21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Усходняе партнёрства — гэта вам не булка з разынкамi

19.09.2009 14:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Усходняе партнёрства — гэта вам не булка з разынкамi

Днямi ў мiнскай гасцiнiцы з сiмвалiчнай назвай "Еўропа" для правядзення мерапрыемства па тэме стасункаў з краiнамi Еўрапейскага Саюза прайшла сустрэча нямецкiх i беларускiх партнёраў. Выступiць на ёй у якасцi галоўнага дакладчыка пагадзiўся дзяржаўны сакратар па справах федэрацыi i еўрапейскага супрацоўнiцтва зямлi Брандэнбург Герд Хармс. Ва ўрадзе зямлi ён адказвае за пытаннi еўраiнтэграцыi.

 

Частыя госцi з Брандэнбурга

Трэба адзначыць, што апошнiм часам з гэтай зямлёй у нас складваюцца дзелавыя i сапраўды партнёрскiя стасункi. Узнiкае ўражанне, што з Брандэнбургам "Усходняе партнёрства" развiваецца па сваiм сцэнарыi. Адносна нядаўна, у красавiку гэтага года, адбыўся вiзiт у нашу краiну прэм'ер-мiнiстра гэтай федэральнай зямлi Мацiяса Платцака. Акрамя афiцыйнай праграмы, ён выступiў з лекцыяй у Мiнскiм адукацыйным цэнтры iмя Iаганэса Рау (МАЦ) на тэму "Рэгiянальнае супрацоўнiцтва ў Еўропе". Тады кiраўнiк федэральнай зямлi даволi пераканаўча гаварыў аб тым, што агульнае мiнулае немцаў i беларусаў можа i павiнна стаць урадлiвай глебай для ўсталявання лепшага разумення памiж краiнамi. Тым больш што сёння для гэтага адкрываюцца новыя перспектывы.

Герд Хармс лiтаральна за некалькi гадзiн да размовы ў "Еўропе" таксама выступiў з дакладам у МАЦ. Яго тэмай ён абраў аднаўляльныя крынiцы энергii i еўрапейскiя, нацыянальныя i рэгiянальныя аспекты яе выкарыстання. Ён, у прыватнасцi, прывёў цiкавае параўнанне: ва ўсходняй Германii, як i ў Беларусi, 20 гадоў таму ў ацяпляльны сезон таксама для рэгулявання тэмпературы ў пакоях адчынялi вокны. Сёння ж больш за 40% выпрацоўваемай у Брандэнбургу электраэнергii прыходзяцца на аднаўляльныя крынiцы энергii, а энергаэфектыўнасцi надаецца важнае значэнне. У Беларусi ёсць умовы для выкарыстання розных вiдаў альтэрнатыўных крынiц энергii, укаранення iнавацыйных падыходаў i метадаў, развiцця беларуска-нямецкага супрацоўнiцтва ў гэтай сферы.

За частаколам агульных слоў

— Я вельмi рады, што ваша краiна стала часткай "Усходняга партнёрства", што яна пагадзiлася далучыцца да гэтай праграмы, — пачаў сваё выступленне нямецкi палiтык. На яго погляд, у Беларусi i Германii ёсць шмат пунктаў перакрыжавання iнтарэсаў. Але ён прапанаваў прысутным разам з iм паглядзець на новую праграму Еўрапейскага Саюза з пункту погляду зямлi Брандэнбург.

У час сустрэчы неаднойчы здавалася, што сама праграма пакуль iснуе толькi на паперы i ў агульных рысах. Адсюль, вiдаць, адсутнасць канкрэтыкi. Можа, таму ў дакладзе Герда Хармса i ў яго адказах на пытаннi пераважалi тэзiсы i разважаннi агульнага плана: "Гэта праграма — працягнутая рука, каб аказаць падтрымку краiнам-партнёрам". "Усходняе партнёрства" — своеасаблiвы iнструмент для дасягнення больш цеснай кааперацыi памiж яе ўдзельнiкамi. Яна — працяг той палiтыкi добрасуседства, якую ЕС пачаў праводзiць яшчэ некалькi гадоў таму".

Мне, напрыклад, больш за ўсё спадабалася слушная думка аб тым, што "Усходняе партнёрства" — гэта не булка з разынкамi, з якой iх можна выкалуплiваць i ласавацца. А таму будзем памятаць, што разынкамi Еўропа не раскiдваецца. За частаколам агульных слоў госць даў зразумець, што не варта мець празмерных чаканняў ад новай iнiцыятывы ЕС.

Вiдаць, з гэтай нагоды Герд Хармс звярнуў увагу на тое, што не трэба разглядаць "Усходняе партнёрства" i як пэўны крок, за якiм з'яўляецца рэальная перспектыва членства ў Еўрапейскiм Саюзе. Аднак праграма не выключае сумеснай работы з мэтай паступовага ўступлення ў ЕС. Час пакажа, а пакуль будзем развiваць ўзаемавыгаднае супрацоўнiцтва. У гэтым сэнсе праграма дае дадатковыя шанцы. Напрыклад, гарманiзацыя адносiнаў у сферы эканомiкi i як вынiк — маючае адбыцца заключэнне пагаднення аб зоне свабоднага гандлю. Таксама вельмi карысным будзе запланаванае падпiсанне пакту аб стабiльнасцi i бяспецы, разгортваннi сумеснай работы па супрацьдзеяннi карупцыi, наркатрафiку i нелегальнай мiграцыi. I, магчыма, пры спрыяльным развiццi падзей стане рэальнай дамова аб бязвiзавых паездках грамадзян краiн-удзельнiц "Усходняга партнёрства", што ў сваю чаргу дазволiць больш свабодна функцыянаваць рынку працоўнай сiлы Еўропы.

Вельмi важнай часткай "Усходняга партнёрства" стане распрацоўка палiтыкi энергетычнай бяспекi як у Еўрасаюзе, так i ў краiнах, якiя знаходзяцца на ўсходзе ад яго. Каб не паўтарылiся выпадкi, накшталт леташняга, напрыклад, калi з-за канфлiкту Украiны i Расii моцна пацярпеў зiмой шэраг краiн, асаблiва Балгарыя.

У рамках "Усходняга партнёрства", падкрэслiў Герд Хармс, мяркуецца весцi дыялог на чатырох платформах. Яны датычацца такiх фундаментальных рэчаў, як прасоўванне дэмакратыi, падтрымка рынкавай эканомiкi, заахвочванне свабоднага гандлю, адказнае кiраванне дзяржавай, забеспячэнне стабiльнасцi, абарона правоў чалавека.

Расiя разлiчвае на прывiлеяваны статус

Як вядома, iдэя праграмы "Усходняе партнёрства" ўзнiкла па iнiцыятыве польскiх i шведскiх дыпламатаў. Па сутнасцi, яна з'яўляецца дамовай памiж Еўрапейскiм Саюзам i Украiнай, Малдовай, Азербайджанам, Арменiяй, Грузiяй i Беларуссю. Аднак Расiя з раздражненнем i з пэўнай падазронасцю ўспрыняла абвяшчэнне "Усходняга партнёрства". Першыя крокi па ажыццяўленнi праграмы выклiкалi ў Крамлi крытыку, маўляў, Брусель за спiнай Масквы вядзе нейкую малазразумелую гульню супраць Расii. Дасталося i Беларусi, якую асобныя расiйскiя палiтыкi нават спрабавалi абвiнавацiць у здрадзе саюзнiцкаму абавязку, двайных стандартах i г.д. Таму невыпадкова Герда Хармса спыталi: чаму Расiю не запрасiлi да ўдзелу ва "Усходнiм партнёрстве"?

— Еўрасаюз зрабiў такую прапанову Маскве, але яна адмовiлася. Чаму? Вiдаць таму, што свае стасункi з Еўрасаюзам Расiя разглядае як адносiны асаблiвага роду, iмкнецца да прывiлеяванага становiшча ў сiстэме еўрапейскага партнёрства. Таму расiйскi бок адхiлiў прапанову далучыцца да "Усходняга партнёрства". Зараз з гэтай нагоды ў Расii iдуць дыскусii на тэму: якiм чынам будзе надалей развiвацца яе партнёрства з Еўропай. У Расii, вiдаць, нямала палiтыкаў, якiя мысляць катэгорыямi сфер уплыву. А iдэя "Усходняга партнёрства", падкрэслю, не мае на мэце ўмацаванне свайго ўплыву ў суседнiх краiнах, размова ў першую чаргу iдзе аб умацаваннi адносiнаў з суседзямi. "Усходняе партнёрства" нi ў якiм разе не з'яўляецца спробай стварыць нейкую сферу ўплыву насуперак iнтарэсам Расii", — сказаў Хармс. Такi вось адказ Бруселя Маскве праз Брандэнбург.

Халявы, панове, не будзе

Натуральна, прысутных цiкавiла пытанне: якая нам будзе карысць ад "Усходняга партнёрства"? У тым лiку i фiнансавая. На рэалiзацыю праграмы мяркуецца выдаткаваць недзе крыху больш за 700 мiльёнаў еўра. Хаця, як адчувалася па тоне размовы ў "Еўропе", гэта не канчатковая лiчба. Бюджэт праграмы разлiчаны на некалькi гадоў. Ды i няма пакуль дакладных прапаноў i правiлаў карыстання яго сродкамi. Так, па словах Герда Хармса, не трэба разлiчваць на тое, што кожная краiна будзе мець свой рахунак, свабодна здымаць i трацiць грошы, як ёй захочацца. Каб iх атрымаць (а размова iдзе аб мiльёнах еўра, якiя нялiшнiя ў ЕС), трэба ўдзельнiкам праграмы дакладна распрацаваць свае канкрэтныя нацыянальныя праекты, а затым правесцi прадметныя перамовы з Бруселем па iх фiнансаваннi. Удзельнiкi павiнны вызначыцца з колам сваiх прапаноў i пазнаёмiць з iмi Еўрасаюз.

Карацей i проста кажучы, халявы не будзе. Грошы ёсць, але ўзяць iх няпроста. Думаецца, для нас гэта не трагедыя. Беларусы, упэўнены, здольныя прапанаваць дзясяткi цiкавых i карысных для абодвух бакоў праектаў. Яны могуць быць самыя розныя — ад сельскай гаспадаркi i транспартнай лагiстыкi да распрацоўкi альтэрнатыўных крынiц энергii. Таксама будуць вiтацца праекты па паглыбленнi трансгранiчнага супрацоўнiцтва, пашырэннi кантактаў памiж жыхарамi розных краiн.

— Увогуле "Усходняе партнёрства" варта разглядаць як адзiную канструкцыю, у рамках якой кожная краiна мае права прапаноўваць свае праекты, сама дамаўляцца аб яго мэтах, удзельнiках, тэрмiнах. Анiякага цiску звонку не будзе. Галоўнае, каб праекты адпавядалi духу i зместу iдэй "Усходняга партнёрства, — казаў спецыялiст па еўраiнтэграцыi.

Надышоў новы этап у адносiнах з ЕС

Гэта думка належыць прафесару, дэкану эканамiчнага факультэта Белдзяржунiверсiтэта Мiхаiлу Кавалёву. На яго погляд, "Усходняе партнёрства" задало тон i кiрунак да больш шчыльных кантактаў з ЕС на розных узроўнях. Таму не столькi ўжо важна, як хутка будуць выпрацаваныя механiзмы рэалiзацыi нацыянальных праектаў. Аднак ужо сёння на гэтым спрыяльным фоне трэба распачынаць працу над мiкрапраектамi, якiя дазволяць пашыраць мiжнародныя кантакты, у першую чаргу моладзi.

Па словах Мiхаiла Кавалёва, мы ў сваiх стасунках з Еўрасаюзам прайшлi тры этапы. Першы — калi чыноўнiкi ездзiлi адзiн да аднаго i ўсё нешта высвятлялi. На другiм этапе вельмi часта гасцявалi ў Бруселi прадстаўнiкi апазiцыi, а ў Мiнску — еўрачыноўнiкi. Зараз настае трэцi этап у адносiнах з ЕС, а таму хацелася б, каб новыя магчымасцi былi максiмальна выкарыстаны для ўзбагачэння бакоў ведамi, павелiчэння колькасцi абмену навукоўцамi, студэнтамi, сумесных праектаў. Гэта надало б iмпульс супрацоўнiцтву, напрыклад, у сферы адукацыi. Каб больш нашых юнакоў i дзяўчат вучылася ў еўрапейскiх ВНУ, у прыватнасцi, нямецкiх. I каб затым яны вярталiся дамоў i вялi справы з Еўропай у iнтарэсах Беларусi.

На здымку: Герд Хармс у час дыскусii.

Леанiд Лахманенка.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямi ў мiнскай гасцiнiцы з сiмвалiчнай назвай "Еўропа" для правядзення мерапрыемства па тэме стасункаў з краiнамi Еўрапейскага Саюза прайшл
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика