«У СССР Быкава цанілі больш, чым у суверэннай Беларусі». 21.by

«У СССР Быкава цанілі больш, чым у суверэннай Беларусі»

22.06.2010 13:52 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

22 чэрвеня 2003 года, у дзень, калі пачалася Вялікая айчынная вайна, не стала Васіля Быкава — пісьменніка‑франтавіка, літаратара сусветнага маштабу, які стаў прарокам і сумленнем беларускай нацыі. Напярэдадні семай гадавіны з дня смерці Васіля Уладзіміравіча карэспандэнты TUT.BY завіталі на лецішча да ягонага сябра паэта Генадзя Бураўкіна.

photo.bymedia.net

Яны былі знаёмыя больш за паўстагоддзя, і пасля смерці Быкава Бураўкін уклаў кнігу ўспамінаў сяброў і знаёмых «Наш Быкаў».

«Быкаў прарок, і бяда ў тым, што мы позна гэта зразумелі»

— Чым далей, тым часцей даводзіцца чуць, што Быкаў — прарок беларускай нацыі. Генадзь Мікалаевіч, а ў чым ягонае прароцтва?

— Прароцтва Васіля ў тым, што ён вельмі дакладна бачыў і апісваў лёс нашага народа і зямлі. Як ніхто з пісьменнікаў апошняга часу, ён паказаў няпросты і супярэчлівы беларускі нацыянальны характар і менталітэт. Прыгадаем герояў аповесці «Знак бяды»: настырная, напорыстая Сцепаніда і ціхмяны, працавіты, але з унутранай сілай Пятрок.

Лічу, што дагэтуль толкам не прачытаныя ягоныя прыпавесці. У іх Быкаў паспрабаваў зірнуць на даўнюю гісторыю і ў цікавай літаратурнай форме адказаць на пытанне, чаму ў нас такі лёс і што нас чакае ў будучыні, калі мы не зробім адпаведных высноваў з мінуўшчыны.

У гэтым сэнсе можна ўспомніць сімвалічнае апавяданне «Сцяна». Вязень кладзе ўсе свае сілы і розум на тое, каб вырвацца з турмы. Калі ён нарэшце скончыў капаць падкоп і пераадолеў сцяну, нечакана ўбачыў перад сабой яшчэ адну. Можа, залішне жорстка, але гэта лёс Беларусі. Беларусы заўжды шукалі спагады, дапамогі, гатовы былі некаму ўручыць свой лёс. Часам здавалася, яны знаходзілі дарогу, якая выведзе іх на светлы шлях, а потым перад імі вырастала яшчэ адна сцяна непаразумення, недаверу, палітычных і іншых спекуляцый.

Акрамя ўсяго іншага не трэба забываць злабадзённую і бліскучую публіцыстыку Быкава. Для многіх з тых, хто ведаў Васіля з ягоным спакойным, ураўнаважаным характарам, было нечаканым, што ў гады адраджэння ён стаў актыўным публіцыстам і нават палітычным дзеячам. На жаль, многія з тых ягоных развагаў так і не былі асэнсаваныя, пачутыя беларусамі.

Васіль Быкаў прарок, і наша бяда ў тым, што мы вельмі позна гэта зразумелі.

— Вядома, што Быкаў быў песімістам. Ён сцвярджаў, што беларускай нацыі яшчэ няма і даволі скептычна ставіўся да яе будучага лёсу. Як гэта спалучалася з глыбінёй ягонага таленту?

— Пра адсутнасць беларускай нацыі сказана залішне катэгарычна, але ў многіх пытаннях Васіль насампраўду быў песімістам. Падчас нашых размоў пра варункі развіцця нацыі, дзяржавы і літаратуры мне заўжды хацелася запярэчыць Васілю, што не трэба быць такім песімістам. На гэта ён мне аднойчы адказаў, усміхнуўшыся: «Генадзь, я, сапраўды, песіміст, але той, які хоча, каб на справе ўсё было па‑іншаму». Усё ж аптымістычны фінал ён бачыў.

Можа, калі б ён не быў прарокам, які адчувае лёс нацыі і гістарычныя раздарожжы, быў бы большым аптымістам. Ягоны песімізм сыходзіў не ад недаверу да беларускага народу і няпэўнасці, што ён будзе жыць. Але гістарычны шлях пацвярджае, што многае ў нашым лёсе рабілася альбо вельмі марудна, альбо не так, як было трэба. Беларусі, на жаль, часта не хапае годнасці і свайго нацыянальнага характару.

— Вы заўважылі неяк, што Быкаў вылучаўся «годнасцю высокай маркі». У чым гэта выяўлялася?

— Практычна ва ўсім. У паводзінах у сяброўскім асяродку і на людзях, у святы і ў сумныя дні. Памятаю, як некаторыя папракалі Васіля за тое, што прымаў дзяржаўныя ўзнагароды. Усё‑ткі Быкаў быў адзначаны найвышэйшымі дзяржаўнымі ўзнагародамі свайго часу: Герой сацыялістычнай працы, лаўрэат Ленінскай прэміі. Аднак прымаючы іх, у адрозненне ад іншых пісьменнікаў, ён нідзе не прынізіўся, не дзякаваў немаведама каму невядома за што. Гаварыў, што ўзнагарода — найперш ацэнка чытачамі ягонай працы.

Ён быў настолькі стрыманы, што ніколі нікога не абражаў. Апроч таго я не памятаю яшчэ такіх сціплых людзей. Дзе б ні быў, ніколі не гаварыў пра сябе. Нашы некаторыя мемуарысты цяпер любяць пісаць «Я і Быкаў», «Я і Куляшоў.» Васіль гэтага ніколі не рабіў. Калі ўспамінаў пра Твардоўскага, пісаў пра яго, а не пра сябе.

У гэтым быў для мяне ўвесь Васіль. Апрача гэтага ён ніколі не скардзіўся. Нават у апошнія месяцы, калі я бачыў, як яму цяжка. Толькі гаварыў: «У жыцці ўсякае бывае. Трэба выцерпець, вытрымаць». У гэтым быў ягоны характар — чалавека годнага мужнага і сціплага.

— Быкава шальмавалі і ў Саюзе, і ў незалежнай Беларусі. Аднак з улікам вышэйшых дзяржаўных узнагарод СССР выглядае, што савецкія ўлады ставіліся да пісьменніка лепш за беларускія. Ці так гэта?

— Як гэта ні горка гаварыць, але я вымушаны з вамі пагадзіцца.

Па тым часе яго вельмі несправядліва крыўдзілі, абражалі. Аднак нават вайсковыя ідэолагі, якія цярпець не маглі ягонай акопнай праўды, ўсё‑ткі аддавалі належнае ягонаму таленту. У наш час з боку афіцыйных уладаў няма нават фармальнай павагі, не кажучы ўжо пра ўнутраную. Вялікі пісьменнік дагэтуль не мае выдадзенага дзяржаўнымі выдавецтвамі збору твораў, хаця ў некаторых ягоных калегаў выйшаў ужо не адзін. Дасюль няма вуліц імя Быкава, помнікаў. Нават музейчык у Бычках не набыў узроўню, які заслугоўвае памяць пра Васіля Быкава. Мне гэта непрыемна і горка.

Кажуць, у Расіі любяць не жывых, а мёртвых геніяў. Мы ў нашай найноўшай гісторыі пайшлі далей і не любім ужо і мёртвых геніяў. Тое, што Быкава дагэтуль замоўчваюць і зневажаюць, сведчыць, што наша дзяржава яшчэ далёкая ад крытэрыяў цывілізаванасці, дэмакратыі.

«Чалавека, які прайшоў вайну і быў цяжка паранены, з экранаў называлі «літаратурным паліцаем»

— З вашых назіранняў, якое цкаванне для самога Быкава было больш балючае: ад савецкіх ці беларускіх уладаў?

— Баюся адказваць на гэта пытанне, але ўсё‑ткі мяркую, яму было горш ад стаўлення сваёй дзяржавы. У Савецкім Саюзе жыло шмат розных людзей. Тут жа ўсе свае, беларусы, сваё жыццё. Менавіта гэтай зямлі ён аддаў талент. І дзяржава, якая прэтэндуе на ролю прадстаўляць беларускі народ перад усім светам, так зняважліва да яго ставілася. А гэта было! Пры жыцці чалавека, які прайшоў вайну, быў цяжка паранены і якому на брацкай магіле ва Украіне стаіць помнік, з экранаў называлі «літаратурным паліцаем». Ды хто называў! Гэтыя заідэалагізаваныя хлапчукі, падбрэхічы, якія для краіны нічога не зрабілі, а за сваю хлусню і халуйства яшчэ і атрымліваюць дзяржаўныя грошы.

Самая вялікая крыўда, калі яна ідзе ад блізкіх людзей. Беларусы былі для яго найбольш блізкімі, і тое, што Васіль не адказваў на гэтыя абразы — сведчанне ягонага характару, мужнасці і годнасці.

— Згадваючы апошнія гады жыцця Быкава, часам кажуць, што не варта было адпускаць на эміграцыю чалавека, які быў «прывязаны да гэтай зямлі ўсімі сваімі жылкамі». Ці, сапраўды, ад’езд быў для яго такім невыносным?

— Выгнанне было для Васіля вельмі непрыемным і цяжкім. Яго не проста адпусцілі, а выпхнулі адсюль! Таму і ў Фінляндыі, і ў Германіі ды і ў Празе, якую ён вельмі любіў і дзе яго па‑сяброўску прыняў Вацлаў Гавэл, ён пачуваўся вельмі няўтульна. Усёй душой і думкамі жыў на Беларусі, прасіў, каб мы дасылалі яму выразкі з газет. Аднак будучы чалавекам не вельмі здаровым і забяспечаным, ён хацеў напісаць тое, што вынасіў. Ва ўмовах, калі з тэлеэкранаў неслі ўсю гэтую лухту, працаваць вельмі цяжка.

