Астэп ЛІПЕНЬ Самы цудоўны пыл
Астэп ЛІПЕНЬ Самы цудоўны пыл
Сёння я адказны дзяжурны па пажарнай бяспецы ў нашым ляснiцтве. Павiнен знаходзiцца ў памяшканнi, ля тэлефонаў i рацыi i прымаць паведамленнi, а калi (не дай Бог!) у лесе пажар, на маiм сумленнi правiльнасць прынятага рашэння. Гэта мне не ўпершыню. Кожны год летам, калi найбольшая верагоднасць пажараў, прымаюцца неабходныя меры: абвяшчаюцца добраахвотнiкi ў аддаленых вёсках, фармiруецца пажарная каманда, у якую абавязкова ўваходзiць вадзiцель з вопытам i пажарнiк-прафесiянал. Па чарзе таксама дзяжураць леснiкi, а пост адказнага дзяжурнага займае цi сам ляснiчы, цi яго намеснiк, цi майстры. Калi шчыра, я задаволены сваiмi сённяшнiмi паўнамоцтвамi. Па-першае — наблiжаецца канец месяца, а ў маiх паперах поўная неразбярыха. Па-другое — сёння нядзеля, i наўрад цi хто перашкодзiць мне заняцца абрыдлай, але вельмi патрэбнай пiсанiнай. Ды i дзе, як не ў памяшканнi ляснiцтва, я змагу ўсё супаставiць i правiльна аформiць? Але не паспеў сесцi за стол, як па рацыi паступiла паведамленне: у адным з кварталаў нашага ляснiцтва з верталёта заўважана адкрытае полымя вялiкiх памераў. Выклiкаю пажарную каманду. Сёння гэта Пятровiч — вадзiцель-вольнанаёмнiк, Мiша — прафесiйны баец-пажарнiк, якi з'яўляецца пастаянным аб'ектам для кпiнаў, бо ўзiмку працуе качагарам, i два леснiкi Сяргеi, адзiн з якiх мой непасрэдны падначалены. Тлумачу iм становiшча, пасля чаго хлопцы тэрмiнова выязджаюць на месца пажару. Я нi кроплi не сумняваюся ў правiльнасцi прынятага рашэння, бо добра ведаю гэты квартал. На дадзеным этапе пажар асаблiва небяспечным не з'яўляецца, але калi падымецца вецер, то страты могуць быць сур'ёзнымi: побач маладняк, ветравалы. Недалёка i вёсачка знаходзiцца, а яе жыхары, хутчэй за ўсё, у такую пару на сенакосе. За хлопцаў я таксама не перажываю i не хвалююся, бо вопыту iм не займаць. Толькi падрыхтаваў свае паперы i прысеў, як заўважыў праз акно УАЗiк дырэктара лясгаса. Яго толькi тут i не хапала. Сустракаю начальнiка як i належыць — на ганку. Дырэктар працягвае мне руку для прывiтання. Для мяне гэта вельмi непрыемная працэдура. Многiя мае знаёмыя любяць пажартаваць, маўляў, тыдзень рукi мыць не буду, бо з высокiм начальствам вiтаўся. Мне ж, наадварот, пасля вiтання з дырэктарам руку хочацца памыць. Па-першае, яна ў яго i ўзiмку, i ўлетку вiльготная, лiпкая. Па-другое, вялая, нiбы ануча. Нават не ведаеш, што з ёй рабiць: цi то пацiснуць, цi то пагладзiць, цi то пацалаваць. Але як ты адмовiш шэфу ў прывiтаннi? I я, нехаць, дакранаюся да яго рукi. Той жа, зайшоўшы ў памяшканне, пачынае шнырыць па ўсiх кабiнетах. — А дзе ўвесь народ? — здзiўлена пытае затым, так нiкога i не знайшоўшы. — А якi народ вы хочаце ўбачыць? — з яшчэ большым здзiўленнем адказваю я i пачынаю тлумачыць: — Нядзеля ж сёння. У ляснiчага i бухгалтара выхадны. А пажарную каманду я на пажар адправiў. — Якi пажар? — акругляе вочы дырэктар. — Ды ў сто чацвёртым квартале з верталёта заўважылi адкрытае полымя, — кажу. — Хто табе дазволiў?! — пераходзiць на крык мой суразмоўца. — Як хто? — здзiўляюся. — Я ж, як быццам, дзяжурны i маю права прыняць рашэнне. — Кепскi з цябе дзяжурны! — нервуецца дырэктар. — Ты ў мяне тыдзень, месяц дзяжурным будзеш, аж покуль не навучышся! А знаходзiшся ты тут не каб рашэннi прымаць, а каб загады выконваць! Хадзем у кабiнет! Зразумеўшы, што пахне прачуханцамi, неахвотна крочу следам, затым, нiбы школьнiк, стаю ў кабiнеце ляснiчага. — Дык хто табе дазволiў адправiць пажарную каманду? — зноў пытае ён мяне, седзячы ўжо ў мяккiм крэсле, перасунуўшы яго за кахлянку, каб не так сонца пякло. — Нiхто. Сам, — адказваю. — Дык вось сам i за спаленае гаручае заплацiш. Няхай бухгалтар падлiчыць, а я праверу, — не супакойваецца шэф. I я ўжо таксама пачынаю нервавацца: — Дык што: лес няхай гарыць, а мне седнем сядзець? Дырэктар, аднак, не слухае майго пярэчання i зноў задае пытанне: — А што ты будзеш рабiць, калi ў iншым квартале пажар узнiкне? — Ну, не ведаю, — кажу. — Пазваню ў блiжэйшыя вёскi, буду чакаць, пакуль свае людзi вернуцца або МНС выклiкаць. — Ха! МНС ён выклiча! А плацiць са сваёй кiшэнi будзеш? Нечакана ён лагаднее i, заўважыўшы, што я стаю, дазваляе сесцi. Затым яго ўвагу прыцягваюць мае запiсы: — Што тут за паперы раскiданыя? — Ды мае, — адказваю, — справаздачу пiсаць збiраўся. — Ах, справаздачу! — чырванее ад злосцi дырэктар. — Ты хто сёння? Дзяжурны. Вось i дзяжур, а справаздачу заўтра напiшаш. — Заўтра я не змагу, заўтра з майго абходу баланс вывозiць будуць. — Тады паслязаўтра, — не здаецца ён. — А паслязаўтра мая справаздача павiнна ляжаць на стале ляснiчага, — стаўлю я, як мне здаецца, апошнюю кропку ў спрэчцы. Але гэта не кропка, а двухкроп'е ў прамове высокага госця, бо ў хуткiм часе я даведваюся, што i лясныя пажары, i невыкананне плана, i недахоп гаручага цалкам залежыць ад такiх, як я, недысцыплiнаваных майстроў, якiя не выконваюць свае абавязкi, дапускаюць памылкi ў справаздачах i гэтак далей. Затым, не мяняючы тону, дырэктар зноў пытае мяне: — Даўно быў на курсах павышэння квалiфiкацыi? — Пяць гадоў таму, — адказваю я. — Вось! Вось! Ты ў мяне цяпер кожны год на курсы ездзiць будзеш. Я цябе... Але гэтыя пагрозы я слухаў, пасмейваючыся, бо з'ездзiць на курсы — блакiтная мара кожнага з майстроў. Чарговы адпачынак — нiшто ў параўнаннi з курсамi. Пайшоўшы ў адпачынак, яшчэ больш зморышся за хатнiмi справамi, а на курсах... Я нават вочы заплюшчыў i ўсмiхнуўся ад адной толькi думкi аб iх. — Бач ты яго! — абудзiў мяне ад прыемных роздумаў крык. — Ён яшчэ i ўсмiхаецца! Усе нашы беды з-за гэтай вось несур'ёзнасцi. Ты ж дарослы чалавек... I яшчэ амаль гадзiну я слухаў лекцыю аб шкодзе ўсмешак. Як я зразумеў, пасмяяцца можна, але толькi тады, калi сам начальнiк смяецца. Калi ж начальнiк сур'ёзны, то i ўсiм трэба быць сур'ёзнымi. Калi ж ён нешта тлумачыць, то трэба ўважлiва слухаць, матаць на вус i рабiць належныя высновы. Выгаварыўшыся, дырэктар змоўк. Я з палёгкай уздыхнуў, але ў гэты час прыехалi хлопцы, якiх я пасылаў на пажар. Пачалi расказваць пра тое, колькi лесу выратавалi ад пажару, запэўнiлi мяне, што, каб не мясцовыя жыхары, цяжка прыйшлося б змагацца з агнём, за што iм трэба аб'явiць падзяку ў раёнцы. Затым наперад выйшаў мой падначалены ляснiк i сказаў: — Ведаеш, там адзiн чалавек на сваiм трактары ачаг пажару абараў. Здорава дапамог. Гэтага трэба як належыць аддзячыць. На маiм участку невывезены баланс ёсць. Яго ўжо даўно спiсалi. Дык мо няхай забiрае сабе на дровы? I тут ён заўважае сiвыя вусы дырэктара лясгаса, чырванее, замаўкае i хаваецца за спiны iншых. Я таксама разгублена маўчу. Парушае цiшыню сам дырэктар. Ён падымаецца з крэсла, якое не бачна за кахлянкай. — Ну, што ж. Бачу, якiмi вы тут справамi займаецеся. Не буду перашкаджаць, — i працягвае мне сваю руку-анучку для развiтання, а затым накiроўваецца да свайго "бобiка". I мы цягнемся за iм на вулiцу правесцi паважанага госця. Калi ж яго i след астыў, Пятровiч загадкава ўсмiхаючыся, кажа: — Ведаеце, што мы толькi што бачылi? — Што? — спыталi ўсе ў адзiн голас. — А бачылi мы самы цудоўны ў свеце пыл — пыл з-пад колаў ад'язджаючага начальнiка. I, каб гэты пыл не забрудзiў нашы лёгкiя, я прапаную яго паганяць, бо сёння ўжо нiхто да нас з праверкай не прыедзе. — Ды ты што, Пятровiч, — пярэчу я, — а раптам зноў пажар у лесе? — А калi i пажар, — кажа той, дастаючы свой кашалёк, — дык на чым мы паедзем? На сёння лiмiт выбраны. I не толькi ў баку пуста, але i карбюратар сухi. Усе згодна кiваюць галовамi i корпаюцца ў кiшэнях. Унёсшы сваю долю, накiроўваюся ў кабiнет, каб хоць крыху папрацаваць над справаздачай. Але не працуецца. Адна толькi думка свiдруе галаву: за што я атрымаў галавамыйку ад дырэктара? Адказаць на гэта пытанне складана. Але, як мне здаецца: каб не забываўся, хто тут сапраўдны гаспадар. А яшчэ: хто ў лесе не злодзей, той не гаспадар i ў хаце. Але пра гэта трэба маўчаць.
Нягледзячы на немудрагелiстасць i простасць манеры пiсьма Астэпа Лiпеня, у яго допiсах заўсёды адчуваецца непрыдуманасць, жыццёвая гiсторыя, выпадак, на якiх будуюцца вусныя аповеды, часам смешныя, гумарныя, а часам i ўсмешлiвыя. Не выключэнне з гэтага шэрагу i новае апавяданне нашага даўняга аўтара. Вiктар КАЗЬКО.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння я адказны дзяжурны па пажарнай бяспецы ў нашым ляснiцтве. Павiнен знаходзiцца ў памяшканнi, ля тэлефонаў i рацыi i прымаць паведамленнi, а калi |
|