Логiка рынку альбо асабiстага iнтарэсу?
Логiка рынку альбо асабiстага iнтарэсу?
У беларускiх аўтаперавозчыкаў расцэнкi нiжэйшыя, а перавагу, здараецца, аддаюць... iх замежным калегам еларуская асацыяцыя мiжнародных аўтамабiльных перавозчыкаў (БАМАП) падтрымлiвае праект NELTI па адраджэннi Вялiкага шаўковага шляху i аказвае садзейнiчанне яго паспяховай рэалiзацыi. Пра гэта паведамiлi на прэс-канферэнцыi ў Гродне падчас рэгiянальнага этапа 5-га конкурсу прафесiйнага майстэрства вадзiцеляў магiстральных аўтацягнiкоў. У рамках гэтага праекта, якi ажыццяўляецца Мiжнародным саюзам аўтамабiльнага транспарту, працуюць 45 транспартных сродкаў дванаццацi кампанiй з дзевяцi дзяржаў Еўропы i Азii, у тым лiку i Беларусi. Наменклатура грузаў вельмi шырокая — ад харчовых тавараў да медыкаментаў, рознага абсталявання, дыпламатычных i ваенных грузаў, бытавой тэхнiкi i электронiкi. Удзел беларускiх вадзiцеляў-мiжнароднiкаў у гэтым праекце сведчыць аб iх высокiм прафесiйным майстэрстве i аўтарытэце не толькi ў нашай краiне, але i на мiжнародным ўзроўнi. Красамоўная лiчба: летась ажно 194 "дальнабойшчыкi" з Беларусi былi адзначаны ганаровымi дыпломамi Мiжнароднага саюза аўтамабiльнага транспарту. I тым больш дзiўна, калi айчынныя прадпрыемствы аддаюць перавагу не нашым перавозчыкам, а... iх замежным калегам. Мо, у беларускiх мiжнародных аўтаперавозчыкаў надта вялiкi "апетыт" па расцэнках? Але ў такiм разе як зразумець факты, якiя былi прыведзены на прэс-канферэнцыi кiраўнiкамi некаторых транспартных кампанiй гродзенскага рэгiёну? Аднаму з iх прапанавалi заведама нерэальную цану, нiжэйшую нават за сабекошт дастаўкi грузу. Зразумела, што наш перавозчык быў вымушаны адмовiцца ад гэтай здзелкi. А неўзабаве ён даведваецца, што гэты ж заказ атрымала замежная кампанiя, прычым па... утрая большых грашовых стаўках. I, да таго ж, гэта не беларускiя рублi, за якiя могуць перавозiць грузы айчынныя "дальнабойшчыкi", а валюта. Другога айчыннага аўтаперавозчыка папрасiлi пацвердзiць факсам, што "не паедзе за такiя грошы" , i ў той жа дзень загружаецца транспарт лiтоўскай фiрмы... Верагодна, што ў такiх сiтуацыях маюць месца не эканамiчныя меркаваннi, не логiка рынку, а асабiстыя iнтарэсы пэўных асобаў, што ў многiх краiнах свету ўжо даўно не дапускаецца дзякуючы транспартна-лагiстычным цэнтрам. Прадпрыемства, вырабiўшы прадукцыю, па сутнасцi не распараджаецца яе дастаўкай пакупнiку, а аддае гэту функцыю спецыялiстам па транспартнай лагiстыцы, якiя выбiраюць найбольш рацыянальныя i для вытворцы, i для перавозчыка, i для спажыўца варыянты транспарцiроўкi грузу. Праекты стварэння такiх цэнтраў на Гродзеншчыне ёсць, аднак, на жаль, спазняемся з iх рэалiзацыяй, адстаём ад многiх iншых краiн, чым пакуль i карыстаюцца на зусiм не рыначных прынцыпах некаторыя кiраўнiкi прадпрыемстваў i замежныя перавозчыкi. Такой жа лагiстыкi вельмi не хапае i ў выкарыстаннi ведамаснага транспарту, мець якi лiчаць за норму многiя нашы прадпрыемствы i арганiзацыi. Так, свая кашуля да цела блiжэй. Аднак чаму ж у краiнах Захаду нi на адным прадпрыемстве няма ўласных транспартных цэхаў? А таму, што спецыялiзаваныя транспартныя фiрмы ў параўнаннi з ведамаснымi працуюць, як правiла, значна больш эфектыўна. На прэс-канферэнцыi прыводзiўся такi прыклад. Штодзённа з аднаго рэгiёну Беларусi ў iншы накiроўваецца каля дзесяцi аўтамабiляў, якiя належаць аднаму з прадпрыемстваў, з яго таварам. Хоць спецыялiзаваная транспартная кампанiя забяспечыла б перавозку гэтага ж аб'ёму прадукцыi са значна меншымi затратамi. А гэтыя затраты, зразумела, укладваюцца ў цану тавару. Дарэчы, замежны iнвестар, прыйшоўшы нядаўна на адно з прадпрыемстваў Гродзеншчыны, дзе меўся даволi буйны транспартны парк, выдзелiў яго ў самастойнае падраздзяленне. Тым самым даўшы зразумець, што эфектыўнасць працы перавозчыкаў не павiнна "хавацца" за агульнымi вытворчымi паказчыкамi. Яшчэ адна вельмi сур'ёзная праблема, паводле iнфармацыi старшынi асацыяцыi "БАМАП" Мiкалая Баравога, звязана з абнаўленнем парку рухомага саставу. Летась, калi развiццё мiжнародных аўтамабiльных перавозак дасягнула ў рэспублiцы максiмуму практычна па ўсiх паказчыках, узровень абнаўлення як айчыннымi, так i iмпартнымi транспартнымi сродкамi дасягнуў ажно 14 працэнтаў. Утрая больш да ўзроўню 2006 года! Набыта 1302 новых седлавых цягачоў i грузавых аўтамабiляў, а таксама 1198 паўпрычэпаў i прычэпаў. Здавалася б, радавацца трэба, але... "Грымнуў" сусветны фiнансава-эканамiчны крызiс, значна скарацiлiся аб'ёмы экспартных паслуг i ўвогуле перавозак. А дамовы на набыццё транспарту з банкамi i лiзiнгавымi кампанiямi былi разлiчаны на зусiм iншыя, значна большыя даходы ад яго працы. У вынiку — праблема з лiзiнгавымi плацяжамi, што пагражае перавозчыкам стратай транспартных сродкаў, а значыць, пройгрышам калегам-канкурэнтам у паслякрызiсных умовах. Адна надзея, што банкi i лiзiнгавыя кампанii з разуменнем паставяцца да сiтуацыi, што склалася на рынку мiжнародных перавозак, i згодзяцца на iншыя тэрмiны разлiку... Барыс ПРАКОПЧЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У беларускiх аўтаперавозчыкаў расцэнкi нiжэйшыя, а перавагу, здараецца, аддаюць... iх замежным калегам еларуская асацыяцыя мiжнародных аўтамабiльных |
|