Вялiкi медальны след беларусаў у Каўнасе
Вялiкi медальны след беларусаў у Каўнасе
Каўнасе прайшоў VII моладзевы чэмпiянат Еўропы па лёгкай атлетыцы сярод спартсменаў да 23 гадоў. Як i меркавалася, еўрапейскае першынство для беларусаў стала не толькi ўвасабленнем алiмпiйскага прынцыпу, паводле якога — галоўнае не перамога, а ўдзел, а рэальным укладам маладых беларускiх прадстаўнiкоў "каралевы спорту" ў медальны багаж нашай краiны. Вынiкам чатырох дзён турнiру, у якiм разыгрывалася 42 камплекты ўзнагарод, сталi 8 медалёў рознай вартасцi ў самых розных дысцыплiнах. Чэмпiёнам Еўропы стаў Юрый Шаюноў (кiданне молата), сярэбранымi прызёрамi — Дзянiс Сiмановiч (спартыўная хада, 20 км), Настасся Мiрончык (скачкi ў даўжыню) i Святлана Кудзелiч (5000 метраў), бронзавымi медалiстамi — Алена Копец (штурханне ядра), Алiна Талай (100 м з бар'ерамi) i Аляксандр Лябедзька (трайны скачок), i эстафетная каманда 4х400 м у складзе Марыны Лiбоза, Кацярыны Мiшынай, Ганны Ташпулатава, Алены Кiевiч. Вiншуем !!! Для 375-тысячнага Каўнаса еўрапейскае першынство стала чарговай адметнай старонкай у развiццi. Як-нiяк, а толькi размясцiць на адпаведным узроўнi каля паўтары тысячы ўдзельнiкаў i гасцей — задача не з простых. Пра саму арганiзацыю турнiру, дзе як адзiнае цэлае павiнны працаваць транспарт, захоўвацца графiк выступленняў, правiльна i бездакорна адлiчвацца секунды, хвiлiны i гадзiны камп'ютарнай тэхнiкай, своечасова праводзiцца ўзнагароджанне i яшчэ выконвацца дзясяткi патрабаванняў, — размова асаблiвая. Арганiзатары турнiру справiлiся на выдатна. Па-добраму пазайздросцiм суседзям, бо ў Лiтве, у тым лiку i ў Каўнасе, пражывае нямала беларусаў. Трэба меркаваць, што хто-нiхто з нашых землякоў таксама прыклаў руку да арганiзацыi кантынентальнага першынства. Зрэшты, наколькi ўдалося адчуць, да нашага чалавека ў тым жа Каўнасе ставяцца без нейкiх там антыпатый. Фактычна кожны школьнiк Каўнаса як мiнiмум разумее цябе па-руску. Кажуць, што "вялiкi i магутны" вывучаюць у школах. Вiдавочна, што палiтычная афарбоўка спаборнiцтваў калi тут i прысутнiчала, то ў самым пачатковым стане. Галоўнай дзеючай асобай турнiру стаў Яго Вялiкасць спорт, бо трыбуны з балельшчыкамi аднолькава раздавалi апладысменты чэмпiёнам i прызёрам усiх нацый i народнасцяў. У тым лiку i цямнаскурым атлетам Францыi, Вялiкабрытанii, Iспанii, Турцыi... Што датычыцца непасрэдна спаборнiцтваў, то як нi сумна канстатаваць, але ж еўрапейскi спорт, якi з'яўляецца люстэркам iмiграцыйнай палiтыкi дзяржаў Еўрасаюза, паступова пераўтвараецца ў вялiкую арэну па высвятленнi фiзiчных магчымасцяў афрыканскiх атлетаў. На дарожках каўнаскага стадыёна спартсмены-афраеўрапейцы прадстаўлялi iнтарэсы нават зборнай Германii. А вось у якасцi "казырнай карты" i тварам гэтага турнiру быў выбраны вядомы ў сусветным легкаатлетычным свеце лiтовец, двухразовы алiмпiйскi чэмпiён Вiргiус Алекна. Дарэчы, першае алiмпiйскае золата двухметровы лiтоўскi дыскаболец заваяваў на АГ-2000 у Сiднэi. Тады, як, вядома, беларус Васiль Капцюх быў у адным кроку ад п'едэстала, заняўшы 4-е месца. На наступных Алiмпiйскiх гульнях у Афiнах ураджэнец Панявежыса зноў быў на першым месцы, а беларус — на 4-м. Зараз Вiргiлiус Алекна, якi заваяваў яшчэ бронзу ў Пекiне, рыхтуецца да чэмпiянату свету-2009 у Берлiне. У тым, што знакамiты лiтовец адправiцца ў Германiю па трэцi залаты медаль, можна не сумнявацца. У размове з журналiстам "Звязды" Алекна зрабiў намёк, што цяперашняя яго мiсiя па падняццi сцяга еўрапейскага чэмпiянату павiнна стаць нейкiм зыходным пунктам для дасягнення новых вышынь. Як-нiяк, а свой еўрапейскi рэкорд (73,88 м) Алекна ўстанавiў менавiта на стадыёне ў Каўнасе ў 2000 годзе. Цiкава, што тут не так даўно сваё майстэрства адточвалi амерыканец Майк Грым (100 м), мужчынская эстафетная каманда Iрландыi 4х400 метраў, а таксама квартэт амерыканскай зборнай спрынтараў у эстафеце 4х100 метраў. У тым, што каўнаская арэна i надалей будзе прыцягваць зорак рознага маштабу, можна не сумнявацца. Як-нiяк, а ў апошнi дзень першынство кантынента ў цырымонii ўзнагароджвання спартсменаў удзельнiчаў нават 82-гадовы экс-прэзiдэнт Лiтвы Валдас Адамкус, якi толькi тыдзень таму саступiў сваё крэсла былому эканамiсту Еўрапарламента Далi Грыбаўскайтэ — яна маладзейшая за свайго калегу-палiтыка амаль на 30 гадоў. Праўда абодвух палiтычных асобаў аб'ядноўвае спорт. Журналiсты-лiтоўцы з ахвотай выдалi сакрэт, што Валдас Адамкус у свой час паказваў выдатныя вынiкi ў бегу на 100 i 200 метраў, а таксама займаўся скачкамi ў даўжыню. Цяперашнi ж кiраўнiк Лiтвы мае чорны пояс па каратэ. Вiдавочна, што еўрапейскiя прэзiдэнта i спартсмены ў адной асобе — гэта ўжо неад'емная рэальнасць. З гэтым пагадзiлiся журналiсты Лiтвы, Беларусi i Расii. Калi ж першыя асобы краiны паказваюць асабiсты прыклад у спартыўным майстэрстве, то прафесiйным спартсменам проста няма куды дзявацца. У тым лiку i маладым. Да таго ж, напрыклад, цяперашняму пакаленню U 23 ёсць на каго раўняцца. Той жа беларус-дзесяцiборац Андрэй Краўчанка, якi на алiмпiядзе-2008 стаў сярэбраным прызёрам, свой еўрапейскi рэкорд у 8492 ачкi ўстанавiў у 21-гадовым узросце на папярэднiм моладзевым еўрачэмпiянаце ў венгерскiм Дэбрацэне. Яшчэ адзiн беларус Павел Лыжын мае лепшы на кантыненце вынiк у кiданнi ядра (20,43 м) у моладзевым раздзеле на ЧЕ-2003, маючы 22 гады. У такiм жа ўзросце, у Парыжы, свой фенаменальны счачок на 6 метраў здзейснiў легендарны спартсмен-шаставiк, 6-разовы чэмпiён свету Сяргей Бубка. Беларускi кiдальнiк молата Юрый Шаюноў у Каўнасе пацвердзiў iсцiну, што перамозе ўсе ўзросты пакорныя i ў сваiм сектары быў па-за канкурэнцыяй. Яго вынiк ў 78 м 16 см амаль на 4 метры большы, чым у сярэбранага прызёра расiянiна Анатоля Пазнякова. Хоць i да сусветнага "савецкага" рэкорду сярод дарослых Юрыя Сядых (86 м 74 см) беларусу далекавата, можна не сумнявацца ў яго iмкненнi перакрыць свой лепшы асабiсты вынiк (80,72), якi быў паказаны на чэмпiянаце Беларусi ў Стайках. А пачала адлiк узнагарод для беларускай каманды кiдальнiца ядра Алена Копец. Да апошняй спробы прадстаўнiца Брэстчыны хавала свой бронзавы кiдок ад спартсменкi з Галандыi, чэмпiёнкi свету сярод юнiёрак Мелiсы Боекельман. I толькi на фiнiшы вырвала ў супернiцы бронзу — 17,72 м. Завочна ўраджэнку Давыд-Гарадка ў Каўнасе празвалi "бронзавай птушкай", бо ў селётнiм сезоне трэцяе месца — спадарожнiк беларускi на мiжнародных стартах. Медальны пачын быў працягнуты нашым хадаком на 20 км Дзянiсам Сiмановiчам. Ва ўпартай барацьбе з ранiшняй спякотай i настырнасцю супернiкаў яму з