Філолаг: У “Хазарскім слоўніку” Міларада Павіча кожны можа знайсці нешта зразумелае асабіста яму
22.12.2009 18:59
—
Новости Культуры
|
Сёння мы даследуем Балканы з культурнага боку. Некалькі тыдняў таму ў Белградзе памёр вядомы сербскі пісьменнік Міларад Павіч. Пра фенамен яго творчасці ў студыі TUT.BY разважаў Віктар Прастакоў, выкладчык кафедры замежнай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ.
![]() Аудыё размовы слухайце тут Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Якое месца, на ваш погляд, займае творчасць Міларада Павіча ў сучаснай літаратуры? Адказаць на дадзенае пытанне можна ў дачыненні да трох узроўняў: нацыянальны, фармальны і змястоўны. На нацыянальным узроўні – Міларад Павіч вывеў уласную сербскую літаратуру на абшары сусветнай літаратуры і, перш за ўсё, постмадэрнісцкай літаратуры. На фармальным ўзроўні – ён быў адным з першых, хто прадставіў новы тып літаратуры, так званы “гіпертэкст”. На змястоўным – у творчасці дадзенага пісьменніка ўвасобіліся пэўныя палажэнні, у тым ліку міфалагічныя гісторыі, культура таго краю, на якім скрыжоўваецца культура ўсяе Еўропы. Калі больш дакладна казаць пра гэтыя аспекты, то на нацыянальным узроўні трэба, перш за ўсё, узгадаць, што Балканы – гэта кіпучы кацёл розных нацыянальнасцяў і народнасцяў. Гэта і краіны былой Югаславіі, і краіны, з якімі яна межавала. Гэта сапраўды скрыжаванне Еўропы. І ў творчасці Міларада Павіча ўвасобіліся элементы нацыянальных культур кожнай з гэтых краін, што можна знайсці і ў асобных персанажах, і ў асобных сюжэтах. Тое самае можна сказаць і ў дачыненні да нацыянальнай гісторыі. Традыцыйна Міларад Павіч звяртае ўвагу на той драматычны этап у гісторыі Балкан, калі большая частка тэрыторыі была пад акупацыяй Асманскай імперыі. Гэта быў той час, які вызначаўся недакладнасцю і амбівалентнасцю, што, у сваю чаргу, дастаткова добра ўвасабляецца ў парадыгме постмадэрнісцкай літаратуры. Калі казаць пра фармальны ўзровень, то традыцыйна Міларада Павіча асэнсоўваюць як пісьменніка, які вывеў літаратуру на новую парадыгму тэксту – так званы “гіпертэкст”. Гэта найбольш заўважная рыса яго творчасці. І чытачы, і крытыкі перш за ўсё звяртаюць увагу на форму. Калі казаць пра літаратуру, то максімальна рэдуцыравана яе можна звесці да таго, што кажацца і якім чынам кажацца. Іншымі словамі – да зместу і формы. Калі казаць пра спосабы арганізацыі тэксту Міларада Павіча, то прынцыповай навізной дадзенага спосаба будзе тое, што аўтар аддае чытачу актыўную пазіцыю. Не толькі ў працэсе інтэрпрэтацыі, что традыцыйна для постмадэрнісцкай літаратуры, увасабляецца ў тэрміне “адкрытага тэксту”, калі чытач можа сам інтэрпрэтаваць, але і тое, што чытач у кантэксце твораў Павіча можа арганізоўваць ход развіцця гэтага тэкста. Можна зараз падрабязней распавесці – што такое “нелінейны тэкст” у літаратуры Павіча? Хто-небудзь яшчэ яго выкарыстоўваў? Так, відавочна, што прыклады гіпертэксту можна знайсці і ў творчасці іншых пісьменнікаў. Перш за ўсё прыгадваецца лацінаамерыканец, з якім Павіча часта параўноўваюць – гэта Хорхе Луіс Борхес, таксама – Хуліа Картасар, з еўрапейскіх абшараў – гэта Леў Рубінштэйн, Джон Джэксан з іх “вершамі на картках”, з апошніх рускіх – раман “Бясконцы тупік” Дзмітрыя Галкоўскага і іншыя. Калі казаць пра сутнасць тэрміна “гіпертэкст” – гэта тэкст з адгалінаваннямі, або той тэкст, які выконвае адпаведныя дзеянні па пэўным запатрабаванні. Найбольш знакаміты выгляд гіпертэкста – гэта інтэрнэт, вэб-старонкі, дзе чытачу асноўная інфармацыя перадаецца візуальным шляхам. Гэта не толькі тэкст у яго традыцыйным разуменні, але і пэўная медыя-інфармацыя, відэа і аўдыё. Такім чынам, чытач сам можа пераходзіць са старонкі на старонку, і толькі ён з’яўляецца гаспадаром гэтага выбару. Традыцыйна “гіпертэкст” – гэта комплекс тэкстаў, якія ўтрымліваюць паміж сабой пэўныя вузлы, што звязваюць іх і дазваляюць пераходзіць ад аднаго тэкста да другога. Самае галоўнае тут, што чытанне, працэс пошуку інфармацыі адбываецца згодна з жаданнем самога чытача. У больш шырокім сэнсе “гіпертэкст” – гэта той тэкст, у якім сустракаюцца адсылкі да іншых тэкстаў, які месціць “інтэртэкст”, калі чытач можа адшукаць адсылку да папярэдняга тэксту. Пры гэтым, мы разумеем, што ў кантэксце постмадэрнізму не толькі наяўны тэкст у яго традыцыйным разуменні ўспрымаецца як тэкст, але і ўсё, што існуе ў свеце, і сам свет таксама ўспрымаецца як тэкст. “Гіпертэкст” у літаратуры характарызуецца з двух пунктаў гледжання. Першы – як адна з разнастайнасцяў гульні, перш за ўсё – чытача з тэкстам. Другі – як спосаб арганізацыі тэкста, дзе выкарыстоўваецца стратэгія змешвання, узаемазамяняльнасці частак тэкста. Найбольш паказальныя прыклады ў літаратуры – кнігі ролевых гульняў, дзе чытач, згодна свайго выбару, можа пераскокваць з аднаго кавалка тэкста да іншага. Такога кшталту гульні папярэднічалі кампутаровым гульням. А адна з сербскіх крытыкаў – Ясміна Міхайлавіч – параўноўвае яго прозу з кампутаровымі гульнямі, з бясконцай прасторай. Не зусім зразумела, для чаго гэта робіцца. Калі тэкст выкладзены на паперы – гэта таксама тваё права – чытаць яго так, як ён выкладзены, ці скакаць па спасылках, якія даюцца ў тэксце? ![]() Мэта ў тым, каб даць чытачу свабоду – ці чытаць яго лінейна, ці скакаць па пэўных спасылках. Павіч у дачыненні да літаратуры казаў, что яе недахопам з’яўляецца неабарачальнасць. Існуюць абарачальныя і неабарачальныя віды мастацтва. Абарачальная, напрыклад, архітэктура, дзе той, хто успрымае, можа выбраць свой вугал позірку, свой ракурс. Неабарачальнае мастацтва, такое як музыка і літаратура, – гэта, як казаў сам пісьменік, “цягнік, які рухаецца ў адным кірунку” і які чытач у традыцыйнай манеры пісьма не можа змяніць. Па сутнасці, незалежна ад таго, у якім парадку, але мы ўспрымаем адну і тую ж інфармацыю. Ад перамены месцаў складнікаў сума не мяняецца. Пасля таго, як мы прачыталі кніжку, у нас застаецца тое ж самае ўражанне. Мы дазналіся не больш і не менш, чым калі б мы чыталі яе ад пачатку да канца. Тут на самай справе адбываецца адваротнае. Калі ў матэматыцы, сапраўды, ад перамены месцаў складнікаў сума не мяняецца, то ў літаратуры якраз наадварот. Можна прыгадаць адзін з афарызмаў Павіча: “Той, хто ведае ісцінны шлях, можа ісці ў абход”. Калі мы возьмем для разгляду паслядоўнасць фактаў – А, В і С, то пры чытанні гэтых фактаў у паслядоўнасці А, В і С – гэта будзе адзін сэнс. У іншай паслядоўнасці – гэта будзе іншы сэнс, бо кожная з актуалізаваных сітуацый будзе ўжо ўплываць на нашу інтэпрэтацыю сітуацыі. У лінейных творах галоўнае – увесь сэнс, лагічна выкладзены ў канцы тэкста. Нелінейны твор, па сутнасці, канца не мае. Гэта літаратура бясконцасці, якая прынцыпова супрацьстаіць упарадкаванай канчатковай сістэме. Мы шмат часу разглядалі форму і амаль нічога не сказалі пра змест яго твораў. Можа, у кантэксце зместу вернемся да першага пытання – месца МП у сучаснай літаратуры? Мы большую ўвагу звярнулі на форму таму, што яна з’яўляецца найбольш заўважным у рэчышчы таго ці іншага аб’екта мастацтва. І калі казаць пра Павіча, то відавочна, што ён істотна змяняе манеру пісьма і дазваляе быць чытачу актыўным не толькі на ўзроўні зместу, але і на ўзроўні формы. Але больш значным з’ўляецца тое, што ён сваёй літаратурай папярэдзіў інтэрнэт як з’яву. Таксама ў яго творчасці ўвасобілася культура гэтага рэгіёну – Сербіі, Балкан і Еўропы. “Хазарскі слоўнік”, з якім Павіч увайшоў у сусветную літаратуру, стаў нейкім адкрыццём і быў адразу перакладзены на дзесяткі моваў. Усё-такі – не змест, а форма вызначае той поспех, якім карыстаўся “Хазарскі слоўнік”? Форма і змест - гэта два складнікі мастацтва ўвогуле. Форма – гэта тое, якім чынам чытач чытае змест, а змест – гэта тое, што ён дастае з гэтага тэкста. Калі крытыкі лічаць Міларада Павіча першым пісьменнікам 21 стагоддзя, гэта сведчыць пра тое, што не толькі яго знаходкі ў плане формы прасунулі аўтара на такое месца, але і тое, што яго тэксты патрэбны чытачам, што бясконцасць структуры гэтых тэкстаў дазваляе кожнаму чытачу знайсці нешта для самога сябе. У дачыненні да твораў Павіча – форма не ёсць самамэта. Атрымліваецца сітуацыя, калі вузканацыянальны тэкст цікавы чытачу любой нацыянальнасці. Чаму так адбываецца? Уплыў якой гісторыі і культуры больш адчуваецца – сербскай, балканскай, славянскай ці сусветнай на момант напісання гэтага тэкста? Ці ён іх падае ў кантэксце, які зразумелы прадстаўнікам любой нацыянальнасці? Калі мы апісваем нейкую канчатковую структуру – мы павінны быць вельмі дакладныя, мы павінны апісаць яе элементы, мэту і задачы. Проза Павіча і па форме, і па змесце імкнецца да бясконцасці, што не дае магчымасці быць дакладным. Яго творчасць з’яўляецца актуальнай таму, што яна можа актуалізаваць сябе ў комплексе сэнсаў у дачыненні да кожнай культуры. Напрыклад, гістарычны пласт падзей часоў Асманскай імперыі, апісаны Павічам, будзе цікавы жыхарам краін, у якіх ідуць узброеныя канфлікты, і г.д. У такога кшталту міні-сітуацыях кожны можа знайсці што-небудзь блізкае і зразумелае яму. Лепш за ўсё ўзяць у рукі кнігу, самому прачытаць яе і самому сабе адказаць на пытанне – чаму яна закранае цябе. Можа, ты знайшоў там нейкую думку, якая існавала ў латэнтным стане, і толькі прачытаўшы нейкі сказ ў творы Павіча, можаш надаць ёй дадатковы сэнс. Якія яшчэ мастацкія прыёмы, акрамя нелінейнасці тэкста, выкарыстоўваў Павіч у сваіх творах? ![]() Адказваць на гэта пытанне варта ў рэчышчы літаратуры постмадэрнізму. Перш за ўсё варта адзначыць прынцып пад назвай “смерць аўтара”, што ўвасабляецца ў максімальнай дыстанцыі аўтара ад свайго тэкста, ад таго, што ў ім адлюстроўваецца. Гэта робіцца, каб пакінуць чытачу свабоду інтэпрэтацыі і каб прымусіць яго быць актыўным. Прыкладам прынцыпу “смерць аўтара” можа быть той самы “Хазарскі слоўнік”, дзе сам аўтар адмаўляецца ад аўтарства дадзенага тэкста, дзе ёсць і самі ўдзельнікі падзей, і храністы, і перапісчыкі і г.д. Атрымліваецца шматразовая рэкамбінацыя тэкста. Акрамя таго, падзеі разглядаюцца з пунктаў гледжання трох рэлігій: хрысціянскай, ісламскай, іўдаісцкай. Усё гэта прымушае чытача крытычна падыходзіць да падзей у кнізе, што, у сваю чаргу, вядзе да таго, что ён робіцца больш актыўным і крытычна падыходзіць да жыцця наогул. Другім прынцыпам постмадэрнісцкай літаратуры, што ўвасабляецца ў прозе Павіча, з’яўляецца прынцып гульні. Гульня складаецца з двух аспектаў: з таго, хто гуляе, ці суб’екта гульні, і з таго – з чым адбываецца гэта гульня, ці аб’екта гульні. Калі мы кажам пра трыяду – аўтар, чытач і тэкст, то аб’ектам гульні будзе з’яўляцца альбо тэкст, альбо чытач. З аўтарам у нас мала магчымасці пагуляцца, калі ён не з’яўляецца нашым блізкім сябрам. Сам аўтар гуляецца з тэкстам і спадзяецца, што чытач таксама будзе гуляцца з ім. Больш цікава – якім чынам аўтар гуляецца з чытачом. Традыцыйна ў постмадэрнізме праз затрымку альбо падман здагадкі чытача, каб прымусіць чытача заняць актыўную пазіцыю. Чытач думае, што ён правільна прачытвае, а аўтар імкнецца выбіваць яго з гэтай каляіны і без упэўненасці. І найбольш цікава, якім чынам чытач гуляецца з тэкстам. Тут маецца на ўвазе раней разгледжаны “інтэртэкст”. Толькі тады адбываецца гульня, калі чытач ведае правілы. У дачыненні да тэкста такімі правіламі з’яўляюцца яго здольнасць прачытаць гэтую сітуацыю, персанажа ці сам сюжэт як адсылку да папярэдняга тэкста. Хацелася б пачуць яшчэ колькі словаў, якія б падвялі вынік. Наўрад ці можна двума словамі даць адказ на пытанне, у чым сакрэт папулярнасці Павіча, але тым не менш. Што дало яму папулярнасць яшчэ пры жыцці? Да сярэдзіны 80-х гадоў, да выхаду “Хазарскага слоўніка”, ён быў невядомы нават у самой Сербіі. Толькі з гэтай кнігай яго захіснула хваля папулярнасці. І гэта нягледзячы на тое, што ў дынастыі Павічаў быў продак, які яшчэ ў 18 ст. адзначыўся ў літаратуры. А аснову папулярнасці складаюць два моманты. Дзіўнае, да месца, яднанне формы і зместу. Міларад Павіч зразумеў крызіс сучаснай формы пісьма, які намеціўся яшчэ напрыканцы 50-х гадоў у межах еўрапейскай ліратуры. Ён быў адным з першых, хто даў адказ на тое – якім чынам можна арганізаваць тэкт па-новаму, каб задаволіць новыя магчымасці чытача. Другі момант звязаны са зместам – нелінейнасць і бясконцасць яго прозы дазваляе кожнаму чалавеку знаходзіць для сябе сэнсазвязваючую і з тымі ведамі, і з тымі сітуацыямі, якімі было напоўнена яго жыццё. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння мы даследуем Балканы з культурнага боку. Некалькі тыдняў таму ў Белградзе памёр вядомы сербскі пісьменнік Міларад Павіч. Пра фенамен яго творчасці ў студыі TUT. |
|