падымаў. Сыны i ў часы Савецкага Саюза не часта наведвалiся, а цяпер, калi на бiлет шалёныя грошы трэба, дык толькi iншы раз патэлефануюць, справяцца, як здароўе, — i ўсё.

А здароўе — якое яно ў старога чалавека... Вунь вучоныя па тэлевiзары кажуць, што старасць — гэта хвароба. I ўсё шукаюць, як яе вылечыць. Выходзiць, што калi ты стары, то ўжо хворы, нават калi ў цябе нiчога не балiць. Але якое там не балiць... На сялянскай працы так наламалася, што ўсе косцi ныюць... Аднак няхай сабе — нездарма ж ёсць такi жарт: калi вы ранiцай прачнулiся i ў вас нiчога не балiць, значыць, вы памерлi.

Памiраць Аўгiння не збiралася, таму зрэдку наведвалася ў раённую бальнiцу. Вось i сёння рашыла нанесцi чарговы вiзiт дактарам. Мужу наказала, каб прыглядваў за гаспадаркай, не забыў свiней i курэй пакармiць, i падалася на прыпынак. Дзякуй Богу, хоць два разы на тыдзень, але пасажырка, так старыя па прывычцы называлi аўтобус, заходзiла ў iхнюю вёску рэгулярна. На прыпынку людзей было няшмат, чалавек 7: хто таксама ў бальнiцу, хто ў гарадскую краму, хто па iншых патрэбах...

Пакуль тая пасажырка, Аўгiння пачала лушчыць гарбузовыя семкi, якiя прыхапiла з сабой. Бо чакаць у многiх месцах трэба: i на прыпынку, i ў аўтобуснай станцыi, i ў рэгiстратуры палiклiнiкi, i на прыём да ўрача. А з семкамi час непрыкметна ляцiць... Аўгiння не смецiла, не — яна адшчыпвала краi семак у працы загартаванымi, як жалеза, пазногцямi, зярнятка адпраўляла ў рот, а шалупiнне — у кiшэню курткi або кофты, каб потым вытрасцi ў зручным месцы. Увогуле акуратнасць — гэта было ў характары Аўгiннi, а таму i ў хаце ў яе заўсёды чыста, i на падворку таксама.

...У палiклiнiцы Аўгiння хвiлiн 20 адстаяла ў чарзе ў рэгiстратуру, атрымала талончык i паднялася на другi паверх, дзе быў кабiнет урача. Пад дзвярыма — таксама чарга. Нават на лаўкi людзi ў большасцi не садзяцца. Аўгiння села, бо ногi не купленыя, да таго ж якраз iх лячыць збiраецца. У чаканнi пачала зноў пацiху лушчыць семкi. Маладзiца, якая сядзела побач, спачатку скоса паглядвала на Аўгiнню, але прыкмецiўшы, што жанчына абыходзiцца з семкамi акуратна, заўважыла:

— А вы ведаеце, што гарбузовыя семкi ад гельмiнтаў дапамагаюць?

— Ад чаго, ад чаго? — не зразумела Аўгiння.

— Ад глiстоў...

— Ды ну!.. Во не ведала... А я ж усё жыццё семкi ем... А наце i вам, — яна зачэрпнула з кiшэнi семак i працягнула жменьку маладзiцы.

Тая спачатку аднеквалася, але ўсё ж узяла i, загарнуўшы ў папяровую кузеньку, паклала ў сумачку. Потым, iмкнучыся хоць нечым аддзякаваць, сказала:

— Вы, я бачу, з вёскi. Дык чаго тут седзiце — вяскоўцаў жа ў першую чаргу пускаюць, каб на аўтобус паспелi.

— Во як!.. Гэта добра, калi так, а то мне яшчэ i ў банк трэба... З паўгода назад паклала на кнiжку крыху грошай, дык пацiкаўлюся, колькi працэнтаў нарасло...

Аўгiння паднялася з лаўкi i падалася блiжэй да дзвярэй урачэбнага кабiнета. У чарзе забурчэлi:

— Куды лезеш, бабуля? Мы першыя прыйшлi...

Маладзiца з лаўкi гучна прагаварыла:

— Прапусцiце! Яна з вёскi, яшчэ на аўтобус спознiцца... Што ж ёй — у гасцiнiцы начаваць?..

На гэты раз народ у чарзе падабраўся свядомы. Аўгiнню прапусцiлi ўшчыльную да дзвярэй. I як толькi кабiнет пакiнуў пажылы мужчына, Аўгiння ўвайшла туды. У кабiнеце стаялi два сталы, за адным сядзеў урач у белым халаце, за другiм — медсястра.

— Сядайце, — паказаў урач на стул, — на што скардзiцеся?

I з гэтымi словамi, не чакаючы адказу, пачаў гартаць медкартку.

— Ды ногi нешта ў каленях сталi ламаць, каб лякарства якое...

— Так, так... — урач працягваў гартаць картку, затым звярнуўся чамусьцi да медсястры: — Артрыт у бабулi... Не першы раз у нас, вось тут напiсана...

Аўгiння палiчыла, што пара звярнуць увагу i на яе, таму дастала з кiшэнi кофты жменьку семак i сыпанула iх на стол урачу, потым яшчэ жменьку — медсястры, прыгаворваючы:

— Во, частуйцеся, добрыя семкi... Кажуць, ад глiстоў ратуюць...

Медсястра чмыхнула.

Урач адарваўся ад карткi, засмяяўся.

— Ну, вы... — зiрнуў у картку, — Яўгенiя Пятроўна, арыгiнал... Семкi... Ад глiстоў... Ёсць, ёсць такое меркаванне... Толькi ад артрыту семкi не ўратуюць... Мы вам прапiшам што-небудзь больш дзейснае...

— Толькi каб не надта дорага... А то ў мiнулы раз напiсалi рэцэптаў ледзьве не на паўпенсii...

— Добра, добра, — заўсмiхаўся ўрач, гартаючы нейкi даведнiк, — ёсць тут нешта новае айчыннай вытворчасцi... Адносна танна i лячэбны эфект неблагi...

I цi то жартам, цi то ўсур'ёз дадаў:

— Калi ўжо семкi... То як вы да нас, так i мы да вас...

У банк Аўгiння трапiла якраз пад абедзенны перапынак. З уласнага досведу ведала, што ў гэты момант цi ў якой канторы, цi ў сельмагу могуць i на дзверы паказаць, маўляў, трэба паперы падшыць цi касу падлiчыць, цi яшчэ якая трасца ў бок... Таму адразу сыпанула на высокую стойку, з-за якой ледзь бачна была аператар за камп'ютарам, жменьку семак.

— Во, добрыя семкi, ядроныя... Частуйся, дзетка... А то можа, калi дача ёсць, пасадзiш... Гарбузы па кабану вырастуць...

I столькi шчырасцi было ў словах старой жанчыны, што аператар заўсмiхалася, згарнула семкi са стойкi сабе на аркуш паперы, узнiмаючы ў паветра блiскучыя лускавiнкi.

— Дык што вы хочаце?

— Грошы я паклала ў ваш банк... Хачу даведацца, колькi працэнтаў нарасло.

— Давайце пашпарт.

— Пашпарт?.. А я ж не ўзяла, думала, што так можна...

Аператар завагалася было, але зiрнула на клiентку, на жменьку семак, што ляжалi на аркушы, уздыхнула i сказала:

— Добра, гаварыце ваша прозвiшча, iмя, iмя па бацьку, месца жыхарства... Паспрабую ў камп'ютары знайсцi.

Аператар пашчоўкала клавiятурай i лiтаральна праз хвiлiну назвала ўслых пашпартныя звесткi Аўгiннi, каб зверыцца. Потым растлумачыла, колькi працэнтаў налiчана i якiм чынам можна змянiць умовы ўкладу на больш выгадныя. Толькi трэба прыехаць абавязкова з пашпартам.

З банка Аўгiння выйшла задаволеная, бо па гадзiннiку ўстановы бачыла, што i на пасажырку не спознiцца. Палезла ў кiшэню кофты па семкi, але там было пуста...

Валянцiн Крыжэвiч.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як мала чалавеку ад чалавека для спагады i дабрынi трэба. Усяго толькi жменька семак. А мы вылузваемся, б'ём сябе ў грудзi на трыбунах i плошчах,
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика