Скарбы кніжнага куфра. 21.by

Скарбы кніжнага куфра

10.03.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Грунтоўныя кнігі пра Белавежскую пушчу былі ў ліку самых папулярных выданняў на кніжным кірмашы26 краін прынялі ўдзел у ХVІІ Міжнароднай выставе-кірмашы “Кнігі Беларусі–2010”
Ёсць у мяне невялікая радасць — узлезшы на гарышча ў бабулінай хаце, пакапацца ў куфры сярод кніжных “скарбаў” і адным з іх папоўніць сваю ўласную бібліятэку. Міжнародная кніжная выстава, якая праводзілася у Мінску ўжо ў семнаццаты раз, нагадала мне той чароўны куфар, які здзіўляе мяне кожны раз, толькі большы ў сотні разоў.
На гэты раз багаццем прадукцыі парадавалі 619 экспанентаў з 26 краін: Украіны і Расіі, Азербайджана і Арменіі, Ізраілю і Ірана, ЗША, Кубы, Венесуэлы… Стэнд, насычаны кніжнымі каштоўнасцямі і цікавымі сустрэчамі з літаратарамі, прадставіў ганаровы госць выставы — Францыя. Як паведаміў пасол Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнэры, удзел у выставе — гэта адказны этап у развіцці адносін дзвюх краін. Па сутнасці, гэта першае культурнае мерапрыемства пасля падпісання ў студзені Дамовы аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі, навукі, тэхнікі і СМІ.
Якія ж скарбы ўвогуле адкрыў кнігалюбам мінскі куфар? Тут было ўсё: мастацкая, гістарычная, ваенная, навуковая, дзіцячая літаратура… Прыцягвалі не толькі змест, але і афармленне выданняў. Да прыкладу, сур’ёзныя стылізаваныя пад даўніну скураныя энцыклапедыі арт-атэлье “Кажан”, самаробная вагой да пуда кніга Міхася Бакуменкі “Па слядах скарбаў Беларусі”, ці фантастычна аформленыя невялікія рукапісныя кнігі Юрася Малаша з разважаннямі пра нацыянальную спадчыну, гісторыю і культуру Беларусі.
А колькі цікавых навінак адкрылі гасцям выставы беларускія выдавецтвы! Бясцэнны фаліянт — факсімільнае выданне Слуцкага евангелля — прэзентавала выдавецтва Беларускага Экзархата. Слуцкае евангелле — гэта ўнікальны рукапісны помнік XVI стагоддзя і адна з найвялікшых праваслаўных святынь Беларусі. Яго факсімільнае выданне уяўляе з сябе практычна дакладную копію таго старажытнага рукапіснага помніка. Застаўкі, пачатковыя літары і загалоўкі аформлены традыцыйным арнаментам з выкарыстаннем цынобры і золата. Экспазіцыя выдавецтва “Беларусь” уразіла яркімі фарбамі фотаальбомаў і энцыклапедый. Тут шматстаронкавы фотаальбом “Мінск”, кніга Я. Сахуты “Беларуская выцінанка”, энцыклапедыі “Белавежскае дзіва” і “Царские охоты в Беловежской пуще”, прысвечаныя 600-м угодкам знакамітага на ўсю Еўропу парка. Папулярнай аказалася энцыклапедыя В. Кіселя “Помнікі сусветнай спадчыны”. Пад адной вокладкай яна аб’яднала ўсе вядомыя аб’екты, уключаныя ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, у тым ліку і беларускія. Не выпадкова, што падобныя энцыклапедыі карыстаюцца вялікім попытам у якасці падарункаў.
Стэнд “Мастацкай літаратуры” здзівіў кніжных гурманаў супернавінкамі — кнігамі, абазначанымі 2010 годам: пісьменнікаў Віктара Праўдзіна, Віктара Гардзея і Славаміра Антановіча. А самае прыкметнае тут выданне — «Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны», якое атрымала Гран-пры на VI Міжнародным конкурсе “Мастацтва кнігі” краін-удзельніц СНД у Маскве.
“Беларуская энцыклапедыя” вылучалася папулярнасцю сваіх шматтомных выданняў, накшталт “Прырода Беларусі”, “Архітэктура Беларусі”, “Энцыклапедыя для школьнікаў і студэнтаў”. А колькі было ахвочых набыць энцыклапедыю “Вялікае княства Літоўскае”! Даведнік планаваўся ў дзвюх частках, але матэрыялу назбіралася столькі, што было вырашына выпусціць дадатковы трэці том. Яго можна будзе пачытаць ужо праз месяц.
Адкрыць куфар — і не проста пагартаць, пачытаць ці набыць кнігі, але паслухаць жывы голас айчынных і замежных пісьменнікаў і паэтаў, узяць аўтограф у любімага аўтара, задаць хвалюючае пытанне — стала сапраўдным шчасцем для беларускіх чытачоў. Сярод гасцей выставы “Кнігі Беларусі – 2010” — беларусы Мікалай Чаргінец, Навум Гальпяровіч, Уладзімір Ліпскі, Віктар Гардзей, рускі пісьменнік Міхаіл Велер, ізраільскі пісьменнік і журналіст Марк Галеснік, французскія літаратары Анн-Мары Поль, П’ер Карнюэль і многія іншыя. Дзеля сваіх чытачоў не шкадавалі яны ні слоў, ні эмоцый, ні часу… Да прыкладу, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Галькевіч правёў сярод кніжных скарбаў аж тры дні. І гэта нягледзячы на сутачнае дзяжурства перад выставай: ён яшчэ і ўрач хуткай дапамогі ў Баранавічах.
— Мне здаецца, падобныя выставы павінны быць яшчэ часцей. Людзі прыходзяць сюды не дзеля забавы, дзеля кнігі — спажывы для мазгоў. Я бачу думку ў іх вачах, усмешкі на тварах — гэта ж цудоўна! — узнёсла гаворыць літаратар.
Украінскія кнігавыдаўцы — традыцыйныя ўдзельнікі міжнароднага мінскага кніжнага кірмашуЭфектыўнасць кніжных выстаў, якія штогод прымае Нацыянальны выставачны цэнтр “БелЭКСПА”, адзначаюць многія. Тут заключаюцца важныя кантракты, нараджаюцца цікавыя выдавецкія праекты, адбываецца абмен міжнародным вопытам у галіне кнігавыдання і кнігараспаўсюджвання. Для краіны гэта магчымасць пашырыць інфармацыйную прастору, умацаваць міжкультурныя і міжнацыянальныя сувязі, а для наведвальнікаў — магчымасць пазнаёміцца з літаратурнымі навінкамі і папоўніць хатнюю бібліятэку. Вось і на маю кніжную паліцу з чароўнага куфра перакачаваў каштоўны скарб — бессмяротны “Маленькі прынц” Антуана дэ Сент-Экзюперы…

Людміла Мінкевіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
26 краін прынялі ўдзел у ХVІІ Міжнароднай выставе-кірмашы “Кнігі Беларусі–2010”
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика