Зладжана, сумленна і якасна ідзе корманарыхтоўка ў ААТ «Ельня-Агра»
19.06.2020
—
Новости о Коронавирусе
|
Нарэшце ўсталявалася добрае надвор’е, якое спрыяе вяскоўцам у нарошчванні тэмпаў работ па корманарыхтоўцы. Пасля працяглых дажджоў, якія перашкаджалі аграрыям, тэхніка сельгаспрадпрыемстваў на палях пачала працаваць на ўсю моц. Не выключэнне тут і ААТ “Ельня-Агра”. У сярэдзіне тыдня, калі мы наведалі гаспадарку, асноўная частка тэхнікі была сканцэнтравана каля вёскі Васількова. Тут ішло кашэнне траў, зграбанне зялёнай масы ў валкі і здрабненне яе з загрузкай у прычэпы для перавозкі і закладкі ў сянажныя траншэі. Да агрэгата КЗР-10, за штурвалам якога працаваў у той дзень механізатар Андрэй Удобкін, па чарзе пад’язджалі трактары і грузавыя машыны з вялікімі прычэпамі. Тэхніка тут не прастойвае з-за адсутнасці паліва або запасных частак. Напоўненыя “зялёнкай” прычэпы механізатары адвозілі і выгружалі ў сянажную траншэю на МТФ “Зорка”. На адвозцы зялёнай масы задзейнічаны Уладзімір Яблонскі, Яўгеній Арэх, Іван Шышковіч, Віктар Красько, Іван Пажарскі і Мар’ян Грыдзюшка. Дарэчы, апошні ўжо даўно знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але заўсёды, калі гэтага патрабуюць абставіны, прыходзіць на дапамогу гаспадарцы. Да працы на зямлі прывучае ён і свайго ўнука Данііла, які ў летні перыяд прыязджае з Мінска да бабулі і дзядулі ў вёску Іванава. На суседнім полі кашэннем траў займаліся механізатары Васілій Красоўскі, Віталій Хрол і Аляксандр Мацкевіч. Следам за імі зграбаў правяленую масу трактарыст Віктар Мацкевіч. Рабочы цыкл тут наладжаны на належным узроўні. На закладцы сенажу на МТФ “Зорка” працавалі ў той дзень механізатары Дзмітрый Мацкевіч і Павел Яблонскі. Механізатары аператыўна і якасна выконвалі сваю работу: разраўноўвалі прывезеную “зялёнку” і трамбавалі яе, як патрабуе таго тэхналагічны працэс. Улікам прывезеных прычэпаў з правяленай масай, іх узважваннем займалася Вераніка Пучыла. Дзяўчына сёлета скончыла Германавіцкую сярэднюю школу. Пакуль ёсць некаторы час для адпачынку, яна вырашыла яго скарыстаць належным чынам і крыху зарабіць грошай. — Нягледзячы на шматлікія складанасці, усе работнікі нашага сельгаспрадпрыемства працуюць зладжана і сумленна, — сказала нам намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Ніна Генадзьеўна Буда. — Таму і вынікі сумеснай работы ў нас заўсёды станоўчыя. Сяргей РАЙЧОНАК.
|
|