Беларускія мадэльеры знаходзяць натхненне ў глыбіні стагоддзяў. 21.by

Беларускія мадэльеры знаходзяць натхненне ў глыбіні стагоддзяў

22.07.2010 09:51 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Строгая камізэлька з арнаментальным поясам у спалучэнні з сонечнымі акулярамі са стразамі. Белая шарсцяная хустка з хуліганскімі каралямі з апельсінавай лупіны. І майка з прынтамі вядомых гістарычных дзеячаў пад чорны кафтан. Незвычайнае прачытанне нацыянальных традыцый, алюзіі на этнічныя матывы і неверагодныя спалучэнні колераў і дэталяў. Беларускія дызайнеры ўсё часцей звяртаюцца да элементаў беларускага нацыянальнага касцюма. Яго інтэрпрэтацыя стала ледзь не самай моднай тэндэнцыяй у краіне.

Пан — кармазінавы жупан, жоўтыя боты

Ранейшы стэрэатып, быццам беларускі гістарычны касцюм — гэта толькі сялянская вопратка, паспяхова разбураецца. Юрый Піскун, дацэнт кафедры касцюмаў і тэкстылю Беларускай акадэміі мастацтваў, мастак харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, мабыць, адзін з першых у краіне прадэманстраваў рэканструкцыямі беларускіх строяў, што на тэрыторыі Беларусі насілі не толькі лапці ды саламяныя брылі.

— Сялянскі касцюм зафіксаваўся як вызначальнік нацыі ў ХХ стагоддзі, — тлумачыць майстар. — У савецкі час ён стаў гэткім жа атрыбутам, як герб ці сцяг. Аднак на тэрыторыі Беларусі існавалі і іншыя сацыяльныя саслоўі. А значыць, была і іншая вопратка. У ХIV—XVIII стагоддзях, напрыклад, галоўным складнікам дзяржавы была шляхта. Вядома, пасля паўстання 30-х гадоў ХІХ стагоддзя (тады Мікалай I забараніў нават назву Беларусь) шляхце забаранілі насіць традыцыйны касцюм. Ён не развіваўся, забываўся, таму распаўсюдзіўся міф, быццам беларускі касцюм быў толькі сялянскім.

Між тым шляхецкі касцюм адрозніваўся сваёй дарагавізнай, багаццем дэталяў і дэкарацый. Ён уяўляў сабой устойлівы комплекс з жупана, пояса, жоўтых ботаў, капелюша з футравай аблямоўкай. Традыцыйны касцюм лічыўся вялікай каштоўнасцю, яго клапатліва захоўвалі, перадавалі ў спадчыну. На ўбранне не шкадавалі грошай ні шляхта, ні мяшчане, ні нават сяляне. Прадавалі за мяжу прадукты, пушніну, а адтуль прывозілі тканіны. У Галандыі, напрыклад, куплялі якаснае сукно, у Італіі — аксаміт.

— Дзесяць — дваццаць гадоў таму цяжка было ўзнавіць гэтыя матэрыялы, — успамінае Юрый Піскун. — Прыходзілася выдумляць, браць за аснову нейкую тканіну і аздабляць яе вышыўкай, аплікацыяй. Сёння такіх праблем няма. Напрыклад, пры стварэнні касцюмаў для “Песняроў”, у якіх яны выступалі на “Славянскім базары”, выкарыстоўваліся італьянская тканіна і чэшскі аксаміт.

Па словах Юрыя Піскуна, беларусы былі яшчэ тымі моднікамі. Ці не ў іх упершыню з’явіліся адкідныя рукавы. А яшчэ спадніца, злучаная з ліфам, жупан, завужаны зверху і шырокі знізу, гафрыраваныя спадніцы і фартухі. Але перш за ўсё асаблівасці вопраткі выяўляліся ў дэкоры і спалучэнні колераў. Беларуская шляхта вельмі любіла чырвоны колер. Прычым асаблівы — халодны, з малінава-пурпурным адценнем. Ад такой тканіны шляхта атрымала назву кармазінавай. А ўспомніць жоўтыя боты з казлінай скуры! Яны ў шляхецкага саслоўя былі ў пашане амаль тры стагоддзі.

Спадчына для прыгажунь

Гісторыя беларускага касцюма вельмі багатая. Гэта невычэрпная крыніца матываў і ідэй для сучасных дызайнераў.
— Мадэльер толькі выбірае тое, што яму па густу, вывучае арыгінальны матэрыял і спрабуе яго пераасэнсаваць. Стылізацыя — галоўнае сёння ў працы дызайнера, — лічыць вядомы дызайнер Аляксандр Варламаў.

Сёстры Парфяновіч пры стварэнні мадэляў даўно звяртаюцца да нацыянальнага касцюма. Першую калекцыю па матывах беларускай культуры яны стварылі ў 1999 годзе. Гэта была арт-авангардная серыя работ з саломы, дзе за аснову быў узяты беларускі абярэг — саламяны павук. З тых часоў яна стала выкарыстоўваць у працы нацыянальныя матывы. Дзіўнага тут нічога няма: дызайнеры скончылі факультэт народнай культуры БДПУ імя М.Танка.

— Мы ствараем і этнаграфічныя, і стылізаваныя касцюмы, — дзеліцца адна з сясцёр Вольга Парфяновіч. — Я працую на тым жа факультэце, які скончыла. Па кнігах і фатаграфіях мы са студэнтамі цалкам узнаўляем гістарычныя строі. Шукаем інфармацыю, даследуем яе, малюем эскізы і шыем касцюмы. Але ў асноўным яны выкарыстоўваюцца толькі на выставах. Мне ж цікавей ствараць строі, якія б можна было насіць. Між іншым актуальным і модным сёння можна зрабіць любыя старыя ці нават забытыя матывы і элементы.

Хто сачыў за конкурсам “Міс Беларусь-2010”, думаю, запомніў дзівоснае дэфіле ўдзельніц у нацыянальных касцюмах. Усе мадэлі стварылі сёстры Парфяновіч.

— Калекцыю рыхтавалі выключна для конкурсу, — распавядае Вольга. — Сядалі за працу — добра ведалі спецыфіку беларускага нацыянальнага касцюма, разумелі, на чым ён грунтуецца. Вызначаная каляровая гама, кампазіцыйнае рашэнне спадніц і гарсэтаў. Гарсэт, дарэчы, быў вельмі папулярным элементам адзення ў нашых продкаў. Чымсьці падобны на сучасную камізэльку, асабліва модную сёлета, толькі патрабуе больш яркіх уставак: карункаў, арнаментаў ці іншага дэкору.

Сёстры-дызайнеры не сталі апранаць удзельніц у доўгія нацыянальныя касцюмы. Усё ж такі дзяўчаты маладыя, стройныя. Яны адаптавалі касцюмы да сучаснага рытму жыцця: кароткія спадніцы, адкрыты верх. Такую адзежу апранай і смела выходзь шпацыраваць на вуліцу.

— Гэта сусветная практыка, калі за аснову бярэцца гістарычны гарнітур і пераасэнсоўваецца на сучасны лад, — кажа Юрый Піскун. — Успомніць, напрыклад, вернутыя ў моду касавароткі або высокія жаночыя боты.

Атрымліваецца, што зварот да матываў нацыянальных гарнітураў — гэта не проста даніна мінуламу, але і вялікія магчымасці для сучаснай беларускай моды.

— Сённяшні свет дазваляе любую эклектыку. Калі граматна і ўмела выкарыстаць нацыянальныя матывы і спалучыць іх з сучаснымі, можна вывесці цалкам новую форму моднага “салата”, — лічыць Аляксандр Варламаў. — Пытанне ў тым, хто бярэцца за справу. Толькі прафесіянал можа ператварыць ідэі ў разумны і якасны твор. Па матывах нацыянальных касцюмаў атрымліваюцца неверагодныя мадэлі. Беларусь была і, мяркуючы па калекцыях нашых дызайнераў, будзе самабытнай, высокаадукаванай, інтэлігентнай, культурнай...



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларускія дызайнеры ўсё часцей звяртаюцца да элементаў беларускага нацыянальнага касцюма. Яго інтэрпрэтацыя стала ледзь не самай моднай тэндэнцыяй у краіне.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика