ПАМІЖ ВОЛЯЙ I ТУРМОЮ
ПАМІЖ ВОЛЯЙ I ТУРМОЮ
Сёлетняя амнiстыя, як і заўсёды, неадназначна была ўспрынята грамадствам. Адны ўпэўненыя, што гэта прывядзе да ўсплёску злачыннасцi, а другiя лiчаць, што чалавеку неабходна даць шанц выправiцца на волi. А якая сiтуацыя са злачыннасцю ў цэлым? Тут можна для прыкладу выкарыстаць звесткi па Баранавiчах за першае паўгоддзе 2009 года. Па словах начальнiка аддзела аховы правапарадку i прафiлактыкi УУС Брэсцкага аблвыканкама В. Мельнiкава, у Баранавiчах даволi высокi працэнт раскрытых злачынстваў, у тым лiку i крымiнальных. У гэтым плане баранавiцкiя сышчыкi выйшлi ў вобласцi на другое месца i ўступаюць толькi Маскоўскаму РАУС г. Брэста. I тым не меней злачынства злачынству рознiца. З тых 119 толькi 75 крымiнальныя, i гэта многа, але i тут не ўсё адназначна. Вось у лесе каля вёскi Булькава Жабiнкаўскага раёна ў дзвюх дзяўчынак 9 i 10 гадоў дваццацiгадовы хлопец з вёскi Ракiтнiца забраў 3 кiлаграмы ягад i 1 тысячу рублёў. Здавалася б, злачынства i не вельмi значнае, але яно трапiла ў разрад крымiнальных. Дык вось падобных злачынстваў вельмi многа. Беспрацоўны з пасёлка Жамчужны (Баранавiцкi раён) 15 лiпеня ўкраў у жыхара вёскi Новая Мыш 100 кiлаграмаў збожжа, а другi беспрацоўны выкраў прадукты... Але найбольш часта крадуць тэлефоны. "Свiснуць" мабiльнiк нават у знаёмага цi сябра — звычайная рэч, а пра чужых i гаворка не iдзе. Колькасць падобных крадзяжоў па Баранавiчах павялiчылася на 29 працэнтаў. У пераважнай большасцi на паўторныя злачынствы iдуць тыя, хто ўжо быў асуджаны i мае не знятую цi не пагашаную судзiмасць. I iх колькасць расце.Звязана гэта з некалькiмi прычынамi. Чалавека выпусцiлi на волю. Але часта здараецца, што ён нiкому тут не патрэбен. Гэта за савецкiм часам з былым зэкам насiлiся, як з распiсной торбай — навязвалi прадпрыемству. А там давалi працу, iнтэрнат... I хоць карысць з таго работнiка была не вялiкая, але трымалi. Сёння нiхто так насiцца не будзе, бо свабодных месцаў з высокiм заробкам няма. Ды часта, вярнуўшыся з зоны, чалавек не спяшаецца на працу. Давялося сутыкнуцца з такiм выпадкам. У райвыканкам прыйшла жанчына па дапамогу. Яна выйшла з калонii i па фiнансавую падтрымку звярнулася ў мiлiцыю. Там выдалi даведку i накiравалi ў райвыканкам. Жанчыне растлумачылi, што ў бюджэце раёна на такiя выдаткi грошы не закладзены. Праўда, кiраўнiк раёна сiтуацыю растлумачыў: "Няхай iдзе на працу ў гаспадарку. Дык за 350 тысяч яна працаваць не будзе i ўвогуле, якiя з такiх работнiкi?" Нядаўна прадстаўнiкi праваахоўных органаў Баранавiцкага раёна i горада сабралi каля сотнi парушальнiкаў, якiх суд не стаў адпраўляць у калонiю цi на "хiмiю", а даў магчымасць перавыхавацца дома. Вось i аказалася, што далёка не ўсе хочуць уладкоўвацца на працу. А. Васiльева, начальнiк раённай службы занятасцi, папракнула асуджаных за "хатнi арышт". — У сваiх бедах вы часта абвiнавачваеце ўсiх, але не сябе. А ў многiх з вас проста няма жадання працаваць... Вас апякаюць, дапамагаюць, але вы не хочаце мяняць нешта ў сваiм жыццi.... Бяда не ў недахопе працоўных месцаў, а ў тым, што пэўны працэнт людзей, i не абавязкова былых асуджаных, не хочуць працаваць. I не дзiўна, што некаторыя з iх, толькi выйшаўшы з турмы, тут жа вяртаюцца — не здольныя жыць на волi. Аднойчы, наведаўшы Iвацэвiцкую калонiю, пачуў ад пракурора, што 15—20 працэнтаў асуджаных нельга ўвогуле выпускаць з турмы, бо адразу ж уступаюць у канфлiкт з законам i вяртаюцца ў знаёмыя сцены. ...