Напамін пра подзвігі нашых дзядоў і прадзедаў! (расказваем нашым чытачам аб месцах пахавання загінуўшых воінаў, партызан і мірнага насельніцтва). 21.by

Напамін пра подзвігі нашых дзядоў і прадзедаў! (расказваем нашым чытачам аб месцах пахавання загінуўшых воінаў, партызан і мірнага насельніцтва)

Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

помнік на брацкай магіле ў Лужках

помнік на брацкай магіле ў Лужках

Звуки пастушьей свирели —
В негах воздушной волны.
Взрывы давно отгремели
Страшных орудий войны.
Только вот в памяти живы
Дней тех ужасных года;
С каждым солдатом служивым
В поле сражалась беда…
Інэса Кутарман.
Сёлета ў нашай краіне ўрачыста адзначылі свята Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. 75 год прайшло з той пары, як савецкі народ змог адолець нямецка-фашысцкіх захопнікаў і цаной мільёнаў жыццяў здабыць мір, свабоду і жыццё. Як напамін аб тых жудасных часах — помнікі і абеліскі ва ўшанаванне памяці загінуўшых, брацкія магілы салдат, партызан і мірных жыхароў, якія знайшлі вечны спакой на беларускай зямлі.
У нашым раёне налічваецца некалькі пахаванняў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, сярод якіх брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан у гарадскім пасёлку, брацкія магілы савецкіх воінаў у аг. Лужкі, в. Жукі Ложныя, брацкая магіла савецкіх воінаў і мірных жыхароў у в. Лонскія, магіла савецкіх ваеннапалонных і партызанкі Бельскай у в. Гарадзец і іншыя пахаванні. У мінулым годзе, напярэдадні 75-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на месцах пахавання была праведзена рэканструкцыя існуючых помнікаў і замена некаторых на новыя.
Цяпер чытачам нашай газеты хочацца расказаць аб месцах пахавання загінуўшых воінаў, партызан і мірнага насельніцтва ў перыяд 1941 — 1945 гадоў, узведзеных там помніках, аднесеных да катэгорыі гісторыка-культурных каштоўнасцей.

брацкая магіла савецкіх воінаў у в. Жукі Ложныя

брацкая магіла савецкіх воінаў у в. Жукі Ложныя

Вернутыя з забыцця
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны на магілах загінуўшых салдат і партызан устанаўлівалі невялікія па памерах, зробленыя з фанеры ў форме піраміды, часовыя абеліскі. Надпісы наносіліся падручнымі фарбамі, якія ў хуткім часе выгаралі на сонцы, сціраліся ад снегу і дажджу. І толькі ў канцы 1940-х гадоў пачалі ўзводзіць не часовыя, а пастаянныя помнікі.
Восенню 1947 года на цэнтральную плошчу вёскі Лужкі былі перавезены астанкі байцоў-чырвонаармейцаў, якія аддалі свае жыцці пры вызваленні мясцовасці ў 1944 годзе. Вечны прытулак знайшлі тут 65 чалавек.
… 2 жніўня 1944 года ў маскоўскую кватэру на Таганцы ў сям’ю Вольгі Андрэеўны Цёмкінай прыйшла пахавальная. Маладая ўдава прачытала: “Ваш муж гв. ст. лейтенант Тёмкин Исаак Иосифович в бою за Социалистическую Родину, верный воинской присяге, проявив геройство и мужество, погиб 1 июля 1944 года. Похоронен в местечке Лужки Вилейской области”… Ішоў 1973 год, старэйшая дачка Ісаака Цёмкіна — Марыянна едзе на пошукі магілы бацькі спачатку ў Літву. Прыбалтыйскі накірунак быў указаны франтавым таварышам лейтэнанта. Але пошук аказаўся безвыніковым. Затым знайшліся людзі, якія падказалі пра Лужкі на Віцебшчыне. І вось, у 1974 годзе на брацкай магіле з’явілася прозвішча невядомага салдата — Ісаака Іосіфавіча Цёмкіна.
Недалёка ад Лужкоў, у вёсцы Падліпкі, у 1944 годзе дыслацыраваўся ваенны шпіталь. У пачатку ліпеня пасля цяжкага ранення трапіў у гэты шпіталь зенітчык Васілій Фралоў. Праз тры дні, не прыходзячы ў прытомнасць, ён памёр. Шмат год шукала магілу сына маці Марыя Мікалаеўна, якая пражывала на Разаншчыне. У верасні 1982 года чарговы ліст прыйшоў у Лужкаўскі сельсавет. Старшыня сельвыканкама перадае яго юным следапытам мясцовай школы. Яны ж і даведаліся ад жыхароў Падліпак аб абставінах гібелі чырвонаармейцаў у шпіталі, у тым ліку і Васілія Фралова. У кастрычніку 1983 года яго маці Марыя Мікалаеўна пасля доўгіх пошукаў змагла адшукаць месца гібелі і пахавання свайго сына.
Многія пасляваенныя гады не давала спакою пахавальная на гвардыі маёра Мікалая Яроменку яго дачцэ Галіне — настаўніцы з Ленінграда. У ёй значылася месца пахавання — цэнтральная плошча мястэчка Лужкі Вілейскай вобласці. Восенню 1983 года Галіна прыязджае ў Лужкі, але не знаходзіць прозвішча свайго таты на брацкай магіле. Тады за дапамогай яна звярнулася ў мясцовую школу. Пошукавая група з настаўнікам Леанідам Канстанцінавічам Сарокіным высветліла, што прыкладна ў пяцідзесяці метрах ад зараз існуючай брацкай магілы, у пачатку ліпеня 1944 года пахавалі савецкага афіцэра.
Дзякуючы памяці нашчадкаў, 2 ліпеня 1984 года ў дзень 40-годдзя вызвалення БССР яд нямецка-фашысцкіх захопнікаў і саракавой гадавіны гібелі маёра Яроменкі ва ўрачыстай абстаноўцы была адкрыта новая мемарыяльная дошка, на якую занесены прозвішчы яшчэ двух раней невядомых байцоў — гвардыі маёра Уладзіміра Яроменкі і радавога Васілія Фралова. На ўрачыстым мітынгу ў той дзень прысутнічалі родныя чырвонаармейцаў.
Непакораная разведчыца
Ішло лета 1943 года. Партызанскія атрады Полаччыны актывізавалі свае дзеянні на акупіраванай нямецка-фашысцкімі войскамі тэрыторыі, яны праводзілі ўдалыя баявыя аперацыі па разгрому варожых гарнізонаў. Адным з месцаў дыслакацыі гітлераўцаў быў будынак цяперашняй цэнтральнай сядзібы КУВСП “Гарадзец”. Партызаны планавалі знішчыць варожы гарнізон. У разведку з Полацка-Лепельскай партызанскай зоны разам з двума байцамі пайшла Насця Бельская. Па дарозе ў Гарадзец яна натыкнулася на нямецкую засаду. Пачалася перастрэлка, у ходзе яе разведчыца атрымала раненне ў нагу. Сцякаючы крывёю, яна працягвала адстрэльвацца. Затым схапіла гранату, каб падарваць сябе, але здзейсніць гэта не паспела: немцы схапілі яе.
Нарадзілася Анастасія Бельская на Полаччыне ў сялянскай сям’і. У школе, як і дома, Насця вызначалася выключнай працавітасцю, нястрымным жаданнем авалодаць ведамі. Пасля сямігадовай школы паступіла ў Полацкае педвучылішча. У 1940 годзе Анастасія накіравалася настаўнічаць ва Ушацкі раён. Калі фашысты ўступілі на нашу зямлю, дзяўчына не раздумваючы ўліваецца ў партызанскі атрад і становіцца разведчыцай. За час знаходжання ў радах народных мсціўцаў яна здзейсніла нямала баявых подзвігаў, выканала дзясяткі важных заданняў.
Адно з такіх яна ажыццявіла ў Глыбокім, падклаўшы міну замаруджанага дзеяння ў мясцовай камендатуры. Тады загінулі 12 гітлераўцаў. На жаль, каля Лужкоў яе схапілі, даставілі ў гарнізон у Гарадцы. Тут яе некалькі дзён трымалі ў халодным склепе. Па дзевяць разоў у суткі Насцю вадзілі на допыт, збівалі да страты прытомнасці і зноў кідалі ў склеп. Партызаны спрабавалі вызваліць сваю верную сяброўку, але безвынікова.
Яе растралялі 27 красавіка 1944 года. У цэнтры гарадзецкага парка немцы сабралі ўсё вясковае насельніцтва на паказальнае пакаранне смерцю. Мужная партызанка ішла ў апошні свой шлях з песняй, а смерць прыняла з горда ўзнятай галавой. Выстралы раптоўна абарвалі голас і жыццё адважнай разведчыцы.
Побач з адміністрацыйным будынкам сельгаспрадпрыемства знаходзіцца месца яе пахавання. Тут, у гарадзецкай зямлі, разам з партызанскай разведчыцай знайшлі вечны спакой закатаваныя ў гады вайны дзевяць палонных байцоў Чырвонай Арміі. Сюды часта прыходзяць вучні, настаўнікі, мясцовыя жыхары, каб ушанаваць памяць загінуўшых.

помнік на магіле Анастасіі Бельскай і воінаў Чырвонай Арміі ў Гарадцы

помнік на магіле Анастасіі Бельскай і воінаў Чырвонай Арміі ў Гарадцы

У аграгарадку Лужкі, непадалёку ад шумлівай ракі Мнюта, працягнулася вуліца, што носіць імя Бельскай. Настаўнікі і вучні мясцовай сярэдняй школы свята ўшаноўваюць імя партызанскай разведчыцы. Па шматгадовай традыцыі ў навучальнай установе 27 красавіка — у дзень гібелі Анастасіі Бельскай — праходзіць дзень яе памяці.
Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости о Коронавирусе)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика