Евангелле ад Сарамага. 21.by

Евангелле ад Сарамага

22.06.2010 13:52 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Планета была б нашмат бяспечнейшай, калі б мы ўсе былі атэістамі
Жазэ Сарамага

18 чэрвеня 2010 году памёр апошні волат еўрапейскай лявіцы, пісьменнік і гуманіст, ці не самы вядомы партугалец і лузафон у свеце — Жазэ дэ Соўза Сарамага. Аўтар, з першага погляду, вельмі класічных і акадэмічных тэкстаў, але ж па сутнасці вельмі і вельмі няпростых, фантасмагарычных, антыўтапічных і заўсёды сацыяльных, гіперсацыяльных нават. Адданы атэіст і антыклерыкал, крытычны еўрапеец, камуніст і перакананы антыглабаліст, Сарамага, калі дазволіць сабе такое параўнанне, быў для свайго народа тым, чым Васіль Быкаў быў для нас. Канечне, у плане літаратурным пісьменнікі мала ў чым падобныя. А вось у плане грамадзянскай пазіцыі, у плане адносінаў з уладамі паралелі навідавоку. Але ж вядома, што прарокаў няма, а калі і ёсць, то іх не любяць ва ўласнай краіне: у 90-х партугальскі пісьменнік з’ехаў з кансерватыўнай каталіцкай Партугаліі і пасяліўся ў Іспаніі: на радзіме яму не даравалі смелай, адвольнай і вельмі крытычнай інтэрпрэтацыі евангелляў і евангельскіх сюжэтаў у рамане «Евангелле ад Ісуса».

Натуральна, як перакананы і непапраўны атэіст, але пры гэтым добры знаўца Бібліі і каталіцкай традыцыі (не забудзем, што аўтар нарадзіўся ў суздром каталіцкай Партугаліі!), ён у тэкстах ды прамовах асабліва жорстка выступае супраць бога, ягоныя героі пагражаюць нябёсам кулаком, ягоны Ісус з рамана «Евангелле ад Ісуса» даруе не людзям, а богу ўсе ягоныя выкіды і крывавыя задумы, а самым станоўчым героем твора робіцца д’ябал (ён жа і анёл).

Менавіта праз гэты твор Ватыкан і пракаталіцкі ўрад Партугаліі арганізавалі ў 1992 годзе сапраўдны байкот пісьменніку, у выніку чаго той і перабраўся ў Іспанію, на Канары. Тым не менш, байкот на радзіме не знішчыў пісьменніка, твор быў перакладзены на больш чым 25 моваў і ўрэшце прынёс яму Нобелеўскую прэмію. Дарэчы, Сарамага — гэта пакуль адзіны лузафон-набеляр.

Але крытыкаваў пісьменнік не толькі рэлігію, бога, але і палітыкаў, краіны і цэлыя хаўрусы. Узгадаем, як у самым пачатку 2000-х Сарамага абазваў італійскага палытка С. Берлусконі «крымінальнікам». І агучыў тое, што ўсе ведалі, ды не адважваліся сказаць. У 90-х гадах мінулага стагоддзя партугальскі гуманіст абвінаваціў Ізраіль у генацыдзе палестынцаў. У той жа прыблізна час ён атакуе ЕС, крытыкуе брусэльскую і страсбурскую бюракрытыю і параўноўвае Еўропу са старой кабетай, якая ў цяперашнім свеце абсалютна нічога не робіць, ні на што не ўплывае, проста старэе. На бок антыглабалістаў пісьменнік стаў, бо гэта пакуль адзіная, на ягоную думку, сіла, якая ставіць актуальныя для ўсяго свету пытанні, а не проста дбае аб выгодзе, грашах, пасадах, кар’еры і г.д. Гэта адзіная групоўка і сіла, якая выкрывае сучасныя праявы таталітарызму ў свеце — эканамічную глабалізацыю. Сарамага — адзін з падпісантаў Маніфесту ў Порта Алегры.

Хаця, канечне, у творах і праз творы барацьба партугальскага гуманіста вялася і праяўлялася з асаблівым эфектам. Ягоныя сатырычныя антыўтопіі «Каменны плыт», «Перабоі ў смерці», а таксама антыўтопіі «Слепата» ці яшчэ «Яснасць» — не проста шэдэўры літаратуры (так і не перакладзеныя на беларускую мову), але раманы сацыяльнай і палітычнай значнасці для Еўропы, асабліва для той шэрай Еўропы, што хаваецца за цьмянай назвай «Усходняя Еўропа». Падаецца, тая Усходняя Еўропа, як і Іберыя ў рамане «Каменны плыт», адарвалася ад астатняй Еўропы і кіруецца ў невядомым напрамку. Цікава, але ж сучасная беларуская рэчаіснасьць часам цудоўна інтэгруецца ва ўяўны, антыўтапічны свет Сарамага: падаецца, у некаторых раманах пісьменнік смяецца якраз з сучаснай лянівай дэмакратыі і наагул вучыць іншых, як змагацца з рознага кшталту ўладамі. Так, у рамане «Яснасць» грамадзяне нейкай уяўнай краіны падчас выбараў у сталіцы (83% выбарнікаў) укінулі ў выбарчую скрыню пустыя бюлэтені. Такім парадкам, улады сутыкунуліся з «сапраўднай анархісцкай змовай». З аднаго боку, раманы і асабліва некаторыя ідэі з тых раманаў Сарамага могуць яшчэ навучыць іншых, хаця б і нас, беларусаў, як спыніць свавольства ўлады, прынамсі паспрабаваць. А з другога боку, літаратура зноў сцвярджае свае прагрэсісцкія пазіцыі і даводзіць, што слова не толькі замілоўвае, але і раніць, забівае, пагражае, не дае спаць многім стырнаўладнікам сучаснасці.

Усё жыццё Сарамага быў замілаваны ці, як гаварыў ён сам, «апанаваны» гісторыяй, французскія гісторыкі (Ф. Брадэль, Ж. Д’юбі, Ж. Лё Гоф) асабліва цікавілі яго. І, як «новыя» гісторыкі,

у сваіх раманах ён ніколі не аддаваўся гістарызму, у ягоных творах заўсёды дамінаваў чалавек, які не рабіўся тлом гісторыі, а хутчэй наадварот, гісторыя ўсяляк выкарыстоўвалася раманістам дзеля выкрывання чалавечага, інтымнага, паўсядзённага.

Нароўні з антыўтопіямі ён шмат энэргіі аддаваў напісанню гістарычных раманаў: «Грэшная зямля», «Успаміны аб кляштары», «Гісторыя аблогі Лісабона» і «Вандроўка слана» і апошні ягоны філасофска-гістарычныраман-развітанне «Каін».

Цікава, што за Салазаравай Партугаліяй яго цкавалі і цэнзуравалі, а потым і ў цалкам цывілізаванай і еўрапейскай сучаснай Партугаліі пісьменнік стаўся экзуберантам і нават блюзнерам у вачах улады і мясцовых правіцы і правацэнтрыцы. Зразумела, крытычны мысляр з лявіцы, якая паўсюль гістарычна дыскрэдытавала сябе ці проста прайграла на сённяшні дзень палітычны бой, часта ўспрымаўся як вар’яваны старац, фантазёр і ўтапіст, дакладней, антыўтапіст, еўраскептык і апошні еўракамуніст. Пісьменнік хоць і належаў да даінтэрнэтнай і дамабільнай генерацыі еўрапейцаў, у 90 я з лёгкасцю далучыўся да віртуальных баёў і спрэчак, завёў старонку ў сеціве і праз інтэрнэт змагаўся за правы ўсіх гарапашных і забытых. Наагул пісьменнік стаў папулярным досыць позна, напісаў свае значныя творы ўжо ў пенсійным узросце, а таму не аднойчы паўтараў: «Калі б я памёр у 60 гадоў, то я б нічога не напісаў». Усе тэксты і тэксцікі партугальскага набеляра з’яўляюцца, па сутнасці, Евангеллем ад Сарамага, своеасаблівым евангеллем лявіцы, а пазней і ўсяго антыглабалісцкага руху, як бы неразумна і смешна гэта ні гучала для атэісцкай збольшага лявіцы.

Праўда, у ягоным евангеллі не хавалася ніякіх добрых вестак, а хутчэй песімістычныя і вельмі крытычныя весткі для еўрапейцаў перадусім і для ўсіх зямлянаў. І, як звычайна, смерць пісьменніка дорыць яму новае жыццё, прыцягвае новых чытачоў і вядзе да новых поглядаў на ягоную цікавую і багатую спадчыну.
Уладзіслаў Гарбацкі

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З нагоды смерці Жазэ Сарамага
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика