Край, дзе гуляў Герадот. Нараўляншчына шмат чаго пабачыла на працягу тысячагоддзяў. 21.by

Край, дзе гуляў Герадот. Нараўляншчына шмат чаго пабачыла на працягу тысячагоддзяў

20.02.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ёсць падставы меркаваць, што тут плаваў і хадзіў бацька гісторыі — мудры Герадот, якога здзіўлялі моц і жыццялюбства далёкіх продкаў, названых ім неўрамі. У летапісах захаваліся звесткі пра наведванне нараўлянскіх зямель тураўскімі, кіеўскімі і чарнігаўскімі дружынамі. Свой след на іх пакінулі татарская конніца і казацкія скакуны, войскі польскіх магнатаў і рускіх вяльмож, нямецка-фашысцкія акупанты. На долю гэтага краю выпалі і іншыя выпрабаванні, з якімі ён мужна спраўляўся. Прырода Нараўляншчыны з яе багатымі лясамі, лугамі, мнагаводнай Прыпяццю — цудоўная, людзі — цікавыя, самабытныя.

Нястомны краязнаўца Васіль Чайка

У гасцей горада заўсёды застаюцца прыемныя ўспаміны пра незвычайныя музеі быту, гісторыі, промыслаў і рамёстваў, створаныя на базе гарадскіх школ даследчай думкай і рукамі кіраўніка краязнаўчага гуртка “Пошук” настаўніка грамадазнаўства САШ № 2 г.Нароўля Васіля Чайкі. Яго верныя памочнікі — школьнікі. З многімі экспанатамі звязаны цікавыя гісторыі і загадкі. Экскурсіі ў музеях праходзяць у жывой нязмушанай абстаноўцы. Практычна да кожнага экспаната можна дакрануцца, патрымаць яго ў руках. Члены гуртка “Пошук” пад кіраўніцтвам Васіля Чайкі адкрылі некалькі помнікаў археалогіі, знайшлі магілы невядомых салдат, партызан і мірных жыхароў, высветлілі абставіны іх гібелі. Васіль Васільевіч — распрацоўшчык школьных гісторыка-экалагічных і турысцка-краязнаўчых экскурсійных маршрутаў па тэрыторыі раёна.

Абдымкі на стагоддзі

У лясным масіве ўздоўж дарогі Нароўля—Кіраў стаяць, нібыта зліўшыся ў абдымках, дуб і сасна. На незвычайны помнік прыроды, якому некалькі дзесяткаў гадоў, звяртае ўвагу кожны, хто трапляе ў гэтыя мясціны. У старажытнасці магутны дуб ушаноўваўся як сімвал бога Перуна, сасна была сімвалічным увасабленнем багіні ўрадлівасці Макошы. Незвычайнае спляценне дрэў сімвалізавала еднасць неба і зямлі. Ушанаванне такога прыроднага цуда абяцала ўрадлівасць, багацце і працвітанне.

Альтанка

На маляўнічым беразе Прыпяці ў парку пейзажнага тыпу ў маёнтку нараўлянскіх памешчыкаў Горватаў знаходзіцца сімвал горада — альтанка. Яна ўяўляе сабой трох’яруснае збудаванне, выкананае ў стылі ампір. Кожны ярус мае сваё адметнае рашэнне: ніжні — найбольш масіўны, другі — скразны з чатырма арачнымі праёмамі, верхні завершаны купалам з дэкаратыўнай вазай.Найбольш распаўсюджана і зафіксавана ў многіх крыніцах меркаванне, што альтанка выконвала ролю маяка. Даніэль Горват быў не толькі буйным землеўладальнікам, але і паспяховым гандляром рыбай. Таму для арыенціроўкі купцоў, якія прыбывалі рачным шляхам, і была пабудавана альтанка-маяк.Аднак размяшчэнне альтанкі побач з фамільным склепам, які быў змыты паводкай у 1979 годзе, сведчыць, што яна магла мець і дэкаратыўна-сімвалічнае значэнне. На карысць гэтай думкі — без лесвічнай сувязі ярусы альтанкі.

“Лінія Сталіна”

У 1926 годзе пачалося будаўніцтва дарогі ад Аляксандраўкі да Даўлядаў, якая атрымала назву Варашылаўская, і моста цераз Прыпяць да Даўлядаў. Брусчатку для дарогі вазілі на валах з украінскага Оўруча. НКУС імкнуўся схаваць будоўлю ад чужых вачэй. Прычына сакрэтнасці была звязана з падпісаннем у Рызе ў 1921 годзе мірнага дагавора паміж Савецкай Расіяй і Польшчай, які падзяліў тэрыторыю Беларусі. Сталін, прыйшоўшы да ўлады, аддаў загад аб стварэнні ўздоўж усёй заходняй граніцы, ад Чорнага да Балтыйскага мора, сістэмы ўмацаваных раёнаў, якая атрымала назву “Лінія Сталіна”. Будаўніцтва на тэрыторыі Лельчыцкага, Мазырскага і Нараўлянскага раёнаў стала яе часткай. Дарога была пабудавана для хуткага перакідвання войск з поўначы на поўдзень. Для аховы яе і моста ў раёне вёскі Даўляды былі размешчаны тры воінскія часці. Да саміх дотаў (доўгачасовых агнявых кропак) нікога не падпускалі, нават жыхары навакольных вёсак маглі толькі здагадвацца пра тое, што там знаходзіцца.Вясной 1940 года ў адпаведнасці з невядома кім аддадзеным загадам умацаваны раён быў падарваны. Але сумленна зробленыя трывалыя доты разбурыліся толькі часткова. У гады вайны збудаванні, а дакладней тое, што ад іх засталося, знаходзячыся на лініі агню, пераходзілі ў распараджэнне то аднаго, то другога боку.Варашылаўская дарога, руіны дотаў, палі моста, якія тырчаць з вады, — тое, што засталося ад некалі грандыёзнага фартыфікацыйнага збудавання “Лінія Сталіна”.

Царква Святой Параскевы Пятніцы

Параскева Пятніца — правобраз язычніцкай багіні Макошы, заступніцы жанчын, сям’і, жаночага рукадзелля. Мураваная царква Святой Параскевы ў вёсцы Вярбовічы з’явілася праз шэсць гадоў на месцы драўлянага прыходскага храма, які згарэў у красавіку 1847 года. Была ўзведзена на сродкі мясцовага вотчыннага ўладальніка Мікалая Барозіна. У архітэктурным плане царква ўяўляе сабой крыжападобнае збудаванне са скатным дахам. З’яўляецца помнікам архітэктуры эпохі барока і ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь

“Буслава магіла”

На тэрыторыі раёна на старым шляху ад Нароўлі да Мазыра, за паўтара кіламетра ад вёскі Заракітнае ёсць урочышча “Буслава магіла”. Гэта курганны могільнік, а на пытанне “Хто такі Бусел?” — мясцовыя жыхары адказваюць: “Бусел — ето генерал таки був, а кали ён був, дак мы и не знаем, и деды нашы не знали. У етаго Бусла, гаворать, була залатая шабля и залатые пагоны”. Мяркуецца, што могільнік адносіцца да IV стагоддзя, перыяду ранняга славянства. Ёсць іншыя версіі адносна таго, хто ў курганах пахаваны: “Бусел ето у шведскую войну, ти то якую, палковник таки був. Тут ён и яго салдаты пахароненыя лежать”. Сэнс тлумачэнняў адзін: курганы — народная памяць, а Бусел ва ўсіх народных інтэрпрэтацыях — чалавек ваенны. Вось і адорваюць яго людзі воінскімі званнямі і некаторай колькасцю золата. Яно вось і прыцягвала ва ўсе часы да курганоў рыцараў удачы. Аднак звестак пра тое, ці былі яны ўзнагароджаны, не захавалася. Кажуць, што раскопкамі займаўся і мясцовы памешчык Горват. І таксама невядома, ці знайшоў ён штосьці каштоўнае.

Партызанская стаянка

Сярод балот у Махаедаўскіх лясах быў цяжкадаступны востраў, які атрымаў назву Паповы. Трапіць сюды без правадніка было практычна немагчыма. Менавіта гэты фактар недасягальнасці скарысталі народныя мсціўцы Нараўлянскага падпольнага раённага камітэта КПБ і 27-й Нараўлянскай брыгады, размясціўшы тут сваю асноўную базу. Тут яны хаваліся і пасля нанясення ўдараў па стратэгічных кропках дыслакацыі нямецка-фашысцкіх акупантаў. У снежні 1942 года партызаны разграмілі паліцэйскія гарнізоны ў вёсках Махаеды, Белабярэжная Рудня, Дзярновічы, самой Нароўлі, іншых населеных пунктах, нанеслі адчувальныя ўдары па ворагу. У мірны час ва ўрочышчы, якое пасля правядзення меліярацыі стала больш даступным, праведзена рэканструкцыя партызанскай стаянкі, устаноўлена стэла серабрыстага колеру, ля падножжа яе — гранітныя пліты з назвамі атрадаў, імёнамі камандзіраў, камісараў і начальнікаў штабоў. Адноўлены мост цераз ручай, тры зямлянкі, калодзеж, часткова лінія абароны. На тэрыторыі вобласці захаваліся толькі дзве такія партызанскія стаянкі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ёсць падставы меркаваць, што тут плаваў і хадзіў бацька гісторыі — мудры Герадот, якога здзіўлялі моц і жыццялюбства далёкіх продкаў, названых ім неўрамі. У летапісах захаваліся звесткі пра наведванне нараўлянскіх зямель тураўскімі, кіеўскімі і чарнігаўскімі дружынамі. Свой след на іх пакінулі татарская конніца і казацкія скакуны, войскі польскіх магнатаў і рускіх вяльмож, нямецка-фашысцкія акупанты. На долю гэтага краю выпалі і іншыя выпрабаванні, з якімі ён мужна спраўляўся. Прырода Нараўляншчыны з яе багатымі лясамі, лугамі, мнагаводнай Прыпяццю — цудоўная, людзі — цікавыя, самабытныя.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика