Источник материала:
Ні для каго не сакрэт, што ў нашым гарадскім пасёлку практычна няма месца, дзе можна было б днём або ўвечары пасля прагулкі па райцэнтры адпачыць, крыху падсілкавацца, паслухаць прыемную музыку. Толькі адзіная гандлёвая кропка прапаноўвала гараджанам і гасцям Шаркаўшчыны такую паслугу — гэта кафэ “Піцэрыя”, якое належыць Пастаўскаму райспажыўтаварыству. А з нядаўняга часу, а менавіта з 13 чэрвеня, альтэрнатыву для мясцовых жыхароў і ўсіх жадаючых прапаноўвае кафэ “Сіці” ПГУП “Рустан”.
Сямейная пара Руслана і Таццяны Грыдзюшка ўжо не першы год працуюць на спажывецкім рынку нашага гарадскога пасёлка. Крамы “Мандарын”, размешчаныя ў мікрараёне будаўнікоў і каля гасцініцы, належаць ім, а менавіта ПГУП “Рустан”.
— Ведаеце, мы з мужам даўно марылі пра тое, каб у Шаркаўшчыне адкрыць аб’ект грамадскага харчавання, — кажа Таццяна. — Пасля абмеркавання на сямейным савеце вырашылі сваю задумку ўвасобіць у жыццё. Раённыя ўлады прапанавалі нам памяшканне былога магазіна “Дысконт” па вуліцы Чырванадворскай. Мы далі сваю згоду. Разам з роднымі, сябрамі і аднадумцамі за непрацяглы адрэзак часу правялі тут рамонт, закупілі неабходнае абсталяванне, мэблю. 13 чэрвеня адкрылі сваю ўстанову, папярэдне даўшы ёй назву “Сіці”.
— З моманту адкрыцця прайшло крыху больш месяца. Напэўна, вы ўжо маеце пастаянных наведвальнікаў?
— Канечне. Гараджане, жыхары раёна з ахвотай прыходзяць у наша кафэ, каб падсілкавацца, адпачыць, слухаючы прыемную музыку. З цягам часу кола наведвальнікаў кафэ пашыраецца. Людзям падабаюцца абслугоўванне, разнастайнае меню, утульнасць. Хто прыходзіў да нас аднойчы, той зноў вяртаецца, каб правесці свой вольны час у кампаніі сяброў.
— Што вы прапануеце сваім наведвальнікам?
— У першую чаргу, гэта, канечне ж, шырокі выбар страў на любы густ. Напрыклад, комплексны абед уключае ў сябе суп, салат, галубцы, смятану, чай. Кошт у сярэднім складае 5 рублёў. Да патрэб гасцей разнастайныя стравы як гарачага, так і халоднага прыгатавання, сокі, напіткі, кактэйлі, кава, гарбата, марожанае і так далей.
— Ці праводзяць у вашым кафэ карпаратыўныя ранішнікі, вечары?
— Безумоўна. Дарослыя папярэдне заказваюць на вызначаную дату месцы і святочнае меню для святкавання дзён нараджэння сваіх дзетак. Мой муж Руслан падбірае адпаведную музыку, рыхтуе для іх забаўляльную праграму, каб дзеткі маглі не толькі паласавацца прысмакамі, але і ўдосталь павесяліцца. У вялікай банкетнай зале праходзяць вяселлі, людзі адзначаюць тут хрэсьбіны, юбілеі, прафесійныя святы.
— На колькі пасадачных месцаў разлічаны дзве залы?
— У адной зале прыкладна 35 пасадачных месцаў, а ў другой — 45. Ведаеце, апошнім часам наведвальнікаў становіцца ўсё больш і месцы за столікамі ў нас не пустуюць. Гэта акалічнасць нас, безумоўна, радуе.
— А якім чынам вы ствараеце святочны настрой для людзей?
— Гэта, канечне ж, песні розных жанраў і накірункаў, святламузыка. У перспектыве пасля праведзенага далейшага рамонту адкрыем караоке-бар. У нас ужо выступаў са сваімі песнямі гурт “Каліна” Васюкоўскага СДК.
Афіцыянт Маша і бармэн Аня прапануюць напіткі на розны густ
— Каб своечасова рыхтаваць стравы, сачыць за парадкам і чысцінёй патрэбен пэўны штат работнікаў. Хто вам дапамагае?
— У кафэ працуе, у асноўным, моладзь. На кухні гатуюць стравы тры повары. Ёсць таксама бармэн і афіцыянт. Дарэчы, на кухні з прыгатаваннем страў дзяўчатам дапамагаю я. Муж Руслан займаецца музычным афармленнем. А для захоўвання парадку ў штаце ўстановы маецца і вартаўнік. Мы, у першую чаргу, стараемся, каб людзі, якія прыйшлі ў наша кафэ, атрымалі асалоду ад адпачынку. Сочым, каб не было крадзяжу, сутычак паміж нецвярозымі людзьмі. У нас практыкуецца пасля 18 гадзін уваход па дрэс-кодзе і з абавязковым першапачатковым дэпазітам па 15 рублёў на аднаго чалавека. Маецца на ўвазе, што наведвальнік павінен знешне выглядаць ахайна, чыста і заказаць вячэру не менш як на 15 рублёў у агульнай суме. Адміністрацыя кафэ прыкладае намаганні, каб прывучыць людзей да культурных паводзін, да культуры ўжывання моцных напояў. І гэта ў нас атрымліваецца. Спадзяёмся, што так будзе і ў далейшым.
— Які расклад працы ў вашым кафэ?
— Кафэ “Сіці” працуе з аўторка па чацвер з 12.00 да 23.00, у пятніцу і суботу з 14.00 да 02.00, у нядзелю з 14.00 да 23.00, выхадны дзень — панядзелак.
— Дзякуй вам за размову! Жадаем поспехаў у вашай справе!
Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.