25 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень пажарнай службы. 21.by

25 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень пажарнай службы

Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вадзіцель ПАВП № 12 Дзмітрый Цярэнцьеў

Вадзіцель ПАВП № 12 Дзмітрый Цярэнцьеў

Карпатлівая штодзённая работа па прадухіленні пажараў, хуткасць і зладжанасць дзеянняў пры ліквідацыі ачагоў агню супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях нязменна выклікаюць павагу ў грамадстве. Іх зброя ў барацьбе з надзвычайнымі сітуацыямі — гэта веды, вопыт службы, дасканалае валоданне аператыўнымі і тактычнымі навыкамі.
Кожны год 25 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень пажарнай службы, супрацоўнікі якой цаной уласнага здароўя, а парой і жыцця, выратоўваюць ад пажараў, катастроф прыроднага і тэхнагеннага характару не толькі людзей, але і матэрыяльныя каштоўнасці.
Сярод работнікаў Шаркаўшчынскага РАНС ёсць нямала такіх, якія за гады сваёй працы заслужылі павагу і аўтарытэт у кіраўніцтва РАНС і сярод насельніцтва. Да іх ліку адносяцца Дзмітрый Цярэнцьеў — вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 12 в. Варонка, Андрэй Івонін — камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 райцэнтра і Вадзім Гамановіч, які з’яўляецца камандзірам аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 аг. Лужкі.
— Сваю службу ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях я пачаў несці ў 1995 годзе, — дзеліцца ўспамінамі старшына Дзмітрый Цярэнцьеў. — Але спачатку была вучоба ў Гарадоцкім тэхнікуме, служба ў арміі. Пасля дэмабілізацыі некаторы час працаваў вадзіцелем у тагачасным калгасе “Камінтэрн”. А калі прапанавалі перайсці на службу на пажарны аварыйна-выратавальны пост у вёсцы Варонка, я без разважанняў згадзіўся. Праца мне гэта вельмі падабаецца, бо калектыў з’яднаны, сяброўскі. Але галоўнае, што дома заўсёды чакае надзейны тыл — спадарожніца жыцця жонка Таццяна, якая працуе настаўніцай у Іёдскай ДС—СШ. Разам мы выхавалі дзяцей-двайнят — дачку і сына, вывелі іх у самастойнае жыццё.
Чвэрць стагоддзя аддаў службе ў РАНС і камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 гарпасёлка старшы прапаршчык Андрэй Івонін.

Камандзір аддзялення ПАВЧ № 1 г. п. Шаркаўшчына Андрэй Івонін

Камандзір аддзялення ПАВЧ № 1 г. п. Шаркаўшчына Андрэй Івонін

— Чаму я абраў службу менавіта ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях? Адказ просты: мне заўсёды даспадобы былі сапраўдныя мужчынскія прафесіі, — кажа Андрэй Івонін. — Першапачаткова я атрымаў пасведчанне цесляра-станочніка дрэваапрацоўчых станкоў у Віцебскім вучылішчы, працаваў на былым Шаркаўшчынскім цагельным заводзе. Як і ўсе юнакі, у свой час адслужыў “тэрміноўку” ў войску. У 1995 годзе адбылася ваенізацыя пажарнай службы, праходзіў набор сярод юнакоў, якія адслужылі ў войску, мелі выдатныя здароўе і фізічную загартоўку. Таму і я вырашыў паспрабаваць сябе ў прафесіі выратавальніка-пажарнага. Сем год адслужыў камандзірам аддзялення на пажарным аварыйна-выратавальным пасту № 11, які калісьці размяшчаўся ў аг. Васюкі. А ў 2002 годзе быў пераведзены на аналагічную пасаду ў ПАВЧ № 1 гарадскога пасёлка. Дарэчы, менавіта ў 2002-м пачалося ўзвядзенне двухпавярховага будынка нашай часці, якое мы праводзілі ўласнымі сіламі. Той год яшчэ запомніўся буйнымі пажарамі на тарфяніках і ў лясах нашага раёна. Нам трэба было і несці службу, і змагацца са стыхіяй, і весці будаўніцтва. Але ніхто не скардзіўся на цяжкасці, не лічыўся з асабістым часам. Усе разумелі і былі ў гэтай справе адной сяброўскай камандай.

намеснік начальніка Шаркаўшчынскага РАНС Валерый Ліпскі і камандзір аддзялення ПАВП № 13 аг. Лужкі Вадзім Гамановіч

намеснік начальніка Шаркаўшчынскага РАНС Валерый Ліпскі і камандзір аддзялення ПАВП № 13 аг. Лужкі Вадзім Гамановіч

Дваццаць чатыры гады нязменна служыць на пажарным аварыйна-выратавальным пасту № 13 аг. Лужкі камандзір аддзялення старшы прапаршчык Вадзім Гамановіч.
— Ніколі не шкадаваў, што аднойчы абраў гэту прафесію, — упэўнена гаворыць Вадзім. — Кожны юнак марыць у будучым займацца сапраўднай мужчынскай справай, з гонарам насіць форму, пагоны. Так і я, і шматлікія мае равеснікі таксама марылі пра гэта. Мне пашчасціла апрануць форму выратавальніка-пажарнага і заступіць на службу ў роднай вёсцы ў 1996 годзе. Імкліва і нябачна праляцеў час. Тады, у сярэдзіне 1990-х гадоў, зусім іншае было тэхнічнае аснашчэнне вогнеборцаў. Аўтацыстэрна ўмяшчала толькі дзве з паловай тоны вады. Дадаткова былі толькі лесвіцы, багры, тапары. Цяпер жа ўсё змянілася ў лепшы бок. Служба стала больш сур’ёзнай і складанай. Разам мы вырашаем вялікі шэраг пастаўленых задач, ліквідуем не толькі пажары, але і дапамагаем пры выратаванні людзей і маёмасці пры аўтакатастрофах, іншых бедствах.
У гутарцы з выратавальнікамі кожны ўспамінаў моманты са службы, дзе па-сапраўднаму рызыкаваў сабой дзеля жыцця людзей, якім патрабавалася неадкладная дапамога. На жаль, былі і ахвяры. Такія жудасныя моманты назаўсёды засталіся ў іх памяці.
Цяпер у РАНС прыходзіць новае папаўненне, якое пераймае вопыт у сваіх старэйшых таварышаў. І вельмі важна, каб маладыя супрацоўнікі з гонарам неслі высокае званне выратавальнікаў- пажарных, пераймалі лепшыя традыцыі шаркаўшчынскіх вогнеборцаў, закладзеныя дзесяцігоддзі назад.
Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости о Коронавирусе)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика