Аптымiзацыя АПК Беларусi будзе прадоўжана за кошт узбуйнення гаспадаракАптымiзацыя АПК Беларусi будзе прадоўжана за кошт узбуйнення гаспадарак Аптымiзацыя аграпрамысловага комплексу Беларусi будзе прадоўжана за кошт узбуйнення гаспадарак, аднак гэты працэс павiнен праходзiць натуральным шляхам. Аб гэтым заявiў 8 жнiўня Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка, наведваючы СВК "Астрамечава" Брэсцкага раёна. У другі дзень рабочай паездкi па рэгiёнах краiны Прэзiдэнт пабываў у адным з буйных прадпрыемстваў Брэсцкага раёна — СВК "Астрамечава". Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусi ёсць узоры гаспадарак, па якiх трэба выбудоўваць работу ўсiх сельгаспрадпрыемстваў. "У нас ужо ёсць маса такiх узорных гаспадарак, на якiя нам трэба арыентавацца ў плане структуравання зямельных угоддзяў, тэхналогiй, дысцыплiны i iншага", — сказаў кiраўнiк дзяржавы, у якасцi аднаго з паказальных прыкладаў прывёўшы гаспадарку СВК "Астрамечава", якую ён наведваў. Прэзiдэнт падкрэслiў мэтазгоднасць паступовага ўзбуйнення гаспадарак у раёнах. Аптымальны памер гаспадаркi, з яго пункту гледжання, каля 10 тыс. га. "Аднак штучна заганяць усiх у буйныя гаспадаркi нельга. Я катэгарычны працiўнiк штучнага ўзбуйнення: калi нейкая невялiкая гаспадарка працуе прыбыткова, то няхай так i застаецца", — сказаў ён. Напрыклад, аграпрам Брэсцкага раёна, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкi, "структураваны як належыць", а таму "трэба iсцi ў iншыя раёны i глядзець, што трэба зрабiць там". Беларускi лiдар прызнаўся, што раней аддаваў перавагу варыянту невялiкiх маштабаў гаспадарак (каля 5 тыс. га). "Але цяпер, калi мяняюцца тэхналогii, трэба па-iншаму ставiцца да дысцыплiны, трэба лiчыць грошы, малыя гаспадаркi не заўсёды спрацоўваюць эфектыўна. Патрэбны буйныя гаспадаркi", — падкрэслiў Прэзiдэнт. Ён дадаў, што яшчэ адным фактарам, якi пераконвае ў неабходнасцi ўзбуйнення, з'яўляецца тое, што ўсё больш сельскiх жыхароў ад'язджаюць у аграгарадкi i гарады. "Мы не памылiмся з узбуйненнем, калi толькi не будзем праводзiць яго штучна", — яшчэ раз падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы. "Будзем ствараць вялiкiя комплексы зямлi i ўладкоўваць на iх вытворчасць", — дадаў ён. Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, сёння ёсць розныя варыянты мадэляў эфектыўнага ўладкавання сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Ён таксама нагадаў сваё патрабаванне, што сучасныя тэхналогii павiнны ўкараняцца паўсюдна, а не толькi ў асобных гаспадарках. У час наведвання Брэсцкага раёна Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў пытанне тэхналогiй утрымання буйной рагатай жывёлы. У прыватнасцi, выпас малочнага статка павiнен быць зведзены да мiнiмуму, а выпас мясных парод жывёлы ажыццяўляцца пераважна на непрыдатных землях пры пойменных участках i лугавых палях. Прэзiдэнт чарговы раз акцэнтаваў увагу на тым, што ў будучай пяцiгодцы неабходна адыходзiць ад датавання сельскай гаспадаркi. "Мы будзем дапамагаць гаспадаркам толькi па сутнасцi. Дзяржава павiнна займацца сваiм колам пытанняў: зямля, дарогi, сацыяльная сфера. А вытворчая сфера — гэта справа кiраўнiкоў прадпрыемстваў". У цэнтры ўвагi Аляксандра Лукашэнкi знаходзiлiся i пытаннi арганiзацыi работ па сушцы, дапрацоўцы, захоўваннi збожжа i падрыхтоўцы насеннага матэрыялу. У краiне дзейнiчае 3,3 тыс. зернесушыльных комплексаў i 2,3 тыс. асобных невялiкiх сушылак. У гэтым годзе ўведзены ў строй 104 комплексы. У суткi перапрацоўваецца 600 тыс. тон збожжа, вiльготнасць якога складае не больш як 20 працэнтаў. Кiраўнiку дзяржавы было даложана аб ходзе выканання праграмы мадэрнiзацыi зернесушыльных комплексаў у гаспадарках Брэсцкай вобласцi. Брэсцкi губернатар Канстанцiн Сумар у размове з Прэзiдэнтам узняў пытанне аб селекцыi. Ён адзначыў, што тэрмiн выпрабавання выведзеных сартоў насення цяпер у Беларусi вельмi вялiкi — 4-5 гадоў, а поўны цыкл селекцыi складае 9-10 гадоў. З-за гэтага айчыннае раслiнаводства вымушана адставаць ад замежнага па тэмпах асваення новых сартоў. У сувязi з гэтым старшыня аблвыканкама прапанаваў выкарыстоўваць у севазвароце тыя распрацаваныя сарты, якiя пакуль не прайшлi ўсю працэдуру выпрабаванняў, — гэта зэканомiць час. Неабходнасць скарачэння тэрмiнаў прызнаюць i беларускiя вучоныя. Разам з тым ёсць небяспека таго, што скарачэнне перыяду навукова-даследчых работ па вывядзеннi i ўкараненнi новых сартоў збожжавых культур можа прывесцi да пэўных негатыўных наступстваў. У гэтай сiтуацыi кiраўнiк дзяржавы лiчыць неабходным эксперыментальным шляхам выйсцi на вырашэнне гэтай праблемы. Ён таксама падкрэслiў, што тэхналогii селекцыi насення ў Беларусi неабходна паляпшаць. Прэзiдэнт наведаў у СВК "Астрамечава" зерняток, малочна-таварную ферму. Аляксандр Лукашэнка застаўся задаволены ўбачаным i даў высокую ацэнку рабоце брэсцкiх аграрыяў. Паводле паведамленняў прэс-службы
|