«Яны стваралі летапіс раёна» — сумесны праект рэдакцыі газеты «Кліч Радзімы» і цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Аповед пра жыццё і працоўную дзейнасць былога галоўнага ўрача Лужкаўскай бальніцы сястрынскага догляду Тамару Захарэвіч. 21.by

«Яны стваралі летапіс раёна» — сумесны праект рэдакцыі газеты «Кліч Радзімы» і цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Аповед пра жыццё і працоўную дзейнасць былога галоўнага ўрача Лужкаўскай бальніцы сястрынскага догляду Тамару Захарэвіч

Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Старшыня райвыканкама Д. М. Ламака ўручае Падзяку Т. Ц. Захарэвіч на святкаванні 80-годдзя Шаркаўшчынскага раёна

Старшыня райвыканкама Д. М. Ламака ўручае Падзяку Т. Ц. Захарэвіч на святкаванні 80-годдзя Шаркаўшчынскага раёна

На працягу мінулага года ў бібліятэчнай сістэме раёна праходзіў творчы конкурс на лепшую даследчую працу “Вартыя нашай памяці”. Пра гэта мы ўжо паведамлялі на старонках нашай газеты. Галоўнай мэтай конкурсу было ўзгаданне імён землякоў, якія сваёй руплівай працай стваралі і прадаўжаюць ствараць летапіс нашага краю. На старонках “Кліч Радзімы” мы пачынаем публікацыю лепшых работ. Сёння размяшчаем матэрыял бібліятэкараў Лужкаўскай бібліятэкі Ірыны Машара і Лены Гугалінскай, прысвечаны былому галоўнаму ўрачу Лужкаўскай бальніцы сястрынскага догляду Тамары Ціханаўне Захарэвіч.
Чалавек роднай зямлі
“Мы з захапленнем чытаем прыгожыя і кранальныя раманы пра каханне, сочым за героямі любімых серыялаў і хвалюемся за іх лёсы, з цікавасцю даведваемся аб перыпетыях асабістага жыцця зорак і іншым часам не заўважаем самага галоўнага багацця — нашых людзей — самабытных, таленавітых, надзвычай працавітых, якія жывуць побач з намі. І мы павінны больш трапятліва адносіцца да таго, што прывыклі бачыць кожны дзень: да някідкіх, але поўных гарманічнага хараства родных краявідаў, да прыгожай і любай з мілагучнай назвай вёскі, да шчырых людзей, якімі спрадвеку славілася лужкаўская зямля.
Кожны чалавек кіруецца ў жыцці пэўнымі прынцыпамі, поглядамі, меркаваннямі пра тое, якім павінна быць яго жыццё, як у ім рэалізавацца, знайсці сваё месца і быць паспяховым. Кожны з нас марыць быць у цэнтры падзей, з’яў, увагі. А вось Тамара Ціханаўна Захарэвіч, былы галоўны ўрач Лужкаўскай участковай бальніцы, не прыкладала ніякіх асабістых намаганняў, каб звярнуць на сябе ўвагу, бо яе медыцынскія веды, талент урача і простая чалавечая адказнасць зрабілі ўсё за яе самі. Шчырая і адданая сваёй справе, яна заўсёды ішла да людзей, бо яе абавязак — дапамога чалавеку. Немалаважна ў цеснай гутарцы з пацыентам знайсці тыя словы, якія б маглі суцешыць, падбадзёрыць чалавека, каб паспрыяць паляпшэнню стану яго здароўя.
На працягу чатырох дзесяцігоддзяў адпрацавала Тамара Ціханаўна галоўным урачом. Шчырыя словы ўдзячнасці ад вялікай колькасці пацыентаў і сёння гучаць у адрас гэтай жанчыны, якая ў Лужках і навакольных вёсках вылечыла сотні людзей: у няпростых бытавых умовах праводзіла складаныя аперацыі, дапамагала пры родах, змагалася з цяжкімі захворваннямі і рабіла ўсё ад яе залежнае, каб дапамагчы сваім пацыентам.
Гады станаўлення
Тамара Ціханаўна нарадзілася 29 сакавіка 1940 года ў вёсцы Вялікае Сяло нашага раёна. Калі згарэла хата, сям’я пераехала жыць у Германавічы. Бацька Ціхан Емяльянавіч быў цесляром, а маці Ірына Аляксееўна хатняй гаспадыняй. У 1942 годзе бацька загінуў. Маці засталася адна з дзвюма дочкамі Валянцінай і Тамарай.
У 1956 годзе, паспяхова закончыўшы Германавіцкую сярэднюю школу, Тамара стала студэнткай Віцебскага медінстытута. Набыўшы вышэйшую адукацыю, некаторы час яна працавала медыцынскай сястрой у піянерскім лагеры ў пасёлку Старое Сяло паблізу Віцебска. Пасля была накіравана на пасаду ўрача агульнай практыкі Лужкаўскай участковай бальніцы.
Цяжка ўявіць, што ў пачатку 1960-х гадоў на тэрыторыі сельсавета пражывала каля 12 тысяч чалавек. Сама ж мясцовая бальніца на 25 месцаў і радзільны дом размяшчаліся ў старым непрыдатным для работы будынку з пячным ацяпленнем і глінянай падлогай. З транспарту ў лужкаўскіх медыкаў была толькі гужавая павозка.
Для мясцовага насельніцтва маладая жанчына-урач, якую ўжо праз тры гады працы прызначылі на пасаду кіраўніка ўчастковай бальніцы, была і тэрапеўтам, і хірургам, і акушэркай, і дзіцячым доктарам.
У 1963 годзе яна выйшла замуж за Мікалая Іванавіча Захарэвіча, якога наіравалі на працу ў саўгас “Гарадзец” з Докшыцкага раёна. У 1964 годзе ў сям’і нарадзіўся сын Сяргей.
З першых дзён працы яна сутыкнулася з рознымі праблемамі. Гэта і нарыхтоўка паліва, і недахоп медыцынскага абсталявання. Медыкі суткамі знаходзіліся на рабочых месцах, дзяжурылі каля пацыентаў, змагаліся з інфекцыйнымі захворваннямі, з вялікай колькасцю іншых хвароб. Шмат часу Тамара Ціханаўна праводзіла і ў радзільным доме, дзе ў год на свет з’яўлялася больш за 100 дзетак. Працавалі ўсе сумленна, не шкадуючы ўласных сіл і часу.
Паступова паляпшаўся быт медыцынскай установы. Спачатку ў адрамантаваны будынак была пераведзена амбулаторыя. У цяперашні час тут знаходзіцца Лужкаўская дзіцячая школа мастацтваў. Тут жа размясціліся лабараторыя, стаматалагічны кабінет, жаночая кансультацыя. За паляпшэнне ўмоў працы медперсаналу Тамара Ціханаўна і падначалены ёй калектыў атрымалі пераходны Чырвоны Сцяг.изображение_viber_2019-08-20_19-44-35 (Копировать) изображение_viber_2019-08-20_19-45-15 (Копировать) изображение_viber_2019-08-20_19-45-19 (Копировать) изображение_viber_2019-08-20_19-45-23 (Копировать) изображение_viber_2019-08-20_19-45-27 (Копировать) изображение_viber_2019-08-20_19-44-16 (Копировать) изображение_viber_2019-08-20_19-44-24 (Копировать) изображение_viber_2019-08-20_19-44-27 (Копировать) изображение_viber_2019-08-20_19-44-31 (Копировать)
“Работа — сэнс майго жыцця”
У 1980-я гады Тамара Ціханаўна Захарэвіч выпадкова даведалася аб дзейнасці Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Валюнтас” у Мінску. Яна пазнаёмілася з жонкай дырэктара англійскага дабрачыннага фонду Галінай Феліксаўнай Мілянцей, якая займалася гэтай дзейнасцю ў БССР. За час супрацоўніцтва з дырэкцыяй установы ўрач набыла для бальніцы значную колькасць абсталявання: тэлевізар, мікрахвалевую печ, амерыканскія і англійскія ложкі, пасцельныя прыналежнасці, аднаразовыя шпрыцы. Па тых часах гэта быў значны набытак.
У 2000 годзе Лужкаўская ўчастковая бальніца была пераведзена ў новы сучасны будынак. Установа аховы здароўя разлічвалася на 50 ложкаў і 100 наведванняў за дзень у амбулаторыі. Тут з’явіліся рэнтгенкабінет, фізіякабінет. У новай бальніцы Тамара Ціханаўна адпрацавала да выхаду на заслужаны адпачынак у 2008 годзе.
Тамара Ціханаўна Захарэвіч з’яўлялася ўдзельніцай медыцынскага форума ў Мінску. Яна выступала перад вялікай аўдыторыяй ад імя свах калег з Віцебшчыны, засяроджваючы ўвагу прысутных на аператыўным вырашэнні кадравага пытання, фінансавання галіны, што дазволіла ўжо ў бліжэйшы час больш эфектыўна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі.
У тым жа годзе медыцынскі персанал Лужкаўскай участковай бальніцы ў сувязі з дзесяцігоддзем з моманту адкрыцця ў якасці падарунка атрымаў новы аўтамабіль, ключы ад якога ва ўрачыстай атмасферы Тамары Ціханаўне ўручыў галоўны ўрач Шаркаўшчынскага тэрытарыяльна-медыцынскага аб’яднання Генрых Мікалаевіч Качан.изображение_viber_2019-08-20_19-45-46 (Копировать) изображение_viber_2019-08-20_19-45-50 (Копировать) изображение_viber_2019-08-20_19-45-54 (Копировать) изображение_viber_2019-08-20_19-45-58 (Копировать) изображение_viber_2019-08-20_19-45-35 (Копировать)
Тамару Ціханаўну неаднаразова выбіралі дэпутатам раённага і абласнога Саветаў дэпутатаў. Яна мае вялікае мноства ўзнагарод, сярод якіх ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн “Знак Пашаны”, нагрудны знак “Выдатнік аховы здароўя” і іншыя.
Але ж самай галоўнай узнагародай для сябе Тамара Ціханаўна лічыць людскую ўдзячнасць. Яна па-ранейшаму жыве ў Лужках. Тут жа пражывае і сын Сяргей. Унучка Маргарыта жыве і працуе ў Мінску, а ўнук Мікалай вучыцца ў Санкт-Пецярбурзе.
“Работа для мяне была сэнсам жыцця. На дапамогу людзям я ішла па першай просьбе, не мела часу на адпачынак, бо хвароба не лічыць гадзін — можа прыйсці ў любы час. Урач гэта не прафесія, гэта сэнс майго жыцця”, — упэўнена ў гэтым Тамара Ціханаўна Захарэвіч”.
Да друку падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.изображение_viber_2019-08-20_19-46-22 (Копировать) изображение_viber_2019-08-20_19-46-24 (Копировать) изображение_viber_2019-08-20_19-46-31 (Копировать) изображение_viber_2019-08-20_19-46-45 (Копировать)

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости о Коронавирусе)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика