Настаўнікі разам з вучнямі ў Столінскім раёне стварылі ўнікальны ландшафтны праект
Зусім нядаўна трапіла ў дзівоснае царства. Наведала экзатычную краіну? Ды не. Пабывала на здымачнай пляцоўцы з дэкарацыямі? Зноў не. Проста апынулася ў дворыку школы, што ў вёсцы Арлы Столінскага раёна. Скажу адно: вачэй не адарвеш. Толькі званок на перапынак празвініць -- вучні шмыг на вуліцу. Пасля не загнаць у класы. Чым так прыцягвае школьны дворык вучняў і не толькі? Тут любяць гуляць бабулі з унукамі, маладыя мамы з дзецьмі. Прыезджыя з ахвотай робяць фотаздымкі. -- Наводзілі хараство ўсе разам: я, настаўнікі школы, тэхнічныя работнікі, вучні, сам стараста вёскі Сяргей Скулавец, -- рассказвае дырэктар Арлоўскай сярэдняй школы Людміла Савонава. -- На гэта спатрэбіўся не адзін дзень, а тры-чатыры гады. Ідэі чэрпалі з розных часопісаў, уключалі сваю фантазію. Школа патанае ў квецені. Некалі перад школьным дваром раслі высачэзныя таполі, з цягам часу іх спілавалі. Пакідаць адзінокімі голыя пянькі не сталі, а пафарбавалі ў белы колер і паставілі на кожны па кошыку, у якім летам растуць цудоўныя петуніі. Cамабытны драўляны млын ужо тры гады як упрыгожвае дворык. Побач -- мех з мукой. Ад млына недалёка “ад'ехаў” драўляны конь з возам, на якім вясёлы дзед у капялюшы і льняной кашулі трымае лейцы ў руках. Растуць у школьным двары і грыбы. Праўда, ножка -- драўляны пень, а шапка -- эмаліраваная міска. Побач вуллі з пчолкамі, вясёлыя зайцы, пеўні... Каля самай школы раскінуўся экзатычны куточак, дзе бесклапотна шчыпле траву пара дзівосных страусаў, праз драўляны мосцік скачуць дэльфіны, моўчкі чакае сваю здабычу кракадзіл і кімарыць гультайка чарапаха... -- Хочацца пакінуць на зямлі прыгожы след, -- прызнаецца Людміла Савонава. -- Мы стварылі хараство на маленькім участку зямлі, а значыць, крыху прыгажэйшай зрабілі нашу Радзіму. Кажуць, прыгажосць выратуе свет. Але прыгажосць выхоўвае і дзяцей. Бо дзеці, якія кожны дзень бавяць час у такім куточку хараства, будуць беражліва адносіцца да людской працы і самі несці хараство ў свет. Наталля Сергуц. НА ЗДЫМКАХ: на школьным двары -- як у казцы. Фота аўтара.