Дом, адкрыты для сяброў. 21.by

Дом, адкрыты для сяброў

12.01.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дом Якуба Коласа стаў музеемУ Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, які ў снежні адзначыў 50-годдзе, заўсёды пануе атмасфера гасціннасці
Пра стварэнне музея клапаціўся старэйшы сын паэта — Даніла Міцкевіч. Ён быў і першым дырэктарам установы, што расчыніла дзверы ў далёкім 1959 годзе. Заснаваны ж музей у доме, дзе пасля Вялікай Айчыннай вайны жыў Якуб Колас. Спачатку там стаяла невялічкая хатка. Пясняр доўга адмаўляўся ад урадавага падарунка — катэджа: лічыў, што не меў маральнага права на яго ў час, калі амаль два мільёны жыхароў Беларусі жылі ў зямлянках. І толькі ў 1952-м быў узведзены дом, што стаў музеем.
Пры жыцці Коласа тут склаўся своеасаблівы цэнтр духоўнага жыцця сталіцы, панавала творчая і сяброўская атмасфера. Сюды прыходзілі вядомыя пісьменнікі, мастакі, артысты, музыканты, вучоныя і палітыкі.
Сёння фонды музея налічваюць звыш 34 тысяч прадметаў. На працягу 50 гадоў зменена чатыры экспазіцыі. У 1982 годзе, да сотых угодкаў Якуба Коласа, узноўлены мемарыяльныя пакоі — гасціная, сталовая, фрагмент рабочага пакоя, а кабінет і спальня захоўваюць свой першапачатковы выгляд. Цяпер у Коласаўскі мемарыяльны заказнік уваходзяць і чатыры сядзібы на Стаўбцоўшчыне, малой радзіме паэта. Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Смольня сёння сталі красой стаўбцоўскага краю, годна прадстаўляюць Песняра на ўсю краіну і за яе межамі. Штогод каля 40 тысяч чалавек наведвае музей і яго філіял.
Як і пры Якубе Коласе, у доме пануе атмасфера творчасці: тут праводзяцца шматлікія мерапрыемствы з удзелам дзеячаў літаратуры і мастацтва, навукоўцаў. Сталі традыцыйнымі літаратурнае свята “Каласавіны”, фестываль юных музыкантаў “Сымон-музыка”, свята паэзіі да Дня ведаў “Песняй вітаю я вас”, літаратурныя чацвяргі, прымеркаваныя да юбілеяў вядомых літаратараў краіны і замежжа, прэзентацыі апошніх літаратурных навінак. Шырока адзначаюцца і юбілейныя даты вядомых твораў песняра, падзей у жыцці самога Коласа.
Сёння музей працуе пераважна на вучнёўскую моладзь. Тут дзейнічае лекторый, распрацаваны шэраг экскурсій па гістарычных мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Якуба Коласа. Цікавы праект — музейна-педагагічная праграма “Музей і дзеці”, якая прадугледжвае літаратурна-музычныя святы “Калядныя сустрэчы ў доме Коласа”, “Гуканне вясны”, “Казкі жыцця”.
Пра даволі важкія заслугі музея на ніве беларускай культуры, навукі гаварыў ледзь не кожны выступоўца на юбілейнай вечарыне ў гасцёўні Коласавага дома. А прыйшлі на свята як калегі-музейшчыкі, так і навукоўцы, людзі культуры, літаратуры. “За гэты час музей ператварыўся ў сапраўдную скарбніцу жыццёвай і творчай спадчыны класіка айчыннай літаратуры. У яго залах перад наведвальнікамі паўстае шматгранны вобраз знакамітага пісьменніка, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, вучонага, педагога, які да апошніх хвілін шчыра і самааддана служыў Радзіме”, — гаварылася ў віншавальнай тэлеграме Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі музею. Увогуле, віншавальных адрасоў было шмат, у тым ліку і замежных. Сваю павагу да музея Якуба Коласа і самога класіка засведчылі міністр культуры Павел Латушка, пасол Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы, кіраўніцтва мясцовых уладаў (Першамайскага раёна, аблвыканкама, Стаўбцоўшчыны), колішнія міністры культуры і многія, многія іншыя.
Госці не скупіліся на падарункі, узнагароды і найлепшыя зычэнні. Сённяшняя ж гаспадыня музея Зінаіда Камароўская адзначыла, што шматлікія ягоныя поспехі былі дасягнуты дзякуючы плённай сумеснай дзейнасці. Такім чынам, шырокае сяброўскае асяроддзе — гэта яшчэ адно значнае дасягненне музея Якуба Коласа.

Анатоль Трафімчык, супрацоўнік музея


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, які ў снежні адзначыў 50-годдзе, заўсёды пануе атмасфера гасціннасці
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика