Школа ў Вераснiцы — да 1 верасня
Школа ў Вераснiцы — да 1 верасня
Камандзiроўка па пiсьме Два пiянеры, пафарбаваныя ў колер сталi, сустракаюць кожнага ля школы ў вёсцы Вераснiца, што ў Жыткавiцкiм раёне. Яны — жывы, а дакладней, бетонны напамiн гiстарычнай эпохi. Тады, у канцы 50-х—пачатку 60-х, у населеным пункце была пабудавана свая сярэдняя школа. Праект быў тыповы — без празмернасцяў. Бабулi i дзядулi сённяшнiх вучняў не вельмi задумвалiся над тым, цi зручна, цi ўтульна ў школе. Не да таго было. Сёння iншы час i iншыя патрабаваннi. Менавiта таму, нягледзячы на эканамiчны крызiс, бацькам i настаўнiкам хочацца, каб у школе, дзе гэтай спякотнай парой у самым разгары капiтальны рамонт, было ўсё, як у горадзе: i сталоўка, i спартзала, i прыбiральня ў памяшканнi. Цi здзейснiцца мара? У гэтым не ўпэўнены бацькоўскi камiтэт школы. Вiдаць, таму i з'явiўся аднолькавы лiст у рэдакцыю нашай газеты i некаторыя iншыя. Падставай для хваляванняў стаў агляд будаўнiцтва бацькамi. Тыя здымкi, якiя яны даслалi, сапраўды, непрыемна ўражвалi: нейкiя падцёкi на сценах памяшкання i пытанне: "Чаму ў такой краiне з такiмi вялiзнымi лядовымi палацамi, палацамi спорту, бiблiятэкай, якая вядомая ва ўсiм свеце, не можа дабудавацца маленькая вясковая школа". I яшчэ скаргi на рабочых, якiя "адпрацоўваюць павiннасць". I 59 подпiсаў.
Я прыехала ў вялiкую вёску, дзе вучнямi лiчацца 157 дзяцей, разам з кiраўнiцтвам ўпраўлення адукацыi Гомельскага аблвыканкама. Праходзiм прыкладна тым жа шляхам, якiм праходзiў бацькоўскi камiтэт у красавiку. Без спецыялiстаў-будаўнiкоў складана разабрацца, у якой ступенi гатоўнасцi знаходзiцца зараз гэты аб'ект. Каментарыi дае Валерый Усiкаў, генеральны дырэктар унiтарнага прадпрыемства "Палессебуд", якое з'яўляецца генеральным падрадчыкам будаўнiцтва школы. Субпадрадчык — мясцовае ПМК-97. — Працэнтаў 75 зроблена на гэты момант. 90 % будзе да 1 жнiўня. Другi паверх пачнуць з першага жнiўня рабiць начыста. Добраўпарадкаванне на гэтым тыднi пачнецца.
Зразумела, калi праводзiцца выязная планёрка з заказчыкамi i падрадчыкамi, усе будуць працаваць. Вялiкай колькасцi рабочых не бачна, але ж Валерый Іосiфавiч тлумачыць, што сёння тут роўна столькi, колькi патрэбна. На другiм паверсе школы машына шлiфуе драўляную падлогу, i мне, неспецыялiсту, зразумела, што да апрацоўчых работ зусiм недалёка. На сход прыходзяць бацькi — здаецца, амаль усе з тых, хто паставiў свой подпiс пад лiстом у рэдакцыю. Размову з людзьмi ў зале пачынае начальнiк упраўлення адукацыi Гомельскага аблвыканкама Марына Бондар. — Па вашым звароце мы прыязджалi сюды не раз. Неабходнасць умацавання канструкцый была пацверджана лабараторыяй БелДУТа. Драўляныя канструкцыi згнiлi, i нам давялося амаль поўнасцю перабудоўваць школу. Рашэнне было прынята, у школе займацца было нельга, спецыялiсты пацвердзiлi, што школа на той момант знаходзiлася ў чацвёртай ступенi аварыйнасцi. Мы замовiлi праект i цяпер да завяршэння падыходзiць сур'ёзная рэканструкцыя. Школа ў Вераснiцы знаходзiцца на пастаянным кантролi. Нiколi размова нават не iшла аб тым, каб тут прыпынiлiся работы або фiнансаванне. Летась было накiравана на Вераснiцу 1,5 мiльярда рублёў. Што датычыцца фiнансавання ўвогуле, як расказала мне намеснiк начальнiка ўпраўлення адукацыi Гомельскага аблвыканкама Таццяна Атрохава, каштарысная вартасць першага пускавога комплексу складае больш за 3,5 мiльярдаў рублёў. Грошы прыцягваюцца з розных крынiц: з раённага бюджэту, з абласнога. 360 мiльёнаў рублёў, якiя сёлета зарабiлi жыхары Гомельшчыны на рэспублiканскiм суботнiку, — таксама ўклад у скарбонку Вераснiцкай школы. Сёлета размова iдзе аб пуску першай чаргi — капiтальна адрамантаванага будынка разам з харчблокам. Спартыўная зала застаецца марай наступнага года. Прынамсi, фундамент пад яе зроблены, значыць, сродкi ўкладзены i працяг будзе абавязкова, запэўнiвае Валерый Усiкаў. Што датычыцца прэтэнзiй, выказаных у лiсце, адказвае: — У народзе кажуць: нiколi не трэба паказваць незакончаную працу. Так i тут. Сёння — вы бачылi — гэтага практычна няма. Другi паверх гатовы для чыставой апрацоўкi. Мы яе зробiм да 1 жнiўня, каб адразу на другi паверх можна было мэблю насiць, i вас прыцягваць: чысцiць, мыць i прыбiраць — як ва ўсiх школах. Мiж тым, настаўнiкам разам з бацькамi, расказвае дырэктар Вераснiцкай школы Валянцiна Казак, не прывыкаць займацца будаўнiчымi i дапаможнымi работамi. Менавiта яны выцягвалi смецце са школы, калi былi разбураны драўляныя перакрыццi. Яны ж гатовыя i цяпер падключыцца да працы — толькi б школа прыняла вучняў 1 верасня. Вельмi было складана цэлы навучальны год дзяцей вазiць у розныя школы Жыткавiцкага раёна, кажа мацi 9-гадовай вучанiцы школы Iна Радзецкая.— Каб другi год дзецi ездзiлi ў Тураў — я супраць. Я сваё дзiця пракантраляваць не магла. Калi яна прыязджала, я з ёй садзiлася ў 9 гадзiн рабiць урокi. Я хачу верыць, што школу здадуць i дзiця пойдзе сюды вучыцца. Але ж я хадзiла летась ў кастрычнiку на прыём да старшынi нашага райвыканкама. I ён мне так катэгарычна паабяцаў, што ў нас дзецi пасля зiмовых канiкулаў пойдуць у школу. У нашай мясцовай газеце было надрукавана, што школа пачне працу са студзеня 2009 года. Дзецi не пайшлi — тэрмiны адцягнулiся. Менавiта таму ў мяне, як у мацi, ёсць сумненнi, што 1 верасня яны пойдуць у якасна пабудаваную школу. — Безумоўна, гэта не вельмi зручна — падвозiць дзяцей у школы iншых вёсак. Але ж у Гомельскай вобласцi ўвогуле так дабiраюцца да ўстаноў адукацыi больш за 10 000 дзяцей. Гэтая лiчба штогод не мяняецца. Гэта планавая жыццёвая праца, — адказвае жанчыне начальнiк упраўлення адукацыi Гомельскага аблвыканкама Марына Бондар. I дадае: — Я ўсё жыццё ў адукацыi i ведаю, у якiя крытычныя тэрмiны часам уводзiлiся аб'екты. Але ж нiколi мы не дазволiлi зайсцi дзецям у тыя школы, якiя не здадзены. Тут у вас былi ўсе: да старшынi аблвыканкама. I ўсе зацiкаўленыя, каб школа сёлета была ўведзена. Я абяцаю, што да вас на лiнейку прыеду сёлета. — Мы яшчэ перажываем таму, што баiмся: запусцяць школу, мы пойдзем на заняткi, правучымся месяц-два, i тая тынкоўка, якая абсыпалася раней, абсыплецца зноў, — кажа Святлана Бiчка, настаўнiк пачатковых класаў. I рамонт будзе за кошт настаўнiкаў i бацькоў. Вось чаму мы так перажываем. Бацькоў i настаўнiкаў супакойваюць будаўнiкi. I растлумачваюць, чаму не маглi раней iнтэнсiўна працаваць на будаўнiцтве Вераснiцкай школы. — Ваша школа на той момант была не ўвадная. А акрамя вашай школы, у нас яшчэ 50 тысяч квадратных метраў жылля трэба было зрабiць i плюс, i плюс, i плюс... , — кажа Валерый Усiкаў. — Сёння на будаўнiцтве 30 чалавек працуе, заўтра будзе 50 чалавек на два днi. Зробiцца тое, што не рабiлася тры тыднi, за два днi. Паспеем i добраўпарадкаванне зрабiць — гэта ж частка праекта. Мы ж, як i вы, плануем сваю дзейнасць. У нас тысяча праблем, якiя трэба закрыць на самых розных аб'ектах. Для намеснiка начальнiка ўпраўлення адукацыi Гомельскага аблвыканкама Таццяны Атрохавай, якая курыруе праблемы будаўнiцтва, Вераснiцкая школа — як родная. Яна тут бывала не раз, хоць i адлегласць ад Гомеля няблiзкая. Памятае яна, як складана пачыналася будаўнiцтва, якiя былi сумненнi. — Калi мы з вамi сустракалiся ў 2006 годзе, думалi: пачынаць цi не будаўнiцтва, у вас былi моцныя сумненнi: мы школу разбурым, а што мы зробiм? А што, у нас можа быць спартыўная зала? А што, у нас можа быць харчблок? Мы адразу пачалi праектаваць i ў 2008 годзе зрабiлi задзел. Мы не парушылi нашы планы. У нас 22 школы ў вобласцi маюць драўляныя перакрыццi i пабудаваныя ў той жа прыкладна час, як i ваша школа. Да iх пакуль не дайшла чарга — па тэхнiчным стане яны могуць пачакаць. У вашай чакаць было нельга. I цяпер першы этап работ, якi прадугледжвае рамонт асноўнага будынка i прыбудова харчблоку, падыходзiць да фiналу. Мiж тым, пакуль камiсiя аглядала аб'ект, да Таццяны Фёдараўны пастаянна падыходзiлi субпадрадчыкi з самымi рознымi пытаннямi. Праблем яшчэ, сапраўды, шмат, што, аднак, не перашкаджае даваць цвёрдыя абяцаннi. — Мы ж пастаянна на сувязi i з генеральным падрадчыкам, i з заказчыкам — упраўленнем капiтальнага будаўнiцтва Жыткавiцканга райвыканкама, i з субпадрадчыкамi. Робiм усё, каб аб'ект быў здадзены. I ён будзе завершаны да 1 верасня. Ну а што датычыцца недапрацовак, вы, як спажыўцы, павiнны ведаць: калi заключаецца дагавор, у абавязковым парадку вызначаецца, на працягу якога тэрмiну трэба звяртацца, калi выяўляюцца нейкiя недахопы. Два гады ў гэтым выпадку. — Нiхто не дазволiць увайсцi ў школу, пакуль не будзе падпiсаны акт дзяржкамiсii, — пацвярджае начальнiк упраўлення адукацыi Гомельскага аблвыканкама Марына Бондар. — Такi парадак. Што датычыцца спартзалы, мы не планавалi яе здаць сёлета. Але ж у наступным годзе мы будзем завяршаць i спартзалу. Сход з бацькамi дзяцей, што вучацца ў Вераснiцкай школе, доўжыўся каля гадзiны i пытанняў на iм задавалася няшмат — што некалькi здзiвiла. Але ж напрыканцы з натоўпу была сказана такая фраза: — Пасля таго, як мы напiсалi скаргу, нам сказалi — першых дзесяць чалавек звольняць, кантракт не будуць працягваць. Хто канкрэтна спрабаваў запужаць людзей, засталося тайнай — людзi адмоўчвалiся, усё ж баялiся. I хоць начальнiк упраўлення адукацыi Гомельскага аблвыканкама Марына Бондар запэўнiла, што нiякiх рэпрэсiй не можа быць згодна з законам, людзi ўсё ж запатрабавалi яшчэ i пiсьмовы адказ на сваю скаргу. Вiдаць, як гарантыйны дакумент. Тым часам на Гомельшчыне, акрамя Вераснiцкай, да ўводу ў вераснi пасля капiтальнага рамонту рыхтуюцца яшчэ тры школы. Дзве з iх у Чачэрскiм раёне — у Роўкавiчах i Залессi, i яшчэ ў дзiцячым рэабiлiтацыйна-аздараўленчым цэнтры "Сiдзельнiкi" Мазырскага раёна. Паўсюль iдуць iнтэнсiўныя будаўнiчыя работы — да 1 верасня застаецца крыху больш за месяц. Iрына АСТАШКЕВIЧ. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Два пiянеры, пафарбаваныя ў колер сталi, сустракаюць кожнага ля школы ў вёсцы Вераснiца, што ў Жыткавiцкiм раёне. Яны — жывы, а дакладней, бетонны нап
|
|