Вынаходнік міжнароднай мовы
02.02.2010
—
Новости Культуры
|
Стваральнік эсперанта Людвік Заменгоф лічыў, што ёю можна авалодаць на працягу гадзіны
Так здарылася, што на леташні снежань прыпалі дзве круглыя гадавіны, звязаныя з мовай эсперанта. 15 снежня 1859 года ў Беластоку нарадзіўся яе стваральнік, доктар-акуліст па прафесіі Людвік Заменгоф. А праз дваццаць год, 2 снежня 1879-га, у Шчучыне на Гродзеншчыне з’явіўся на свет яго паслядоўнік, настаўнік лацінскай мовы і рэдактар віленскага “Беларускага летапісу” Фелікс Стацкевіч, з якім, дарэчы, мне пашчасціла пазнаёміцца: браў інтэрв’ю для радашковіцкай райгазеты “Сцяг Ільіча” (мой суразмоўца выкладаў у славутай Радашковіцкай гімназіі). Дык вось, заходнебеларускі асветнік склаў “Эсперанта-беларускі слоўнік” і вельмі ганарыўся гэтым. Заканамернае пытанне: чаму адзіная паспяховая спроба стварыць штучную міжнародную мову ажыццявілася ў Беластоку, на тэрыторыі польска-беларускага памежжа? Справа ў тым, што і раней, як і цяпер, гэты горад — шматэтнічны. Дома ў Заменгофаў гаварылі па-яўрэйску, па-польску, па-беларуску, па-руску. На вуліцах гучалі і літоўская, татарская, французская мовы. Вельмі часта з-за неразумення ўзнікалі скандальныя сітуацыі. І малады Людвік задумаўся: а як жа пасадзейнічаць зго-дзе паміж людзьмі? Дзеля гэтага ён пад псеўданімам Доктар Эсперанта ў 1887 годзе выдаў кнігу “Міжнародная мова. Прадмова і поўны падручнік на рускай, нямецкай, французскай і польскай мовах”. Праз год да іх далучыўся англійскі варыянт. Новая мова, заснаваная на лацінскім шрыфце і раманскай лексіцы (каля 100 тысяч слоў), хутка заваёўвала папулярнасць у Еўропе. Ужо ў 1888 годзе ўзнік у Германіі першы клуб эсперантыстаў, а ў 1889-м пачала выходзіць газета “La Esperantisto”. Стваральнік лічыў, што новую мову можна засвоіць на працягу… гадзіны. І з людзьмі, якія добра ведалі латынь, такі казус здараўся. Неўзабаве пачынаецца пашырэнне эсперанта на беларускіх землях. І не выпадкова, бо ў 1893–1897 гадах Заменгоф жыў і працаваў у Гродне: цяпер там, на доме № 5 па вуліцы Кірава, устаноўлена мемарыяльная дошка. У горадзе над Нёманам ён не толькі заваяваў папулярнасць як лекар, але і быў выбраны прысяжным засядацелем акруговага суда. У 1904 годзе новай мовай зацікавіўся і дасканала ёю авалодаў будучы беларускі празаік Янка Маўр (Іван Фёдараў). Цікавы факт: потым ён з 1926 года будзе па панядзелках весці на беларускім радыё 45-хвілінныя ўрокі эсперанта. І менавіта дзякуючы перапісцы з эсперантыстамі далёкіх краін напіша раманы і аповесці “Амок”, “У краіне райскай птушкі”, “Сын вады” і іншыя дзіцячыя творы. У час Першай рускай рэвалюцыі захапіўся штучнай мовай Цішка Гартны. З 1918 года ў школах Гомеля і Чэрвеня (Ігумена) дзейнічалі эсперантысцкія гурткі. Тады ж у Віцебску адбыўся прыфрантавы з’езд эсперантыстаў Беларусі і Смаленшчыны. У 1920-я гады эсперантысцкі рух у Беларусі набыў масавы характар. На І канферэнцыі Беларускай арганізацыі эсперантыстаў (май 1925 г.) прысутнічала ўжо звыш 400 дэлегатаў і гасцей. Пачалі выходзіць “Інфармацыйныя лісты” гэтай арганізацыі, а з 1934 года — бюлетэнь “Soveta Blankrusio». 8 верасня 1926 года газета “Савецкая Беларусь” пісала, што дзякуючы эсперанта “шырокае распаўсюджанне атрымала перапіска рабочых Беларусі са сваімі замежнымі братамі”. Новая мова аблягчала культурныя кантакты БССР з замежжам. Падлічана, што ў 1924–1933 гадах паводле лістоў з Беларусі ў заходнееўрапейскім друку было апублікавана звыш паўтары тысячы артыкулаў і карэспандэнцый. А шведскі эсперантыст Эйнар Адамсон, які быў запрошаны ў СССР на 10-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, вярнуўшыся ў Гётэборг, выдаў кніжку “Пад чырвоным штандарам”, у якім ёсць раздзел “У Мінску, сталіцы Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі”. На эсперанта былі перакладзены творы Купалы і Коласа, Александровіча і Гартнага, Маўра і Кобеца… Новы ўздым эсперантысцкага руху пачаўся ў нашай краіне ў 1950-я гады. Толькі ў БДУ курсы эсперантыстаў наведвалі каля 250 студэнтаў. У 1957 годзе быў створаны Саюз эсперантыстаў Беларусі, ганаровым старшынёй якога стаў Янка Маўр. А 18 студзеня 1990 года “Голас Радзімы” (артыкул “Эсперанта — мова дружбы”) паведамляла: у Брэсце працуе эсперанта-клуб “Цытадэль”, адбылася выстава, на якой дэманстравалася звыш трохсот айчынных і зарубежных выданняў. А ў 1992 годзе ў мінскім выдавецтве “Навука і тэхніка” пабачыў свет беларускамоўны падручнік Адама Паўлюкаўца “Мова эсперанта. Практычны дапаможнік”. У апошнія гады як мова міжнацыянальных зносін эсперанта, безумоўна, саступіла пазіцыі англійскай, рускай і кітайскай мовам. Але, тым не меней, традыцыі Заменгофа жывуць. Летась на Беласточчыне, напрыклад, прайшло некалькі юбілейных вечароў, на якіх гучалі беларускія народныя песні ў перакладзе на мову эсперанта. А вядомы публіцыст Віталь Луба падрыхтаваў спецвыпуск беластоцкага тыднёвіка “Ніва” пад назвай “Эсперанта ў Беларусі” (дадатак да № 30). У Беларусі ж з’явілася некалькі сайтаў, дзе асвятляюцца праблемы мовы эсперанта. Адам Мальдзіс Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Стваральнік эсперанта Людвік Заменгоф лічыў, што ёю можна авалодаць на працягу гадзіны
|
|