Найн «Rammstein»!
25.02.2010 12:56
—
Новости Культуры
|
Не, немцам не забаранілі выступаць у Беларусі. Так называўся артыкул пра гэты гурт, надрукаваны ў НН у 2002 годзе, актуальны і сёння. Прапануем вашай увазе.
Хадзілі чуткі, што лідэры «новай нямецкай жорсткасьці» (Neue deutche Harte) заедуць з канцэртамі ў Санкт-Пецярбург, Маскву, Кіеў ды Менск. У Кіеве нават былі ўжо зьявіліся афішы, але ўрэшце канцэрт адбыўся толькі ў Санкт-Пецярбурзе — 17 чэрвеня. У Маскве ён быў забаронены пасьля бясчынстваў футбольных фанатаў. Ну а пра Менск — так і засталося чуткамі. Урэшце, летась не было і чутак, калі «Rammstein» выступіў, акрамя дзвюх расейскіх сталіцаў, у Таліне, Рызе ды Вільні. «Rammstein» (далей - R+) утварылі ў 1994 г. шасьцёра музыкаў. Усе яны — з былой ГДР (а адзін з гітарыстаў, Паўль Ландэрс, нават нарадзіўся ў нас у Берасьці). Назва гурту ў перакладзе азначае «таранны камень», а яшчэ яна сугучная назве заходнегерманскага мястэчка Ramstein, над якім у 1988 г. сутыкнуліся два натаўскія самалёты. У выніку той катастрофы загінула каля 80 чалавек, і гэта цяпер асацыюецца з захапленьнем гурту агнём і піратэхнічнымі эфэктамі. Cамі музыкі называюць свой стыль «танцавальным мэталам» і ня супраць таго, каб іх адносілі да «папсы». Ад пачатку свайго існаваньня гурт сьпявае па-нямецку, што не перашкодзіла яму ўварвацца ў эўрапейскія і амэрыканскія гіт-парады. Хутчэй наадварот: менавіта нямецкая мова ў сукупнасьці з «таталітарным» патасам, выразным архаічным маўленьнем і простай, але пазнавальнай музыкай забясьпечыла посьпех гурту. (Для амэрыканскіх гастроляў былі падрыхтаваныя ангельскамоўныя вэрсыі дзьвюх песьняў, але публіка іх не ўпадабала.) У гэтым R+ адрозніваецца ад такіх гуртоў, як «Scorpions», якія набылі сусьветную вядомасьць, «наступіўшы на горла» сваёй роднай нямецкай мове. Калі ж прыбраць жорсткія гітарныя гукі, дык некаторыя песьні нагадваюць опэрныя партыі часоў барока. Ад зьвязкі з дзьвюх гітараў плюс басу з бубнамі ды супэрмужчынскага голасу саліста мурашкі бегаюць па сьпіне. Атрымліваецца музыка гэткага злосна-маршавага, выразнага характару. Ад пачатку існаваньня на R+ сыпаліся абвінавачаньні ўсялякага кшталту: у гомасэксуалізме і нэанацызме, садамазахізме і фашызьме. І праўда, тэксты часам занадта двухсэнсоўныя, каб быць зразуметымі зь першага разу. Напрыклад, падчас выкананьня песні «Buck Dich» на канцэртах імітуецца гомасэксуальны акт. Як тлумачыць аўтар тэкстаў і саліст гурта Тыль Ліндэман, размова ў песьні ідзе пра няздатнасьць людзей да сапраўднага каханьня. А «шоў», дзе саліст ставіць клявішніка, пардон, ракам успрымаецца як зьдзек з сэксуальнай меншасьці. А, напрыклад, у часе выкананьня песьні «Bestrafe mich» («Пакарай мяне») Ліндэман лупіць сябе плёткай. Аж высьвятляецца, што такім мазахісцкім чынам ён бачыць дачыненні чалавека і хрысьціянскага бога, у якога сам ня верыць. Пранізьлівая песьня «Mutter» — насамрэч скарга на цяжкое жыцьцё клянаванага дзіцяці. Што да «фашызму» рамштайнаўцаў, дык у часы Гітлера музыкі R+, хутчэй за ўсё, цягалі б камяні ў якім канцлягеры. Самі ўдзельнікі эпатажнага гурту ўсе абвінавачваньні адпрэчваюць. Крытыка выкліканая найперш рэзкім кантрастам R+ з тымі жанчынападобнымі салодкагалосымі выканаўцамі, што запоўнілі сцэны ў 90-х. Акрамя выразнай нямецкай мовы, культу мужнасьці і гульні мускуламі на сцэне, да асаблівасьцяў R+ варта дадаць адсутнасьць комплексаў што да мінуўшчыны Нямеччыны. Напрыклад, у свой час R+ зрабіў кавэр-вэрсыю песьні «Stripped» гурту «Depeche Mode». Пазьней на гэтую песьню зьнялі кліп, у якім былі выкарыстаныя фрагмэнты з фільму «Olympia», створанага нямецкай рэжысэркай Лені Рыфэншталь падчас Алімпійскіх гульняў 1936г. у Бэрліне. Альбо — на вокладцы альбому «Sehnsucht» зьмешчаныя выявы твараў удзельнікаў гурту ў мэталічных прыстасаваньнях, якія выкарыстоўваліся для вызначэння арыйскай формы твару. Такія моманты ды яшчэ тэксты, далёкія ад «паліткарэктнасьці», часам непрыхаваны сьцёб з «агульначалавечых каштоўнасьцяў» заўсёды выклікаюць вал крытыкі з боку левалібэральнай прэсы. Неад’емная частка канцэртаў — незвычайнае шоў, падчас якога рамштайнаўцы наўпрост гуляюць з агнём. З усіх бакоў лятуць іскры і ракеты, музыкі паліваюць адзін аднаго з агнямётаў, а саліст урэшце загараецца і палае. Варта зазначыць, што з R+ працуе славуты Герт Хоф, вядомы сваімі грандыёзнымі сьвятло-музычна-піратэхнічнымі пастаноўкамі сустрэчы міленіюму ў Атэнах, Пэкіне і Бэрліне, а таксама сьвяткаваньня 1000-годзьдзя Вугоршчыны. Паказьнікам посьпеху гурту можна лічыць і безьліч «перапеваў» іх кампазыцыяў іншымі гуртамі, пародыі ды пераробкі (у Расеі зьявіўся аж цэлы дыск, складзены з міксаў кампазыцыяў R+ i… Зэмфіры). І наш «Нэйра Дзюбель» не застаўся ўбаку: на апошнім яго альбоме ёсць кампазыцыя «Бухаст» з музыкай рамштайнаўскага хіта «Du hast». Сыграна нядрэнна, але ў параўнаньні з арыгіналам нэйрадзюбелеўская вэрсыя прайграе з-за ня надта выразнага тэксту і вакалу, калі параўноўваць з жалезнай артыкуляцыяй Ліндэмана). На завяршэньне леташніх расейскіх канцэртаў немцы сыгралі савецкі мэгахіт «Песня о тревожной молодости» (на музыку Пахмутавай і словы Ашаніна) у сваёй брутальнай апрацоўцы. Што мы маглі б пачуць на развітаньне ў выпадку канцэрту ў Беларусі? Магчыма, «Бывайце здаровы, жывіце багата». Застаецца толькі пачакаць, калі ж наш шоў-бізнэс дасьпее да таго, каб арганізаваць такі канцэрт. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не, немцам не забаранілі выступаць у Беларусі. Так называўся артыкул пра гэты гурт, надрукаваны ў НН у 2002 годзе, актуальны і сёння. Прапануем вашай увазе. |
|