Анатоль Старкоў. НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ і МІФ. Пара прымірыць нацыюАнатоль Старкоў. Нарадзіўся ў 1951 годзе ў Мінску. Беларус, грамадзянін Беларусі, мінчук. Ніколі ня быў ні ў якай партыі, але з 1989 падтрымліваў БНФ. З 2003 у Ню Ёрку, куды прыехаў да дачкі, ажыццявіўшы тым самым даўнюю саўковую мару ўбачыць жыццё ў ЗША. Не палітэмігрант. Технарь. Скончыў БНТУ (1980). Слесар на будоўлях амерыканскага капіталізму. Фотааматар. Лічу, што ў 1994 годзе былі адзіныя вольныя дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары ў гісторыі Беларусі. Успамінаю тры моманты з таго часу. Зянон Пазьняк замест выступу па БТ перад выбаршчыкамі паказаў дакументальны фільм. Cтаніслаў Шушкевіч у 1000-най зале кінатэатра «Октябрь» сабраў каля 30 чалавек. (Дарэчы, гэтыя два прэтэндэнты стварылі для мяне галаваломку ў кабіне для галасавання — каго каго ж з іх выбіраць? Выбраў Пазняка і ў выніку яны (Шушкевіч набраў ~ 10%, а Пазьняк ~ 13% галасоў) канкуравалі паміж сабой, а не змагаліся за гістарычную перамогу). Перад другім турам Вячаслаў Кебіч збаяўся падчас тэледэбатаў з Аляксандрам Лукашэнкам. Астатнія «прэтэндэнты» былі шырмай, якой карыстаецца ўлада, каб не даць перамагчы тым, каго яна не жадае бачыць у сваім асяроддзі. Чаму я лічу памылкай каманды Пазьняка яго не выступ па БТ? Таму, што гэта была важная нескарыстаная ў той момант магчымасць расказаць беларускаму народу думкі вучонага аб сваёй канцэпцыі Незалежнасці Беларусі, аб адраджэнні нацыі. Перамог А.Лукашэнка — той, хто не разважаў на вуліцы аб адраджэнні нацыі і не меў канцэпцыі Незалежнасці Беларусі, той, хто усяго толькі змагаўся за перамогу, ствараў яе, жадаў яе болей, чым усе астатнія прэтэндэнты разам узятыя. Гэта трыадзінства — уменне ваяваць за перамогу, ствараць яе, жадаючы перамогі больш, чым усе астатнія — мы, няўдачнікі (тыя, хто яму прайграў тады і прайгравае дагэтуль, а таму і не павінны быць ва ўладзе) пасля бойкі/выбараў назвалі дыктатурай. Дыктатурай, якая абапіраецца на тых, хто яе вольна дэмакратычна абраў, а не на словазлучэнне «нацыянальна-дэмакратычны рух». У 1989 годзе я ўпершыню ўбачыў і слухаў Пазьняка на мітынгу, які арганізаваў БНФ на праспекце газеты «Известия». Убачыў там транспарант Фронта, на якім напісана: «Беларусы, рускія, украінцы, палякі, габрэі, татары! Будзьма разам за квітнеючую Беларусь!» Людзі, якія прыйшлі на мітынг, слухалі, апрача іншых, Зянона Пазьняка і Пятро Краўчанку. Як бачыце, побач стаялі лідар БНФ і сакратар КПБ. Але праз пяць год, пад час рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты, Пазьняк не пацісне руку былому камуністу Кебічу. Чаму ў такі важны момант магчымай перамогі альбо краху ідэалогіі адраджэння нацыі не падаецца рука магчымаму будучаму прэзідэнту, чалавеку, з якім у любым выпадку прыдзецца супрацоўнічаць пасля выбараў? Я ня ведаю… Памятаеце, нядаўна Бацька Лукашэнка сказаў, што за ўладу з калашом у руках будзе змагацца? А калі б за яго спіной стаялі 200-300-400 тысяч паплечнікаў, быў бы ў ягоных руках калаш? Думаю, не, а вось улада была б. З такім беларускім «войскам» можна да Смаленска з голымі рукамі дайсці, каб адрадзіць яго ізноў, далучыўшы да Беларусі. Ну, Бог з ім, са Смаленскам. А цікава тут тое, што бацька збіраўся біцца адзін... 1992. Па ініцыятыве БНФ сабраны неабходныя па Закону сотні тысяч подпісаў грамадзян за новыя выбары ў Вярхоўны Савет, з мэтай яго змены з пракамуністычнага накірунку на прабэнээфаўскі. Такім чынам, на баку Зянона Пазьняка — сотні тысяч падпісантаў, Закон, самая моцная на той момант палітычная сіла краіны — Беларускі Народны Фронт, момант ісціны, але ні «пахода на Смаленск» ні перавыбараў не адбылося. Чаму ж тады правалілася адзіная магчымасць што-небудзь змяніць на карысць Нацыянальнага Адраджэння? 2006. Зянон Пазьняк, чалавек які ў 1988 годзе адкрыў Курапаты (якія «закрыў» НКВД), а затым заснаваў Беларускі Народны Фронт, сышоў з прэзідэнцкай гонкі. На адным з беларускіх інтэрнэт-форумаў, таксама гады тры таму, я напісаў тое, што доўгі час не вырашаўся прамовіць услых: «Ведае аб гэтым А.Лукашэнка ці не, жадае ці не, але ён крок за крокам будуе, лепіць беларускую нацыю і будучую дзяржаўнасць беларусаў». Вырашыцца на такое публічнае выказванне вельмі цяжка, нягледзячы на тое, што я звычайны грамадзянін Беларусі, а не палітолаг ці палітык, бо ў нелукашэнкаўскім асяроддзі, да якога я сябе залічваю, адразу можна атрымаць лэйбл «лукашыст», «кэгэбіст» альбо пачуць некалькі вядомых рускіх слоў разам з вядомым рускім накірункам мыслення... Дык вось, адзіны з нас, беларусаў, хто хоць што-небудзь робіць для Радзімы, для Бацькаўшчыны, для беларускага народу ўвогуле за гэтыя першыя гады гісторыі незалежнай самастойнай юнай дзяржавы быў, ёсць і застаецца Лукашэнка. Бо астатнія толькі разважаюць, што ён «ніяк не зацікаўлены ў фармаванні нацыі як культурніцкай супольнасці» (мабыць, таму, што не піша / не размаўляе на тарашкевіцы ці наркомаўцы, бо «ёсць палітычныя і культурныя тэсты, якія насельніцтва мусіць прайсці, каб стаць нацыяй»). Сарбонаў ён не сканчаў, ды і ў беларускім Палітэху я яго не бачыў. Затое, кажуць, ён быў там, дзе ніколі не было мяне — в «обществе ЗНАНИЕ», і таму, ў адрозненні ад многіх беларусаў, добра ведае вершы Быкава ды ў якой друкарні Піцера іх упершыню надрукаваў Францыск Скарына. Ну і што? Адкажу сам іншым пытаннем. Што было б, калі б у 1992 годзе беларускі народ выбраў бы іншы накірунак сваёй гісторыі? Я не памыліўся, паважаныя суайчыннікі, не ў 1994-м, а менавіта ў 1992-м, калі сотні тысяч грамадзян пажадалі зменаў, падпісаўшыся пад ініцыятывай БНФ. Гэтыя людзі з БНФ тады ў 1989-1992 гадах унутры мяне абудзілі беларуса, як і ў мільёнах іншых грамадзян. Гэта нацыянальнае а д р а д ж э н н е беларусаў і беларусак, якія да з'яўлення БНФ былі ў «спячым стане», лічу галоўным наівышэйшым дасягненнем заснавальнікаў Фронту. А вось правал рэферэндуму пра перавыбранне Вярхоўнага Савету быў найвялікшай незаменнай гістарычнай стратай гэтых адроджаных пачуццяў і чаканняў змен. Можа таму, што быў заўчасны, бо мы, народ беларускі, яшчэ не паспелі як нацыя? Дык што было б, калі інакш завяршыўся 1992 год? Па-першае, а таму для мяне вельмі істотнае, я не пісаў бы, як сёння, на белазараўцы (BELAZAR — кампутарны беларуска-расейскі слоўнік Алега Азароўскага), а пісаў бы на тарашкевіцы. Не, прабачце, на наркомаўцы. Не, усё ж на тарашкевіцы. Ці не, усё ж на наркомаўцы... Заблытаўся зусім з-за гэтых бясконцых спрэчак, якія працягваюцца дагэтуль паміж самымі свядомымі беларускімі беларусамі, ў якіх у грудзі б’ецца сэрца, якое бялей, чырваней і яшчэ раз бялей за маё бел-чырвона-белае! Гэта ж трэба! Дакладна ведаю, што болей важнага для беларускага народу пытання няма! Бо, магчыма, «гэта агульнавядома і пацьверджана вопытам чалавечай гісторыі і людзкога мартыралогу!» А я, невук, дагэтуль не зразумеў, які ж сёння быў бы правапіс — тарашкевіца ці наркомаўка, калі б у 1992 — ў тыя часы Адраджэння — да ўлады прыйшоў БНФ (за які я тады і пасля заўсёды галасаваў і за які я ўсюды падпісваў усялякія іх паперы)! Можа, хто з астатніх 9 мільёнаў беларусаў ведае адказ на гэтае архіважнае пытанне? Ну, а тое, што побач, як следства развалу СССР, былі б пустая казна і гіперінфляцыя, — другасна… Па-другое, не было б ва ўладзе Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. А гэта ўжо сталася б нацыянальнай катастрофай, бо гэта ж вам не інтэлегенцкія «дзіцячыя кубікі» з літар ці заклікаў складаць! Трэба ж і пра эканоміку краіны думаць — напрыклад, як зарабляць грошы на пражытак народу. Бацька, які не заглядваў у мінскі Нархоз і не сканчаў сарбонаў, беларускі калгаснік, добра ведаў і ведае, што руская капейка беларускі рубель беражэ. А што, вы знаёмыя з кім-небудзь з сялян, хто раскідвае грошы налева ці направа? Вядома па ўсім свеце, што з жабракамі справы не робяць. Таму сёння наша дзяржава мае аднаго «не беднага дзяржаўнага капіталіста», які мае «заводы, газеты, параходы», што дае яму магчымасць размаўляць на ТЫ са спрадвечнымі «сябрамі» расейцамі ды спрадвечнымі ідэалагічнымі «ворагамі» з іншых краін. Яны, Кебіч і Лукашэнка, не вучоныя. Але пераможцы — адзін шмат гадоў быў ва Ўрадзе, а другі дагэтуль — «пятнадцацігадовы капітан» краіны. Яны пераможцы, якія ніколі не збіралі сотні тысяч людзей на мітынгах, бо яны — real politics, і, магчыма не ведаюць, у адрозненне ад кандыдата мастацтвазнаўства, як вылучыць канцэпцыю Незалежнасці Беларусі ці ідэалогію Нацыянальнага Адраджэння. Бо, зразумела, гэта справа вучоных, тэарэтыкаў — ім, як кажуць, і прабіркі ў рукі. А лёсам грамадзян павінны займацца рэалісты, практыкі. Гэты практыцызм-лукашызм такі доўгі і жывы таму, што ён адкрыта атакуецца/крытыкуецца рознымі іншымі ідэалогіямі, а дзякуючы моцнай падтрымцы аналітыкаў «общества ЗНАНИЕ», з якімі ў Бацькі засталіся добрыя адносіны, не зыходзіць з гісторыі, не з'язджае за бугор Беларусі, не ператвараецца ў «сэкту нацыянальных каштоўнасьцяў ды дэмакратычных рухаў», дзе іншадумцаў называюць то лукашыстамі, то кэгэбістамі, то правакатарамі, то кажуць, што іх замучала настальгія. Зараз крыху пра сябе. Я ў парадку. З 2003 жыву ў ЗША, куды прыехаў да дачкі. Тут, у Ню Ёрку, мая жонка, наша дачка са сваім мужам і мой унук. У Менску — маці-бабулька, браты-сёстры, іх дзеці, якіх не бачыў 6,5 гадоў. У Міханавічах спіць вечным сном бацька... Тут шмат людзей могуць распавесці падобныя гісторыі пра сваю сям'ю. Не тое што з 1994 года, а з 1944-га яшчэ жывыя апавядальнікі, якія не бачылі сваёй беларускай хаты, бо адыходзілі на Захад з немцамі, бо не любілі Саветы… Гады тры таму я быў у адным туры па Штатах. Паказалі месца, дзе пахаваныя два былыя сябры-вайскоўцы — вучыліся разам, але ў гады Грамадзянскай вайны (1861-1865) сталі па розныя бакі — за Поўнач і за Поўдзень. Гэтыя два генералы ў выніку, пасля бойні, якая скрала тысячы жыццяў грамадзян ЗША, вырашылі прымірыць сябе і амерыканскую нацыю. Вынік гэтага пагаднення мы бачым і ведаем — America The Best! У знак падзякі амерыканскі народ увекавечыў іхнюю памяць… Зараз на хвіліну ўявіце сабе, што ніколі не існавала канцэпцыі і ідэалогіі а-ля БНФ. Напрыклад, мова ў нас засталася тая ж самая, якая была «да Пазьняка». Уявілі? Дзе ў такім выпадку знаходжуся я? Правільна — дома ў Мінску ва Ўруччы дранікі смакую. Але яны былі, і як вынік — дзе цяпер Пазьняк? У палітычнай эміграцыі. Лётае з Ню Ёрку ў Варшаву, ад якой да Мінска рукой падаць, ды назад у Ню Ёрк. Зноў на хвіліну ўявіце, што няма і не было ідэй а-ля БНФ. Дзе зараз знаходзіўся б Лукашэнка? Правільна — ў Шклове ў сваёй хаце дранікі смакаваў бы. Але ідэі Пазьняка былі, і таму Лукашэнка — ў Драздах. Ну, не ў Ню Ёрку ж, бо змагаўся на выбарах-94 за перамогу, а не дзеля навуковага эксперыменту. Гэтым я хачу сказаць, што Лукашэнка-прэзідэнт-палітык — гэта не толькі выбар беларускага народу, не толькі момант ісціны-94, а і вынік «фронтаўскай растлумачальнай працы» таго часу, усёй працы Зянона Пазьняка — заснавальніка канцэпцыі, які гэтай «навукай» фактычна «блаславіў» Лукашэнку ўвайсці ва ўладу. Таму выбары-94 — гэта не скрадзеная перамога ў палітыка Пазьняка, які стварае нежывыя міфы-канцэпцыі і сам ужо стаў міфам. Гэта выбар большасці беларускага народа, які не пажадаў тады прайграць, каб у выніку ў большасці сваёй з’ехаць у Ню Ёрк, як я. Нашаму народу і дома добра. Уся «прэзідэнцкая» буча вакол 1994 году ў выніку, ўмоўна кажучы, была бойняй ідэалогій — ідэалогій Зянона Пазьняка і Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым не мае значэння, дзе былі распрацаваныя іх канцэпцыі — ў галаве ці прабірцы кандыдата мастацтвазнаўства ці ў цішы аналітычнага аддзела КДБ, бо папакутавала тады і пасля шмат беларускага люду. Канца пакутам не відаць дагэтуль… А таму лічу неабходным ініціяваць праз СМІ, праз адпаведныя дзяржаўныя інстанцыі Беларусі выданне Ўказу прэзідэнта альбо Закона «О примирении нации» (умоўная назва), які забароніць рэпрэсіўныя захады да супрацьстаялых бакоў. А таксама дасць магчымасць ўсім беларускім грамадзянам, якія з'ехалі з краіны за апошнія 15 гадоў, бесперашкодна вярнуцца на Радзіму, з аднаго боку, а з другога боку — узаконіць прызнанне беларускай нацыяй існай ўлады. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Анатоль Старкоў. |
|