Прапорцыi з попытам
Прапорцыi з попытам
Да канца года Беларусь i Расiя павiнны падрыхтаваць узгоднены варыянт адмiнiстрацыйнага пагаднення, якое будзе рэгламентаваць усе пытаннi прызначэння пенсiй у выпадку пераезду грамадзян з адной краiны ў другую. Пры гэтым, як адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам "Звязды" намеснiк начальнiка галоўнага ўпраўлення пенсiйнага забеспячэння i сацыяльнага страхавання Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Ларыса Яшкова, чакаецца, што пасля прыняцця гэтага дакумента будзе вырашаны шэраг праблемных пытанняў, што з'явiлiся пасля падпiсання дагавора аб супрацоўнiцтве ў галiне сацыяльнага забеспячэння. Варта нагадаць, што ў выпадку пераезду ў межах СНД дзейнiчае так званы тэрытарыяльны прынцып — пенсiя прызначаецца той краiнай, дзе пенсiянер пражывае цяпер. Такi ж варыянт магчымы i ў дачыненнi да Расii. Праўда, у гэтым выпадку ён не адзiны. Пры пераездзе з Беларусi i ў Расiйскую Федэрацыю цi наадварот пенсiя за "савецкi" стаж зноў-такi прызначаецца паводле тэрытарыяльнага прынцыпу. А вось у дачыненнi да працы пасля 13 сакавiка 1992 года, па жаданнi самога пенсiянера, можа дзейнiчаць прынцып "прапорцый" — паводле гэтага прынцыпу, кожная з дзвюх дзяржаў прызначае i выплачвае пенсiю за стаж, зароблены на яе тэрыторыi. — Прапарцыянальны прынцып прызначэння пенсiй за "постсавецкую" працу сапраўды стаў папулярным, пры пераездзе з Расii ў Беларусь цi наадварот гэтаму варыянту аддае перавагу большасць, — адзначае Ларыса Яшкова. — Па-першае, у выпадку "падзелу стажу" на беларускую i расiйскую часткi пенсii прызначаюцца паводле нацыянальнага заканадаўства кожнай з краiн — гэта дазваляе пазбегнуць многiх спрэчных момантаў, i ў тым лiку адносна прадастаўлення тых або iншых пенсiйных iльгот. А, па-другое, варта звярнуць увагу: у выпадку прызначэння пенсiй паводле прапарцыянальнага прынцыпу чалавек мае права змянiць сваё рашэнне i выбраць iншы варыянт — атрымлiваць пенсiю паводле заканадаўства той краiны, грамадзянiнам якой ён з'яўляецца. У той жа час перайсцi з прынцыпу "грамадзянства" на прынцып "прапорцый" ужо нельга. Пры гэтым у мiнiстэрстве адзначаюць: каб аформiць расiйскую частку пенсii ў Беларусi цi беларускую частку пенсii ў Расii, чалавеку не трэба шукаць дакументы аб стажы i заробках самастойна. Дастаткова звярнуцца ў органы па прызначэннi пенсiй на тэрыторыi краiны цяперашняга пражывання. Не ўзнiкае цяпер пытанняў i з пералiчэннем пенсiй з адной дзяржавы ў другую. Пакуль застаецца па сутнасцi толькi адна праблема — дастаткова вялiкi час прызначэння пенсiй у выпадку iх падзелу на прапорцыi. — Калi чалавек хоча атрымлiваць расiйскую частку пенсii за працу на тэрыторыi суседняй краiны пасля 13 сакавiка 1992 года, ён падае заяву ў Беларусi, — кажа Ларыса Яшкова. — Потым нашы службы фармiруюць неабходны пакет дакументаў i накiроўваюць яго ў Пенсiйны фонд у Маскву. У сваю чаргу Пенсiйны фонд высылае дакументы ў рэгiёны — па месцы ранейшай працы. Далей расiйскi рэгiён прызначае пенсiю i накiроўвае iнфармацыю ў Маскву. А ў сваю чаргу Масква займаецца выплатай — пералiчэннем пенсii ў Беларусь. У вынiку тэрмiн ад падачы заявы да выплаты пенсii можа складаць 2-3 месяцы. Разам з тым, у мiнiстэрстве разлiчваюць вырашыць некаторыя праблемныя моманты праз двухбаковае адмiнiстрацыйнае пагадненне. Гэтым пагадненнем плануецца ўрэгуляваць тэхнiчныя нюансы — куды падаецца заява, як яна разглядаецца i якi канкрэтна час, тэхналогii пераводу пенсiй. Работа над дакументам ужо вядзецца, прычым чакаецца, што яна закончыцца сёлета. Мiж тым, нагадала Ларыса Яшкова, прапарцыянальны прынцып прызначэння пенсiй дзейнiчае ў адносiнах з яшчэ адной краiнай — Лiтвой. Тут у параўнаннi з расiйскiм варыянтам iснуе толькi адно адрозненне — пенсiя за "савецкi" стаж прызначаецца краiнай пражывання i не змяняецца ў выпадку пераезду. — Аналагiчны дагавор летась быў заключаны i з Латвiяй, — адзначае Ларыса Яшкова. — Аднак з самых розных прычын дагэтуль мы не змаглi падпiсаць тыя ж адмiнiстрацыйныя i тэхнiчнае пагадненні, якiя павiнны ўрэгуляваць усе працэдурныя нюансы. Адпаведна, пакуль дагавор з гэтай краiнай Балтыi не дзейнiчае. Зрэшты, самi тэксты пагадненняў ужо распрацаваныя, i мы спадзяёмся, што латвiйскi бок разгледзiць гэтыя дакументы ў найблiжэйшы час. Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да канца года Беларусь i Расiя павiнны падрыхтаваць узгоднены варыянт адмiнiстрацыйнага пагаднення, якое будзе рэгламентаваць усе пытаннi прызначэння
|
|