У пяць гадзiн ранiцы можна ўбачыць, што жыццё ўжо бурлiць. Людзi некуды спяшаюцца, нешта пакуюць у аўтамашыны, цягнуць каляскi з пакункамi, збiраюцца на аўтобусных прыпынках — яны вырашаюць свае праблемы, спадзяюцца на сябе. Але ж колькi маладых мужчын "тусуецца" ў буднi каля крамаў цi бавяць час на лаўках у скверах? Iм таксама патрэбныя грошы. А дзе ўзяць? Трэба нешта ўкрасцi, збыць, выпрасiць колькi рублёў.... — Можа, у вас ёсць сто-дзвесце рублёў, во крыху не хапае, — цягне за рукаво хлопец. — Вунь мая машына стаiць, ты яе памый i паўтары тысячы атрымаеш. — О-о-о, ха-ха, — абурыўся папрашайка, — я што, раб табе?! Дарэчы, у Германii на тых, хто сядзiць з працягнутай рукой, нiхто не звяртае ўвагi, а вось калi чалавек iграе цi спявае, то даюць... Адным словам, грошы трэба не прасiць, а зарабляць. Вялiкая колькасць крадзяжоў негатыўна ўплывае на аператыўнае становiшча не толькi ў Баранавiчах, але i вобласцi. На фоне крадзяжоў i разбойных нападаў ашуканства не такое маштабнае. Але ў горадзе яно вырасла больш чым у два з паловай разы. Ашуканцы дзейнiчаюць найчасцей правераным спосабам — уваходзяць у давер i людзi выкладваюць махлярам свае грошы. Да жыхара Кобрына прыйшоў 28-гадовы раней асуджаны за ашуканства знаёмы i прапанаваў пасрэднiцтва ў закупцы бульбы. Атрымаў падманам 4 300 000 рублёў i сышоў. Тут многае залежыць ад таленту махляра, яго здольнасцi абкруцiць выбраную ахвяру. У Баранавiчах адзiн прайдзiсвет "пазычыў" некалькi дзясяткаў мiльёнаў пад розныя пакупкi, i аказалася, што нават да судовай адказнасцi яго прыцягнуць няпроста. Пацярпелыя тыя грошы самi аддавалi. На працягу двух гадоў у Баранавiчах дзейнiчалi двое ашуканцаў. Завадатарам быў 36-гадовы жыхар горада, якi ўжо тройчы пабываў у турме. Схема, па якой дзейнiчалi ашуканцы, была праверанай i адпрацаванай, i яна найбольш распаўсюджана ў буйных мегаполiсах. Найперш неабходна было знайсцi чалавека, якi мае кватэру, але п'е гарэлку i мае запазычанасць па камунальных паслугах. Такога ўладальнiка жылля бралi ў абарот, спойвалi, угаворвалi прадаць кватэру, а ўзамен абяцалi больш таннае жыллё... Кватэра прадавалася, а грошы асядалi ў кiшэнях "добразычлiўцаў". Ад продажу чатырох кватэр ашуканцы мелi "навар" у 58 млн рублёў. Трэба прызнаць, што ўсё абышлося малой крывёю, бо ў Расii алкаголiкi цi састарэлыя, якiя праз такiх "рыэлтараў" прадалi свае кватэры, знiкалi назаўсёды. Ашуканцы вярнулi пацярпелым грошы, але суд Баранавiцкага раёна i горада палiчыў, што лепш будзе, калi прайдзiсветы тры з паловай гады правядуць у турме. Асуджаныя з прыгаворам не пагадзiлiся i падалi касацыйную скаргу, але Брэсцкi абласны суд пакiнуў прыгавор у сiле. Амнiстыя — крок гуманны. Але цi ўсе былыя асуджаныя выкарыстаюць гэты шанц — залежыць толькi ад iх. Сымон Свiстуновiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлетняя амнiстыя, як і заўсёды, неадназначна была ўспрынята грамадствам. Адны ўпэўненыя, што гэта прывядзе да ўсплёску злачыннасцi, а другiя лiчаць, |
|