Аляксандр Лукашэнка: Беларусь не будзе рабiць выбар памiж Расiяй i Еўрасаюзам
Аляксандр Лукашэнка: Беларусь не будзе рабiць выбар памiж Расiяй i Еўрасаюзам
Аб гэтым заявiў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кiраўнiкамi загранус- таноў рэспублiкi. З моманту мiнулай нарады Прэзiдэнта з кiраўнiкамi загранустаноў Беларусi прайшло тры гады. "Мы не павiнны i не будзем, як хацелася б некаторым у цяперашняй сiтуацыi, карэнным чынам пераглядаць стратэгiчныя напрамкi ўнутранай i знешняй палiтыкi Беларусi", — сказаў кiраўнiк дзяржавы. "Іх правiльнасць даказана на практыцы", — лiчыць ён. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што своечасовая кропкавая i гiбкая карэкцiроўка асобных падыходаў жыццёва неабходна такой маладой кампактнай дзяржаве, як Беларусь. Паводле слоў Прэзiдэнта, эканамiчны крызiс, нават такi сур'ёзны, як цяперашнi, усё ж з'ява часовая. Але яго негатыўныя наступствы неабходна мiнiмiзаваць i пераадольваць. "Складаныя перыяды — гэта натуральны стрэс-тэст для краiны, якi дае магчымасць прыняць меры для павышэння яе ўстойлiвасцi да цяперашнiх уздзеянняў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Бюракратызм i непаваротлiвасць некаторых рэспублiканскiх i мясцовых органаў выканаўчай улады адпужваюць замежных партнёраў, лiчыць Аляксандр Лукашэнка. Прэзiдэнт падкрэслiў, што такiя пытаннi, як якасць прадукцыi, абслугоўванне, лагiстыка, лiзiнгавыя схемы знаходзяцца ў кампетэнцыi беларускiх таваравытворцаў i галiновых мiнiстэрстваў. "I тут адных дыпламатычных намаганняў або перагавораў на высокiм i вышэйшым узроўнях недастаткова. Мы ўсе павiнны працаваць адзiнай камандай, дабiвацца рэальных вынiкаў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў, што сёння стратэгiчным, найважнейшым пытаннем для беларускай эканомiкi з'яўляецца продаж вырабленай прадукцыi. На яго думку, цяпер неабходна ацанiць сiтуацыю ў комплексе i прыняць рашэннi, якiя дадуць магчымасць стварыць якасна новую i больш устойлiвую аснову для рэалiзацыi iнтарэсаў Беларусi ў знешнепалiтычнай i знешнеэканамiчнай сферах. Асаблiвая ўвага будзе ўдзелена дзейнасцi беларускiх паслоў у краiнах, якiя прадстаўляюць для Беларусi стратэгiчны iнтарэс. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што будзе карысным азнаёмiцца з вопытам асобных прадпрыемстваў, якiя, нягледзячы на сусветны крызiс, забяспечваюць стабiльную работу i павялiчваюць пастаўкi сваёй прадукцыi за мяжу, прычым прадукцыi навукаёмiстай. За чарадой крызiсаў настане паваротны этап, якi непазбежна прывядзе да карэкцыi сусветнай палiтыкi, перакананы Прэзiдэнт Беларусi. "Наперадзе — новая канфiгурацыя сiлаў на сусветнай арэне, якая, хутчэй за ўсё, не будзе традыцыйнай нi па форме, нi па змесце асноўных фактараў, якiя яе ўтвараюць", — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы. На яго думку, Беларусi неабходна своечасова не проста ўбачыць, а заняць сваё месца ў гэтым светапарадку, якi абнаўляецца, даказаць не толькi жаданне i права быць незалежнай дзяржавай, але i, што значна больш цяжка, сваю здольнасць быць такой. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што эканамiчны крызiс стаў заканамерным прадаўжэннем той сукупнасцi крызiсаў, якiя ў апошнiя гады ўзнiкалi на самых адчувальных напрамках — у энергетыцы, на рынку прадуктаў харчавання, у фiнансавай сферы, правакуючы i ўзмацняючы адзiн аднаго. "Мiжнародныя кiруючыя структуры, якiя раней з лёгкасцю дырыжыравалi глабальнымi эканамiчнымi працэсамi, у рэальнасцi аказалiся не гатовыя да адэкватнага адказу на новыя выклiкi. Сёння яны занялiся пошукам больш дасканалых формаў i новага зместу мiжнародных адносiнаў", — сказаў Прэзiдэнт. Да падрыхтоўкi стратэгiчных рашэнняў развiтыя краiны ўсё больш актыўна падключаюць буйныя дзяржавы, якiя сталi на шлях развiцця i якiм яшчэ ўчора была прызначана роля толькi рынкаў збыту. Узмацняюцца рэгiянальныя iнтэграцыйныя ўтварэннi, у тым лiку такiя, як напрыклад ЕўрАзЭС, ШАС, БРIК). Выпрацоўваюцца новыя падыходы да пытанняў забеспячэння бяспекi. "Словам, у пошуку ўсе — ад звышдзяржаў да краiн, якiя сталi на шлях развiцця, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Асноўным зместам гэтых працэсаў з'яўляецца абвастрэнне барацьбы за сферы ўплыву i энергетычныя рэсурсы, жорсткая прагматызацыя знешняй палiтыкi". Зняцце ЗША эканамiчных санкцый адносна Беларусi стане сiгналам для паўнацэннага аднаўлення ўзаемнай дыпламатычнай прысутнасцi, заявiў Аляксандр Лукашэнка. "Ад амерыканскага боку мы чакаем зняцця эканамiчных санкцый, унiжальных для самiх ЗША. Гэта стане сiгналам для паўнацэннага аднаўлення ўзаемнай дыпламатычнай прысутнасцi, — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы. — Мы прапануем Злучаным Штатам прадметны i канструктыўны дыялог па ўсiм спектры актуальных пытанняў i першымi гатовы працягнуць руку дапамогi для аднаўлення клiмату ўзаемаразумення i даверу". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкi, эканамiчныя санкцыi Вашынгтона ўдарылi ў першую чаргу па амерыканскiх спажыўцах беларускай прадукцыi. "Пра ўсё гэта я прадметна зусiм нядаўна гаварыў на сустрэчы з прадстаўнiчай дэлегацыяй амерыканскiх кангрэсменаў. Наша размова была далёка не простая, але вельмi адкрытая i шчырая. I, паверце, агульных падыходаў мы знайшлi нямала. Кангрэсмены папрасiлi яшчэ раз сустрэцца для абмеркавання гэтых i iншых пытанняў. Мы адкрыты i гатовы сустракацца", — дадаў кiраўнiк дзяржавы. Беларусь зацiкаўлена ў сур'ёзным нарошчваннi гандлёва-эканамiчнага i iнвестыцыйнага ўзаемадзеяння з ЗША "Паглядзiце, на наш рынак iрвуцца такiя амерыканскiя гiганты, як "Катэрпiлар", "Ханiвэл" i iншыя. Лiчу, у каманды, якая прыйшла да ўлады, дастаткова прагматызму i разважлiвасцi, каб зразумець, што такiя кантакты нi ў якай меры не пагражаюць нацыянальным iнтарэсам ЗША", — сказаў беларускi лiдар. Паводле яго слоў, сёння ў Злучаных Штатах новая адмiнiстрацыя "ўсiмi сваiмi дзеяннямi дэманструе нацэленасць на больш адказную ролю ў зменлiвым свеце". "Iдзе пераасэнсаванне месца i значэння ЗША ў сiстэме мiжнародных адносiнаў. Спадзяюся, гэты працэс закране ў пазiтыўным рэчышчы i Беларусь", — дадаў Прэзiдэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што Злучаныя Штаты Амерыкi — гэта вялiзная iмперыя, якая мае iнтарэсы ў самых аддаленых кутках планеты. "Нягледзячы на вялiкiя адрозненнi, несумненна, ёсць i тое, што аб'ядноўвае Беларусь i ЗША. Перш за ўсё ў нас агульныя памкненнi ў кантэксце глабальнай бяспекi", — перакананы кiраўнiк дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка заявiў, што Беларусь — надзейны партнёр ЗША ў барацьбе з мiжнароднай злачыннасцю, незаконным абаротам наркотыкаў, гандлем людзьмi, эфектыўнае звяно забеспячэння рэгiянальнай стабiльнасцi i бяспекi. "Мы падзяляем прынцыпы мiжнароднай антытэрарыстычнай каалiцыi i гатовы да яшчэ больш цеснага супрацоўнiцтва па пытаннях экспартнага кантролю i барацьбы з тэрарызмам", — сказаў Прэзiдэнт. За апошнiя гады сапраўды змянiлася якасць беларускай знешняй палiтыкi, заявiў Прэзiдэнт. Як адзначыў кiраўнiк дзяржавы, палiтыка перастала быць аднамернай, стала па-сапраўднаму шматвектарнай i дынамiчнай. "I гэта не паварот на Захад, Поўдзень або Усход. Гэта — рух наперад!" — сказаў Прэзiдэнт. Ён таксама канстатаваў, што сёння ўжо нiхто не сумняваецца адносна незалежнасцi беларускай дзяржавы, поўнай самастойнасцi ў выбары свайго курсу, чаго не было яшчэ некалькi гадоў таму. Важным iнструментам стратэгii беларускага суверэнiтэту стала дыверсiфiкацыя. На думку кiраўнiка дзяржавы, толькi спалучэнне шматвектарных знешнiх сувязяў i разнастайных узаемазалежнасцяў, iх пераплятанне дае трывалую аснову для ўстойлiвай, стабiльнай эканомiкi. Сёння знешнi гандаль Беларусi стаў больш-менш збалансаваным. Пакуль па асноўнай восi: Усход-Захад. Тавараабарот як з Расiяй, так i Еўрасаюзам размяркоўваецца прыкладна ў роўных долях. Гэта стратэгiчны поспех нашай краiны, падкрэслiў Прэзiдэнт. Аднак дэверсiфiкацыя патрабуе i прыцягнення замежнага капiталу ў эканомiку краiны. Аптымальным варыянтам для Беларусi была б камбiнацыя капiталу Расii, Захаду i трэцiх краiн. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за апошнiя паўтара-два дзясятка гадоў фактычна створана новая эканамiчная геаграфiя свету. Беларусь iнтуiтыўна адчула гэтыя працэсы i ўвайшла ў раней невядомыя для яе рэгiёны з прынцыпова новымi эканамiчнымi прапановамi. "Размова iдзе не проста аб з'яўленнi новых iгракоў на мiжнароднай арэне. Адбываецца пераўтварэнне светаўладкавання, якое вядзе да ўсталявання новага парадку ў сферы мiжнародных фiнансаў, эканомiкi, да паглыблення канкурэнцыi i раздзялення рынкаў", — сказаў беларускi лiдар. Беларусь за мiнулыя гады зрабiла прынцыповы прарыў у гiстарычна новае для сябе вымярэнне па лiнii Поўнач-Поўдзень. Гэта выбудоўванне глыбокiх i ўзаемавыгадных адносiнаў з такiмi магутнымi краiнамi, як Кiтай, Iндыя, Iран, В'етнам, дзяржавы Персiдскага залiва, Венесуэла. Прычым Беларусь аказалася здольная працаваць з гэтымi партнёрамi ў прынцыпова новых для сябе формах. У прыватнасцi, з мiнулага года Беларусь вядзе разведку i здабычу венесуэльскай нафты, пастаўляе яе на сусветны рынак, i рэнтабельна. Сярод якасных характарыстык новай знешняй палiтыкi Беларусi Аляксандр Лукашэнка назваў усёабдымную i комплексную сiстэму бяспекi. "Наша канцэптуальная пазiцыя — гэта прамая ўзаемазалежнасць устойлiвага развiцця эканомiкi i забеспячэння нацыянальнай бяспекi", — адзначыў кiраўнiк дзяржавы. Ён таксама дадаў, што гэтыя асноўныя прынцыпы знешняй палiтыкi суверэннай Беларусi i будуць развiвацца ў блiжэйшай i сярэднетэрмiновай перспектыве. Украiна ў будучым можа стаць дадатковым шляхам дастаўкi ў Беларусь энергарэсурсаў, лiчыць Лукашэнка. "Мы бачым сур'ёзны сэнс i перспектыву ў двухбаковым узаемадзеяннi. Паглядзiце на значную суму дакрызiснага тавараабароту з Украiнай: ён самы вялiкi для нас пасля Расii i апярэджвае аб'ёмы гандлю з Германiяй i Польшчай. Значная перавага гандлю Беларусi i Украiны ў тым, што ён збалансаваны", — перакананы Прэзiдэнт. У цяперашнiх эканамiчных рэалiях Украiна для Беларусi яшчэ i найважнейшы выхад да акваторыi паўднёвых мораў, транзiтны шлях для айчынных тавараў. Ва ўмовах ускладнення энергетычнай сiтуацыi ў цэлым, пачатай перакройкi традыцыйных напрамкаў энергатранзiту беларускi бок вымушаны ўбачыць ва Украiне новую стратэгiчную сферу супрацоўнiцтва, магчымы ў будучым дадатковы шлях дастаўкi ў Беларусь энергарэсурсаў. "Няхай такая перспектыва на гэты момант не зусiм зразумелая, але скiдаць яе з рахункаў было б памылковым", — сказаў кiраўнiк дзяржавы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкi, "Беларусь i Украiна ў многiм, хоць i не ва ўсiм, маюць падобнае становiшча памiж двума цэнтрамi сiлы". Гэта аб'ектыўная рэальнасць, якую неабходна ўлiчваць пры знешнепалiтычным планаваннi, лiчыць ён. "Скажу шчыра: у нас сёння добрыя адносiны з Украiнай. Мы знайшлi магчымасць выбудаваць адносiны з кiраўнiцтвам блiзкай нам Украiны, нягледзячы на розныя погляды i падыходы", — дадаў беларускi лiдар. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Украiна фактычна "не ўдзельнiчае ў iнтэграцыйных намаганнях". "Мы паважлiва ставiмся да выбару Украiны, але гэта краiна для нас не адрэзаны кавалак", — дадаў Прэзiдэнт. Беларусь не збiраецца рабiць выбар памiж Расiяй i Еўрасаюзам, заявiў Прэзiдэнт. Кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў, што ўзаемадзеянне з Еўрасаюзам не можа будавацца ва ўрон дружалюбным адносiнам з Расiяй i наадварот. "Вельмi важна разумець, што незалежнасць Беларусi шматвектарная: незалежнасць ад усiх, не ад каго-небудзь аднаго, — сказаў ён. — Я ўпэўнены, што прыстойныя i шчырыя партнёры з абодвух бакоў падтрымаюць наш выбар". Прэзiдэнт канстатаваў, што ва ўзаемаадносiнах з Расiяй з'яўляюцца ўсё больш часта i становяцца ўсё больш вострымi спрэчныя моманты, за якiмi, часам, прасочваюцца паслядоўнасць i сiстэмнасць. Паводле яго слоў, з беларускага боку гэта выклiкае трывогу, а часам боль i расчараванне. На яго думку, апiраючыся на перавагi i пазiтывы агульнай гiсторыi, можна пабудаваць асаблiвыя, унiкальныя адносiны памiж Беларуссю i Расiяй як новымi незалежнымi дзяржавамi. "Напэўна, многае рабiлася з памылкамi i ўпушчэннямi. Але аснова i мэта былi i застаюцца правiльныя", — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тэма шматвектарнасцi беларускай палiтыкi апошнiм часам выклiкала масу спекуляцый, асаблiва ў кантэксце ўзаемаадносiнаў з Расiяй i ЕС. Ён перакананы, што "корань пытання, як заўсёды, у простым — у iнтарэсах". "У апошнiя месяцы з розных бакоў на Усходзе i на Захадзе было дастаткова выказванняў i ўзаемных папрокаў адносна сфер уплыву, галiн геапалiтычных або жыццёвых iнтарэсаў. Памылкова ў гэтых дыскусiях адно: Беларусь разглядаюць толькi ў якасцi аб'екта чыiх-небудзь iнтарэсаў", — сказаў беларускi лiдар. "А як жа нашы iнтарэсы, уласна Беларусi? Яны ж i ёсць самыя законныя i абгрунтаваныя. Мы iх будзем няўхiльна абараняць i дабiвацца паважлiвых адносiнаў да сябе з боку нашых саюзнiкаў i партнёраў", — рэзюмаваў Прэзiдэнт. Беларусь уваходзiць ва Усходняе партнёрства не прасiцелем, а раўнапраўным удзельнiкам. Гэты факт асаблiва падкрэслiў Прэзiдэнт. Кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што ступень прысутнасцi Беларусi ў гэтай праграме будзе вызначацца выключна зыходзячы з уласных нацыянальных iнтарэсаў, "нi ў якiм выпадку не з-за ўдзячнасцi, што нас туды паклiкалi". Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што па некаторых параметрах Беларусь адстае ад вядучых краiн Еўрасаюза: не дацягваем па прадукцыйнасцi i эфектыўнасцi працы, прымяненнi ў вытворчасцi навукова-даследчых i доследна-канструктарскiх работ, развiццi сфер паслуг i дзелавой практыкi ў цэлым. Таму нам неабходна вучыцца ў еўрапейцаў працаваць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыi, адпавядаць самым высокiм стандартам якасцi i крытэрыям функцыянавання на самых патрабавальных рынках. І самае галоўнае — ствараць беларускаму народу ўмовы i якасць жыцця, якiя не ўступаюць еўрапейскiм. Такая "выгада", падкрэслiў Прэзiдэнт, можа быць атрымана з удзелу Беларусi ва Усходнiм партнёрстве. На гэта павiнны быць нацэлены намаганнi мiнiстэрстваў, ведамстваў, прадпрыемстваў, у першую чаргу ў рамках канкрэтных галiновых дыялогаў па развiццi ўзаемадзеяння з ЕС. Пры гэтым самую актыўную ролю ў такой рабоце кiраўнiк дзяржавы адводзiць Мiнiстэрству замежных спраў, як найбольш вопытнай у знешнiх зносiнах структуры, якая мае падрыхтаваных спецыялiстаў, якой трэба падцягнуць астатнiх, дапамагчы ў першапачатковым устанаўленнi кантактаў i растлумачэннi правiлаў гульнi на агульнаеўрапейскiм рынку. Беларусь будзе паслядоўна развiваць i ўдасканальваць сваё грамадства па сваiх патрэбнасцях, а не па чужым шаблоне i не пад чыю-небудзь дыктоўку, заявiў Аляксандр Лукашэнка. "Важная i патрэбная не знешняя "дэмакратычная" абалонка. I тым больш не прывезеная i не насаджаная звонку. Такая наспех прывiтая дэмакратыя няўстойлiвая. Яна прыходзiць i адыходзiць, — перакананы беларускi лiдар. — Але бяда ў тым, што такiя "мiчурынскiя" практыкаваннi наносяць цяжкапапраўную шкоду краiне, эканомiцы, i ў канчатковым вынiку, народу". "Нiхто не адмаўляе, што дэмакратыя — справа правiльная. Яе ў нас i сёння на справе не менш, чым у любога з суседзяў, — той дэмакратыi, якая рэальна, штодзённа патрэбна чалавеку, яго сям'i. А не пустой балбатнi за кошт замежных спонсараў", — сказаў кiраўнiк дзяржавы. Ён падкрэслiў, што Беларусь i ў далейшым зробiць усё, як трэба, як належыць дзяржаве ў сэрцы еўрапейскага кантынента, — паслядоўна i па-беларуску стабiльна. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што i ў Еўрасаюза, i ў ЗША з'явiлася разуменне магчымасцi iсцi да адной мэты рознымi шляхамi. "Прынцыпова важна, што Еўрасаюз, кiруючыся новымi адносiнамi з Беларуссю, i адмiнiстрацыя Злучаных Штатаў не ставяць сабе за мэту зрушэнне ўлады ў нашай краiне", — падкрэслiў ён. А такiя буйныя краiны, як Германiя, Iталiя, Францыя сталi сапраўды магутнымi лакаматывамi па ўключэннi Беларусi ў агульнаеўрапейскiя працэсы. "Мы за гэта ўдзячныя, разумеючы, чаго iм каштавала першымi кiнуць выклiк стэрэатыпам i прадузятым поглядам у адносiнах да нашай дзяржавы, сфармiраваным у гады iзаляцыi". Саюзная дзяржава Беларусi i Расii — незавершаны праект, аднак не правал i не ўтопiя. Такую думку выказаў Прэзiдэнт. Звычайныя людзi цэняць Саюз, чакаюць яго паўнацэннага фармiравання, паколькi ў сваiм штодзённым жыццi простыя грамадзяне выйграюць ад гэтага. Прэзiдэнт адзначыў, што ў Расii iдзе пераасэнсаванне не толькi адносiнаў у Саюзнай дзяржаве, але ў цэлым ролi i метадаў работы на прасторы СНД, у Еўропе i Азii, у свеце. "Мы чуем, што мэта Расii — гэта раўнапраўныя адносiны i прывiлеяваныя партнёрствы з зацiкаўленымi дзяржавамi постсавецкай прасторы. Навошта тады знiшчаць сфармiраваную адзiную сiстэму бяспекi ад Брэста да Уладзiвастока ва ўсiх яе вымярэннях? Навошта разбураць глыбокую i ўзаемаўвязаную прастору машынабудаўнiчай i тэхналагiчнай кааперацыi?" — адзначыў кiраўнiк дзяржавы. Беларусь лiчыла i лiчыць Расiю сваiм галоўным саюзнiкам, падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка, i зацiкаўлена ва ўмацаваннi яе эканамiчнага патэнцыялу i мiжнародных пазiцый. "Пры гэтым мы не можам заплюшчваць вочы на дзеяннi i фактары, адкуль яны нi зыходзiлi б, якiя падрываюць нашу ўласную комплексную бяспеку", — дадаў Прэзiдэнт. На яго думку, сiндром цяжкай "дзяржаўнасцi" ў адносiнах з блiзкiмi можа прывесцi да зусiм адваротнага эфекту. "Калi ЕС сапраўды хоча стварыць на сваiх гранiцах зону дабрабыту i стабiльнасцi, то наўрад цi якая-небудзь краiна з еўрапейскiх суседзяў адпавядае гэтым крытэрыям больш, чым Беларусь", — адзначыў кiраўнiк дзяржавы. Узровень, якасць жыцця ў Беларусi — наперадзе многiх суседзяў па рэгiёне, гранiцы нашай краiны не з'яўляюцца прадметам тэрытарыяльных спрэчак i прэтэнзiй, у нас няма нi этнiчных, нi канфесiянальных сварак, нi сацыяльнай напружанасцi ў грамадстве, мiнiмальнае сацыяльнае расслаенне па маёмаснай прыкмеце. Усё гэта — вынiк стваральнай палiтыкi i сацыяльнай арыентаванасцi дзяржавы, падкрэслiў Прэзiдэнт. Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб гэтым заявiў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кiраўнiкамi загранус- таноў рэспублiкi. З моманту мiнулай нарады Прэзiдэнта з кiра |
|