Падваенне асобы зрывае мне ДАХ. 21.by

Падваенне асобы зрывае мне ДАХ

19.08.2009 18:28 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гэты радок з песні гурта Garadzkija у кантэксце сённяшніх падзей у мінскім мастацкім жыцці набывае інакшае, рамантычнае адценне. З 25 жніўня, бадай, усе «падвоеныя» асобы нашага горада — мастакі, пісьменнікі, акторы і іншая мясцовая багема — будуць на працягу шасці тыдняў збірацца ў Палацы мастацтва на фестываль «ДАХ-9».

Адныя вывесяць тут свае карціны і расставяць інсталяцыі, іншыя прыйдуць паглядзець, хтосьці з’явіцца, каб выконваць ролю бясконцага кругласутачнага тусоўшчыка. Было б нядрэнна пры гэтым, каб дахі зрываліся толькі ў ДАХаўцаў — белае гарышча ветлівага палаца лепш пакінуць у спакоі. Ці шмат беларускіх выстаў былі настолькі прыхільнымі для найноўшага мастацтва?

Дах-9

«ДАХі» са сваімі мастацкімі акцыямі ўжо дзевяты раз праводзяцца то ў Берліне, то ў Мінску, таму лічба «9» сімвалічная двойчы — яна азначае і год, які стаіць на двары, і дзевятую гадавіну доўгатэрміновага праекта, які пакуль што аб’ядноўваў пераважна беларускіх і нямецкіх мастакоў. Распачалося ДАХаўства ў 2001 годзе, калі беларускія мастакі Ігар Ермакоў і Алесь Тарановіч арганізавалі ў берлінскім арт-цэнтры Тахелес выставу жывапісу, інсталяцый, прэзентацыю перфомансаў і паэтычныя чытанні, якія сабралі каля 50 нашых творцаў. Гэта быў пачатак сталага супрацоўніцтва творцаў дзвюх краін, мадэраванне якога пераняў адзін з удзельнікаў выставы — мастак Алесь Родзін, якога неўзабаве паклікалі на працу ў Тахелес.

«Гэта для мяне была падзея, мне там майстэрню далі, залу глядзельную, я там выставіўся, працаваў шмат, пазнаёміўся з мастакамі розных краін, усяго свету: з Японіі, Італіі, Мексікі, Новай Зеландыі, Аўстраліі», — адзначаў Родзін у інтэрв’ю беларускай службе радыё «Нямецкая хваля».

Дах-9

Цалкам магчыма, што сам кунстхаус Тахелес для беларускіх мастакоў стаў увасабленнем свабоднага еўрапейскага мастацтва — разняволенасці, правакацыі, незалежнасці, якія пазней увасобіліся ў новыя ідэі, пашырылі кругагляд да амаль немагчымага. Тахелес — сяміпавярховы будынак, які з часоў апошняй вайны і да дыскатэчных 80-х быў закінуты і зарастаў пылам. Больш за 20 год таму яго акупавалі мастакі-альтэрнатыўшчыкі, зрабілі ў ім сквот-камуну для жыцця і сваіх заняткаў. Пазней ініцыятыву легалізавалі, а Тахелес ператварыўся ледзве што не ў сімвал Берліна.

Сёлета фестываль поруч з Саюзам мастакоў Беларусі арганізоўваюць Алесь Родзін і малады перформер Зміцер Юркевіч (Мітрыч). Да 20 верасня ў Палацы мастацтва будуць суіснаваць жывапіс, скульптура, фатаграфія, перфоманс, літаратура, музыка, тэатр, кіно, стрыт- і відэа-арт. Па словах мастацтвазнаўцы і арт-кіраўніцы галерэі «Брама» Ларысы Фінкельштэйн, «ДАХ-9» збярэ каля 150 аўтараў з 11 краін: Беларусі, Германіі, Нарвегіі, Італіі, Польшчы, Украіны, Расіі, Нідэрландаў, Японіі, ЗША і Ізраіля. Фінкельштэйн упэўнівае, што «ДАХ» — самы рухомы праект у яе жыцці. Яна паведаміла, што цягам усіх шасці тыдняў візуальны шэраг, экспазіцыя будуць няспынна змяняцца і папаўняцца.

Родзін хваліцца: каля 80% усёй шасцітыднёвай праграмы склаў яго малодшы калега Мітрыч. Мітрыч хаваецца за драўлянымі кратамі, якія нібы адмыслова прынёс з сабой, каб журналісты, крый Божа, не змаглі пазбавіць яго надзвычайнай сціпласці.

Дах-9 

«Усе вялікія мастакі нечым ахвяруюць, — тлумачыць Родзін сутнасць канцэптуальнага праекта «Ахвяры мастацтва», які стане адзінай нязменнай экспазіцыяй «ДАХу». — Гэта толькі здаецца, што мастакам лёгка. За кожным творчым узлётам — вялікая праца і страты. Ван Гог быў гэтак зараджаны энергіяй, што страціў вуха, Шуман звязваў сабе пальцы, каб яны былі больш пластычнымі...»

«Колькі іх было, аглохлых кампазітараў, мастакоў, што адразаюць вушы, тых хто страляўся, засільваўся, піў ды калоўся... Не злічыць іх. Навошта гэта ўсё? Каб нешта даведацца, убачыць, пачуць? Каб распавесці пра гэта нам, простым смяротным? Распавялі, данеслі, увекавечылі. Ды вось бяда, геніі, жыхары неба, уладары розумаў і душаў — смяротныя. Дык ці варта было спальваць сябе, свой талент, гуляцца ў хованкі з дамай з касой? Адказу няма», — гэткімі словамі акрэсліла газета «Русская Германия» свае ўражанні ад «Ахвяраў мастацтва», калі праект Родзіна і Мітрыча быў упершыню прадстаўлены ў Тахелесе.

Дах-9

Намеснік старшыні Саюза мастакоў Сяргей Цімохаў кажа, што ні да якой ранейшай выставы яны не рыхтаваліся гэтак доўга. Зараз вядуцца перамовы з арт-цэнтрам Тахелес наконт правядзення сумеснай выставы ў Берліне. Адначасова Цімохаў адначае, што перавозіць карціны праз мяжу — вельмі шмат клопату. Калі адзін чалавек вязе столькі мастацкага грузу, карціны непазбежна ўспрымаюцца як яго ўласныя рэчы, за кожны экземпляр трэба плаціць мытны збор. Нямецкую частку экспазіцыі сёлета пратрымалі на мяжы 13 гадзін. З падобных прычын большасць нямецкіх мастакоў і не едуць на беларускі фестываль, а толькі пасылаюць сюды свае працы. Яны ўсё яшчэ пабойваюцца Усходу.

«Мы сапраўды ад іх моцна рознімся, — кажа Цімохаў. — Доўгі час у нас было толькі некалькі часопісаў, і мы з іх складалі ўражанне пра заходняе мастацтва. Таму хоць выстава гэта новая, рызыкоўная, турботная, яна нам вельмі неабходная».

Па словах Цімохава, беларускіх мастакоў для ўдзелу ў выставе выбіралі наступным чынам: выпісалі каля пяцідзесяці імён актыўных аўтараў, потым па чарзе запрашалі, пагадзілася шмат, між іх — Леанід Хобатаў, Аляксандр Забаўчык, Аляксандр Канавалаў, Сяргей Цімохаў, Марына Бацюкова, Ганна Селівончык і іншыя, у чыім майстэрстве арганізатары з боку саюза не сумняюцца. Цімохаў адзначыў, што аўтараў, якія самі прапануюць свае працы, чакае «цэнзура», ацэнка мастацкай якасці і ўзроўню.

Дворык палаца спачатку планавалася даверыць Генадзю Лойку, мастаку, які не першы горад займаецца стварэннем вялізных скульптур з пяску. Аднак гэтая ідэя адклалася ўжо на наступны год, пакуль жа Лойка прадставіць свае гатовыя скульптуры, а ў дворыку будзе паказаны стрыт-арт, інакш кажучы, графіці.

Дах-9

Апроч жывапісу ды інсталяцый на «ДАХу-9» выступіць безліч музычных гуртоў, сярод якіх — «Князь Мышкин», «СолнцеЦветы», «Гурзуф», «Рациональная Диета», «Гаротніца», «Джамбібум», а таксама Сяргей Пукст. Свае мерапрыемствы прадставіць суполка прамоўтэраў, дыджэяў, музыкаў, журналістаў, мастакоў і перформераў In-Touch. У паддашшы палацу выступіць шмат перформерскіх груп і тэатраў, відэаартысты з Расіі і Украіны. Цімохаў заўважыў, што фестываль перфомансу «Навінкі», які пройдзе 29—30 жніўня, — прыбытковая акцыя для Палаца мастацтваў, паколькі білеты разыходзяцца з хуткасцю марозіва ў спякотны дзень.

Правядзенне шасці грандыёзных імпрэз ад імя выдавецтва «Галіяфы» паабяцаў паэт і рэдактар Зміцер Вішнёў. У межах літаратурных вечароў мусіць адбыцца чарговы паэтычны слэм і прэзентацыя ажно дзевяці новых кніг. У першы паэтычны дзень будуць прадстаўлены кнігі Сяргея Календы і Усевалада Гарачкі.

Сістэма ўваходных білетаў на «ДАХ-9» будзе дастаткова незвычайнай. З 11.00 да 17.00 білет закаштуе 4 тысячы беларускіх рублёў, пасля 17-й уваход вольны. Па словах Сяргея Цімохава, у Саюза мастакоў ёсьць спонсары, каб пакрыць вечаровы кошт білетаў. Для іншых жа мэтаў спонсары шукаюцца заўсёды. «ДАХ-9» чакае тых, хто захоча зрабіць мастацкае жыццё краіны, дзе да гэтага часу няма свайго цэнтру сучаснага мастацтва, больш багатым.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Палацы мастацтва адбудзецца самы вялікі міжнародны арт-фестываль за ўсю беларускую гісторыю...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика