"Няма каго байкатаваць": беларускія прыватныя выдаўцы не супраць аб’яднацца
14.02.2010 17:56
—
Новости Культуры
|
10–14 лютага ў выставачным цэнтры БелЭКСПА праходзіць XVII Міжнародны мінскі кніжны кірмаш. Па новай беларускай традыцыі, у такой, здавалася б, важнай для любога сур’ёзнага выдаўца падзеі амаль не фігуруюць беларускія прыватныя выдавецтвы, на плечы якіх у наш парадаксальны час пакладзена місія развіцця беларускай мовы, літаратуры, кнігі — актуальнай, цікавай як чытачу, так і крытыку. Напярэдадні адкрыцця выставы культаглядальніца "НЧ" пацікавілася ў прадстаўнікоў малога кніжнага бізнесу Беларусі, ці свае яны на гэтым свяце жыцця.
Паводле дадзеных Міністэрства інфармацыі РБ, у 2009 годзе ў краіне было выдадзена 1884 кнігі на беларускай мове агульным накладам 5,26 мільёна асобнікаў. Калі ўзяць да ўвагі ўвесь аб’ём выдадзеных кніг, колькасць беларускамоўных пазіцый складае 14% спісу, а наклад — 23% ад сумарнага накладу. Мінінф зазначае: большасць кніг на беларускай мове — прадукцыя прыватных выдавецтваў. Здавалася б, лічбы не такія ўжо фатальныя. Таму, хто сачыў за кніжнымі навінкамі цягам года, відавочна: калі адкінуць "масоўку" — падручнікі і камерцыйную літаратуру, беларускаму сумарнаму кнігадруку ёсць чым ганарыцца і ў высокамастацкіх сферах. І цалкам заканамерна было б пабачыць найлепшае выдадзенае за апошнія месяцы на стэндах кніжнага кірмашу ў шырокім доступе. Але з года ў год так не адбываецца. Гэтак, сёлета на стэндах днём з агнём нельга было адшукаць "найлепшыя кнігі–2009": "Цэнтр Еўропы" Уладзіміра Някляева (выдавецтва "Медысонт"; версія "Радыё Свабода") і "Нацыянальнасць — беларус" Алега Латышонка (Вільня: Інстытут Беларусістыкі/Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства; версія "Нашай нівы"). Невядомыя пісьменнікі прадстаўляюць беларускую культуру па-руску ад імя народа і дзяржавы, вядомых можна сустрэць між стэндаў як шараговых наведнікаў, што выправіліся на кірмаш папоўніць хатнюю бібліятэку. Чаму так? У сваім мінірасследаванні я паспрабавала адшукаць іншыя прычыны, апроч ідэалагічных. Умоўнасць адзінак Паводле дакументаў, даступных на сайце Міністэрства інфармацыі РБ, удзел у кірмашы можа ўзяць любы зарэгістраваны суб’ект выдавецкай дзейнасці. Умова адзіная: умоўныя адзінкі — плата за месца пад стэнд. Паводле прайсаў Мінінфа, 1 квадратны метр стэндавай плошчы каштуе ад 90 у.а. на ўвесь час выставы-кірмаша (у якасці у.а. выступаюць еўра). Мінімальная плошча, якую можна арэндаваць, — 2 квадратных метры. Такім чынам, ахвочы прадэманстраваць цуды паліграфіі шырокаму чытачу павінен перавесці на рахунак дзяржавы 180 еўра — гэта прыкладна 720 тысяч рублёў. Дадайце сюды расходы на рэкламу, транспарт, удзел у каталозе выставы… "Штука баксаў" — вось цана ўдзелу суб’екта кніжнага рынку ў галоўным выдавецкім свяце краіны. Як паказвае апытанне, усе як адзін прыватныя выдаўцы, зарэгістраваныя ў Беларусі, лічаць удзел у кірмашы на такіх умовах вар’яцтвам. Паколькі ў прыватных выдавецтваў аб’ёмы кніжнай прадукцыі вельмі малыя, ніхто з іх не мае рэсурсаў нагандляваць за чатыры дні і на палову гэтай сумы. Пра гэта мне незалежна адно ад аднаго паведамілі Ігар Логвінаў (выдавецтва "Логвінаў"), Міхась Башура ("Галіяфы"), Марына Шыбко ("Лімарыюс"), Генадзь Вінярскі ("Беларускі кнігазбор"), выдаўцы Зміцер Колас і Віктар Хурсік. У гэтых і іншых малых выдавецтвах паціху, але стабільна выходзіць класіка еўрапейскай літаратуры ў беларускіх перакладах, беларуская "няшкольная" класіка, актуальная беларуская літаратура, філасофія, публіцыстыка. Без камерцыйнага лоску або дзяржаўнай падтрымкі — на замежныя гранты ці за кошт аўтараў. Яна карыстаецца попытам, але не акупляецца. Смешная для любога іншага бізнесоўца сума арэнды ў 180 еўра здаецца прыватным выдаўцам, якія і так сплачваюць высокія дзяржаўныя падаткі, непад’ёмнай. Ступень удзелу Ігар Логвінаў — флагман прыватнага выдавецкага бізнесу — мае краму на супрацьлеглым ад БелЭКСПА беразе Свіслачы і ў дзень адкрыцця кірмашу сімвалічна ўнёс туды касавы апарат. Магчымасць выхаду на публіку 10–14 лютага ён без комплексаў ігнаруе, хоць падкрэслівае: Міністэрства інфармацыі і "Белкніга" (дзяржструктуры — суарганізатары кірмашу) знялі ранейшыя строгія і абсурдныя забароны на распаўсюд яго прадукцыі. Генадзь Вінярскі тлумачыць, што апроч "дарагіх коштаў арэнды, несупастаўных з абаротам", нежаданне "Беларускага кнігазбору" купляць уласны стэнд выклікана наступным: выдавецтва не бачыць патрэбы рэкламаваць сваю прадукцыю. "Мы ўжо вывучылі свайго чытача. Нашы пакупнікі на такія выставы не ходзяць, а той, хто ходзіць, беларускай класікай не цікавіцца", — адзначае ён. Шанец адкрыць вочы такім незацікаўленым, прыцягнуць іх увагу асобным стэндам на кірмашы, паводле яго досведу, мізэрны. Зрэшты, кнігі "БК" можна было пабачыць на стэндзе. Змітра Коласа маё тэлефанаванне прыспела за стырном. У дзень мантажу выставы ён падвозіў туды кнігі. "Стэнду няма, — лаканічна акрэсліў Колас свой статус, — але мае кнігі будуць прадстаўленыя на выставах замежных удзельнікаў". Дзве навінкі пад маркай "Зміцер Колас" можна на гэтым тыдні памацаць на стэндзе Францыі (сёлета гэта краіна — спецгосць кірмашу). Не маючы магчымасці арэндаваць экспазіцыйную плошчу, выдавец возьме ўдзел як просты наведнік — у мерапрыемствах, якія ладзяць замежныя госці кірмашу польскі Інстытут Кнігі і мінскі Інстытут Гётэ. Міхася Башуру я вытэлефанавала 9 лютага непасрэдна перад пачаткам семінараў Інстытута Гётэ "Удзел у кніжным кірмашы: як зрабіць стэнд паспяховым" і "Структура і арганізацыя кірмашоў". "Галіяфы" — таксама шараговыя наведнікі кірмашу. Галіяфаўскі зборнік "Сучаснае шведскае апавяданне" сёлета экспануецца на стэндзе Швецыі. Віктар Хурсік — адзіны ўладальнік малога выдавецтва, які ў 2009-м адважыўся на стэндавы ўдзел у кірмашы, нягледзячы на тое, што прадаваў там усяго дзве кніжныя пазіцыі. "Была такая памылка — прызнаўся Хурсік па тэлефоне, — больш так рабіць не буду. Дорага". Паводле яго словаў, авантура не акупілася і прынесла яго справе адны выдаткі. Выдавецтва "Лімарыюс", як і штогод, прадстаўлена на кірмашы на ўзроўні бясстэндавага ўдзелу. Гэта азначае прысутнасць інфармацыі пра іх дзейнасць у каталозе мерапрыемства і каштуе 20 у.а. Выдавец Марына Шыбко перакананая: "Удзельнічаць, прадстаўляць сябе трэба". Але на ўласны стэнд у "Лімарыюса", дзе пабачыла свет найлепшая кніга–2008 па версіі "Нашай нівы" (анталогія беларускага паэтычнага перакладу ХХ стагоддзя "Галасы з-за небакраю"), няма сродкаў. Шыбко памятае 1990-я гады, калі Міжнародныя кірмашы ў Мінску не былі яшчэ "-наццатымі", а яна толькі пачынала бізнес. Тады арэнда плошчы была значна меншай, а імпэт заявіць пра сябе — значна большым: "Я выстаўляла тры сшыткі і была задаволеная сабой", — згадвае спадарыня Марына. Буйны выдавецкі камбінат, датаваны дзяржавай, — і некамерцыйная серыя мастацкага перакладу, якая прапагандуе каштоўнасці, што разыходзяцца з пануючай у краіне ідэалогіяй… Слон і моська пастаўленыя ў роўныя ўмовы. Свядома ці не гэта адбываецца? Якія шляхі падтрымкі прыватных выдавецтваў можа прапанаваць дзяржава? На жаль, прадстаўнікі кампаніі "Макбел" — суарганізатара кірмашу, на мае пытанні адказваць адмовіліся, спаслаўшыся на шалёную занятасць выставай: "Вось вам мая візітоўка, але слухаўку я ўсё роўна здымаць не буду". Але асноўная праблема вызначаная. Лагічны крок — пошук шляхоў вырашэння. "А ці не спрабавалі вы аб’яднацца?" — такім было маё наступнае пытанне да выдаўцоў. Магутнасць кучкі Як выяўляецца, ідэя заявіць да ўдзелу аб’яднаны стэнд незалежных выдавецтваў была, але кожны год яна заставалася на ўзроўні размоваў. Прадпрымальнікам бракуе "дробязі": рухавічка, ініцыятара. Ігар Логвінаў і Міхась Башура — за кааперацыю. Віктар Хурсік не чуў такіх прапановаў, але з радасцю адкугнуўся б на іх, калі б яны паступілі: "Мне нястрашна выстаўляць свае выданні поруч з іншымі: кніга гаворыць сама за сябе". Выдаўцы салідарныя: "Аб’яднаны стэнд — гэта выйсце… Не можа быць мовы пра канкурэнцыю... Мы ўсе робім адну справу". Гарачая прыхільніца аб’яднання — Марына Шыбко: "Мне было б сорамна выстаўляць ўсю прадукцыю — няшчасныя 22 сшыткі, як гэта змушаныя рабіць дзяржаўныя прадпрыемствы. Выдавецтва можа прадукаваць 20 кніг у год, але вартымі экспазіцыі на міжнародным узроўні палічыць толькі адну-дзве з іх. Гэта нармальна. І добрае рашэнне тут — аб’яднаныя стэнды". Спадарыня Марына нават пачуваецца вінаватай, што не стала прасоўваць ідэю далей пасля таго, як яе не падтрымалі калегі. Мы размаўлялі 10 лютага, ужо пабываўшы на выставе: "З кожным годам экспазіцыя ўсё прыстойней. Гэта высокаўзроўневае мерапрыемства. Тут няма каго байкатаваць". Можна доўга казаць пра тое, што эканамічныя праблемы створаныя штучна, і гэта насамрэч прыхаваная палітычная цэнзура ў дачыненні да незалежнай ад дзяржідэалогіі кнігі. Як наконт праверыць гэта дзеяннем? Будзем аптымістамі і паверым у магчымасць супрацоўніцтва дзяржавы і недзяржаўных культурных ініцыятыў. Ідэя аб’яднанага ўдзелу прыватных выдаўцоў у 18-м, "поўнагадовым" кніжным кірмашы ў Мінску, сапраўды гучыць як выйсце — з культурнага гета. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
10–14 лютага ў выставачным цэнтры БелЭКСПА праходзіць XVII Міжнародны мінскі кніжны кірмаш. Па новай беларускай традыцыі, у такой, здавалася б, важнай для любога сур’ёзнага выдаўца падзеі амаль не фігуруюць беларускія прыватныя выдавецтвы |
|