ЭМАЦЫЙНАЯ ХАЛОДНАСЦЬ
ЭМАЦЫЙНАЯ ХАЛОДНАСЦЬ
Неяк даўным-даўно я чытала ўспамiны Аляксея Талстога пра тое, як ён недзе ў 1918 годзе быў у Кiеве... Урэзалася ў памяць такая сцэна. Бераг Дняпра... Пляж. У вадзе каля самага берага распухлае цела тапельца-мужчыны. Хваля гайдае яго, i праз расшпiленую прарэху нешта матляецца. Гэта выклiкае вясёлы смех дамачак, якiя адпачываюць лiтаральна тут жа. Моцныя нервы ў людзей былi — падумалася мне тады. І вось учора адна мая блiзкая знаёмая трапiла ў сiтуацыю... Пайшла з сяброўкай адпачыць у сквер на Чырвонаармейскай — дарэчы, мой любiмы. Сядзяць на лаўцы, глядзяць на Свiслач. Тут хлопец з кампанii па суседстве — "плюх" у ваду i паплыў. I раптам на сярэдзiне рэчкi знiк пад вадой. Праз некаторы час за iм кiнуўся другi, нырнуў пару разоў — там вады па грудзi — ды вылез на бераг, нiкога не знайшоў. I сядзяць далей на беразе... Тут да маiх дзяўчат падыходзiць жанчына. "Ён жа ўтапiўся, — кажа, — трэба мiлiцыю выклiкаць! Бо хлопцы ж яўна нiкуды званiць не збiраюцца..." Выклiкалi, дачакалiся. Мiлiцыя спачатку да iх пад'ехала, пасля ўжо да хлопцаў пайшла. Тыя нарэшце захвалявалiся — так, кажуць, гэта наш утапiўся. ...Дзяўчаты сышлi, але праз дзве гадзiны праходзiлi мiма таго ж месца. Хлопцаў не было. Мiлiцыя засталася. Вадалаз працягваў пошук цела. I лiтаральна ў гэтым жа месцы прадаўжаў сядзець спакойны рыбак з вудамi. Гэта ж як трэба рыбу любiць! ЗВАНОКЗванок на мабiльны. — Здрасце! Эта Таня? Мяне завуць... — Вы памылiлiся. Адрубаю званок — нашто чалавеку трацiць грошы на мае тлумачэннi? Праз пяць хвiлiн званок паўтараецца. Салодкi галасок з правiнцыйным акцэнтам спяшаецца сказаць усё хутка, пакуль я не выключылася. — Гэта Таня? Мяне завуць Мар'iванна, педагог з дзiцячага дома. Пагаварыце са сваёй дачкой Жанначкай! Жанначка, на — пагавары з мамай! — У Вас няправiльны нумар, — крычу ў трубку, i чую дзiцяча-шчаслiвае: "Алё!" Адрубаю тэлефон. Ён звонiць яшчэ некалькi разоў, але я ўжо засякла нумар. Праз тыдзень... У слухаўцы голас ужо знаёмага мне педагога, якi хутка-хутка выпальвае: — Алё, Таня? Пагаварыце з Жанначкай! Жаначка — гавары! Жанначка: — Мама! Гэта я, Жанначка! Я з iстэрыкай: — Дзетка, зразумей, я — не твая мама! Званок заспеў мяне ў ранiшнiм паўпустым трамваi, таму пасажыры з цiкавасцю i асуджэннем глядзяць на мяне. Мне i самой сорамна. Напэўна нехта змог бы знайсцi тактоўныя словы, каб растлумачыць дзяўчынцы, што ў яе мамы-зязюлi не хапiла сумленння даць хаця б нумар свайго мабiльнiка. Але ў мяне няма моцы весцi такiя размовы. Адрубаю тэлефон. Што я насамрэч магу ёй сказаць? Што я схiляю галаву перад мужнасцю такiх Мар Iванаўнаў, якiя апякуюцца чужымi кiнутымi дзецьмi... Што мне вельмi шкада яе, Жанначку... Што мне нават гэтую дурную i нiкчэмную "зязюлю" шкада... Але што зменiць мой жаль? ПРА ЦЯЖКАЕ ЖЫЦЦЁ ШВЕДСКIХ ЖАНЧЫН...Дачытала нарэшце кнiгу "Сучаснае шведскае апавяданне". Цяпер усiм знаёмым распавядаю пра цяжкае шведскае жыццё. Асаблiва мяне ўразiў выпадак гераiнi апавядання Анны Шульцэ. Жонка мiнiстра-прыгажуна, якому яна здраджвае проста ад няма чаго рабiць... Мама дваiх дзяцей, але, вiдаць, ужо дарослых, бо пра iх ледзь згадвае... Час ад часу па вечарах яна ходзiць на дарагiя фуршэты, а днём у царкву — "не для таго, каб сустрэць яшчэ аднаго мужчыну", а для таго, каб разняволiцца. Аўтарка са спачуваннем апiсвае, як яе гераiня ў царкве злуецца на святара, калi той задае пастве пытанне: "Цi павiнны мы жыць дзеля iншых?" Здавалася б, простае пытанне... А вось як на яго рэагуе шведка: "Ёй захацелася падняцца i крыкнуць: "Паспрабуй пражыць тыдзень, як мы, i тады пытайся! Пачнi з прасавання кашулi. Сербанi крыху гэтага лайна, мы яго ўжо нахлябталiся!" ... Дарагi Божанька! Калi ты мяне чытаеш — зрабi так, каб у жыццi нашых жанчын не было ў жыццi большых праблем, чым прасаванне кашулi мужу-мiнiстру! HОW АRЕ YОU?На вулiцы, побач са мной, у хлопца зазванiў тэлефон, i ён адказвае: — Ну нiшто сабе справы... Лепш, чым у Майкла Джэксана... ...Iншым разам патрэбны такiя трапныя фармулiроўкi... Каб не сумаваць з-за дробязяў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Неяк даўным-даўно я чытала ўспамiны Аляксея Талстога пра тое, як ён недзе ў 1918 годзе быў у Кiеве... Урэзалася ў памяць такая сцэна. Бераг Дняпра... |
|