10+4
28.01.2010 14:18
—
Новости Культуры
|
У гэтую кнігу можна завітаць з двух бакоў, а на змест натрапіць у сярэдзіне. У гэтым калектыўным зборніку пазычанае пераважае над сваім, пераклад над арыгінальнымі творамі: ад ангельскіх рамантыкаў у перакладах Ганны Янкуты, да найшоўшага паэта-слэмера Тэйлара Мэлі ў перакладзе Віталя Рыжкова, ды ад дзіцячай казкі Яна Бжэхвы «Акадэмія доктара Кляксы» (пер. Алены Пятровіч) да цалкам дарослых апавяданняў Германа Гесэ. Усё не так, як у старэйшых аўтараў: выйшла выніковая кніга конкурсу маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана, наладжаны беларускім ПЭН-Цэнтрам — «Сьвятая праўда ды іншыя казкі». Акрамя двухбаковага афармлення і адданасці мастацкаму перакладу, пачэсных чатыры месцы з 14, у «Сьвятой праўдзе» занялі рускамоўныя аўтары Беларусі. Чаму такая ўвага да беларускай літаратуры па-расійску? «Мы ў Беларусі не можам дазволіць сабе раскошы раскідацца таленавітымі літаратарамі, — кажа рэдактар кнігі, адзін з сябраў журы конкурсу маладых літаратараў, Андрэй Хадановіч. — Пагатоў выспела колькі літаратараў, які хоць і пішуць па-расійску, але лічаць Беларусь сваёй краінай, асэнсоўваюць вузлавыя скрыжаванні і праблематыку беларускай культуры, якія знаходзяцца, прынамсі часткова, у беларускім эстэтычныім полі». Што да рускамоўнасці, маюць укладальнікі кнігі і лінгвістычнае алібі. «Ад нашых рускамоўных аўтараў і наўпроставы ўнёсак у беларушчыну: яны перакладаюць беларускую літаратуру на расійскую, — дадае Хадановіч, — Тут варта адзначыць Паўла Анціпава з перакладамі вершаў Віктара Жыбуля і Кацярыну Зыкаву, якая зрасейшчыла Веру Бурлак». У справе экспарту айчыннай літаратуры на Ўсход аргументы на карысць рускамоўных беларусаў (у процівагу расійскім перакладчыкам) такія: па-першае, у шмат каго з беларусаў дасканалае валоданне абедзвюма мовамі. Па-другое, жывучы тут, рускамоўныя часта вылучаюцца веданнем культуры, абазнанасцю ў асаблівасцях беларускай грамадскай і культурнай сітуацыі. Менавіта таму, пераклады рускамоўных перакладчыкаў з Беларусі здольныя атрымацца дасканалейшымі за расейскія, ці прынамсі мусяць быць больш адэкватныя і дакладныя. А яшчэ, апекуючыся рускамоўнымі літаратарамі Беларусі, арганізатары конкурсу імя Карласа Шэрмана маюць за прыклад паэта Дзмітрыя Дзмітрыева. Колькі гадоў таму, падчас складання кнігі па выніках колішняга конкурсу маладых літаратараў «12+1», таленавіты паэт (пасля пэўных ваганняў журы, трэба заўважыць) быў уключаны ў спіс фіналістаў, а вось неўзабаве, ужо пасля конкурсу, перайшоў на беларускую: заняўся паліндромамі і яскравай моватворчасцю. Укладальнікі абяцаюць, што прэзентацыю кнігі «Святая праўда ды іншыя казкі» адбудзецца не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах. «Паездкі з прэзентацыямі ўкладаюцца ў канцэпцыю конкурсу: трэба, каб пачаткоўцы, так бы мовіць, паварыліся ў соку адзін аднаго ды адчулі сваю публіку, бо тое неабходныя ўмовы для літаратурнага працэсу, — заўважае Андрэй Хадановіч. — У дадатак мы хочам, каб у маладых людзей па ўсё краіне беларуская літаратура асацыявалася не толькі з сівымі класікамі. Каб маладыя людзі бачылі на сцэне жвавых, крэатыўных раўналетак, які эксперыментуюць і дыхаюць з імі адным паветрам». Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выйшла выніковая кніга конкурсу маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана, наладжаны беларускім ПЭН-Цэнтрам — «Сьвятая праўда ды іншыя казкі».
|
|