Улады Томскай вобласці Расіі выдаткавалі на «беларускія хаткі» $ 3 тысячы і 50 кубаметраў лесу
21.07.2010 13:46
—
Новости Культуры
|
Культурніцка‑адукацыйныя цэнтры беларускай дыяспары з’явіцца ў Томску і ў вёсцы Манастырка Шагарскага раёна Томскай вобласці. Вёска Манастырка. © tomsk.ru Адміністратыўны будынак Манастыркі, дзе будзе і беларуская хатка. © tomsk.ru У часы сталыпінскіх рэформ беларусы заснавалі некалькі вёсак ля Томска, тагачаснай сібірскай «брамы». Яшчэ цяпер на пярэстай этнічнай карце Томскай вобласці гэтыя мясціны – Шагарскі раён – вызначаюцца як заселеныя выхадцамі з Беларусі. Самая буйная з былых беларускіх вёсак, і адначасова мясцовы адміністратыўны цэнтр, Манастырка, размяшчаецца на беразе ракі Обі за сотню кіламетраў ад Томска.Яна не была ўласна заснаваная беларусамі, але стала буйною менавіта дзякуючы хвалі перасяленцаў з нашых земляў. Побач з Манастыркай загубіліся ў тайзе яшчэ некалькі невялічкіх пасяленняў – Федараеўка, Міхайлаўка, Мікалаеўка, Пакроўка – што маюць «беларускія карані». Гэтая апошняя адметнасць сёння не дужа кідаецца ў вочы, пасяленні мала розняцца ад іншых таёжных вёсак. Пэўныя беларускія рысы, аднак, можна знайсці. Нашчадкаў тых перасяленцаў выдаюць выразны акцэнт, нетыповыя для сібіракоў інтанацыі ў размове. Аднак беларускасць той жа Манастыркі – лёгкі цень, водгук, што распускаецца вось ужо цягам стагоддзя. Падчас апытання, праведзенага ў мясцовай школе, з шасцідзесяці вучняў толькі восем адказалі, што маюць беларускія карані. Мова, культура, традыцыйныя рамёствы – забытыя амаль цалкам.Нацыянальна‑культурная аўтаномія беларусаў Томску зараз мае павярнуць гэты працэс. Арганізацыя, на чале якой стаіць ініцыятыўная і ўплывовая ў сваёй сферы (яна дырэктар дома дзіцячай творчасці) Любоў Адаскевіч, за апошнія гады заўважна ажывіла дыяспару. Штогод тут праводзіцца міжнародны фестываль беларускай культуры, гасцямі якога былі і госці з Радзімы – ансамблі «Неруш», «Радуніца». У Томску створаныя аматарскія ды паўаматарскія калектывы – жаночыя ансамблі «Крылы» (хоць гэта і няправільна, але націск тут прывыклі ставіць на апошні склад) і «Медуніца», мужчынскі ансамбль «Лявоны» і дзіцячы – «Праменьчыкі». Тройчы яны выступалі з народнымі песнямі ў Беларусі – у Доўску, Рагачове, Мінску. Наладжаныя кантакты з пасольствам Беларусі, якое гатовае забяспечыць томскіх беларусаў кніжкамі для вывучэння мовы, літаратуры і гісторыі. Сёлета аўтаномія атрымала грант ад дэпартамента па культуры Томскай вобласці на стварэнне ў Манастырцы «беларускай хаткі». Яна размесціцца ў цэнтральным адміністратыўным будынку вёскі, пад адным дахам з аптэкай, пасялковым саветам і пастарункам. Грошы выдзеленыя невялікія – 90 тысяч расійскіх рублёў (каля 8 млн 800 тыс. беларускіх), але дапамагчы ў абсталяванні «хаткі» абяцаў таксама кіраўнік Паўночнага сельскага пасялення, – Аляксандр Баймукашаў. Ён выдзеліў на афармленне памяшкання 50 кубаметраў лесу.Л. Адаскевіч разлічвае, што надалей удасца атрымаць стаўку для бібліятэкара альбо наглядчыка, каб на базе «хаткі» можна было стварыць культурна‑адукацыйны цэнтр з бібліятэкай і пастаяннымі заняткамі. «Хатка» будзе аздобленая ў этнаграфічным стылі: з ткацкім станком, печчу, покуццю і калодзежам‑жоравам пад вокнамі. Падобная «хатка» з’явіцца і ў Томску ў памяшканні дома дзіцячай творчасці «Факел». Работы, да якіх прыцягнутыя томскія мастакі, мусяць завяршыцца да наступнага фестывалю беларускай культуры, што пройдзе тут у лістападзе. Падзяліцца навіной:
Аляксей Бацюкоў, Томск‑‑Магілёў Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Культурніцка‑адукацыйныя цэнтры беларускай дыяспары з’явіцца ў Томску і ў вёсцы Манастырка Шагарскага раёна. |
|