Лукашэнка абмеркаваў з Каранікам гатоўнасць да магчымай другой хвалі пандэміі з улікам выбранага Беларуссю шляху
12.06.2020
—
Новости о Коронавирусе
|
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка правёў сёння сустрэчу з міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам. Абмяркоўваліся пытанні гатоўнасці айчыннай сістэмы аховы здароўя да магчымай другой хвалі пандэміі з улікам выбранага Беларуссю шляху барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Прэзідэнт адзначыў, што цяпер у свеце шмат размоў аб магчымасці другой хвалі пандэміі. «Так, пакуль не зусім гэта ясна, зразумела і іншае. Але калі другая хваля, то наш шлях — гэта абсалютна той шлях, якім павінны былі ісці ўсе дзяржавы», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Уладзімір Каранік у сувязі з гэтым адзначыў, што эксперты, калі аналізуюць, напрыклад, шлях Швецыі, у якасці асноўнай перавагі называюць тое, што гэта тыя мерапрыемствы, якія могуць праводзіцца неабмежавана доўга. «Трэба спадзявацца, што другой хвалі не будзе, але рыхтавацца да яе трэба абавязкова»
У размове з журналістамі пасля завяршэння сустрэчы міністр згадаў выступленне дырэктара Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ханса Клюге, які лічыць, што другая хваля непазбежная. Пытанне толькі ў тым, наколькі яна будзе цяжкай і наколькі закране нармальную жыццядзейнасць грамадства. «Хоць некаторыя эксперты прыводзяць прыклад таго ж SARS (што выклікаў атыповую пнеўманію ў 2003 годзе), які вельмі блізкі да COVID-19. Гэта таксама сямейства каранавірусаў. Ён дастаткова доўга прыносіў шмат непрыемнасцей для азіяцкіх краін. У чэрвені даволі нечакана для экспертаў захваральнасць стала зніжацца, а ў ліпені практычна знік і пайшоў у эпідэмічны тупік. Не было ні другой, ні трэцяй хвалі», — расказаў Уладзімір Каранік. «Таму тут трэба спадзявацца, што другой хвалі не будзе, але рыхтавацца да яе трэба абавязкова», — падкрэсліў міністр. «Гатовы аказаць меддапамогу ўсім, хто мае ў ёй патрэбу» Зноў спасылаючыся на заявы Ханса Клюге, Уладзімір Каранік адзначыў, што асноўны падыход, які цяпер рэкамендуецца, заключаецца ў наглядзе за здароўем кантактаў першага ўзроўню. «Гэта тое, што мы з самага пачатку рабілі ў нашай краіне», — падкрэсліў міністр. Яшчэ адна рэкамендацыя міжнароднага чыноўніка — быць гатовымі да аказання медыцынскай дапамогі захварэлым. «Тут у нас таксама няма праблем з даступнасцю медыцынскай дапамогі. У нас у кожным рэгіёне ёсць дастатковая колькасць свабодных ложкаў, мы гатовы аказаць медыцынскую дапамогу ўсім, хто мае ў ёй патрэбу», — звярнуў увагу Уладзімір Каранік.
Трэцяе — рэкамендуецца быць гатовымі да ўвядзення пэўных абмежаванняў. «У нас і на сённяшні момант пэўныя абмежаванні дзейнічаюць, але неабходнасці ў нейкіх жорсткіх абмежаваннях мы не бачым. Паколькі ў нас няма прыкмет перагрузкі сістэмы аховы здароўя», — пракаменціраваў міністр. «Абнаўляюцца дыягнастычныя магчымасці, ствараюцца запасы сродкаў аховы» Адказваючы на пытанне аб тым, наколькі айчынная сістэма аховы здароўя гатова да магчымай другой хвалі, Уладзімір Каранік расказаў, што ўжо ёсць шматмесячны вопыт барацьбы, прааналізаваны вузкія месцы, магчымыя рызыкі. «Мы ствараем запасы сродкаў індывідуальнай аховы, істотна пашыраем магутнасць нашых ПЛР-лабараторый. Калі пачыналі, рабілі 300 аналізаў у суткі, потым перавялі лабараторыі ў кругласутачны рэжым і пачалі рабіць 750 (і ўсім расказвалі, што тысяча, максімум паўтары — гэта ўсё, што мы зможам сабе дазволіць). На сённяшні дзень мы робім амаль 20 тыс. даследаванняў у суткі і праводзім работу па мадэрнізацыі і перааснашчэнні лабараторый, каб у выпадку неабходнасці маглі рабіць у некалькі разоў больш», — прывёў ён шэраг фактаў. Аналізуецца стан інфекцыйных бальніц і неінфекцыйных стацыянараў. «Вы нават не ўяўляеце, наколькі за гэты час была расшырана ёмістасць кропак кіслароднай падтрымкі. Абноўлены, адрамантаваны ўсе сістэмы цэнтралізаванага забеспячэння кіслародам, расшыраны іх магчымасці. Гэту работу мы прадоўжым», — падкрэсліў міністр. Таксама істотна абнаўляюцца дыягнастычныя магчымасці. На наступным тыдні чакаецца прыбыццё першага камп’ютарнага тамографа з ліку дзесяці, якія кампанія «Славкалій» перадае Мінску ў выглядзе спонсарскай дапамогі. «Акрамя таго, падпісаны дагаворы з Сусветным банкам, цяпер вядуцца перагаворы з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам — таксама плануюцца закупкі і камп’ютарных тамографаў, і машын хуткай дапамогі для таго, каб сапраўды павысіць устойлівасць работы сістэмы аховы здароўя і яе магчымасці», — сказаў Уладзімір Каранік.
Міністр звярнуў увагу, што ў Беларусі эпідпрацэс не спыняўся, а праходзіў у кантралюемых рамках. Таму эксперты лічаць, што ў даволі значнай колькасці людзей можа прысутнічаць спецыфічны імунітэт да каранавіруса. Даследаванні ў гэтых адносінах будуць прадоўжаны. «Зноў жа, колькасць людзей, якія маюць спецыфічны імунітэт, дае магчымасць другую хвалю прагназаваць менш цяжкай, чым першая. Паводле нашых адчуванняў, другая хваля павінна быць значна меншай, калі наогул будзе», — рэзюмаваў Уладзімір Каранік. «Інстынкт самазахавання ў нашых грамадзян крыху зніжаецца» Уладзімір Каранік адначасова выказаў меркаванне, што на сённяшні момант «інстынкт самазахавання ў нашых грамадзян крыху зніжаецца». У сувязі з гэтым ён яшчэ раз нагадаў пра базавыя прынцыпы: неабходнасць мыць рукі, у нейкай меры захоўваць сацыяльнае дыстанцыраванне, ахоўваць сябе і найбольш слабыя катэгорыі грамадзян — пажылых, людзей з хранічнымі захворваннямі. «У цэлым мы бачым, што ўстанаўленне добрага надвор’я і больш актыўныя стасункі нашых грамадзян пакуль негатыўна не ўплываюць на эпідэміялагічную сітуацыю, але пэўныя меры засцярогі трэба захоўваць», — сказаў міністр. «У рэаніматолагаў не было цяжкага выбару, каго падключаць да апарата ШВЛ» Паводле слоў Уладзіміра Караніка, ацаніць поўныя параметры эфектыўнасці выбранага ў Беларусі шляху ў барацьбе з пандэміяй можна будзе тады, калі пандэмія скончыцца і будуць праведзены папуляцыйныя даследаванні, падлічаны паказчыкі лятальнасці, колькасці выкананых тэстаў.
«Калі браць статыстычныя паказчыкі, то па колькасці выкананых тэстаў на 1 млн жыхароў мы ўваходзім у дзясятку краін у свеце. Паказчыкі лятальнасці адны з лепшых у свеце. Больш таго, у краіне не дапусцілі перагрузкі сістэмы аховы здароўя, — падкрэсліў міністр. — У нас не было ні аднаго перапрафіляванага ў медустанову спартыўнага аб’екта. Мы не бачылі чэргаў скорых і людзей, якія ляжаць у калідорах, чакаючы сваёй чаргі на атрыманне меддапамогі. І ў нас ніколі ў рэаніматолагаў не было цяжкага выбару, каго з пацыентаў падключаць да апарата ШВЛ. Таму што нават у самы актыўны перыяд эпідэміі было задзейнічана менш як 15 працэнтаў існуючага парку апаратаў». «У Беларусі ратавалі людзей, а не эканоміку» Міністр адзначыў, што калі нехта на сённяшні момант спрабуе папракаць Беларусь у тым, што, у адрозненне ад астатніх краін, ратавалі не людзей, а эканоміку, то такая пастаноўка пытання крыўдзіць. «Мы таксама ратавалі людзей. Толькі мы пачалі гэта рабіць раней. Калі мы захавалі санітарна-эпідэміялагічную службу і пастаянна яе развівалі, расшыралі сетку лабараторый, абучалі спецыялістаў. Мы захоўвалі людзей, а не эканоміку. Паколькі эканамічна многія лічылі немэтазгодным утрымліваць такую магутную службу. Калі нас крытыкавалі, што ў нас залішні ложкавы фонд, мы, зыходзячы са сваіх патрэбнасцей, захавалі сацыяльны стандарт забяспечанасці насельніцтва ложкамі», — сказаў Уладзімір Каранік. «Гэта тое, што нам дапамагло прайсці гэту эпідэмію, не спыняючы спецыялізаваную медыцынскую дапамогу. Гэта значыць мы ў той момант таксама ратавалі людзей, а не эканоміку, таму што ўтрымліваць такую колькасць ложкаў многія лічылі эканамічна немэтазгодным. Нас цяжка параўноўваць са многімі заходнімі краінамі, таму што ў нас іншая сістэма аховы здароўя, іншыя падыходы. Яны дазвалялі ісці гэтым шляхам і не рабіць цяжкі выбар, што ратаваць — людзей або эканоміку», — падкрэсліў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.-
|
Свежие газеты
Архив (Новости о Коронавирусе) |