Некалi Алёны мылi ручнiкi, а цяпер пра гэта дбаюць мужыкi...
Некалi Алёны мылi ручнiкi, а цяпер пра гэта дбаюць мужыкi...
Хто каго? Што было — было (калi не падманваюць): новы беларус, багатыр, сваё дзяцiнства рашыў успомнiць — устаў да сонейка, узяў нейкую наварочаную вудачку, пайшоў на бераг, начапiў на кручок чарвячка... Адзiн раз закiнуў яго ў Чорнае мора — нiчога, другi — таксама, трэцi — рыбка! I залатая! Кажа яму чалавечым голасам: "Адпусцi мяне, браце... Выканаю любое тваё жаданне". Мужык патылiцу пачухаў: "Ды няма ў мяне, — кажа, — нiякiх жаданняў. Усё, што хацеў, купiў. Хiба што... Ведаеш, рыба, — няма ў мяне зоркi героя. Пакуль...". "Не пытанне, — шэпча яму палоннiца, — адпусцiш — будзе". I хвастом вiль-вiль, бо ў вадзе ж апынулася! А мужык — i ў той жа момант — у... акопе... З апошняй гранатай... А вакол яго "тыгры" нямецкiя. "Э-э, рыба, — не сваiм голасам закрычаў "герой", — мы так не дамаўлялiся! Я ж не пасмяротна ў цябе зорку прасiў". Пракрычаў гэта i прачнуўся. У халодным поце. Бо страшна. Страшна (ну само сабой, кожнаму) трацiць жыццё i здароўе, грошы, багацце (якое нi ёсць), волю, дах над галавой, камфорт... А вось гэты мужык са здымка (па меркаваннi Валерыя Гаўрыша з вёскi Навасёлкi Пастаўскага раёна), можна сказаць, галоўнае страцiў — жонку. Як? Ды дурны быў — прыходзiў дадому i крычаў: "Ну што — нагулялася? Цэлы дзень без работы сядзiш!..". Збрыдзела ёй расказваць, што яна рабiла, чым займалася, сабрала манаткi i дамоў, да бацькоў — на той бераг. А мужык цяпер сам i дзяцей кормiць, i гаспадарку вядзе, i адзежу мые. Жонка, бедная, з таго берага (бачыце — удалечынi?) толькi пазiрае на яго ды часам пяе: Ты плывi, плывi, плывi Унiз па рэчцы, лодачка. Без мяне ты пажывi, Сокал мой, Валодзечка. Мо адчуеш смак яды, У бульбе паўпiраўшыся? Можа, зведаеш тады, Як я "нагуляўшыся"? Не зашкодзiць мужыку... Далiбог! Пра што — "каб лепш, дык навошта" — пiша другi наш пастаянны аўтар Мiхаiл Паўлавiч Дубовiк з вёскi Арэшкавiчы Бярэзiнскага раёна: Хто жанкам не спачувае — Хай iх працы паспытае: Пастаiш дзянёчак ракам — Будзеш злосны, як сабака! А нельга ж, бо рынак цяпер: чаго добрага... прададуць. Не верыце? I дарэмна: не так даўно на ўласныя вочы аб'яву ў газеце бачыла — маўляў, прадаецца шматфункцыянальнае прыстасаванне. Называецца — "Жанчына". Вартасцi: можа прыбiраць, гатаваць, кахаць, капаць, зарабляць, шыць, мыць, прасаваць. Недахопы: шумавое забруджванне, паступовы знос, можа рыпець. Кошт — дагаворны"... Мужыка там, дарэчы, таксама прапаноўвалi — адна жанчына другой... Тая аж вушам не паверыла. Кажа: "Чаму прадаеш? Ён што — надзiманы?". "Не! Сапраўдны, жывы!.. А толку — халера — як ад надзiманага!". Зрэшты, што гэта мы? Так пра мужыкоў не трэба, бо ёсць сярод iх проста душкi! Прычым узорна-паказальныя. Вось палюбуйцеся (з "падачы" Вольгi Паўлаўны Лабажэвiч з Клецка): Акуратны муж Сымон! I шануе жонку ён: Варыць, мые па суботах. У сваiх рыбацкiх ботах... Адкуль абутак такi ? Ды купiў, бо ён — апроч iншага — яшчэ i рыбак. Прычым адмысловы: Шчупака лавiў, стараўся: Ад натугi аж... (сарваўся, папаўся). Але жонка хай не ные — Сам штаны свае памые. Што, безумоўна ж, добра. Iншае пытанне, дзе? Ну, ён будзе мыць iх... Адказ — у тым жа канверце з Клецка: Працавiты ў нас народ. Ды сляпы, нiбыта крот: Далей носа нiц не бачыць — Там, дзе мые, там рыбачыць. Што, безумоўна ж, няправiльна! Ледзь прыцёг няўломак Казiк. Да ракi звычайны тазiк. Што ж у iм? Адно — шкарпэткi. Iх ён мыў — штогод, улетку. I збiралася там бруду — Без дурных — не меней пуду... А ўжо што было смуроду... Так i губiм мы прыроду. Шчасце, што цяпер спецыяльныя iнстанцыi ёсць, якiя берагуць-ахоўваюць яе, якiя, калi што, могуць i за руку злавiць. З усiмi адсюль наступствамi, пра якiя рыфмаваным радком пiша спадарыня Чыгрынава з в. Забалацце Вiлейскага раёна: Ото ж Ясь набраўся страху — Уцякаў — стралой — ад штрафу... I цяпер з усмешкай горкай Бач, палошча... свае порткi. Дарэчы, ад яе ж, ад Любовi Мiхайлаўны, i мудрая заўвага: У чароце ля ракi Заспявалi кулiкi: Каб сваё гняздзечка звiў, У машыне б порткi мыў. Што казаць — прасцей з ёй — асаблiва — з "аўтаматам": адзежу, бялiзну ў барабан закiнуў, парашку дадаў, адну-другую кнопку нацiснуў — i галава не балiць: усё памыецца, папалошчацца, выкруцiцца. Застанецца толькi павесiць. Прагрэс! Вось бы ў кожную хатку яго: кожнай гаспадынi па пральнай машыне, каб разагнулася, каб не "злавала, як сабака". Цi хаця б па Сымону, гэта значыць, па мужыку, якi б мог паспагадаць, падставiць сваё дужае плячо, каб, хоць месцамi, хоць зрэдчас, а спраўджвалася iдылiчнае, "намаляванае" спадаром Федаракам са Скiдзеля: Некалi Алёны мылi ручнiкi, А цяпер пра гэта дбаюць мужыкi: Лета, надвячорак, беражок Усы... Мые дзядзька Зосiм жончыны трусы. Мяркуючы па iх (калi ласка, кiньце вокам на здымак) не слабая ў дзядзькi жонка! Ё мужыку што ў рукi ўзяць, ёсць што выкруцiць! Хоць яны гэтага i не любяць. Пра што (як раней казалi, ад iмя i па даручэннi) пiшуць сужэнцы Астроўскiя з Мiнска: Здымак, быццам, Клешчука... Ды пацехi мала, Калi жонка мужыка Паласкаць паслала. Хоць, здавалася б, што тут такога — па сённяшнiм часе магла б i далей... Паслаць. I пайшоў бы... Як пiша спадар Гарачоў з вёскi Даўнары Iўеўскага раёна: Падаўся б самотны На пошукi шчасця У бацькавых ботах I з дзiўнаю снасцю. Такой, сапраўды, цяпер рыбы не наловiш. А тым больш вялiкай. Дарэчы, заўважалi — рыбакi, калi хваляцца ўловам, рукi ўшыркi разводзяць. I ведаеце, хто перамагае ў паказе пра найбольшую рыбу? Той, у каго рукi даўжэйшыя. Усё элементарна. Пра тое ж, элементарнае, вiдавочнае, i радкi Зоi Пятроўны Янучок з вёскi Нагорнае Клецкага раёна. Яна, не iнакш, песню ўспомнiла — пра той бераг (Малiнiн спявае). Ну i выдала... З прыпевам: Ходзiць Ваня на змярканнi Да знаёмай рэчкi, Порткi мые, успамiнае Любыя сустрэчкi: "Вунь на тым беражку Мая Маня жыве, Мо i зараз бяжыць На спатканне ка мне?... Але кладка сплыла Па халоднай вадзе...". I працуе мужык... I насустрач не iдзе! Вось такая трагедыя. У Манi. Ды i ў мужыка. Без яе. Дакладней, безумоўна ж, без iх, дзяўчат i жанчын, бо Халастыя варты жалю... Ды куды ж падзецца? Дзеўкi ў горад паз'язджалi — Там лягчэй жывецца. У нейкiм сэнсе праўду пiша Мiхаiл Паўлавiч Дубовiк з Бярэзiншчыны: у горадзе, прынамсi, кладку не зносiць, гаспадаркi няма, градаў, барацьбы з фiтафторай i каларадскiм жуком. А з iншага боку — З горада ў вёску Едзем мыць бялiзну, Хоць зусiм не блiзка — Сто кэмэ прыблiзна. Можа, мы здурнелi?.. Маем досвед горкi: Тут — вада з крынiчак I зусiм без хлёркi, — прызнае Вiктар Федарака са Скiдзеля. А наогул — Можа так задумаў Божа? Можа час настаў такi — Дзе няма ў кiшэнях грошай, Там адны халасцякi. Трапная заўвага (аўтар — зноў жа спадар Дубовiк)! Хоць i сумная. А халасцяк, мiж iншым (калi ён халасцяк — гэты мужчынка са здымка?), — прыгожы. Кабетам толькi адрас дай — заўтра тамака будуць. I не паглядзяць — з грашыма, без грошай — застануцца, альбо яго з сабой павязуць... А далей бабка, як мяркуе спадар Старых з Гомеля, надвое варажыла: Гэты хлопец-небарака, Мусiць, нейчы ён прымака, Што ў жонкi не зрэдчасу "Кватаруе" пад абцасам?.. Не, мужчына ён нармальны I... узорна-паказальны: На сябе ўзяў паласканне: Жонка — толькi для кахання. Вось як бывае! Бо У азёрным краi нашым Хлопцы — удалыя: Самi звараць суп ды кашу... I бялiзну мыюць, — пiша спадар Гаўрыш з Пастаўшчыны. I дадае: каб яны яшчэ i гарэлкi не пiлi... Але пра гэта мы пагамонiм iншым разам. А зараз на развiтанне яшчэ адна ўсмешка — з канверта, да конкурснага здымка, ад спадара Федаракi: У суботу ранкам, Ды такiм пявучым Выйшаў Клаўдзiн Янка Паласкаць анучы... Рыбак глузду не дае: Чаму рыба не клюе? Што i казаць — многа вакол таемнага, незразумелага. Але ж калi варушыць мазгамi, калi думаць i назiраць, раiцца з мудрэйшымi, чытаць iх кнiжкi ды яшчэ i пiсаць — непазбежна паразумнееш. Што i назiраецца, без перабольшвання, за ўсiмi ўдзельнiкамi конкурсу. Таму — далучайцеся (здымак дадаецца). А мы падвядзём вынiкi папярэдняга этапа (нагадаем — на здымку тады сюжэт не толькi вясёлы быў, але i вясельны — хлопец хлопца на руках трымаў...) То лепшыя радкi пра iх, па меркаваннi вялiкага чытацкага журы, склалi спадарыня Лабажэвiч з Клецка, Васiльева з Гомеля, Малевiч з Мядзельшчыны, Тарасiк з Мiнска, спадары Гарачоў з Iўеўшчыны, Гаўрыш з Пастаўшчыны, Старых з Гомеля, сужэнцы Астроўскiя з Мiнска... З чым пагадзiлася i журы маленькае — рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпiскi на дарагую сэрцам "Звязду" на чацвёрты квартал застаецца ў Мiнску. Вось i ўсё. Калi не лiчыць нашай шчырай удзячнасцi ўсiм, хто напiсаў. I гэткiх жа шчырых прабачэнняў тым, чые радкi не змясцiлi. Па-першае, выбiралi самыя-самыя, па-другое... У тэксце прозай слова (словы) можна паправiць, а то i замянiць, у вершаваным — цяжка, бо, як вы разумееце, разбураецца "ўся канструкцыя". Таму просьба да кожнага з канкурсантаў — перш, чым заклеiць канверт, яшчэ раз прачытайце тое, што напiсалася, яшчэ раз праверце. Поспехаў вам! А нам — хочацца верыць — задавальнення ад чарговага агляду конкурснай пошты. Валянцiна Доўнар.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што было — было (калi не падманваюць): новы беларус, багатыр, сваё дзяцiнства рашыў успомнiць — устаў да сонейка, узяў нейкую наварочаную вудачку, пай
|
|