Вялікае Княства Паэзіі
24.10.2009 19:21
—
Новости Культуры
|
23 кастрычніка ў Акадэміі мастацтваў мінчукі пабачаць у дзеянні супольнасць паэтаў, што існуе на абшарах колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Беларускія, літоўскія, украінскія паэты ездзяць адно да аднаго, перакладаюць суседскія вершы на родныя мовы. Выступаюць. Інтэгруюць у сваю супольнасць паэтаў з былога Каралеўства Польскага. Ідэя стварыць такое Вялікае Княства Паэзіі нарадзілася ў 2006 годзе ў сценах Літоўскай амбасады ў Мінску, у галовах літоўскіх і беларускіх літаратараў. Пасля былі выступы ў Вільні (нават на ганку рэзідэнцыі прэзідэнта), у Кіеве. Цяпер — Мінск. З паэтам Андрэем Хадановічам (ён жа вялікі князь паэтаў ад Рэспублікі Беларусь) гутарыць карэспандэнт «НН». «Наша Ніва»: Андрэю, што паэтам да ВКЛ і да інтэграцыі на вэкээлаўскім падмурку? Андрэй Хадановіч: Цяпер як на нас, сучасных, ВКЛ — больш чым дзяржава. ВКЛ — краіна, дзе пераадольваліся моўныя і культурныя межы, балцкае перапляталася са славянскім, а мусульманскае і юдэйскае з хрысціянскім. Дзе адбываўся больш адкрыты, чым у іншых краінах тады, культурны дыялог паміж народамі. Дзе кожная этнічная група ахвоча дзялілася сваёй культурай і ўмела карыстацца чужымі здабыткамі. Дык вось мы, сучасныя паэты з сумежных краінаў, чые народы, здавалася б, такія блізкія тэрытарыяльна, але маюць адрозныя культуры, хацелі адрадзіць завядзёнку дзяліцца набыткамі, а таксама давесці, што нам ёсць што сказаць адзін аднаму, аматарам паэзіі ў нашых краінах і ўсяму свету. «НН»: А як наконт «блізкай тэрытарыяльна» Расіі? АХ: Рэч у тым, што мы, Беларусь, Літва і нават 48-мільённая Украіна ці 40-мільённая Польшча, чыста колькасна не належым да суперкультураў. Мы стаім паміж морам расейшчыны і такім жа бязмежжам вялікіх заходнееўрапейскіх культураў. Але ў нашых краінах месца паэзіі і паэта, як на Еўропу, абсалютна ўнікальныя. Часам у мяне складаецца ўражаньне, што на вялікіх мовах, у вялікіх культурах усё па-сапраўднаму значнае ўжо даўно сказанае — і цяжка дадаць нешта. Тады як у нашых культурах і літаратурах усё цікавае толькі пачынаецца. Беларускія, літоўскія, украінскія паэты стараюцца не губляць чытача, які яшчэ не развучыўся слухаць паэзію, хаця, разам з тым, застаюцца па-добраму высокалобымі, элітарнымі. Па-другое, у нашага культурнага рэгіёна ёсць шмат агульна набалелага, агульна напрацаванага, і агульнага, непадобнага да расійскага, культурнага і грамадскага досведу. З іншага боку: мы хоць у Вялікае Княства Паэзіі расійскіх паэтаў не запрашаем, але запрашаем расійскамоўных паэтаў, якіх хапае і ў Літве, і ва Украіне, і ў Беларусі. Напрыклад, Георгія Яфрэмава, а потым Лену Элтанг з Літвы, адметных прадстаўнікоў «балцкай» паэзіі па-расійску. Наогул, дзякуючы кантактам, якія адбыліся на «Вялікім Княстве паэтаў» беларуская літаратура даведалася шмат чаго новага пра такую блізкую, але такую невядомую нам літоўскую паэзію. «НН»: На паэтычна-музычнай акцыі 23 кастрычніка каго з зорак «вялікакняскай» паэзіі мы ўбачым? АХ: Літва — гэта найперш Уладас Бразюнас. У творчасці яго чымсьці можна параўнаць з Разанавым, што капае ўглыб сваёй мовы, бліскучы версіфікатар, віртуоз. У леташнім зборніку беларускай паэзіі па-літоўску «Святло ў вокнах» ён пераклаў мала не ўсе вершы — ад Сыса да Прылуцкага. Украіна: хачу адзначыць Дмытра Лазуткіна — сэкс-сымбаля тамтэйша паэзіі. Ён з пакалення, што прыйшло пасля Сяргія Жадана. Паэзія Лазуткіна правакатыўная, чапляе за жывое нават непадрыхтваную публіку. Польшча: найперш Богдан Задура — вестэрнізатар польскай літаратуры, прыхільнік нью-ёркскай школы. Але, відаць, адчуўшы віну за перагіб у бок Захаду, цяпер перакладае шматлікіх славянскіх паэтаў, найперш — украінскіх, але ўсё часьцей — і беларускіх. Рэдактар часопіса Tworczosc. Кожны паэт прачытае колькі сваіх твораў у арыгінале, а яго перакладнікі прадублююць гэтыя вершы па-беларуску. Уладзімір Арлоў выступіць у рэдкай для сябе ролі перакладчыка — ён прачытае свае ўкраінскія пераклады. А дапаможа паэтам музыка Сяргей Пукст, аздобіўшы чытаньне нетрывіяльнай музыкай. * * * Такім парадкам, 23 кастрычніка. Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. (пр. Незалежнасці, 81, 2-гі паверх. Беларускі бок: Уладзімір Арлоў, Вера Бурлак, Віктар Жыбуль, Марыя Мартысевіч, Сяргей Прылуцкі, Андрэй Хадановіч. Літоўскі бок: Уладас Бразюнас, Вітас Дэкшніс, Антанас А. Ёнінас, Данатас Пятрошус, Альвідас Шляпікас. Польскі бок: Яцэк Гутараў, Богдан Задура, Лешак Энгелькінг. Українскі бок: Дмытро Лазуткін, Мар"яна Саўка, Астап Слівінскі. Падыграе паэтам музыка Сяргей Пукст. Пачатак а 19-й. Уваход (як і выхад) вольныя. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ў гістарычных межах — 23 кастрычніка на сцэне Акадэміі мастацтваў.
|
|