Магазін “Сантэхнік” запрашае пакупнікоў
05.06.2020
—
Новости о Коронавирусе
|
Паступова колькасць гандлёвых кропак, якія належаць прыватным уласнікам, у нашым гарадскім пасёлку расце. У пакупнікоў ёсць выбар, якой краме аддаць перавагу ў набыцці таго або іншага харчовага ці прамысловага тавару. 16 мая адчыніў свае дзверы магазін па продажы сантэхнікі, будаўнічых матэрыялаў, тавараў для гаспадаркі, лакаў і фарбаў— “Сантэхнік”. У адзін з майскіх дзён мы наведалі гандлёвую кропку і пагутарылі з гаспадаром Дзмітрыем Кавальчуком. — Дзмітрый, у Вас даволі малады ўзрост, а справа, якой Вы пачалі займацца, вельмі сур’ёзная. Не боязна было пачынаць яе? — Ведаеце, мае бацькі больш за 20 год у сферы камерцыі. Спачатку займаліся продажам абутку, а цяпер у маці аналагічны магазін ёсць у Браславе. Таму з самага дзяцінства і мне перадаліся некаторыя навыкі ў вядзенні прадпрымальніцкай справы. Мне гэта падабаецца. — Асабіста для Вас з чаго ўсё пачыналася? — У 2018 годзе мы выкупілі дадзены зямельны ўчастак, на працягу года займаліся афармленнем усёй патрэбнай дакументацыі. Паступова сталі ўзводзіць будынак будучага магазіна. І так крок за крокам я ішоў да рэалізацыі сваёй задумкі. — Хто Вам, Дзмітрый, дапамагае весці справы? — Маім памочнікам у справе вядзення дакументацыі і іншых пытанняў з’яўляецца мая сястра Дзіяна. Яна вучыцца ў Мінскім дзяржаўным фінансава-эканамічным каледжы на апошнім курсе. Абяцала, калі атрымае дыплом аб адпаведнай прафесіі, будзе далей працаваць са мной. Спадзяюся, сваё абяцанне яна стрымае. Гэта вельмі добра, калі твой родны чалавек працуе с табой дзеля агульнага дабрабыту. — Што на дадзены момант Вы прапануеце пакупнікам і тавары якой вытворчасці рэалізуеце? — Цяпер у наяўнасці маюцца сантэхніка, электратавары, садовы інструмент, фарбы, і г. д. У перспектыве будзем займацца продажам будаўнічых сумесей і больш буйных будаўнічых матэрыялаў, бо плошча магазіна ў поўнай меры дазваляе размясціць тут значную колькасць тавару. Вытворцы прадукцыі як айчынныя, так і замежныя. — У Шаркаўшчыне нямала гандлёвых кропак па рэалізацыі аналагічнага тавару. Вас не палохае канкурэнцыя? — Ні ў якім разе. У кожным магазіне свае пакупнікі. Калі не завышаць кошт, сумленна працаваць і добразычліва адносіцца да пакупнікоў, то абавязкова ўсталюецца бізнэс, які будзе прыносіць прыбытак. Лічу, што і месца размяшчэння майго магазіна я выбраў удала. Побач аўтавакзал, цэнтральная аптэка. Тут заўсёды людна і ў буднія дні, і ў выхадныя. Праца наша яшчэ толькі пачынаецца, але людзі з ахвотай прыходзяць, цікавяцца таварамі, купляюць. Спадзяюся, што так будзе і далей. Па жыцці я аптыміст, веру ў лепшае. Наогул, калі стаўлю перад сабой нейкую мэту, то ўпэўненым крокам іду да яе рэалізацыі. Галоўнае, ніколі не збочыць з абранага табой шляху. Тады і станоўчы вынік тваёй мэты не прымусіць сябе доўга чакаць. — Што ж, жадаем Вам развіцця бізнэсу, павелічэння колькасці ўдзячных пакупнікоў! — Вялікі дзякуй! Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.
|
|