Музей прыроды і экалогіі
25.03.2010 09:32
—
Новости Культуры
|
Гэта не дзіркі, гэта – норкі! Музей прыроды і экалогіі быў бы самым папулярным музеем краіны, калі б займаў усё памяшканне на Карла Маркса, 12. Але ім удалося адваяваць у Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі толькі палову квадратнага кіламетра, і тое – у падвальным памяшканні. Таму не кожны дзень таўкуцца тут аматары птушак, рыбак і іншых зуброў, а працаўнікам музею час ад часу даводзіцца і сумаваць. Музею, аднак, ужо больш за 25 гадоў, і за гэты час ён паспеў абзавесціся няхілай экспазіцыяй, большая частка якой захоўваецца ў фондасховішчах. Бо частку экспанатаў (кшталту, унікальных яек, якія легка сапсаваць) увогуле страшна паказваць людзям, а другую частку па тэхнічных паказчыках можна паказваць толькі раз на трыццаць год – каб захаваць для будучых пакаленняў. Але і ў музеі ёсць на што глядзець. Геолагі, напрыклад, будуць з фанатытызмам разглядаць поўны зал камянюкаў усіх колераў і формаў. Гэта – узоры карысных парод, якія здабываюцца ў Беларусі і на прасторах усяго былога СССР. Калі ж вам не імпануе каменне, можаце паглядзець на біўні маманта (а ім ужо каля мільёна гадоў) ці рогі бізона (яны крыху маладзей – ім усяго 25 тысяч год). Ну і, каб нармальна так уразіцца, параўнайце са сваім зуб дарослага маманта. Але гэта – толькі ўводная частка. Асноўныя экспазіцыі – далей. Дзве гадзіны ў музеі экалогіі – і вы можаце закасіць пад паляўнічага са стажам, які ведае кожную жывёліну Беларусі ў твар. Прычым, падчас экскурсій у музеі выкарыстоўваюць гукі – можна не толькі глядзець на якога-небудзь лася, але і слухаць, як ён раве. Каб ведаць, калі цікаць падчас шпацыру па лесе. А можна паслухаць птушыныя спевы і іншыя прыемныя слыху і сэрцу рэчы. Аснова музейнай экспазіцыі – пудзілы ўсіх масцей, памераў, колераў і ўзростаў. Ёсць, напрыклад, белая курапатка і чорназобая гагара – сучаснікі мамантаў, якія да сённяшняга часу жывуць у Беларусі. І гэта яшчэ што! Асаблівая гордасць музею – гэта вялікія дыярамы, якія максімальна набліжаюць вас да жывой прыроды. Пры складанні дыярам дызайнеры імкнуліся да максімальнай рэалістычнасці: калі выдра, то яна кагосьці даядае, калі куніца – дык з вавёркай у ахапцы, калі цецерукі, то падчас шлюбнага сезона. Калі ж вы супраць забойстваў і сезонных гульняў , прыводзьце ў музей дзяўчат і разам замілоўвайцеся птушаняткамі, вожыкамі і янотамі-шчанюкамі. Толькі ў Музеі прыроды і экалогіі вы даведаецеся, што назваць свайго сябра можна не толькі дзятлам, а і яшчэ на 9 розных ладоў – якраз 10 відаў дзятлаў водзіцца ў Беларусі. Кожнага можна агледзець і вырашыць, які найбольш падыходзіць менавіта вашаму сябру. І, канечне, самая мілая экспазіцыя – вытворчы брак прыроды. Называецца яна, ясна, не так, але сутнасці гэта не мяняе. Самая крыўдная пазіцыя – у цэнтры. Вы думалі, белая варона – гэта ўстойлівы выраз? Гэтая галка з вамі не пагодзіцца. А вось белым вераб’ём быць не крыўдна, а нават прыкольна.
Там жа ёсць белы крот, абсалютна чорны снягір, белы чорны тхор і нават некалькі ахвяраў міжвідавых шлюбаў. І андатра – першае месца ў конкурсе самых нешчаслівых жывёлінаў. У яе анамальна развіваліся клыкі: яны не сточваліся, а раслі, раслі, раслі..., пакуль андатра не здохла з голаду каля кучы ежы з-за таго, што не змагла адчыніць зяпу. І гэта ўсё – нават не палова з жывелаў, птушак і насякомых, на якіх можна паглядзець у Музеі прыроды і экалогіі. Так што, калі вам падабалася ў школе рэзаць жаб на занятках па біялогіі, то прамая дарога ў гэты музей. І напаследак. Гэта не дзіркі! Гэта – норкі.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта не дзіркі, гэта – норкі! Музей прыроды і экалогіі быў бы самым папулярным музеем краіны, калі б займаў усё памяшканне на Карла Маркса, 12. Але ім удалося адваяваць у Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі толькі палову квадратнага кіламетра, і тое – у падвальным памяшканні.
|
|