У адным з лістоў Быкаў напісаў, што пісьменнік павінен жыць дома — там, дзе ягоны народ, лёс і мова. Гэтую адарванасць ён не выносіў на шырокую аўдыторыю, а трымаў у сабе. Будучы чалавекам цвярозага розуму і разумеючы, што яго чакае, Быкаў свядома прыехаў паміраць на радзіму. Гэтым перадсмяротным крокам Васіль яшчэ раз зацвердзіў, што ён чалавек гэтай зямлі.

«Як жа ён мог любіць гэтую сістэму?!»

— Валянцін Тарас пісаў ва ўспамінах, што Быкаў адрозніваўся ад сваіх сяброў і аднадумцаў тым, што ў яго не было ілюзій наконт савецкай сістэмы і бальшавіцкай утопіі, што першапачаткова ён быў не савецкім патрыётам, а пацыфістам…

— Пацыфістам ён быў бясспрэчна, хоць і мужна прайшоў вайну практычна ад пачатку да канца. Нават справядлівая вайна не можа прывабліваць разумнага, сумленнага чалавека, бо гэта кроў і смерць. Да таго ж Васіль не прымаў нахабнага ўбівання ў галовы маладых людзей хлусні пра яе. Таму мяне дзівіць, калі сённяшнія ідэолагі пачынаюць шукаць апраўданне сталінізму, калі будуецца «Лінія Сталіна» — фальсіфікацыя і здзек над гісторыяй.

Думаю, савецкую сістэму ён таксама адрынаў, хаця і не рабіў гэта дэманстратыўна. Галоўным крытэрам Васіля і ў жыцці, і ў творчасці была праўда. Праўда пра савецкую ўладу, пра 30‑я гады не дазваляла лічыць яе сваёй і любіць яе. Мы не выбіраем час, у якім жывём, але мы выбіраем пазіцыю, з якой жывем у гэтым часе. Пазіцыю сумленнасці Быкаў выбраў на ўсё жыццё.

— Ці рабіў Васіль Уладзіміравіч публічныя крокі, за якія яму потым было сорамна?

— Я такога не памятаю. У верасні 1973‑га «Праўда» надрукавала заяву групы выбітных савецкіх пісьменнікаў супраць Салжаніцына і Сахарава. Я сведка таму, як пад гэтай заявай з’явіўся подпіс Быкава. Мы былі ў паездцы ў Магілёве. Раптам па Васіля прыехалі на машыне першага сакратара магілёўскага абкама партыі. Мы спалохаліся, можа, дома што здарылася. Праз некалькі гадзін Васіль распавёў, што гаварыў па тэлефоне з сакратаром ЦК КПБ па ідэалогіі Кузьміным. Ён сказаў, што ёсць ліст з асуджэннем Салжаніцына, падпісаны самымі выдатнымі фігурамі і што патрэбен подпіс Быкава. Васіль адмовіўся ставіць свой подпіс. Тым не менш увечары мы пачулі па радыё паведамленне пра заяву пісьменнікаў, адным з падпісантаў якой назвалі Быкава. Васіль тады вельмі перажываў, ці зразумеюць Салжаніцын і Сахараў, як усё было насамрэч, а потым паехаў у Маскву і напісаў пратэстны ліст у ЦК КПСС.

Як жа ён мог любіць гэтую сістэму, калі яна трымалася на такой хлусні і правакацыях?!

— Грамадскасць сабрала больш за паўсотні тысяч подпісаў за перайменаванне вуліц Ульянаўскай ў Мінску і Парыжскай Камуны ў Гродна ў імя Васіля Быкава. На вашу думку, ці адбудзецца гэта ў бліжэйшай перспектыве?

— Мы абавязаны гэта зрабіць. Іншая справа, як паставяцца да гэтага чыноўнікі. Упэўнены, яны будуць шукаць усякія бюракратычныя хады, каб праігнараваць прапанову грамадскасці. Але гэта дзесяткі тысяч беларусаў, якія свядома выказалі так сваю пазіцыю ў адносінах да Быкава і нашай гістарычнай памяці!

Сёння ёсць розныя меркаванні, маўляў, нашто пераймяноўваць Ульянаўскую вуліцу. Лічу, што для гэтага ёсць вельмі сур’ёзная падстава. У цэнтры сталіцы месціцца вуліца Леніна, і тыя, каму дарагая памяць пра правадыра пралетарыяту, няхай яе маюць. Але нашто яшчэ Ульянаўская? Ульнаў‑Леніна меў мноства псеўданімаў. Дык няўжо кожнаму псеўданіму трэба аддаць па вуліцы?

З іншага боку, калі да нас прыязджаюць замежныя госці, яны цікавяцца і тым, каго мы ўвекавечылі ў цэнты горада. Вуліца імя Быкава будзе сведчыць пра ўзровень дзяржавы і кіраўніцтва горада. Спадзяюся, што ў адказных людзей хопіць мудрасці падтрымаць народную ініцыятыву.


Кастусь Лашкевіч, tut.by

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
22 чэрвеня 2003 года, у дзень, калі пачалася Вялікая айчынная вайна, не стала Васіля Быкава.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика