«Гэта наш пяцізоркавы фэст». 21.by

«Гэта наш пяцізоркавы фэст»

01.07.2010 12:30 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пра вынікі V фестывалю сярэднявечнай культуры «Наваградскі замак — 2010» і будучыню наступных фэстаў расказваюць яго арганізатары і ўдзельнікі.

Пяты па ліку фэст «Наваградскі замак» адбыўся пасля чатырохгадовага вымушанага перапынку. Ён двойчы пераносіўся ў 2008 і 2009 гадах з-за нястачы грошай. Ад папярэдніх фэстаў сёлетні адрозніваўся шэрагам новаўвядзенняў. Мерапрыемствы на замчышчы былі платныя. Так, танцы для дзяцей каштавалі 2 тыс. рублёў, спектакль кракаўскага балету — 20, а рыцарскія баі — 10 тыс.

На галоўнай сцэне пераважала нефарматная для сярэднявечнага фестывалю музыка — народныя калектывы, рок-гурты і аркестр пад кіраўніцтвам Фінберга. Зведаў фэст і небясспрэчныя новаўвядзенні ў плане бяспекі — святочныя пляцоўкі былі абгароджаныя турнікетамі, уваходы на іх абсталявалі пунктамі догляду.

І ўсё ж свята адбылася. На фестываль, прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай бітвы, прыехалі тысячы гасцей. Упершыню фэст наведалі прадстаўнікі ўладаў высокага ўзроўню — міністр культуры Павел Латушка, кіраўнік Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра, старшыня Гродзенскага аблсавета дэпутатаў Андрэй Навумовіч. Былі і паслы суседніх краін.

Пра вынікі V фестывалю сярэднявечнай культуры «Наваградскі замак — 2010» і будучыню наступных фэстаў «НН» пагутарыла з яго арганізатарамі і ўдзельнікамі.

«Палякі ў чэргах стаяць»

Адзін са стваральнікаў фестывалю ў Наваградку Ігар Міхно патлумачыў, чаму за ўваход на замак сталі браць грошы. «Гэта натуральны працэс развіцця фестывалю. Усё патрабуе выдаткаў, а каб арганізаваць штосьці прыстойнае, трэба вялікія грошы». Пры гэтым сп. Міхно прывёў у прыклад суседнюю Польшчу, дзе, па яго словах, падобныя мерапрыемствы даўно ўжо не бясплатныя.

«Там каб толькі пабачыць на свае вочы тагачасны побыт рыцараў, рамеснікаў і г.д., трэба заплаціць. І палякі плацяць, па сто метраў чэргі стаяць. А ў нас на першых фестывалях усё было за так». Цану квіткоў ён лічыць прымальнай.

Што да змены музычнага фармату, то тут Ігар Міхно прынцыпова выступае за музыку сярэднявечча.

«Раней я асабіста складаў спіс калектываў, найбольш адпаведных духу фэсту, і прапаноўваў яго іншым арганізатарам. Гэтым разам канцэртнай праграмай апекавалася Міністэрства культуры, якое даручыла справу рэжысёру Моладзевага тэатру эстрады Вячаславу Паніну». Сп. Міхно перакананы, што наступным разам фестываль вернецца да ранейшага фармату.

Рэжысёр Вячаслаў Панін у сваю чаргу патлумачыў, што ён прывёз у Наваградак акурат гурты, што выконваюць сярэднявечную музыку, а народныя калектывы, мясцовыя рок-гурты і аркестр Фінберга запрашаў райвыканкам. «Так выйшла яшчэ і таму, што на гэтыя выходныя ладзіўся яшчэ адзін фэст у Камянцы і шэраг меншых лакальных мерапрыемстваў. Вось калектывы, што маглі б выканаць «фарматную» музыку, і парасцярушваліся па фэстах. Усе чамусьці вырашылі адзначыць Грунвальд цяпер, а не 15 ліпеня».

«Ладзіць начлег на замку было няправільна»

Мастак Алесь Пушкін — сталы ўдзельнік наваградскага фестывалю. Па яго назіраннях, міжнародны фармат мерапрыемства звузіўся, асабліва, калі параўноўваць з першым фэстам. Няма ўжо таго першага імпэту ў гасцей ды ўдзельнікаў. Усё хіліцца ў бок камерцыі. Разам з тым, кажа мастак, гэта сведчыць пра рэалістычную ацэнку фэсту яго арганізатарамі і ўдзельнікамі. «Мы ўсе да яго прывыклі і проста прыязджаем сюды адпачыць, пабачыць знаёмых». Сп. Пушкін пахваліў мясцовую ўладу за добрую падрыхтоўку мерапрыемства, адзначыўшы толькі хібы ў арганізацыі намётавага мястэчка для гасцей у Сяльцы, ды рыцарскага стану на замчышчы. «Усё ж замак — гэта помнік, таму ладзіць там начлег было няправільна». Мастак пашкадаваў пра адсутнасць на фэсце Валера Зянкевіча з Браслаўскага музея. Затое была батлейка Пана Скіргайлы, якая «прадэманстравала ўзровень, якому варта павучыцца акадэмічным тэатрам».

У любым выпадку, упэўнены Алесь Пушкін, «Наваградскі замак» — гэта наш найлепшы сярэднявечны фэст. Калі яго ацэньваць па пяцізоркавай сістэме, то ён справядліва заслугоўвае ўсе пяць.

Бо гэта сталіца ВКЛ і Міндоўг, і проста неперадавальная атмасфера.

Дажынкі з гістарычным адценнем

Мастак з Наваградчыны Сяргей Емельяновіч не без радасці адзначыў, што на фестывалі стала менш міліцыі. Але і звычайных гасцей таксама — выглядае, што людзі наеліся падобных святаў.

Блогерка ku_palinka ў сваім дзённіку піша:

«Мушу сцвердзіць, што фэст заняпаў. На гарадской плошчы спявалі нейкія самадзейныя гурты з псеўданароднымі песнямі і пляскамі. Замест гораду майстроў стаялі палаткі з шашлыкамі, салодкай ватай і папкорнам».

Пра камерцыялізацыю свята яна дадае: «Калі ўжо хацелі зарабіць грошы, то маглі зрабіць гістарычныя «атракцыёны»: пастраляць з лука, арбалета, пакатацца на конях, прымераць і сфатаграфавацца ў сярэднявечным строі і нешта накшталт гэтага. Гэта б надало фэсту атмасферы гістарычнага свята. А так выглядала на Дажынкі з гістарычным адценнем».

Латушка прыгадаў прарочыя словы

На фестываль у Наваградку прыехала больш за 30 тысяч гасцей, зарэгістраваліся каля чатырохсот удзельнікаў рыцарскіх клубаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны, Чэхіі і Расіі, паведамілі ў аддзеле культуры Навагрудскага райвыканкама. Падрыхтоўка і правядзенне фестывалю абышлася ў 250 мільёнаў рублёў ($80 тыс.), 160 мільёнаў з якіх выдзелілі з бюджэту.

Фестываль мае вярнуцца да ранейшага фармату: ён будзе ладзіцца раз на два гады, на ім будзе выконвацца толькі сярэднявечная музыка і танцы. Калі ж фэст выйдзе за рамкі лакальнага мерапрыемства і атрымае абласное фінансаванне, ён ізноў стане бясплатным для гасцей, запэўнілі ў Навагрудскім райвыканкаме.

Адкрываючы фэст, Сямён Шапіра адзначыў, што 600 год таму «раз і назаўсёды, а калі казаць правільна, то на 500 год былі адвучаныя агрэсары хадзіць з паходамі на нашыя землі». Выступаў кіраўнік вобласці па-расійску. Павел Латушка прыгадаў прарочыя словы пра тое, што народ, які не памятае сваёй гісторыі, не мае будучыні. Міністр падкрэсліў, што беларусы памятаюць усе свае перамогі: і 600-гадовай даўніны, і 65-гадовай.

Глядзі яшчэ:
Фэст у Наваградку. Як гэта было


Сямён Печанко

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фэст у Навагрудку ізноў стане рэгулярным і выключна сярэднявечным.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика