Фестываль "Панарама-2009", які праходзіць у Мінску з 7 кастрычніка, ужо выклікаў вялікую колькасць прэтэнзій. Падаецца, што самі арганізатары тэатральнага форума не заўсёды вінаватыя. Але сам фестываль – нагода падрабязна разабрацца ў памылках і праблемах беларускага тэатру.
Беларускую праграму фестываля "Панарама" склалі спектаклі амаль усіх стацыянарных мінскіх тэатраў (за выняткам Маладзёжнага), і нават двух недзяржаўных. Нельга сцвярджаць, што гэта былі "лепшыя" спектаклі, бо не было афіцыйнага конкурсу, празрыстага метаду "адбору". Адбіраючы той ці іншы спектакль у праграму фестываля, арганізатары кіраваліся складанай сістэмай сімпатый-антыпатый, як сваіх, гэтак і некаторых крытыкаў. У любым выпадку, гэта быў непразрысты адбор, і склалася ўражанне, што аргкамітэт проста "прызначыў" асобныя спектаклі фестывальнымі.
На іншых пляцоўках часцяком проста нічога не ведалі пра тую "Панараму", іншым разам удзел калектыва ў фестывалі абмяжаваўся дыпломам. Было аднак і па-іншаму. Некаторыя спектаклі (напрыклад, "Піць, пець, плакаць") атрымалася якасна "прапіярыць" за кошт фестываля. Тым не менш, мусім канстатаваць: фестываль зрабіў яшчэ раз давёў, што сярод тэатраў у Мінску, дый у Беларусі ўвогуле, адсутнічае адзіная інфармацыйная прастора. Кожны тэатр існуе нібыта на ўласнай інфармацыйнай выспачцы, працуе са сваім гледачом, са “сваімі” СМІ, сам па сабе ўдзельнічае ў розных фестывалях. Па сутнасці, агульнае свята адно - Дзень тэатра. Раз на год Саюз тэатральных дзеячоў збірае ўсіх і ўручае свае крыштальныя ўзнагароды. Далёка не заўсёды гэта рэальна адлюстроўвае тэндэнцыі ў тэатральным мастацтве, бо астатнія 364 дні года тэатры жывуць адасоблена…
У выніку фестываль, які мусіў нейкім чынам аб'ядноўваць калектывы, утыкаецца ўсё ў тыя ж праблемы. Фактычна не існуе працоўных сувязяў паміж рознымі калектывамі, адміністратары і тэхнічныя службы розных тэатраў недастаткова добра ведаюць адзін аднаго, як тое трэба для якаснага супрацоўніцтва. Няма падрыхтаваных валанцёраў, якія б ведалі тэатральную спецыфіку і маглі дапамагчы ў складанні прэс-рэлізаў, ці проста абзваніць журналістаў ды рэгулярна абнаўляць адмысловы сайт. Такія дабраахвотнікі не з'яўляюцца імгненна, сувязі з імі напрацоўваюцца гадамі. Дарэчы, ў Мінску шмат маладых людзей ходзяць у тэатр і любяць яго, але яны не складаюцца ў нейкую тэатральную тусоўку, якая забяспечыла б тэатры якаснымі кадрамі на выпадак вострай патрэбы. І ніякай працы ў гэтым кірунку не вялося і не вядзецца.
У фестываля мала "прыкормленых" журналістаў, якіх не трэба было б "пасвіць", у якіх ёсць свае напрацаваныя сувязі, якія ведаюць і бачаць самі інфармацыйныя нагоды. У выніку, пры тым, што журналістам складзены ўсе ўмовы для працы, у прэсе жыццё фестываля адлюстроўваецца вельмі бедна, а ў матэрыялах, што ўсё ж з'яўляюцца часам, сустракаюцца вельмі крыўдныя фактычныя памылкі.
Усё больш вострай становіцца праблема адсутнасці тэатральных мэнеджэраў. У рамках фестываля “Панарама” адбыўся семінар па арт-мэнеджменту і фандрэйзінгу, які правёў Артур Гукасян, аўтарытэтны спецыяліст на постсавецкай прасторы. Са слоў арганізатараў, яны адмыслова запрашалі да ўдзелу ў гэтым семінары прадстаўнікоў усіх тэатраў краіны. Аднак прыйшлі адзінкі. Дзіўна, але нікога не было з кафедры культурнага менеджмента з нашай спецыялізаванай ВНУ. Адкуль рэкрутаваць кадры ў гэтую галіну? А без іх перавод нашых культурных працэсаў на рынкавыя рэйкі будзе роўным забойству…
Адсутнасць еднасці відавочная і ў творчым плане. Адной з галоўных “фішак” мінскіх тэатральных фестываляў быў праект "Тэатр On-line". Гэтым разам асаблівасцю "анлайну" стала яго "беларускасць". Толькі беларускія драматургі, толькі беларускія рэжысёры... У выніку на купалаўскай сцэне адбыўся парад мінскіх тэатраў: рэжысёр Кірыл Захараў працаваў выключна з артыстамі тэатра "Кампаніі", Аляксандр Марчанка і Васіль Дранько-Майсюк з РТБД таксама вывелі на пляцоўку сваіх калег па тэатру…
Па выніках паказу чуліся традыцыйныя папрокі ў адрас беларускай драматургіі. Але, на мой погляд, менавіта беларуская рэжысура выявіла няздольнасць працаваць у экстрымальных умовах і даваць канкрэтныя вынікі. Самы час казаць пра дэзарганізаванасць і неканкрэтнасць. Ці варта здзіўляцца, што многія гледачы “не вярнуліся з антракту"...
Па сутнасці, сёлетні "On-line", якім беларуская праграма фактычна завяршалася (адзіны беларускі праект "Тэатральны Sound" з’яўляецца хутчэй канцэртам, чым спектаклем) паўтарыў у масштабе аднаго вечара ўвесь папярэдні "беларускі тыдзень". І глядацкія перспектывы ў нацыянальнага тэатра прыкладна такія ж…
Аднак нельга сказаць, што беларуская частка праграмы дала толькі негатыўны досвед. Калі параўноўваць з тым, як яна складалася папярэдне, то, нягледзячы на выключна мінскую прапіску спектакляў, — гэта самая моцная беларуская праграма ўвогуле. Не дзіва, што ўрэшце былі наладжаныя кантакты з замежнікамі, нават намеціліся сумесныя творчыя планы.
Фестываль "Панарама-2009" ужо выклікаў вялікую колькасць прэтэнзій. Падаецца, што самі арганізатары тэатральнага форума не заўсёды вінаватыя. Але сам фестываль – нагода падрабязна разабрацца...