Чамадан. Вакзал. Кватэра
Чамадан. Вакзал. Кватэра
Нiчога асабiстага
.— Не! Без усялякiх варыянтаў — не. Нават на лета, — катэгарычна i беспаваротна адрэзаў дырэктар студгарадка Мiхаiл Барысавiч, правёў невялiкую лекцыю на тэму а-ля "студэнтаў шмат, а iнтэрнатаў кот наплакаў" i зрабiў выгляд вельмi занятага чалавека, маўляў, размова закончана. Сказаў я Мiкалаю Барысавiчу "дзякуй" (хоць за што?) i пайшоў на вулiцу. Сеў на лаўку i пачаў разважаць сам сабе. Чатыры гады таму я сядзеў якраз на гэтым месцы. Прыехаў я тады ў сталiцу вучыцца. Паступiў у вядучую ВНУ краiны. Сядзеў i кумекаў, дзе б знайсцi дах над галавой, бо ў студэнцкiм iнтэрнаце на мяне месца не хапiла... Варушыў звiлiнамi, а побач туды-сюды гойсалi замежныя госцi: кiтайцы, арабы, афрыканцы — для iх месцы ў iнтэрнаце чамусьцi знайшлiся. Прайшло чатыры гады — i я зноў сяджу на гэтым месцы. Шмат вады ў Свiслачы з тых часоў сплыло, а сiтуацыя амаль тая ж: вакол замежнiкi, а я зноў сяджу без iнтэрната. Хiба толькi кiтайцаў пабольшала, дый я ўжо на пяты курс перайшоў i трохi грошай на кватэру зарабiць у стане. Дзякуй Богу, тады мне, першакурснiку, месца ў iнтэрнаце адшукалi. І пражыў там шчаслiва 4 гады. А на пяты выйшла асечка: маўляў, чалавек дарослы, круцiся як хочаш. Ды не ў аднаго мяне паўстала такая праблема, а ва ўсiх маiх аднакурснiкаў, хто не сiрата/чарнобылец/кiтаец. У прынцыпе, мо яно i да лепшага. Трэба ж калiсьцi пачынаць самастойнае жыцце ды мець свой, а не казённы кут. Падбадзёрыў я сябе такiм чынам i паплёўся дадому абдумваць план баявых дзеянняў пад кодавай назвай "Пошук кватэры". На ўсё пра ўсё заставаўся роўненька тыдзень, а потым — з рэчамi на выхад. Самае галоўнае было вызначыцца, з кiм з сяброў здымаць разам кватэру. Бо абы з кiм не хочацца, а аднаму жыць — буржуйства. Дзякуй Богу, перад маiм суседам па iнтэрнацкiм пакойчыку паўстала тая ж праблема i мы вырашылi працягнуць сумеснае жыццё (толькi, крый Божа, не падумайце чаго непрыстойнага) i на кватэры. Крок наступны — само жытло. Апытанне знаёмых варыянтаў са свабоднымi кватэрамi плёну не прынесла. У агенцтва таксама звяртацца не хацелася — ага, вынь ды пакладзi iм грошыкi ў выглядзе амерыканскiх прэзiдэнтаў. Таму вы вырашылi стаць паслядоўнiкамi Скарыны: надрукавалi стос паперы з тэкстам аб'явы "найму кватэру", парэзалi i пайшлi абклейваць Мiнск. Прычым абклейваць татальна: усе прыпынкi на больш-менш вялiкiх вулiцах тых раёнаў, дзе ёсць новабудоўлi цi дзе б нам хацелася жыць. Эх, псаваць прыпыначныя навесы i слупы не вельмi хацелася, але ж толькi на адным прыпынку мы знайшлi спецыяльную дошку для абвестак. Так што сэ ля вi, паважаныя працаўнiкi камунальных службаў. ...Спачатку было страшна: а раптам нiхто не патэлефануе? А раптам дарэмна губляем час, сiлы, абутак i клей? Мо адразу iсцi ў агенцтва i адшпiлiць iм сотню баксаў за пошук?.. Але калi лiтаральна праз паўгадзiны пасля пачатку абклейкi на мабiле высвецiўся незнаёмы нумар i нейкi мужчына прапанаваў кватэру — на душы палягчэла i iмпэту прыбавiлася. Доўга байкi бавяць з падрабязнасцямi пра пошук даха над галавой не буду. Скажу толькi, што з ранiцы да вечара мне на мабiльнiк званiлi i званiлi. Калi б я запiсваў усе варыянты, нават якiя нам не падыходзiлi, то назбiраў бы кватэрную базу на паўсотнi пазiцый. А так мы праехалiся па некалькiх кватэрах i такi знайшлi сабе прыстойную з нармальным балансам цана/месцазнаходжанне. Ну а паколькi за гэты тыдзень я, можна сказаць, празандзiраваў рынак сталiчнай арэнды, то вазьму на сябе смеласць даць пару парад тым, каму яшчэ давядзецца шукаць жылы куточак. Па-першае, знайсцi кватэру праз абвесткi — поўнасцю рэальна. Пры гэтым яшчэ можна i круцiць носам, нешта перабiраць. Не ведаю, як сiтуацыя зменiцца ўвосень, але зараз прапаноў дастаткова. Па-другое, смела таргуйцеся. У мяне склалася ўражанне, што на 30—40 долараў гаспадары кватэр кошт падымаюць: маўляў, а раптам кватарант не будзе таргавацца i пагодзiцца. Так што калi вам кажуць 300 долараў за двухпакаёвую без мэблi — скажыце, што ваш лiмiт — 260. Пасля некаторых ваганняў можаце ўдарыць па руках з гаспадаром i дамовiцца не на 300, а хоць бы на 270. Прынамсi, зараз двухкапаёўку можна спакойна знайсцi i ў межах 230—270, але ў сярэднiм — 250 у.а. Калi шукаеце аднапакаёвую, то арыентуйцеся на 200 долараў. Плюс цi мiнус будзе залежаць ад яе стану, наяўнасцi мэблi, аддаленасцi ад цэнтра i метро. Ну i безумоўна, усе варыянты трэба глядзець i да дробязяў распытваць гаспадароў. А то патэлефанаваў адзiн дзядзька i прапанаваў амаль што ў цэнтры трохпакаёўку за 250. Паехалi глядзець, а там — прыватны дамок у стане як пасля бамбёжкi, адзiн пакой прахадны, а ў двух астатнiх месца хапае роўненька на ложак. Ну а гаспадар усё нешта талдычыў пра рамонцiк i намякаў, што няблага б нам, наймальнiкам, яго зрабiць. Ну-ну, знайшоў Рафшана i Джамшута. А ад некаторых прапаноў ну вельмi цяжка было адмовiцца. Адна жанчына прапанавала наняць пакойчык у яе чатырохпакаёвай кватэры. Яе маналог у тэлефонную слухаўку быў прыкладна такi: "Добры дзень, малады чалавек. У мяне для вас ёсць ну проста iдэальны варыянт — яшчэ ў кватэры з вамi будуць жыць тры дзяўчынкi. Прыгожыя, разумныя, сцiплыя, ахайныя. Дый я гаспадыня не старая яшчэ... Так што можаце самi засяляцца, а калi з сябрам — то i яго бярыце". Вось як ад такога можна адмовiцца? :) Мучыць сумленне, што i нейкаму хлопцу адмовiў. Ён прапанаваў пакой у трохпакаёўцы: большы пакой — 210 долараў, меншы — 140. Ну а ў трэцiм ужо нехта жыве. Я так палiчыў — 210 плюс 140 ну i плюс яшчэ мiнiмум 140 — дык мне нават шкада стала такога сiротку, якi з адной кватэры 490 баксаў за месяц мае. Вiдаць, зусiм бедна жыве, што такiя грошы атрымлiваць хоча. Эх, ну як я мог адмовiць такому гаротнiку?.. :) А наогул, перамена месцажыхарства прымусiла задумацца над глабальнымi жыццёвымi пытаннямi. Заходзiш у кватэру ў новабудоўлi i так становiцца шкада, што ты яе толькi наймаеш — на месяц, год, два... I плацiш шалёныя грошы за пару дзясяткаў квадратных метраў. А нехта атрымаў такую ж кватэру ва ўласнасць. I можа там спакойна абжывацца, без страху, што праз нейкi час грузавое таксi з рэчамi паедзе да новага жытла... Эх, дзе б грошай набрацца, каб займець такую ж сваю жылплошчу? Хiба што латарэйку купiць?.. Павел БЕРАСНЕЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
.— Не! Без усялякiх варыянтаў — не. Нават на лета, — катэгарычна i беспаваротна адрэзаў дырэктар студгарадка Мiхаiл Барысавiч, правёў невялiкую лекцыю |
|