“Царскі” ўказ: жыць багата і весела!. 21.by

“Царскі” ўказ: жыць багата і весела!

16.01.2010 01:00 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

абрад “Калядныя цары” у весцы Семежава Капыльская районаБеларускі абрад унесены ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай спадчыны

Ходзіць Каляда па вёсцы Семежава Капыльскага раёна. Вучыцца дзятва традыцыйным песням ды вершам. Гатуюць гаспадынькі прысмакі. А тым часам у мясцовай краме раскупілі ўсё печыва з цукеркамі -- кожны год у Шчодры вечар чакае сяло саміх “Цароў”.

У свята сабраліся семяжоўцы на плошчы. Сярод іх дзіўныя маладыя мужчыны, апранутыя ў белыя кашулі і нагавіцы, падпяразаныя тканымі паясамі. На галовах у іх высокія “шапкі” з рознакаляровымі папяровымі стужкамі. Гэта і ёсць тыя самыя “цары”. Зухаваты мужчына ў чырвоным убранні з намаляванымі вусамі прадстаўляецца “Мамаем”. Мясцовыя жыхары расказваюць, што захаваўся здымак XIX стагоддзя: дзякуючы яму, касцюмы ў калядоўшчыкаў менавіта такія, як былі раней.
З'яўляюцца Дзед ды Баба -- у іх ролі таксама юнакі. Лекар і Механоша на месцы. Музыка зайграў бадзёра, строяцца хлопцы ў шарэнгу. Наперад з песняй! І цягнуць за працэсіяй імправізаваны драўляны трон… Не адстаюць ад “акцёраў” па-святочнаму апранутыя семяжоўцы. Кожнаму хочацца запрасіць дарагіх гасцей да сябе.
Летась “Калядныя цары” -- унікальная беларуская традыцыя -- былі ўнесены ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай спадчыны. Этнограф Таццяна Кухаронак першая запісала абрад. У экспедыцыі ў 1996 годзе яна запытала, ці ходзяць у вёсцы Семежава калядоўшчыкі, можа “Казу” водзяць -- самы распаўсюджаны персанаж… Адна бабуля і сказала, што былі ў іх некалі “Цары”. Аказалася, з'явіўся абрад яшчэ ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. На Беларусі, адзначае этнограф, такога больш нідзе не сустракалася. Кажуць, у канцы пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя “Цары” былі забаронены, але абрад усё ж здзяйсняўся. Потым неяк сталі забывацца, праводзіліся ўжо раз у некалькі год, але без былога размаху.
рады “Царам” гаспадары, хлебам-соллю сустракаюцьА вось як сталі вучоныя дыялогі ўзнаўляць, зацікавіліся тады мясцовыя хлопцы, самі паспрабавалі абрад правесці. З таго часу маладыя энтузіясты кожны год і калядуюць так. І калектыў мяняецца часта. Сёлета сярод “цароў” -- і старшакласнікі, і студэнты, і рабочыя… Але абавязкова мужчыны!
-- Калісьці беларускія дзяўчаты хадзілі на Каляды асобна ад хлопцаў, толькі ў пачатку ХХ стагоддзя “перамяшаліся”, -- кажа Таццяна Кухаронак. -- А ў семяжоўцаў, бачыце, засталася традыцыя.
Мясцовая легенда расказвае, што быў на пастоі ў сяле Семежава атрад царскай арміі. У час Калядаў, на Шчодры вечар, хадзілі салдаты і афіцэры ў сваёй звычайнай вайсковай форме па хатах. Віншавалі гаспадароў, весялілі іх сцэнамі з папулярнай тады драмы “Цар Максіміліян”. Нарэшце і самі семяжоўцы перанялі забаву. Вось чаму так многа русізмаў у дыялогах сучасных “Цароў”. І песня “Посею лебеду на берегу…” не беларуская. Захавалася ўсё з былых гадоў.
Тым часам заходзяць “цары” ў першы дом. Рады ім гаспадары, хлебам-соллю сустракаюць. І тут пачынаецца: высвятляюць адносіны гасудары, б'юцца на “мячах”, Дзед і Баба забаўляюць сваёй зладзеяватасцю, Лекар дае абсурдныя парады. Дзе там утрымаешся ад смеху! Гудзе хата! А Механоша ўжо гатовы збіраць пачастункі. Пажадаўшы дабрабыту, накіраваліся калядоўшчыкі да суседзяў…
Ідзе гурба ад хаты да хаты. Пакуль “цары” свой міні-спектакль паказваюць ды прысмакі збіраюць, астатнія -- на вуліцы. Але ж таксама не сумуюць, не пужаюцца марозу -- прытупваюць пад гармонік. Усе чакаюць, каб зазваць калядоўшчыкаў да сябе: кажуць, тады ўвесь год шчасціць будзе. Вялікая канкурэнцыя! Таму і было традыцыйна некалькі саставаў “цароў”. Зараз толькі адзін, але ж хіба толькі яны калядуюць…
Каго толькі не сустрэнеш у вёсцы Семежава ў Шчодры вечар! Прыехаў у роднае сяло Герой Беларусі Міхаіл Высоцкі. Памятае акадэмік яшчэ даваенныя Каляды. Расказвае Міхаіл Сцяпанавіч, як перавязваліся тады ручнікамі, абувалі валёнкі -- снег жа вышэй за плот ляжаў, -- а галоўнае, торбу на ласункі бралі…
-- І каб нешта атрымаць -- падключаецца да размовы прафесар Міхаіл Рымжа, успамінаючы ўжо пасляваенныя гады, -- трэба было праспяваць.
Да гэтага часу памятае вучоны “сваю” прыпеўку: “Гопчык, гопчык, я маленькі хлопчык! У дудачку граю, Хрыста велічаю. А вы, людзі, знайце, каўбасу падайце”. І жартаўліва пагражае: “Не дадзіце каўбасу, усю хату растрасу!”. Звычайна атрымлівалі яны тады цукеркі і невялічкія прэсныя булачкі. Свае бабулі маглі ўжо і каўбасой аддзячыць. Міхаіл Высоцкі ўспамінае, што яго дзяцінства прыйшлося на значна бяднейшы час. А ўсё роўна было весела.
“Цары” зычаць шчасця чарговым гаспадарам -- ёсць час запытаць у эксперта ад Беларусі ў міжурадавым камітэце ЮНЕСКА Алы Сташкевіч, чаму ж менавіта семежаўская традыцыя зацікавіла свет.
драма “Цар Максіміліан”Справа вось у чым. Каб абрад папаў у Спіс сусветнай нематэрыяльнай спадчыны, патрэбна, каб быў ён жывым -- ішоў ад народа, а не выконваўся прафесійнымі артыстамі, і перадаваўся ад пакалення да пакалення, і цяперашнім мясцовым жыхарам быў даспадобы… Усё пра семежаўскі звычай! Да таго ж вёска -- дзіва. Многа тут жывой традыцыі -- тое ж ткацтва. Ніхто штучна не падтрымліваў яго. Школьніцы і зараз з радасцю ідуць вучыцца да народнага майстра Беларусі Валянціны Кіені. Шчасце, што сяло вялікае і моладзі шмат, ёсць каму ўсё перадаць…
Вось і ў “царскай” свіце многа па-святочнаму прыбраных дзяўчат. У каго спадніца доўгая -- па ранейшай модзе, у каго хустка квяцістая. Дзве Алёнкі -- Нікалаеня і Кулік -- весела расказваюць, што дзеля такога свята мамы нават прабабуліны хусткі ім далі.
Не адстаюць ад дзяўчат і хлопцы. А малых вязуць на саначках. Часам і старэнькія з палачкамі ўзгадаюць былое. Пройдуць крыху, стомяцца -- дзе там угнацца за “царамі”! Хутка рухаюцца яны ад хаты да хаты, без адпачынку. Мех усё цяжэйшы, нездарма ж вечар шчодрым завуць…
Цікавіцца традыцыяй старшыня Семежаўскага сельскага Савета Мікалай Кулік. Многа чуў ён ад старажылаў пра абрад. Пасміхаючыся, прызнаецца, што і сам быў бы не супраць паўдзельнічаць. Але ж, кажа, спазніўся -- там хлопцы маладыя “царуюць”. Вось толькі Мамай ужо жанаты.
Мясцовыя жанчыны кажуць, што сярод сваіх называюць Мамая “наш любімы Жора”. І нездарма сацыяльны работнік Георгій Ціманаў любімы. Удзельнічае ён у абрадзе ад самага аднаўлення, з 1997 года. Хоць цар Максіміліян традыцыйна пераможца і ідзе першым, бачна, што Мамай па-за сцэнарыем за старэйшага. Сочыць ён за хлопцамі, паясы папраўляе -- ці то па-камандзірску, ці то па-бацькоўску. Што казаць, вопыт!
Як сцямнела, пабралі семежаўскія калядоўшчыкі факелы. З агнём шэсце прыняло зусім містычны характар. Ідуць “цары” па вёсцы маршам -- “Левай, левай. Раз-два-тры!” Крычаць па-вайсковаму тройчы “ура!”. Зычаць гаспадарам здароўя-дабрабыту. І ніхто не сумняваецца: будзе шанцаваць у гэтым годзе. Згодна з “царскім” пажаданнем.
Ірына Бабіч, “БН”.
На здымках:абрад “Калядныя цары” у весцы Семежава Капыльскаярайона; рады “Царам” гаспадары, хлебам-соллю сустракаюць; драма “Цар Максіміліан”: разгуляліся не нажарт.

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА, “БН”. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларускі абрад унесены ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай спадчыны
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика