Дзеці вялікай ракі ...На гербе Лоева красуецца срэбны замак, які стаіць на блакітных хвалях Дняпра — ракі, якая вызначыла гістарычны лёс гэтай мясціны. 21.by

Дзеці вялікай ракі ...На гербе Лоева красуецца срэбны замак, які стаіць на блакітных хвалях Дняпра — ракі, якая вызначыла гістарычны лёс гэтай мясціны

04.09.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 Дзеці вялікай ракі 
...На гербе Лоева красуецца срэбны замак, які стаіць на блакітных хвалях Дняпра — ракі, якая вызначыла гістарычны лёс гэтай мясціны.

...На гербе Лоева красуецца срэбны замак, які стаіць на блакітных хвалях Дняпра — ракі, якая вызначыла гістарычны лёс гэтай мясціны. У старажытныя часы тут кіпеў бойкі гандаль — па Дняпры ішлі тавары ад цёплай Візантыі да халодных скандынаўскіх мораў, квітнелі рамёствы. Паводле падання, назва Лоеў паходзіць ад слова “лойва” — так называлі вялікі човен. Прырода Прыдняпроўя і сёння зачароўвае сваёй прыгажосцю. Але выдатнае геаграфічнае становішча сыграла і адмоўную ролю: рэгіён на памежжы трох краін — Беларусі, Украіны і Расіі — часта быў арэнай кровапралітных баёў. Нягледзячы на тое, што Лоеў быў заснаваны толькі ў 1505 годзе, яшчэ ў дагістарычныя часы тут сяліліся славянскія плямёны, таму сёння раён — сапраўдная скарбніца для археолагаў і гісторыкаў. Калі вы цікавіцеся беларускай гісторыяй, у тым ліку ваеннай, і шукаеце прыгожы некрануты куток прыроды — вам трэба наведаць лоеўскую зямлю.

Лік святой утрымаў атамана ад разбою

Свята-Троіцкі храм у Лоеве адносна малады — яму не больш за дваццаць гадоў, але цудадзейная ікона вялікапакутніцы святой Параскевы, якая ў ім захоўваецца, вядома яшчэ з часоў вайны з Карлам XII. У дзесятую пятніцу пасля Вялікадня паміж вёскамі Шчытцы і Крупейкі на сасне знайшлі ікону, якую забралі ў царкву, але яна зноў і зноў адтуль знікала, вяртаючыся ў лес. Пасля шведскай вайны мясцовыя жыхары пабудавалі драўляную капліцу на месцы з’яўлення іконы. Святая Параскева стала нябеснай заступніцай Лоеўшчыны. Расказваюць, што аднойчы царкву наведаў атаман з дванаццаццю разбойнікамі і быў уражаны лікам святой — некалькі разоў дагэтуль ён хацеў скрасці ікону з лесу, але яна знікала. Разбойнікі кінулі сваю страшную справу, а атаман зышоў у Кіева-Пячэрскі манастыр.

Першародная прыгажосць Дняпра

Рэспубліканскі заказнік “Днепра-Сожскі” размясціўся ў маляўнічым месцы ў міжрэччы водных артэрый Гомельшчыны. Каля 80 працэнтаў тэрыторыі заказніка (12 тысяч гектараў) займаюць лясы, лугі, лясныя балоты, пры гэтым тут можна знайсці рэдкія і знікаючыя віды раслін: 15 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. У флоры рэгіёну шмат лекавых, кармавых, дэкаратыўных, тэхнічных і меданосных культур. Вельмі разнастайны жывёльны свет заказніка — са 140 відаў птушак больш за 130 гняздуюцца ў гэтым рэгіёне.

 “Беларускі Сінгапур”

Вёска Мохаў стала знакамітай зусім нядаўна: у 1996 годзе гомельскія археолагі выявілі тут найбуйнейшае ва Усходняй Еўропе пахаванне эпохі Кіеўскай Русі — каля 600 курганоў. Тэрыторыя помніка ахоплівае амаль 30 гектараў ля Мохаўскага возера і ўключае ў сябе як стаянкі эпохі неаліту, так і славянскае паселішча X—XI ст. Даследаванні паказалі, што ў Мохаве жылі ў асноўным рамеснікі, гандляры і воіны. Жыхары гэтага паселішча — аднаго з самых буйных не толькі ў Беларусі, але і ў Заходняй Еўропе, кантралявалі “супермагістраль” Сярэднявечча — Днепр, па якім ішоў “шлях з варагаў у грэкі”. У гэтым “міжнародным цэнтры” жылі не толькі славяне, як паказваюць раскопкі, але і выхадцы з усходняй і паўночнай Прыбалтыкі.

 Наведайце Суткoўскі маёнтак

У вёсцы Перадзелка знаходзіцца выдатны помнік рускага класіцызму ХІХ ст. — Суткоўскі маёнтак. Гэтай зямлёй валодалі знатныя дзеячы гісторыі. Напрыклад, у 1758 годзе яна адышла да Іосіфа Юдніцкага — галоўнакамандуючага войскам ВКЛ, які прысутнічаў на каранацыі Паўла І у ліку сямі найбольш уплывовых шляхцічаў Мінскай губерні. Апошняй уладальніцай маёнтка з 1892 года была графіня Кацярына Бараноўская. Гэта была вельмі актыўная жанчына. Яна пабудавала вадзяны млын, лесапільню, вінакурны завод, развівала гаспадарку: увяла севазварот, былі выкапаны каналы для асушэння балот, створана малочна-таварная вытворчасць. На свае сродкі графіня адкрыла дзве школы, а ў 1904 годзе — земскую бальніцу. Тут працаваў выдатны хірург Яўген Клумаў, які пазней стане прафесарам і героем вайны. Пасля рэвалюцыі графіня эмігрыравала ў Канаду, а ў маёнтку зараз знаходзіцца школа.

Фарсіраванне Дняпра

У сярэдзіне кастрычніка 1943 года войскі 61-й і 65-й армій Цэнтральнага фронту пачалі фарсіраванне Дняпра на лоеўскім участку. Самыя жорсткія баі вяліся каля вёскі Дзяражычы, вакол якой фашысты пракапалі сем ліній траншэй: сам фюрэр спецыяльным загадам патрабаваў не здаваць рубяжы. Але савецкія войскі пад кіраўніцтвам генерала Батава здолелі заняць Лоеў. Гэта каштавала больш за 8,5 тысячы жыццяў салдат.

Бітва пад Лоевам

Ля рэчкі Вітач захаваліся тры земляныя валы войска ВКЛ — адзінае ў Еўропе фартыфікацыйнае палявое ўмацаванне XVII ст. У гэтых мясцінах 31 ліпеня 1649 года падчас антыфеадальнага паўстання 1648—1651гг. сышліся казацка-сялянскае войска пад кіраўніцтвам палкоўніка Крычэўскага — паплечніка Багдана Хмяльніцкага і войска ВКЛ, якім камандаваў гетман Януш Радзівіл.

Чым зацікавіліся нямецкія вучоныя?

У гарадскім парку на беразе Дняпра адкрываецца тарфянік, які сфарміраваўся 135—110 тысяч гадоў таму. У 1963 годзе Лоеўскае геалагічнае агаленне было аб’яўлена помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. На глыбіні пяць метраў у тоўшчы берага навукоўцы выявілі насенне і рэшткі амаль 100 відаў раслін яшчэ ледавіковага перыяду, вывучэнне якіх дазваляе прасачыць геалагічныя і кліматычныя змены. У свеце існуе толькі два такія агаленні — другое знаходзіцца ў Аргенціне. Нядзіўна, што Лоеўшчыну наведвалі знакамітыя вучоныя, у тым ліку з Мюнхена, якія ўзялі пробы зямлі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...На гербе Лоева красуецца срэбны замак, які стаіць на блакітных хвалях Дняпра — ракі, якая вызначыла гістарычны лёс гэтай мясціны. У старажытныя часы тут кіпеў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика