Прайсці новым турыстычным маршрутам прапануюць гасцям свята «Купалле» ў Александрыі
26.06.2020
—
Новости о Коронавирусе
|
Прайсці новым турыстычным маршрутам «Купальскае кола» прапануюць гасцям рэспубліканскага свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), якое пройдзе ў Шклоўскім раёне 11-12 ліпеня. Аб гэтым у час прэс-канферэнцыі, прысвечанай святу, расказала дырэктар прадпрыемства «Магілёўаблтурыст» Алена Карпенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. «У гэтым годзе для гасцей рэспубліканскага свята мы распрацавалі новы турыстычны маршрут «Купальскае кола». У турыстаў будзе магчымасць азнаёміцца з багатай гісторыяй Шклоўскага раёна і паглядзець маляўнічыя мясціны аграгарадка Александрыя і яго наваколля, — адзначыла Алена Карпенка. — Арганізаваныя групы змогуць наведаць Шклоў, азнаёміцца з яго гісторыяй і сфатаграфавацца каля галоўнага сімвала горада — шклоўскага Агурка. Пасля гэтага запланавана наведванне аграгарадка Александрыя. Тут размешчана школа-музей, у якой вучыўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка». У народзе кажуць, што калі пасядзець за партай Прэзідэнта, можна чакаць вялікага поспеху ў кар’еры. Як адзначыла Алена Карпенка, за некалькі гадоў свята ў Александрыі стала сапраўднай візітнай карткай краіны. Сюды прыязджае шмат турыстаў з іншых краін. «Маршрут распрацаваны так, каб не толькі паказаць адметныя мясціны раёна, але і азнаёміць замежных грамадзян з каларытнай беларускай культурай, традыцыямі, укладам жыцця. Акрамя гэтага, турысты змогуць наведаць ААТ «Александрыйскае» і на свае вочы ўбачыць, як працуе адно з буйнейшых сельгаспрадпрыемстваў краіны. Тут можна будзе паглядзець фруктасховішча, пагуляць па прамысловым садзе і даведацца, як вырошчваюць вешанкі. Турыстычны маршрут будзе цікавы і жыхарам Беларусі — тут можна даведацца шмат новага аб мінулым і сучасным краіны». Пасля экскурсій і пешых прагулак турысты стануць непасрэднымі ўдзельнікамі свята «Купалле». Разнастайныя майстар-класы па пляценні вянкоў, пошук папараць-кветкі, народныя гулянні і нацыянальныя танцы — турысты змогуць акунуцца ў атмасферу беларускіх традыцый і самабытных абрадаў. «Месцы для ўдзелу ў турыстычным маршруце неабходна браніраваць загадзя. У гэтым годзе будуць арганізаваны групавыя аўтобусныя туры з Мінска ў суправаджэнні гіда. У нас ёсць мноства варыянтаў таго, дзе турысты змогуць размясціцца на начлег. Яшчэ адно новаўвядзенне гэтага года — стаянкі для кемпінга і палатачны гарадок, каб кожны госць фестывалю змог выбраць для сябе зручны спосаб адпачынку», — адзначыла Алена Карпенка. Паводле слоў намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерыя Малашкі, у Александрыі ў гэтым годзе чакаецца яркая і насычаная праграма. У першы дзень фестывалю будзе працаваць экскурсійны маршрут па тэматычных пляцоўках. Госці змогуць наведаць выстаўку прадукцыі Мінскага трактарнага завода, выстаўку-продаж хлебабулачных вырабаў і свята квасу, маладзёжную экспазіцыю «Калідор эпох», «Александрыйскі кірмаш» з купальскімі падворкамі. Прыедуць у Александрыю і фіналісты рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага конкурсу «Уладар вёскі». «Мы дэталёва прапрацавалі пытанне транспартнай даступнасці свята, — расказаў Валерый Малашка. — Расклад руху саставаў Магілёўскай чыгункі будзе пераклікацца з асноўнымі падзеямі фестывалю. Ёсць дамоўленасць і з аўтапаркамі: будзе магчымасць дабрацца да Александрыі з Мінска, Магілёва і Оршы. Варыянты адпраўлення таксама сінхранізаваны з праграмай мерапрыемстваў. Расклад руху грамадскага транспарту будзе апублікаваны на сайце Магілёўскага аблвыканкама». «У час «Свята кнігі» можна будзе азнаёміцца з нацыянальнай літаратурнай спадчынай. Будзе прэзентавана праграма, прысвечаная Дню беларускага пісьменства, які пройдзе 6 верасня ў Бялынічах», — адзначыў Валерый Малашка. Разгорнецца на святочнай пляцоўцы і цырк-шапіто. Непадалёку ад шатра гасцям прапануюць паглядзець разнастайныя шоу і эстрадна-цыркавыя паказы. Прадэманструе сваё майстэрства вакальны ансамбль «Весялуха» Магілёўскай абласной філармоніі. Адбудзецца паказ новых калекцый ільнянога адзення беларускіх вытворцаў. Маленькія госці «Купалля» змогуць наведаць дзіцячую дыскатэку, дзе выступяць творчыя калектывы, удзельнікі тэлешоу «Голас. Дзеці» з Магілёўскай вобласці, клоўны і аніматары. Урачыстая цырымонія адкрыцця свята запланавана на 17.00. Услед за ёй — эстрадна-забаўляльная праграма з удзелам артыстаў Магілёўскай абласной філармоніі. Вечарам узнагародзяць пераможцаў і ўдзельнікаў праекта «Уладар вёскі». Выступіць з канцэртам заслужаны калектыў Беларусі — аркестр народных інструментаў імя Л.Л. Іванова з удзелам беларускай групы The Feedback. Адначасова пройдуць дэманстрацыйныя палёты самалётаў і выступленні парашутыстаў Магілёўскага аэраклуба ДТСААФ імя А.М. Кулагіна. Гала-канцэрт «Мая Александрыя» пачнецца на галоўнай пляцоўцы ў 21.30. Пасля яго завяршэння гасцей чакае маляўнічы феерверк. Прадоўжацца гулянні маладзёжнай дыскатэкай з удзелам Івана Вабішчэвіча (Дзядзі Вані), артыстаў Магілёўскай абласной філармоніі і вядучых дыджэяў краіны. У другі дзень фестывалю пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання перадавікоў аграпрамысловага комплексу Магілёўшчыны ў суправаджэнні аркестра народных інструментаў імя Л.Л. Іванова, выступіць ансамбль «Песняры». У гэты ж час пачнуцца выступленні артыстаў цырка. Запланаваны канцэрт заслужанага калектыву Беларусі ансамбля песні і танца «Медуніца». «Свята ў Александрыі будзе праходзіць на адкрытым паветры. Гэта дапаможа арганізаваць бяспеку гасцей «Купалля». У месцах вялікага збору людзей будуць прыняты дадатковыя меры па сацыяльным дыстанцыраванні. Мы заклікаем тых, хто будзе дрэнна сябе адчуваць, устрымацца ад наведвання свята — вельмі насычаная і працяглая праграма можа дрэнна паўплываць на самаадчуванне. Але калі вы здаровыя і поўныя сіл, абавязкова прыязджайце да нас на свята», — заклікаў Валерый Малашка.
|
|