Аляксандр Лукашэнка: Беларусь па-ранейшаму застаецца адзiным надзейным стратэгiчным саюзнiкам РасiiПрэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка 13 жнiўня даў iнтэрв'ю тэлепраграме "Формула ўлады" — сумеснаму праекту расiйскага iнфармацыйнага агенцтва ІТАР—ТАСС i тэлеканала "Расiя". Ацэньваючы сучасны стан беларуска-расiйскiх адносiнаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што Беларусь па-ранейшаму застаецца надзейным саюзнiкам Расii. Аднак ён са шкадаваннем канстатаваў, што ў Расii няма аб'ектыўнай карцiны таго, што адбываецца ў Беларусi. "Палiтычная элiта Расii абсалютна не ведае, што адбываецца ў Беларусi. Вось яны прачытаюць у гадкiх газетах, дзе заказных артыкулаў хапае, дзе многiя ненавiдзяць Беларусь, i гавораць, што Беларусь пайшла на Захад, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Дык вы ж разбярыцеся па афiцыйных каналах, вы ў мяне спытайце, куды мы пайшлi: на Захад, на Усход... Яны не ведаюць, што адбываецца тут". Прэзiдэнт таксама адзначыў, што не разумее насцярожанасцi ў Расii наконт таго, што Беларусь апошнiм часам выбудоўвае адносiны з Еўропай. "Чаму кiраўнiцтва Расii так страшна ўспрымае, што мы пачалi размову з Еўропай?" — спытаў кiраўнiк беларускай дзяржавы. "Мы 45 працэнтаў гандлюем з Еўропай — мiльярды долараў. Я павiнен гэта палiтычна забяспечваць? Мы ж адмахнуцца ад гэтага не можам. Таму я забяспечваю ў знешняй палiтыцы, дыпламатычна, нашы эканамiчныя iнтарэсы", — сказаў Прэзiдэнт. "Помнiце, што адзiны надзейны саюзнiк у вас застаўся — гэта Беларусь, стратэгiчны саюзнiк на стратэгiчным напрамку. Так было заўсёды", — заявiў кiраўнiк беларускай дзяржавы. Перадача выходзiць у эфiр з 2000 года. За гэты час было знята больш як 150 праграм, сярод якiх тэлепартрэты прэзiдэнтаў ЗША Джорджа Буша i Барака Абамы, федэральных канцлераў Германii Герхарда Шродэра i Ангелы Меркель, прэзiдэнта Францыi Жака Шырака, караля Швецыi Карла ХVI Густава, караля Iспанii Хуана Карласа, каралевы Данii Маргрэтэ II, прэм'ер-мiнiстра Iталii Сiльвiо Берлусконi, амаль усiх кiраўнiкоў краiн СНД i iншых лiдараў дзяржаў. Тэлеверсiя гутаркi будзе паказана 29 жнiўня ў вячэрнiм эфiры тэлеканала "Расiя". Прэс-служба Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. |