Якое ж свята без “Гуляначкі”!
04.11.2009
—
Новости Культуры
|
Старажытная зямля Дзяржыншчыны багатая талентамі.
Любяць у нас як добра папрацаваць, так і весела адпачыць. У раёне амаль тры дзесяткі аматарскіх гурткоў народнай творчасці: “Карагод”, “Весялуха”, “Скірмантаўскія сваякі”, “Вярба”, “Спадчына”, “Шчодрыца”, “Пастараль”... Пачэснае месца ў гэтым сузор’і займае фальклорны ансамбль “Гуляначка”. Cамадзейных артыстаў, пра якіх пойдзе гаворка, я не раз сустракаў на розных канцэртах, захапляўся іх майстэрствам. Ансамбль створаны ў 1987 годзе пры Путчынскім сельскім Доме культуры, самадзейныя артысты спяваюць старадаўнія і сучасныя беларускія песні. Шмат гадоў “Гуляначку” ўзначальвае дырэктар Путчынскага ДК Таццяна Карсакова, улюблёная ў беларускую песню жанчына. Яна ж славіцца і як выдатная майстрыха-вышывальніца. Чулі б вы, з якім майстэрствам яна выконвае песні, а яшчэ і сатырычныя мініяцюры, насычаныя народным гумарам! А з якім артыстызмам, вясёласцю ў час святаў у Дзяржынску вядзе забаўляльную гульню “З рога ўсяго многа”! Нават людзі сталага ўзросту ў такія моманты, здаецца, становяцца маладзейшымі. Ёсць у “Гуляначкі” і песня-візітоўка “Прывітанне, землякі!”, з якой артысты пачынаюць кожнае выступленне. Тэкст і музыку яе напісаў Антон Анісовіч, адзін са старэйшых удзельнікаў калектыву. Ён у ансамблі і саліст, і баяніст, і паэт, і кампазітар. “Я хачу, каб зямля, каб зямля мая вечна квітнела, \ Каб сыны не складалі ў баях сваіх юных галоў”... — гэта словы з яго песні “Родны край”. Па прафесіі Антон Анісовіч настаўнік, выкладае гісторыю ў сярэдняй школе вёскі Вялікія Навасёлкі, узначальвае ў школе краязнаўчае аб’яднанне “Вытокі”. Адна са старэйшых удзельніц ансамбля — Галіна Гурская. Нядаўна я гасцяваў у яе ў вёсцы Ліпкі. У сваёй чыстай, утульнай сялянскай хаце Галіна Антонаўна расказвала пра сябе, пра захапленне спевамі, пра сваіх семярых дзяцей, якіх гэтая майстрыха і пявуння нарадзіла і выхавала. Паказвала і прыгожыя ручнікі, сурвэткі, абрусы, рукавічкі, што зрабіла сама. Ад маці навучылася яна не толькі вышываць і вязаць, але і ўзяла ў спадчыну старадаўнія беларускія народныя песні, якія ўвайшлі ў рэпертуар ансамбля. Асвоіла Галіна Гурская і такі рэдкі цяпер від старажытнага беларускага фальклору, як галашэнне. Выдатна выконвае прыпеўкі. Між іншым, у гэтай самадзейнай артысткі цікавы сцэнічны вобраз, яна выступае звычайна са сваёй самапрадкай-калаўротам: прадзе лён і спявае. Гэта, на мой погляд, вельмі па-народнаму. Сваім мастацтвам “Гуляначка” часта радуе жыхароў аддаленых вёсак раёна, самадзейныя артысты выступаюць перад механізатарамі, паляводамі на палявых станах у часы пасяўной, пад час жніва. На Беларускім тэлебачанні “Гуляначка” выступала ў праграме “Зямля і людзі”, а таксама ў тэлеперадачы “Спявай, душа!” Сёлета на пачатку ліпеня артысты ўдзельнічалі ў свяце ў Вязынцы, прысвечаным дню нараджэння Янкі Купалы. Былі артысты і на Рэспубліканскай выставе-кірмашы народных майстроў у Мінску. А ў Дзяржынску дык, пэўна, ні адно свята не абыхо-дзіцца без “Гуляначкі”. На здымку: Дзе артысты “Гуляначкі” — там і свята! Лявон Целеш, г. Дзяржынск Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старажытная зямля Дзяржыншчыны багатая талентамі |
|