вынiкам 1:22.57 удалося адстаяць "серабро". Безумоўна, велiзарным поспехам можна лiчыць дасягненне Алiны Талай у бегу 100 метраў з бар'ерамi. У кампанii аўтарытэтных супернiц з Нарвегii, Расii, Германii i Лiтвы яна не спасавала i заваявала бронзавы медаль. Найбольш ураджайным для беларусаў стаўся заключны, 4-ы дзень еўрапейскага першынства. У жаночым сектары для скачкоў у даўжыню беларуска Настасся Мiрончык да апошняй спробы з вынiкам 6,76 м была ў лiдарах. Аднак утрымаць "залаты" вынiк не ўдалося — "на флажку" на 7 см яе абышла немка Меланi Баучкi. У нас — "серабро". Сярэбранай аказалася дарожка ў бегу на 5000 метраў для беларускi Святланы Кудзелiч. Маючы сярод 20 супернiц па кампанii 4-ы вынiк сезона, наша спартсменка ўвесь час трымалася ў пяцёрцы наймацнейшых i на фiнiшы змагла накацiць цемнаскурую брытанку Эмiлу Пiджон, паказаўшы час 16.03.85. Да самай апошняй спробы ў мужчынскiм сектары па трайным скачку з вынiкам 16 м 80 см лiдзiраваў беларус Аляксандр Лябедзька. Праўда, пераможным гэты вынiк не стаў — толькi "бронза". Бадай, найбольш каштоўная бронзавая ўзнагарода — у жаночай эстафеце 4х400 метраў. У паўфiнальным раўндзе нашы дзяўчаты са 100-працэнтнай верагоднасцю прабiлiся ў фiнал, дзе на апошнiм этапе Алене Кiевiч удалося вырваць 3-е месца ва ўкраiнак. Тым не менш старты ў Каўнасе паказалi вялiкi запас трываласцi беларускай лёгкай атлетыкi. Па колькасцi медалёў мы на 6-м месцы сярод 42 краiн-удзельнiц, па набраных ачках — 95 — на 7-м. Беларусы змаглi перагнаць такiя легкаатлетычныя дзяржавы, як Iталiя, Iспанiя, Чэхiя, Грэцыя, Венгрыя, Румынiя, Францыя. Галоўны трэнер беларускай каманды па лёгкай атлетыцы, намеснiк старшынi БФЛА Анатоль Бадуеў зазначыў, што ён вельмi задаволены вынiкамi каўнаскага чэмпiянату Еўропы i выказаў падзяку усiм трэнерам, якiя рыхтавалi спартсменаў да стартаў. Асаблiвая ўдзячнасць — алiмпiйскай чэмпiёнцы 1988 Таццяне Ледяўской, якая адказвае за спрынт i бар'ерны бег. Таццяна Мiхайлаўна змагла па-новаму адкрыць для Беларусi новыя дысцыплiны, у тым лiку i эстафетныя, i прывiць атлетам пачуццё лiдарства i не пасаваць перад супернiцамi. Пры меркаваным плане ў 5 узнагарод, падкрэслiў Анатоль Iванавiч, мы змаглi перакрыць яго. Праўда, важней тое, што беларусы ўдзельнiчалi ў 20 фiналах. А гэта ўжо добры задзел на перспектыву, сказаў на заканчэнне настаўнiк беларускай каманды. Праз 3-4 гады гэтыя спартсмены i спартсменкi будуць гатовыя для вялiкага спорту ў дарослай "намiнацыi". А значыць, у нас ёсць спадзяваннi, што беларуская лёгкая атлетыка, а, значыць, i краiна, i надалей будзе ў лiку вядучых спартыўных дзяржаў Еўропы i свету. Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ. Мiнск—Каўнас—Мiнск. Р.S. Рэдакцыя газеты "Звязда" выказвае ўдзячнасць Беларускай федэрацыi лёгкай атлетыкi за садзейнiчанне ў рабоце спецыяльнага карэспандэнта на моладзевым чэмпiянаце Еўропе ў Каўнасе. Рэдакцыя газеты "Звязда" выказвае ўдзячнасць Беларускай федэрацыi лёгкай атлетыкi за садзейнiчанне ў рабоце спецыяльнага карэспандэнта на моладзевым чэмпiянаце Еўропе ў Каўнасе.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каўнасе прайшоў VII моладзевы чэмпiянат Еўропы па лёгкай атлетыцы сярод спартсменаў да 23 гадоў. Як i меркавалася, еўрапейскае першынство для беларуса |
|